Я нарадзіўся ў эпоху, калі кожны чалавек павінен быў мець мянушку, няхай сабе не заўсёды адпаведную.
Па гэтай прычыне нашу пані-памешчыцу называлі графіняй, майго бацьку яе ўпаўнаважаным, а мяне рэдка калі Казікам або Ляснеўскім, аднак даволі часта свавольнікам, пакуль я быў дома, або аслом, калі пайшоў у школу.
Прозвішча нашай пані дарма было б шукаць у слоўніку арыстакратычных сем'яў, і таму мне здаецца, што бляск яе графскай кароны не даходзіў далей за важнасць майго нябожчыка бацькі, пана ўпаўнаважанага. Прыгадваю нават, што тытулам графіні бацька, зямля яму пухам, ушанаваў яе ад радасці, калі яго зарплата была павышана на сто злотых у год. Наша пані моўчкі прыняла ахвяраваную ёй годнасць, а праз некалькі дзён бацька падрос з аканома на ўпаўнаважанага і атрымаў замест дыплома нечувана вялікага парсюка, прадаўшы якога, купіў мне боты.
Бацька, я і мая сястра Зося (бо маці ўжо не было) жылі ў мураваным флігелі, што называўся афіцынай, некалькі крокаў ад палаца. А палац займала пані графіня з дачушкай Лёняй, маёй равесніцай, з яе гувернанткай, са старой ключніцай Салюсяй і мноствам розных пакаёвак ды служанак. Дзяўчаты гэтыя цэлымі днямі шылі, з чаго я зрабіў вывад, што вялікія пані існуюць на тое, каб дзерці вопратку, а дзяўчаты — каб рамантаваць яе. У іншым прызначэнні вялікіх паняў і бедных дзяўчат я зусім не разбіраўся, і, на бацькаву думку, гэта было ў мяне адной станоўчай якасцю.
Пані графіня была маладой удавой, якую муж даволі рана кінуў у бездань няўцешнага смутку. Наколькі мне помніцца, нябожчыка ніхто не называў графам, а ён — нікога ўпаўнаважаным. Затое суседзі, з незвычайным у нашай мясцовасці аднадумствам, называлі яго прыдуркам. У кожным выпадку, чалавек ён быў незвычайны. Загнаў не аднаго верхавога каня, вытаптаў сваімі паляваннямі не адно сялянскае поле, а суседзяў не раз выклікаў на паядынак з-за сабакі ці зайца. Дома жонка пакутавала ад яго рэўнасці, а чэлядзь ад доўгага, смярдзючага цыбука. Пасля смерці гэтага арыгінала верхавікі яго сталі вазіць гной, сабак пані параздавала. А свет у спадчыне па ім атрымаў малую дачушку і маладую ўдаву. Ах, выбачайце, — застаўся яшчэ жывапісны партрэт, дзе нябожчык намаляваны быў з гербавай пячаткай на пярсцёнку, і той смярдзючы цыбук, які ад няправільнага карыстання выгнуўся, як турэцкая шабля.
Палаца я амаль не ведаў. Перш за ўсё таму, што куды лепш было гойсаць па полі, чым падаць на слізкім паркеце, а яшчэ і па той прычыне, што ў палац мяне не пускала чэлядзь, бо калі я прыйшоў туды першы раз, дык, на бяду сваю, разбіў вялікую саксонскую вазу.
З малою графінькай, пакуль я не пайшоў у школу, мы гулялі адзін толькі раз, калі нам было амаль па дзесяць гадоў. Пры нагодзе мне захацелася навучыць яе майстэрству лазіць па дрэвах, я пасадзіў яе на весніцы такім чынам, што дзяўчынка залямантавала на ўвесь свет, за што яе гувернантка адхвастала мяне сінім парасонам, прыгаворваючы, што так я мог абяздоліць Лёню на ўсё жыццё.
З таго часу я адчуваў агіду да малых дзяўчынак, ніводная з якіх не магла ні лазіць па дрэвах, ні купацца са мной у сажалцы, ні ездзіць верхам, ні страляць з лука або з рагаткі. А ўжо калі пачыналася бойка — бо што гэта за гульня без бойкі! — амаль кожная разрумзаецца і бяжыць каму-небудзь паскардзіцца.
Паколькі бацька не дазваляў мне гуляць з дваровымі хлапчукамі, а сястра цэлымі днямі прападала ў палацы, я рос, гадаваўся адзін, як драпежнае птушаня, пакінутае бацькамі. Я купаўся каля млына або ў дзіравым чоўне плаваў па сажалцы. У парку з кашэчым спрытам ганяў па голлі вавёрак. Аднойчы мой човен перакуліўся і я ледзь не цэлы дзень прасядзеў на плывучай купіне, не большай за балею. Другім разам я вылез праз слухавое акно на дах палаца, але так мне тады не пашанцавала, што прыйшлося звязаць двое драбін, каб зняць мяне адтуль. Іншым разам я цэлыя суткі праблукаў па лесе, а яшчэ раз стары верхавік нябожчыка пана, прыгадаўшы сваю маладосць, з гадзіну насіў мяне па полі, пакуль — відаць, нехаця — не скінуў так, што я зламаў нагу, якая, зрэшты, даволі хутка зраслася.
Не маючы з кім жыць, я жыў з прыродай. У парку ведаў кожны мурашнік, у полі кожную хамяковую нару, у агародзе кожную кратову сцежку. Ведаў я, дзе птушыныя гнёзды, дзе дуплы, у якіх гадуюцца вавёрачкі. Я распазнаваў шамаценне кожнай ліпы каля дома і ўмеў перадаць сваім голасам тую музыку, якую вецер напяваў у голлі дрэў. У лесе я часамі чуў нейкую ўрачыста вечную хаду, хоць і не ведаў, хто гэта ступае. Углядаўся я ў мігаценне зорак, гутарыў з начною цішынёй і, не маючы каго цалаваць, цалаваў дваровых сабак. Маці мая даўно спачывала ў зямлі. Ужо нават пад каменем, што прыціскаў яе, утварылася адтуліна, якая даходзіла, відаць, у самую магілу. Неяк мяне за штосьці адлупцавалі, і я пайшоў туды, клікаў яе і прыслухоўваўся, ці не адкажа... Але яна маўчала. Мусіць, памерла сапраўды.
У той час я ствараў самому сабе першае разуменне людзей і іхніх узаемаадносін. У маім уяўленні, напрыклад, упаўнаважаны абавязкова мусіў быць таўставатым, румяным, з абвіслымі вусамі, над сівымі вачамі ў яго — вялікія бровы, голас басавіты і грымучы, як у майго бацькі. Асобу, што называецца графіняй, не мог я ўявіць інакш, чым высокай дамай з прыгожьта тварам і сумнымі вачыма, якая ходзіць па парку моўчкі, у белай сукні, што валачэцца па зямлі.
Затое пра чалавека, у якога тытул графа, я не змог бы нічога сказаць. Такі чалавек, калі б ён нават і існаваў, здаваўся мне рэччу менш значнай, чым графіня, нават зусім бескарыснай і непрыстойнай. У маім разуменні толькі ў шырознай сукні з доўгім хвастом магла ўмяшчацца веліч вяльможнасці, а ўсякае адзенне кароткае, абціслае, тым больш складзенае з дзвюх частак, магло служыць толькі пісарчукам, вінакурам, у найлепшым выпадку — упаўнаважаным.
Такой была мая вернападданасць, што апіралася на бацькавых запаведзях, бо ён нястомна наказваў мне адно — любіць і шанаваць пані графіню. Зрэшты, калі б я неяк забыўся пра гэтыя запаведзі, мне варта было толькі цікнуць на чырвоную шафу ў бацькавай канцылярыі, дзе побач з рознымі паперкамі на цвіку вісела пяціпальцая «дысцыпліна», нагайка, увасабленне асноў грамадскага ладу. Яна была для мяне своеасаблівай энцыклапедыяй, гледзячы на якую я прыгадваў, што няможна рваць абутак, тузаць жарабят за хвасты, што ўсякая ўлада ад бога і г. д.
Бацька мой быў нястомны ў працы, бездакорна сумленны, нават вельмі рахманы. Сялян і дваровых нікога нават пальцам не крануў, толькі страшэнна крычаў. Калі ж ён быў крыху засуровы да мяне, дык гэта не без прычыны. Наш арганіст, якому я аднойчы падсыпаў у табаку чэмеру, ад чаго ён усю імшу не мог спяваць, а ўсё чыхаў ды памыляўся на сваім аргане, часта казаў майму бацьку, што каб яму такога сына, як я, дык ён яго застрэліў бы.
Я добра памятаю гэты сказ.
Пані графіню бацька называў анёлам дабрыні. І сапраўды, у яе вёсцы не было людзей галодных, абадраных ці пакрыўджаных. Каго пакрыўдзілі, той ішоў скардзіцца да яе; хто хварэў, у двары давалі лекаў; у каго нарадзілася дзіця — прасіў пані за куму. Мая сястра вучылася разам з графінячкай, а я, хоць і пазбягаў адносін з арыстакратыяй, меў-такі магчымасць пераканацца ў незвычайнай ласкавасці графіні.
У бацькі майго было некалькі відаў зброі, кожны з якіх меў іншае прызначэнне. Вялізная дубальтоўка патрэбна была для забівання ваўкоў, якія душылі цялят нашай пані; крэмневы пісталет мог спатрэбіцца для абароны іншай графінінай маёмасці, а вайсковы палаш — для абароны яе гонару. Сваю маёмасць і гонар бацька, напэўна, абараняў бы цывільным кіем, бо ўвесь той яго баявы рыштунак, месяцаў праз колькі зноў памазаны тлушчам, ляжаў на гарышчы ў такім закутку, што нават я не мог яго знайсці.
Само сабой, я ведаў пра гэтую зброю і проста сох па ёй. Часта мне мроілася, што вось зраблю такі высакародны подзвіг, за які бацька дазволіць мне стрэліць з вялізнага пісталета, а пакуль што — бегаў цішком да леснікоў і вучыўся «смаліць» з іх доўгіх аднастволак, у якіх была такая ўласцівасць, што ад стрэлу даставалася толькі маім сківіцам, а шкоды ніякаму жывому стварэнню не было.
Аднойчы, калі бацька намазваў дубальтоўку, прызначаную на ваўкоў, пісталет — для абароны графінінай уласнасці і палаш — для абароны яе гонару, мне ўдалося ўкрасці жменю пораху, які не меў, як мне здавалася, нейкага пэўнага прызначэння. Калі бацька паехаў у поле, я ўзяў вялізны ключ ад свірна, амаль з такім жа дулам, як і ў стрэльбы, ды яшчэ і з дзіркай збоку, і пайшоў з ім на паляванне.
Вялікі ключ я да палавіны набіў порахам, усыпаў туды шчопці патрушчаных гузікаў ад непрыстойнай часткі вопраткі, затоўк, як належыцца, клоччам, а для самога выбуху прыхапіў карабок запалак.
Толькі я выйшаў за дом — адразу ўбачыў некалькі варон, што палявалі на панскіх качанят. Амаль на вачах у мяне адна з гэтых шкодніц схапіла качаня і, не могучы лёгка панесці яго, прысела на хлеўчуку.
Убачыў я такое, і кроў продкаў ажно закіпела ва мне. Падкраўся да хлеўчука, шмаргануў запалку, нацэліўся ключом у левае вароніна вока, ткнуў агеньчык у тую дзірачку збоку ключа... Гахнула — нібы гром. Са страхі хлеўчука скацілася задушанае качаня, да смерці перапалоханая варона ўцякла на найвышэйшую ліпу, а я са здзіўленнем пераканаўся, што ад вялікага ключа ў руцэ маёй засталося толькі яго вуха, але затое са страхі хлеўчука пачаў паказвацца клубочак дыму, як быццам нехта люльку закурыў.
Праз некалькі хвілін хляўчук, злотых на пяцьдзесят, шугануў у неба полымем.
Пазбягаліся людзі, галопам прыляцеў з поля бацька, пасля чаго ў прысутнасці ўсіх гэтых доблесных ды шаноўных асоб нерухомая маёмасць, як сказаў пан вінакур, «выгарала да самага нутра зямлі».
А са мною тым часам адбывалася несусветнае. Спачатку я пабег у дом і павесіў на сваім месцы вуха разарванага ключа. Тады шыбануў у парк з намерам утапіцца ў сажалцы. Праз некалькі хвілін намер мой карэнным чынам змяніўся, я вырашыў ілгаць, як пісарчук, адмовіцца ад ключа, ад стрэлу і хлеўчука. Калі ж мяне схапілі — адразу да ўсяго прызнаўся.
Павялі ў палац. На тэрасе я ўбачыў бацьку, пані графіню ў павалочыстай сукні, графіньку, апранутую даволі куца, і маю сястру, што плакала разам з графінькай; потым убачыў ключніцу Салюсю, камердзінера, лёкая, буфетнага хлопца, кухара, кухарчука і цэлы рой пакаёвак, швачак і дваровых дзяўчат. Калі я паглядзеў у другі бок — там, за будынкамі, былі верхавіны ліпаў, а трохі далей — жаўтлява-карычневы слуп дыму, што нібы знарок уздымаўся над пажарышчам.
Тут я прыпомніў словы арганіста, які гаварыў, што сына такога застрэліў бы, і зрабіў з гэтага вывад, што калі ўжо да гэтага дойдзе, дык, мусіць, іменна сёння. Спаліў хляўчук, сапсаваў ключ ад свірна; сястра плача, уся служба, у поўным зборы, стаіць перад палацам — як гэта разумець?.. Я глядзеў толькі, ці тут кухар са сваёю стрэльбай, — гэта яго абавязкам было страляць зайцоў і смяротна хворую свойскую жывёлу.
Прывялі мяне да самой пані графіні. Яна паглядзела на мяне сумнымі вачыма, а я, склаўшы рукі назад, бо так прывык машынальна рабіць, стаяў перад бацькам, а галаву задзёр угару, бо пані была высокая.
Так мы і пазіралі адно на аднаго некалькі хвілін. Служба маўчала, а ў паветры пахла гарам.
— Мне здаецца, пане Ляснеўскі, што гэты хлопчык вельмі жывы па характару? — мілагучна сказала пані графіня майму бацьку.