Перад абліччам пажару і маскоўскай падрыхтоўкі да генэральнага штурму полацкі ваявода выйшаў з замку, згаджаючыся на безумоўную капітуляцыю. На вестку пра гэта збунтаваліся польскія роты Вяшхлейскага і Хэлмскага і з падтрымкай полацкай шляхты рыхтаваліся працягваць супраціў. Гэта дало нечаканы эфэкт, бо Іван IV дазволіў пачаць зь імі асобныя перамовы, на якіх яны запэўнілі сабе свабодны адыход разам з усім сваім скарбам. Яшчэ большае зьдзіўленьне цар выклікаў, калі ня толькі стрымаў абяцаньне, але і запрасіў чатырох польскіх ротмістраў у госьці і адарыў кажухамі, абшытымі золатам.
Ня мелі такога шчасьця ліцьвіны і іншыя жыхары гораду.
Беларускія гісторыкі нядаўна паставілі пад пытаньне факт масавых пакараньняў часткі жыхароў Полацку, сьцьвярджаючы, што пра гэта згадваюць крыніцы, якія паўсталі празь некалькі гадоў пасьля падзеньня Полацку, дый тое найчасьцей іншаземныя. Не пацьвярджаюць іх таксама рускія летапісы, дый паслы Жыгімонта Аўгуста ня скардзіліся на разьню падчас візыту ў цара.
Полацак патрапіў у рукі Івана IV адносна малым коштам. Маскоўская армія страціла каля 100 забітымі, у тым ліку 66 стральцоў. У рукі пераможцаў патрапіла 20 гармат, арсэнал, царкоўныя скарбы і сабраныя тут каштоўнасьці полацкай шляхты.
Ужо 15 лютага ў Замак увайшлі царскія ваяводы Васіль Сярэбраны і Петар Гарэскі, каб заняць яго валы і падрыхтавацца да ўрачыстага ўезду цара. Апошні зьявіўся пад горадам у чацьвер 18 лютага разам з казанскім царом, князямі
Іван Жахлівы застаўся пад Полацкам яшчэ на некалькі дзён, выдаючы шэраг распараджэньняў наконт адбудовы і арганізацыі абароны гораду. За ўсімі працамі мусілі сачыць Петар Зайцаў і дзяк Барыс Шчэкін. Спачатку яны засяроджваліся ў асноўным на рамонце ўмацаваньняў Замку, які ўсё часьцей называўся Верхнім або Высокім. Асаблівая ўвага зьвярталася на аднаўленьне вежаў і брамаў. Апошніх мусіла быць цяпер чатыры: Вусьціцкая (Вусьцейка), Вялікая (даўняя безыменная, якая выходзіла на спалены Вялікі пасад), Сафійская і Багародзіцкая. На спаленых тэрыторыях Вялікага пасаду ўжо не адбудоўвалі гораду. Царскія камандзіры, якія патрапілі тады пад Замак, палічылі, што яго трэба перанесьці за раку Палату. Такім чынам на правым беразе Палаты паўстала т. зв. Запалоцьце. Аднак нельга было пакідаць Верхні Замак без абароны з усходняга боку. Найверагодней, ужо ў наступным годзе на папялішчах Вялікага пасаду пачалі ўзводзіць новы замак, які з часам сталі называць Стралецкім Замкам.
Цар не забыўся забясьпечыць крэпасьць адпаведнай колькасьцю абаронцаў. Ужо ў лютым 1563 г. князі Шарамецеў, Сярэбраны і Шуйскі былі абавязаныя вылучыць са сваіх палкоў пэўную колькасьць «баярскіх дзяцей» і стральцоў, якія пасяліліся б у Верхнім Замку разам зь сем’ямі і складалі яго залогу. Іншыя баяры мусілі даць людзей для абароны гораду. Адначасова выбралі сотнікаў, гараднічых, вызначылі сыстэму вартаваньня, мабілізацыі на выпадак атакі і прызначылі адказных за догляд за асобнымі ўчасткамі ўмацаваньняў. Мяшчанам дазволілі жыць толькі на тэрыторыі Запалоцьця, але толькі частку зь іх складалі даўнія жыхары Полацку. Большасьць складаў элемэнт, прыбылы з суседніх царскіх уладаньняў. Недавер кіраўніцтва маскоўскай дзяржавы да былых падданых Жыгімонта Аўгуста праявіўся ў загадзе, каб
Аднак тых літоўскіх людзей у Полацку не магло быць шмат. Як ужо згадвалася, амаль усіх жыхароў Полацку выслалі да розных, далёкіх ад мяжы гарадоў.
Толькі шляхта магла разьлічваць на крыху лепшае абыходжаньне, бо ў тым выпадку была надзея атрымаць водкуп. Але і зь яе часам зьдзекаваліся, а на яе лёсе адбіваўся няўдалы паварот перамоваў ці паразы царскіх войскаў. Польскі бок не сьпяшаўся з выкупам палонных, бо таксама цар часам выстаўляў розныя дзіўныя патрабаваньні. У такім становішчы мала каму ўдалося вярнуцца ў Літву.
Частка полацкай шляхты здолела ўцячы зь зямель, што апынуліся пад пагрозай царскага нашэсьця, і схавалася далей у Літве. Іншыя ратаваліся, прымаючы царскае падданства, але гэта не давала поўнай бясьпекі. Кожны мог быць сасланы ўглыб маскоўскай дзяржавы, а летам 1567 г. царскія жаўнеры забівалі насельніцтва цэлых вёсак, западозраных у сымпатыях да караля. Амаль няспынныя ваенныя дзеяньні і некалькі эпідэмій дапоўнілі спусташэньне Полаччыны. Урэшце вайна і царскія загады прывялі да заняпаду Полацку. З найвялікшага ў Літве гандлёвага і рамесьніцкага цэнтру ён стаў амаль выключна памежнай маскоўскай крэпасьцю.
Спробы вярнуць Полацак
Страта Полацку ў 1563 г. узрушыла ўсю Літву і Карону, падобна як калісьці капітуляцыя Смаленску. Чарговы раз выявілася слабасьць Вялікага Княства Літоўскага, якое не магло справіцца з сур’ёзным праціўнікам бяз больш рашучай дапамогі Кароны. Хоць цар не заняў усю Дзьвіну, але праз заваёву Полацку
На вестку пра падзеньне Полацку Жыгімонт Аўгуст быццам бы заплакаў і, часта выціраючы сьлёзы, заклікаў шляхту і сэнатараў, сабраных на пётркаўскім сойме, зацьвердзіць падаткі на войска. Просьбы манарха былі задаволеныя, аднак, пакуль паступілі грошы, не было войскаў прыкрываць межаў. Таму ў Маскву былі пасланыя адно за адным два пасольствы, якія пераканаліся ва ўсё большай пыхлівасьці Івана IV. Зьдзіўленыя дыпляматы пачулі, што за мір цар патрабуе цяпер ня толькі Лівонію да Дзьвіны і Полацак, але і сьцьвярджае, што «і Вільня, і падольская зямля, і галіцкая зямля, і ўся валынская» — гэта яго спадчына! Урэшце цар згадзіўся ўкласьці замірэньне і абмежаваць свае патрабаваньні Полацкам ды Інфлянтамі, але ліцьвіны палічылі гэта занадта цяжкімі ўмовамі.
Замірэньне, укладзенае на час перамоваў, скончылася 6 сьнежня 1563 г. У пачатку студзеня ў межы Вялікага Княства ўварваліся дзьве маскоўскія арміі, якія налічвалі дзесяць зь нечым тысяч чалавек кожная. Першая, на чале зь Пятром Сярэбраным, вырушыла са Смаленску і стала табарам за дзьве мілі на захад ад Воршы. Тут да яе павінна была далучыцца другая армія, якая пад камандаваньнем князя Пятра Шуйскага пакінула лягер пад Полацкам. Над Літвой навісла пагроза зьнішчальнага паходу і страты чарговых замкаў.
На гэты раз навіны пра маскоўскія пачынаньні дайшлі да Мікалая Радзівіла «Рудога» маланкава. Літоўскі гетман зразумеў, што ён павінен запабегчы злучэньню варожых армій. Сабраўшы 6 тысяч чалавек (пераважна коньніцы) ён рушыў з Лукомлю супраць бліжэйшага праціўніка, г. зн. супраць Шуйскага. Падчас сямімільнага маршу праз засьнежаныя дарогі невялікі аддзел пяхоты застаўся далёка ззаду. 26 студзеня 1564 г. Радзівіл дайшоў з адной коньніцай
Шуйскі, папярэджаны пра надыход ліцьвінаў, расставіў свае палкі на чашніцкіх палях пры рацэ Уле. Нягледзячы на раньнія зімовыя прыцемкі Радзівіл не намерваўся адкладаць сутыкненьня з праціўнікам на наступны дзень. Першымі рушылі ў атаку літоўскія харугвы, якія вёў чаркаскі стараста Юры Зяновіч і князь Багдан Саламярэцкі. Маскоўская коньніца сьмела выйшла ім насустрач. Хвалі ваяроў абрынуліся адна на адну і на замерзлым полі загуў трэск ламаных дзідаў і звон шабляў. Літоўскія шыхты на момант пахіснуліся пад націскам большых сіл ворага, але Радзівіл адразу кінуў ім на дапамогу новыя роты. Дзьве гадзіны працягваўся зацяты кавалерыйскі бой, а шалі перамогі хіліліся то адзін, то на другі бок. Як толькі сьцямнела, Шуйскі быў паранены і мусіў пакінуць поле бою. Напэўна, ніхто не спадзяваўся, што гэта стане пераломным момантам бітвы. Зьнікненьне камандзіра выклікала такую паніку ў маскоўскіх шэрагах, што царская коньніца кінулася наўцёкі, пакідаючы як сваю пяхоту, так і гарматы на здабычу праціўніка.
Ліцьвіны пусьціліся ў пагоню, «седзячы на карках» маскоўскіх амаль 5 міляў. Так пры гэтым забыліся, што забілі каля 50 маскоўскіх ваяроў, якія годам раней перайшлі на бок караля і змагаліся ў бітве супраць сваіх землякоў. Падвёў традыцыйны маскоўскі строй, які яны захавалі. Да найвялікшай разьні дайшло пры пераправе праз Улу і Крыўчу, якая ўпадала ў яе. Маскоўскія страты дасягалі некалькіх тысяч забітымі, параненымі і ўзятымі ў палон. Сярод палеглых знайшлі таксама князя Аляксея Празароўскага, князя Мікіту Адоеўскага, камандзіра артылерыі Восіпа Быкава, які вылучаўся вялізнымі памерамі, і, ўрэшце, самога князя Пятра Шуйскага, якога падчас уцёкаў засяклі ў лесе сяляне.
Пераможцы захапілі вялізны маскоўскі табар.
Зь Літвы даносілі:
На вестку пра паразу палкоў Шуйскага маскоўская армія, сканцэнтраваная пад Воршай, не наважылася ісьці далей на захад і пачала сьпешна адступаць на Смаленск. Ліцьвіны вырашылі сабраць большыя сілы і, атрымаўшы абяцяньне ў дапамозе з боку Польшчы, пачалі плянаваць удар на Полаччыну. Улетку 1564 г. літоўская армія Радзівіла аб’ядналася з польскім дапаможным корпусам Станіслава Лясьнёўскага, які налічваў 4900 коньніцы і 3700 пяхоты. Войскі, якія налічвалі дзесяць зь нечым тысяч жаўнераў, пераправіліся празь Дзьвіну і скіраваліся ўздоўж яе паўночнага берагу на Полацак, больш разьлічваючы, напэўна, на капітуляцыю гораду, чым на змаганьне. Але гарадзкія валы былі ўжо адноўленыя пасьля папярэдніх разбурэньняў, а былыя жыхары замененыя вернападданымі Івана IV. 16 верасьня пачалася блякада гораду. Ліцьвіны і палякі зрабілі два штурмы з-за Палаты, але празь нешматлікую артылерыю яны былі загадзя асуджаныя на няўдачу. Хоць меркавалася даставіць цяжкія абложныя гарматы,
Так, першая спроба вярнуць Полацак скончылася няўдачай. На шчасьце, агульная стратэгічная сытуацыя пачала зьмяняцца на карысьць Польшчы і Літвы. Параза пад Чашнікамі запаволіла далейшае прасоўваньне царскіх войскаў, а на ваенныя ініцыятывы Івана IV пачалі ўплываць канфлікты з баярствам. Усё часьцейшыя выпадкі жорсткасьці і барацьба з баярскай апазыцыяй прывялі за эміграцыі некаторых прадстаўнікоў баярства на літоўскія землі. Незадаволенасьць панаваньнем Івана IV узрасла, калі ў 1565 г. ён увёў рэжым апрычніны.
Аднак ліцьвіны ня здолелі напоўніцу выкарыстаць цяжкасьцяў, зь якімі сутыкнуўся Іван Жахлівы, і марнавалі свае сілы на партызанскую вайну, не адважваючыся на якую-небудзь сур’ёзную акцыю. У 1565 г. аршанскі стараста Філон Кміта спаліў Почап і дабраўся аж да Старадубу; князь Карэцкі хадзіў разам з Курбскім пад Вялікія Лукі, а каронныя роты Станіслава Лясьнёўскага спусташалі Смаленшчыну. Аднак удалося дасягнуць таго, што літоўскія аддзелы і нашэсьце каралеўскага хаўрусьніка хана Даўлат Гірэя вымусілі Івана IV пачаць перамовы.
Улетку 1565 г. было складзена замірэньне на два гады з намерам пачаць мірныя перамовы. Палякі і ліцьвіны выкарысталі іх, каб выбіць швэдаў зь Лівоніі, а Іван IV — для чарговай расправы над апазыцыяй. Аднак неўзабаве, не зважаючы на замірэньне, царскія ваяводы пачалі ўрывацца на літоўскія землі. Яны папросту будавалі драўляныя замкі на тэрыторыях Вялікага Княства Літоўскага, прылеглых да сваіх нядаўніх набыткаў. Апісаная вышэй спраўнасьць і добрая арганізацыя ў будове тых умацаваньняў прынесла ім вялікія посьпехі, асабліва на Полаччыне. Мэтай было, зразумела, прыкрыцьцё Полацку ланцугом зь як мага большай колькасьцю зьвёнаў — меншых замкаў.
У ліпені 1566 г. падданыя Івана IV узьвялі замак Ула ля сутоку аднайменнай ракі і Дзьвіны, а таксама Сокал каля тракту да Пскова, у месцы, дзе Нішча ўпадала ў Дрысу. Пакуль дзейнічала замірэньне, паўсталі яшчэ Тураўля, Нешчарда, Казяны і Суша. У выніку дзякуючы сыстэматычнаму будаўніцтву замкаў царскія войскі ўварваліся прыблізна на 50 кілямэтраў углыб Літвы (ад Полацку да возера Суша) безь неабходнасьці весьці баі ў полі.
Спачатку літоўскія пасланцы, якія падчас замірэньня курсавалі паміж Вільняй і Масквой, пратэставалі супраць падступнай тактыкі Івана IV. Калі дыпляматычныя захады не далі плёну, было вырашана будаваць такія ж замкі, як і Масква, з тым адрозьненьнем, што іх узводзілі не на землях, занятых праціўнікам. Узводзілі іх насупраць маскоўскіх замкаў, або стараліся выбіраць такія месцы, якія не дазвалялі б падданым Івана IV прасоўвацца далей на літоўскія землі. На поўдзень ад Полацку, на высьпе возера, якое ўтварала рака Лепель, узьнік лепельскі замак, далей — Варонін, Дрыса і Дзісна, а потым яшчэ некалькі меншых. Пра іх забесьпячэньне можа сьведчыць прыклад Крывіна, узьведзенага князем Раманам Сангушкам. У гэты замак паслалі: лёгкіх гармат з Барысава — 4; жалезных ядраў для гэтых гармат — 400; гарматнага пораху — 4 цэнтары; пораху для рушніц — 6 цэнтараў; пораху для гакаўніц — 4 цэнтары; волава — 4 цэнтары; зь Вільні гакаўніц — 600; рушніц —100; а зь Пінску —100 рушніц.
Своеасаблівая гонка будаваньня драўляных крэпасьцяў урэшце прывяла да ўзброеных канфліктаў, але нават яны не паўплывалі на зрыў замірэньня. Сур’ёзная бітва адбылася ў гэты пэрыяд вясной 1567 г., калі літоўскія выведнікі данесьлі, што царскія войскі рыхтуюцца будаваць чарговыя замкі, на гэты раз паблізу Віцебску. Новы вялікі гетман літоўскі Рыгор Хадкевіч паслаў у месцы, што апынуліся пад пагрозай, некалькі соцень казакоў, але неўзабаве аказалася, што князь Юры Тамакоў ужо пачаў будаваць замак Коп’е на возеры Суша. Працу прыкрывала 8-тысячная армія Пятра Сярэбранага. Найбліжэй да гэтага ўчастку, у ваколіцах Чашнікаў, знаходзіўся зяць гетмана, князь Раман Сангушка, які меў у распараджэньні 2 тысячы жаўнераў (7 харугваў коньніцы, 400 пяхоты і 500 казакоў). Уначы з 20 на 21 ліпеня ён засьпеў зьнянацку войскі Сярэбранага і разьбіў іх у кароткай бітве. На жаль, пагоню за здабычай спынілі жаўнеры Тамакова, разьмешчаныя на пагорку за лягерам Сярэбранага. Яны сьпешна акапаліся, і нагода здабыць гарадзішча незваротна мінула. Хоць ліцьвіны думалі пра рэгулярную аблогу і дастаўку гармат з Барысава, але новыя маскоўскія падмацаваньні, пасланыя на Сушу, прымусілі Сангушку адступіць.
Ваенныя дзеяньні ў большым маштабе аднавіліся ўлетку 1567 г. Іван IV рушыў да Вялікіх Лукаў з намерам заняць рэшту Лівоніі, пазбаўленую мацнейшых польска-літоўскіх гарнізонаў. У гэты ж час каралеўская армія, падтрыманая літоўскім паспалітым рушаньнем, канцэнтравалася пад Маладэчнам, пасьля чаго была перасунута пад Радашкавічы, што знаходзіліся на мяжы Менскага павету. 21 лістапада ў Радашкавічы прыбыў Жыгімонт Аўгуст, выклікаючы вялікую радасьць сярод ліцьвінаў, якія здаўна дабіваліся, каб манарх асабіста пакіраваў ваеннай выправай.
Лягер пад Радашкавічамі выклікаў у назіральнікаў супярэчлівыя пачуцьці.
Насамрэч шпегі данесьлі Івану Жахліваму пра значныя каралеўскія сілы, сабраныя пад Радашкавічамі. У такіх абставінах у першай палове лістапада маскоўскі ўладар склікаў баяраў да Краснага на нараду. Іх меркаваньне было адназначнае. Паколькі намеры караля былі невядомыя, яны раілі адкласьці напад на Лівонію і перайсьці да абароны. Іван IV вярнуўся ў Маскву, дзе адчуў новую змову. Частку сабраных сілаў скіраваў у прымежныя замкі, а дзьве арміі пакінуў у Тарапцы і Вялікіх Луках назіраць за пачынамі каралеўскіх войскаў. Гэтыя арміі павінны былі дапамагаць землям, якім пагражала атака ліцьвінаў. Такім чынам канцэнтрацыя польска-літоўскай арміі пад Радашкавічамі ўратавала Лівонію ад немінучага нашэсьця Івана IV. Таму, напэўна, ня маюць рацыі крытыкі, якія цалкам асуджаюць т. зв. радашкавіцкі паход Жыгімонта Аўгуста.
28 лістапада пад Радашкавічамі быў праведзены попіс наёмных харугваў і шляхецкіх аддзелаў. Усе войскі былі пастроены такім чынам, каб візуальна павялічыць сапраўдную колькасьць войска, таму некаторыя хранікёры пісалі пра 50 і нават 100 тысяч чалавек, нібыта сабраных каралём. Насамрэч налічвалася каля 47 тысяч ваяроў, з чаго амаль 30 тысяч складала паспалітае рушаньне. У склад арміі ўваходзіла вялікая колькасьць пяхоты і коньніцы, нанятай за грошы са скарбу Вялікага Княства, і 2400 палякаў. Колькасьць гармат ацэньвалі прыблізна на 100.