Большасьць гісторыкаў згодная, што войскі Рэчы Паспалітай лепш валодалі ваенным рамяством, чым маскоўская армія. Гэта разумеў і Іван Жахлівы. Таму ён вырашыў не падстаўляць свае палкі на рызыкоўную бітву ў адкрытым полі, да якой магло б дайсьці, калі б ён распачаў наступальную акцыю. Цар не хацеў і ўвогуле ня меў патрэбы рызыкаваць бітвай у адкрытым полі.
Прымаючы абарончую тактыку, Іван IV разьлічваў на вялізныя прасторы сваёй дзяржавы і шматлікія крэпасьці, якія на сваім шляху сустрэла б варожая армія. Пачынаючы з 1578 г. ён зрабіў шэраг крокаў, якія мусілі абараніць замкі ўздоўж усяго памежжа. Як ужо згадвалася, ён парупіўся аб павышэньні колькаснага складу залог, іх забесьпячэньні харчамі, зброяй і боепрыпасамі. Таму ён разьлічваў, што польска-літоўская армія зьнясіліцца ў бітвах за чарговыя крэпасьці, а доўгачасовая кампанія акажацца такой дарагой, што вычарпае фінансавыя запасы Батуры і прымусіць скараціць наборы. Тады цар атрымаў бы свабоду, якая дазволіла б яму ўдарыць па залогах Рэчы Паспалітай у Лівоніі і ў Літве.
Абарончая тактыка Івана Жахлівага, магчыма, дасягнула б задуманага царом выніку, калі б ён сустрэў менш энэргічнага і здольнага вайскаводцу, чым Сьцяпан Батура. Тым часам цар быў засьпеты зьнянацку як колькасьцю войскаў праціўніка, так і хуткім падзеньнем Полацку. У паразах ён пачаў бачыць здраду баяраў, што дадаткова адбівала ў яго ахвоту ад якіх-небудзь наступальных дзеяньняў. У сваю чаргу, царскія камандзіры былі настолькі падаўлены сваім уладаром, што баяліся любых самастойных рашэньняў і строга прытрымліваліся царскіх наказаў. Гэта выявілася, напрыклад, у дзеяньнях аддзелаў Нізіна і Шарамецева ў Сокале, дзе царскія ваяводы не зрабілі нават спробы атакаваць каралеўскія войскі. Таму цар ня мог быць задаволены сваімі камандзірамі і жаўнерамі, але часткова гэта было вынікам яго ўласнай рэпрэсіўнай палітыкі да грамадзтва.
Батура — пераможца
Сьцяпан Батура не чакаў у Полацку канчатковага посьпеху кампаніі. Ужо 17 верасьня ён аддаў галоўнае камандаваньне арміяй у рукі гетмана Мялецкага і адправіўся ў Вільню. 4 кастрычніка ён урачыста ўехаў у сталіцу Літвы, прывітаны лацінскай прамовай папскага легата і вяльможаў Вялікага Княства. Літва сьвяткавала трыюмф над небясьпечным суседам, якога не здабывала дзесяцігодзьдзямі. Амаль адразу перамогу праславілі шматлікія панэгірыкі, сярод якіх апынуліся паэмы Яна Каханоўскага з Чарналясу. Са шматлікіх эўрапейскіх двароў паступалі віншаваньні.
Батура мог быць задаволены як арміяй, так і вынікамі кампаніі. Яшчэ ў Полацку, а потым у Вільні ён узнагародзіў многіх жаўнераў, гэтак выканаўшы свае абяцаньні, дадзеныя перад паходам. Значныя сумы грошай былі выдаткаваны вугорскай коньніцы і пяхоце. Польскай пяхоце, абдзеленай трафэямі, кароль выплаціў разам 2100 злотых. Ротмістры атрымалі некалькі дзясяткаў талераў кожны, а шарагоўцы — па адным талеры. Тых, хто адзначыўся асабліва гераічнымі чынамі, кароль адмыслова ўшанаваў высокімі грашовымі ўзнагародамі. У некалькіх выпадках жаўнеры плебэйскага паходжаньня атрымалі шляхецкую годнасьць, а быў сярод іх гераічны чаляднік з-пад Львова, празваны цяпер Палатынскім.
Добраахвотнікі, якія зьявіліся пад Полацак, атрымалі спэцыяльныя ўзнагароды. І нават тыя, якія прыбылі на чале шляхецкіх злучэньняў, як і казакі зь Нізу. Ротмістрам і паручнікам раздалі ўсе свабодныя стараствы. Такія магнаты, як Філон Кміта, Мікалай Драгастайскі, Яўстах Валовіч, Ян Кішка ці трое Радзівілаў (Крыштап, Мікалай Крыштап і Альбрэхт) атрымалі багатыя стараствы і сэнатарскія пасады. Зь іншаземцаў асаблівай міласьцю манарха цешыўся Каспэр Бэкеш. Ён атрымаў шляхецкую годнасьць, а таксама стараствы ў Літве і Кароне.
Ад’яжджаючы ў Вільню, кароль падбаў пра бясьпеку здабыткаў полацкай кампаніі. Пасьля заканчэньня галоўных ваенных дзеяньняў, г. зн. пад канец кастрычніка, гетман Мялецкі распусьціў згодна з загадам манарха амаль усю польскую, нямецкую і вугорскую пяхоту (за выняткам прыдворнай), затое затрымаў на службе мноства польскай наёмнай і прыдворнай коньніцы. Яна была падзеленая на тры палкі прыблізна па 1500 коней і стала на зімовы пастой пад Галоўчыным, Шкловам і Магілёвам. Адначасова гетман літоўскі Мікалай Радзівіл умацаваў літоўскімі навабранцамі залогі замкаў маскоўскага памежжа, асабліва Полацку, Дзісны, Улы, Віцебску. А наёмную коньніцу скіраваў, як і Мялецкі, на зімовы пастой. Такім чынам лінія абароны перасунулася пад самую мяжу, а разьмешчаная ў тыле замкаў коньніца магла ў кожны момант адбіць магчымыя маскоўскія дывэрсіі.
Паводле падлікаў Г. Катарскага, якія ахоплівалі таксама частку вугорскай коньніцы і пяхоты, дапаможную роту прускага князя, лівонскія залогі і войскі Філона Кміты, пасьля полацкай кампаніі на галоўным тэатры ваенных дзеяньняў было пакінута каля 17 500 жаўнераў. Дзякуючы гэтаму Батура ня толькі абараніў памежжа ад Лівоніі да Смаленшчыны, але і стварыў аснову для наступнай кампаніі. З думкай пра яе ён утварыў у Дзісьне тэхнічную базу. Загадаў зьвезьці туды спраўныя гарматы і інжынэрнае абсталяваньне, затое ў Вільню трэба было перавезьці для пераплаўкі пашкоджаныя гарматы.
Затраты на кампанію, ацэненыя прыблізна на мільён 200 тысяч злотых, былі вельмі вялікія, аднак, здаецца, адэкватныя атрыманай выгадзе. Акрамя вяртаньня страчаных тэрыторый, была здабыта значная колькасьць боепрыпасаў і ваеннага абсталяваньня, у тым ліку каля 120 гармат і некалькі соцень штук ручной агнястрэльнай зброі. Праціўніку былі нанесены значныя страты, хоць падлікі Г. Катарскага, якія кажуць пра 20 тысяч забітых і ўзятых у палон, завышаныя.
ЗАКАНЧЭНЬНЕ
Першая маскоўская кампанія Батуры, пачатая ў прынцыпе з моманту выправы караля зь Вільні (30 чэрвеня), працягвалася да заняцьця Сушы 6 кастрычніка. Здабыцьцё Нешчарды ў сьнежні было ўжо толькі вынікам дзеяньняў полацкай залогі пасьля адпраўкі арміі на зімовы пастой. Такім чынам, кампанія працягвалася крыху больш за тры месяцы, у тым ліку 20 дзён аблогі Полацку і два месяцы сапраўдных баявых дзеяньняў. Гэта была адносна кароткая кампанія. Ваенныя дзеяньні ахапілі амаль усё маскоўскае памежжа ад Лівоніі да Чарнігаўшчыны. Як мы ўжо згадвалі, сутычкі ў Лівоніі і на Смаленшчыне былі вельмі істотныя для змаганьня на галоўным фронце, аднак мелі дапаможны характар. Дзеяньні галоўнай каралеўскай арміі набылі форму абложнай вайны і не выходзілі за адносна невялікі абшар Полаччыны. Нягледзячы на гэта, кампанія 1579 г. скончылася значным посьпехам у ваенным маштабе, а перадусім — у палітычным.
У палітычным аспэкце падкрэсьліваўся найперш факт вяртаньня васьмі замкаў: Полацку, Сокалу, Сітны, Краснага, Казьянаў, Туроўлі, Сушы і Нешчарды. Хоць некаторыя зь іх і былі спалены пры баявых дзеяньнях, але здабыча выраўноўвала тэрытарыяльныя страты з часу Жыгімонта Аўгуста. Полацак вяртаўся пад уладу Вялікага Княства Літоўскага праз 16 гадоў маскоўскай акупацыі, што як згадвалася, знайшло шырокі розгалас у Эўропе. Параза падарвала прэстыж цара, а для Батуры мела вялізнае значэньне, бо пачаткі яго панаваньня, пазначаныя няўдалай вайной з Гданьскам, не выглядалі дужа добра. На вернутыя тэрыторыі ў свае даўнія ўладаньні маглі вярнуцца полацкія выгнаньнікі, прагнаныя Іванам IV і маскоўскай калянізацыяй.
У ваенным аспэкце гэта была перадусім перамога тактычнага маштабу. Быў вернуты кантроль над верхняй і цэнтральнай Дзьвіной, а адзіным месцам, якое яшчэ знаходзілася на рацэ ў руках маскоўскай залогі, застаўся Кукейнос.
Выбар кірунку атакі ў 1579 г. быў ва ўсіх адносінах правільны, за што Батуру хвалілі як яго сучасьнікі, так і гісторыкі. К. Гурскі пісаў:
Абраны кірунак удару даваў найбольшыя шанцы посьпеху пры найменшай рызыцы.
Трэба таксама заўважыць, што польска-літоўскі бок перахапіў ініцыятыву ў ваенных дзеяньнях, затое цар скарыстаўся абарончай тактыкай. Аднак нельга казаць пра нейкія посьпехі ў стратэгічным маштабе. На памежжы Полаччыны надалей знаходзіліся моцныя царскія крэпасьці: Себеж, Завалочча, Невель, Усьвяты і Азярышча. Большая частка Лівоніі яшчэ знаходзілася ў маскоўскіх руках, а са Смаленшчыны Іван мог трымаць ў няпэўнасьці свайго суседа. Галоўныя маскоўскія сілы, сканцэнтраваныя пад Псковам, былі некранутыя, а мабілізацыйныя магчымасьці маскоўскай дзяржавы былі такія значныя, што дазвалялі папоўніць панесеныя страты.
Калі кароль хацеў дасягнуць асноўнай мэты вайны, г. зн. вярнуць Лівонію і аслабіць праціўніка настолькі, каб ён перастаў пагражаць Рэчы Паспалітай, ён мусіў пашырыць баявую тэрыторыю і ўзяцца за плянаваньне наступнай кампаніі. Амаль адразу ж пасьля вяртаньня ў краіну Батура пачаў рабіць захады, каб схіліць шляхту да працягу вайны. Зрэшты, гэта адпавядала ваеннай канцэпцыі Батуры, які разумеў, што ў сутычцы з моцным праціўнікам нават самыя бліскучыя аднаразовыя перамогі не заменяць доўгачасовага ваеннага высілку, здольнага зламаць яго моц.
Кароль, плянуючы кампанію, разумеў, што вайна прынясе жаданую выгаду толькі тады, калі ўдасца насесьці праціўніку сур’ёзны ўдар. Аднак вораг быў моцны і нельга было толькі на працягу адной кампаніі нанесьці такога ўдару, які б замацаваў перавагу Рэчы Паспалітай над маскоўскай дзяржавай. З гэтай прычыны Батура плянаваў разьмеркаваць ваенныя дзеяньні на даўжэйшы час.
Таму тэрытарыяльныя набыткі 1579 г. умацоўвалі ня толькі абароназдольнасьць паўночна-ўсходніх межаў Вялікага Княства Літоўскага, але і пасьпяхова маглі служыць асновай для далейшых ваенных дзеяньняў. Вернутая крэпасьць дазваляла пачаць наступны паход, ты м разам ужо ўглыб маскоўскай дзяржавы. Яна знаходзілася на важных камунікацыйных шляхах, якія вялі ў Лівонію, Пскоў і Вялікія Лукі. Яна была настолькі вялікая, што магла зьмяшчаць вялікія запасы харчоў, боепрыпасаў і значную колькасьць войска. Рачная сыстэма забясьпечвала лёгкую перапраўку тавараў зь Вільні, а Усьвята і Дрыса адкрывалі водныя шляхі ўглыб варожага краю.
У полацкай кампаніі праявіліся ўсе таленты Сьцяпана Батуры як вайскаводцы і стратэга. Ёй папярэднічала старанная і мэтадычная падрыхтоўка. Ніколі раней у гісторыі Рэчы Паспалітай не выкарыстоўвалася такая значная колькасьць наёмных жаўнераў. Шмат сілаў было пакладзена для забесьпячэньня жаўнераў зброяй, боепрыпасамі, харчамі і фуражом. Былі арганізаваны дзейсныя дапаможныя службы, у тым ліку група лекараў і картографаў.
Таксама ваенныя дзеяньні праводзіліся надзвычай мэтадычна. Армію стараліся сканцэнтраваць адносна рана, і хоць шмат аддзелаў спазьнілася на вызначаны зборны пункт, удалося дасягнуць усіх мэтаў кампаніі да зімы. Дзеяньні на галоўным фронце прыкрываліся з абодвух крылаў, як з боку Лівоніі, так і Смаленшчыны. Быў здабыты каштоўны хаўрусьнік, якім заўсёды ў змаганьні з Масковіяй былі татары. Урэшце, майстэрскім пачынаньнем быў сам марш пад Полацак, папярэджаны высылкай моцнага авангарду дзеля заблякаваньня крэпасьці, а таксама вылучэньне бакавой калёны, якая прыкрывала галоўную армію. Нягледзячы на непагоду і адчувальны недахоп харчоў, была праведзена ў канцавым выніку аблога Полацку, і было выбрана найбольш эфэктыўнае месца для штурму.
Як вынік, полацкая кампанія дала Батуру чарговыя каштоўныя назіраньні, якія датычылі ваеннай справы, і паспрыяла працягу вайсковых рэформаў, пачатых яшчэ на золку яго панаваньня. Яна дазволіла каралю ўпершыню сутыкнуцца з маскоўскай арміяй, а значыць на свае вочы спазнаць усе слабыя і моцныя бакі праціўніка, зь якім яму давялося змагацца яшчэ некалькі гадоў.