У той жа час на поўначы значна актывізаваліся швэды. Яны стараліся вярнуць свае ўладаньні ў Эстоніі, але атакавалі Фэлін і Пярну (беспасьпяхова), уваходзячы праз гэта ў сфэру ўплываў Рэчы Паспалітай. Швэды папросту грунтаваліся на ваенным праве і не паважалі нічыіх правоў на Лівонію. У будучым яны маглі стаць небясьпечным канкурэнтам, але іх узброеныя дзеяньні ў 1578 г. былі выгадныя Рэчы Паспалітай, паколькі зьвязвалі частку маскоўскіх сілаў у паўночнай Лівоніі. Цар распачаў канцэнтрацыю сваёй арміі пад Псковам ужо ўлетку 1578 г., але доўгі час не рабіў энэргічных дзеяньняў, ня ведаючы, супраць якога з праціўнікаў павярнуць свае палкі. Толькі ў кастрычніку ён паслаў іх сьпярша на швэдзкую крэпасьць Полтсамаа (Poltsamaa), а потым — на Вэндэн. У той час польска-літоўскія і швэдзкія войскі часова ўзаемадзейнічалі супраць царскіх аддзелаў.
Пад Вэндэн (Кесь) прыбылі тры маскоўскія палкі: вялікі, пярэдні і вартаўнічы пад агульным камандаваньнем Івана Юр’евіча Галіцына, якія ацэньваліся прыблізна на 18 тысяч чалавек і некалькі дзясяткаў гармат. 15 кастрычніка галоўныя сілы Галіцына асадзілі горад, і адначасова маскоўскія татары пачалі дывэрсійныя дзеяньні, дасягаючы прадмесьцяў Рыгі. Палявы гетман літоўскі Крыштап Радзівіл у той час знаходзіўся ў астрогу на Валыні, дзе нядаўна браў шлюб з Кацярынай Астроўскай. У такіх абставінах вялікі гетман Мікалай Радзівіл Руды даручыў арганізацыю дапамогі гораду Андрэю Сапегу, які зімаваў са сваёй харугвай пад Рыгай.
Кесь абаранялі ўсяго 200 жаўнераў Сухадольскага з падтрымкай жыхароў, таму кожны дзень прамаруджваньня мог прывесьці да падзеньня гораду. На шчасьце, маскоўскія ваяводы не спакусіліся на імгненны штурм, а пачалі інжынэрныя працы, узяўшыся за рэгулярную аблогу. Сапега адразу ж паслаў у горад трох шпегаў з абяцаньнем хуткай дапамогі, пасьля чаго правёў імгненную канцэнтрацыю палявых каралеўскіх сілаў, якія стаялі на Дзьвіне. Сабраў каля 2000 чалавек, а менавіта харугвы коньніцы Мацея Дэмбінскага, Ленарта Кетліча, Вацлава Жабы, Дзьмітрыя Рагозы, Гаўрылы Збышэўскага і ўласную. Некалькі ротаў лівонскай шляхты пад кіраўніцтвам Яна Бігрынга, Мікалая Корфа і Вільгельма Плятэра, а таксама 400 «пешых віцебскіх стральцоў». Акрамя таго, дадаў 18 лёгкіх палявых гармат. Гэта былі занадта сьціплыя сілы, каб спакусіцца на атаку маскоўскіх войскаў, якія асаджалі Кесь. Таму быў усталяваны кантакт са швэдзкім корпусам Георга Бае, які налічваў 3500 жаўнераў, а апошні прыслаў прапанову супрацы.
Сустрэча польска-літоўскіх і швэдзкіх войскаў адбылася 20 кастрычніка ў сярэдзіне дарогі паміж Вальміерай і Кесьсю. Дзень быў вельмі непагодны, ішоў халодны дождж. Нягледзячы на гэта, войскі адразу рушылі на дапамогу асаджанай залозе. Пасьля ўсяночнага маршу, падчас якога адбыліся сутычкі з маскоўскімі разьездамі, аб’яднаныя войскі спыніліся на Гаўі раніцай 21 кастрычніка. Асаджаны горад, абкружаны высокімі абложнымі шанцамі, знаходзіўся на левым беразе ракі.
Калі маскоўскія камандзіры заўважылі набліжэньне аддзелаў, яны кінулі на раку каля тысячы коньніцы абараняць пераправу. Маскоўскія коньнікі адразу ж абсыпалі палякаў, ліцьвінаў і швэдаў стрэламі з лукаў.
Калі першыя харугвы выходзілі на бераг, маскоўская коньніца хацела загнаць іх назад у ваду, але спраўны агонь хаўрусьнікаў астудзіў іх імпэт да атакі.
У выніку маскоўскія камандзіры адступілі з прырэчных палёў. Спадзеючыся на сваю колькасную перавагу, яны не намерваліся ўхіляцца да бітвы. Вырашылі пакінуць частку сваіх сілаў у шанцах і ў лягеры пад асаджанай Кесьсю, а рэшту расставілі на ўзвышшы, каб нешматлікія польска-літоўска-швэдзкія войскі былі вымушаны атакаваць падгару.
Бітва распалалася каля чацьвёртай гадзіны апоўдні польска-літоўскай атакай з правага і швэдзкай зь левага флянгаў. Рэзкі ўдар коньніцы зьмяшаў маскоўскія аддзелы. Татары ўцякалі ў навакольныя лясы, а дваранская коньніца адступіла проста на свой лягер. Сьледам за імі ў лягер уварваліся палякі, ліцьвіны і швэды, якія меркавалі, што бітва скончыцца з хвілі на хвілю.
Становішча маскоўскай пяхоты, якая хавалася ў шанцах, было не найлепшае. Разьбітая коньніца ўцякла і хоць, як згадваў храніст, некаторыя аддзелы зьявіліся ў ваколіцы, аднак урэшце не ўступілі ў бой. Больш за тое, падчас польска-літоўска-швэдзкай атакі на лягер быў выпадкова падпалены порах, і маскоўская пяхота ня мела чым страляць са сваіх ручніц. Нягледзячы на гэта, яна адзначылася нязвыклай рашучасьцю. Калі ўвечары пад маскоўскімі шанцамі зьявілася польска-літоўская і швэдзкая пяхота, яе атакаваў аддзел на 1200 чалавек, узброены толькі халоднай зброяй. Дайшло да забойчага рукапашнага бою, які працягваўся яшчэ дзьве гадзіны да зьмярканьня, і толькі зьнішчэньне маскоўскага аддзелу схіліла ворага да адступленьня.
Назаўтра раніцай абкружаныя маскоўскія пехацінцы палічылі сваё становішча безнадзейным і, нягледзячы на страх перад гневам цара, адважыліся на капітуляцыю. Толькі артылерысты
Разгром коньніцы і капітуляцыя пяхоты пад Кесьсю былі значным ударам для маскоўскіх ўзброеных сіл. У рукі пераможцаў патрапілі 23 гарматы і мартыры, сярод якіх найвыдатнейшымі палічылі «Ваўка», дзьве «Дзеўкі» і «Зьмяю». Іван Галіцын здолеў уцячы, але ў няволю патрапілі, між іншым, князь Пётра Іванавіч Тацеў (камандзір вартаўнічага палка), князь Пётар Іванавіч Хварастынін, князь Міхаіл Фёдаравіч Гвозьдзеў і дзяк Андрэй Калбукоў. Сярод многіх палеглых апынуліся князі Васіль Андрэевіч Сіцкоў і Міхаіл Васілевіч Цюфякін-Абаленскі.
Параза пад Кесьсю адбіла ў Івана IV ахвоту пачынаць новыя наступальныя акцыі ў Лівоніі напярэдадні зімы. Таму ён распусьціў сваіх жаўнераў дадому і зьехаў з Пскова. Ён зьмяніў таксама думку наконт дыпляматычных мэтадаў разьвязаньня канфлікту. Дагэтуль ён зацягваў канчатковае зацьвярджэньне дамоўленага замірэньня, а цяпер дабіваўся яго ратыфікацыі і нават быў гатовы паслаць у Рэч Паспалітую сваіх паслоў.
Нягледзячы на значныя посьпехі дзяржавы абодвух народаў у паўднёвай Лівоніі і валоданьне Кесьсю ў цэнтральнай частцы краю, пазыцыя Івана IV была тут усё яшчэ моцнай. Яго залогі надалей займалі пераважную большасьць замкаў, утрымліваючыся нават у Кукейносе на Дзьвіне. Цар умацоўваў тамтэйшыя залогі войскам, рыштункам і харчамі і нават надзяляў зямлёй маскоўскае дваранства. Толькі падрыхтоўка да вялікай кампаніі, якая пачалася ў Рэчы Паспалітай, выклікала сур’ёзны непакой Крамля.
ПАДРЫХТОЎКА ДА ПОЛАЦКАЙ КАМПАНІІ
Абвастрэньне на працягу 1578 г. вайны ў Лівоніі не магло прынцыпова зьмяніць стратэгічнай сытуацыі на фронце супрацьстаяньня Рэчы Паспалітай з Масковіяй. Палякам і ліцьвінам патрэбны быў посьпех, які б пахіснуў царскую дзяржаву. Гэта выдатна разумеў Сьцяпан Батура, таму ён увесь час працягваў умацоўваць межы Літвы і з малымі затратамі сілаў зьвязваць маскоўскія сілы на тэрыторыі Лівоніі. Ён намерваўся распачаць агульны наступ толькі калі б сабраў такую армію, на чале якой мог бы асабіста нанесьці праціўніку магутны ўдар. Усё ж вяртаньне страчаных правінцый было адным з важнейшых пунктаў абяцаньняў, выканаць якія ён пакляўся.
Батура добра ўсьведамляў, што прынцыповыя рашэньні ў справе вайны залежаць ад пастаноў сойму Рэчы Паспалітай. Ужо ў лістападзе 1577 г. ён разаслаў унівэрсалы аб скліканьні павятовых сеймікаў на 14 студзеня наступнага году. Ва ўступе Батура растлумачыў шляхце матывы і прынцыпы рыхтаванай дамовы з Гданьскам, аднак большая частка інструкцый тычылася вайны з Масквой:
Таму паводле Батуры валоданьне Лівоніяй было неабходнай умовай бясьпекі Літвы. Далей кароль прыводзіў аргумэнты з галіны эканомікі (гандаль па Дзьвіне праз Рыгу) і міжнароднага права (абавязаньні Рэчы Паспалітай наконт абароны жыхароў Лівоніі). Заключная частка інструкцыі прысьвячалася неабходнасці прыняць адпаведныя падаткі, сабраць ваенны рыштунак, набраць жаўнераў (у тым ліку шматлікую і падрыхтаваную пяхоту) і г. д. Зразумела, усё гэта падтрымлівалася каралеўскімі абяцаньнямі выканаць шматлікія патрабаваньні, выстаўленыя шляхтай.
Сойм пачаў паседжаньне 20 студзеня 1578 г. на Варшаўскім замку з традыцыйнага выкананьня гімну да сьвятога Духа. У наступны дзень прапановы двару, якія датычыліся ў асноўным стасункаў з Масковіяй і татарамі, прадставіў падканцлер Ян Замойскі. Хоць шляхта спачатку перайшла адразу да парадку дня, пачынаючы дэбаты наконт судовай рэформы, сэнат цалкам ухваліў каралеўскія прапановы. Адразу была вылучана камісія зь некалькіх чалавек, якая з улікам заўвагаў Батуры падрыхтавала папярэдні плян мабілізацыі і патрэбнага ваеннага рыштунку на вайну супраць Масковіі. Таму гэта мусіла быць наступальная, а не абараняльная вайна.
Прадугледжваўся набор 12 тысяч коньніцы з квартальнай платай 15 злотых для жаўнера і 150 злотых для ротмістра (120 ротмістраў). 6 тысяч польскіх пехацінцаў мусілі атрымаць за квартал адпаведна: 7,5 злотых — шараговы жаўнер, 9 злотых — дзясятнік, 40 злотых — ротмістар. Вугорскай пяхоце, якая ацэньвалася на 4 тысячы чалавек, меркавалася плаціць вугорскімі талерамі. Агульны кошт утрыманьня 22 тысяч жаўнераў на квартал павінен быў скласьці 303 233 злотыя.
Досыць падрабязны пералік артылерыйскага рыштунку ўказваў 67 большых і 30 меншых гармат (шмыгаўніц[14]). Сярод першых значыліся між іншым 24 фугасныя гарматы, 12 мартыраў і 25 лягчэйшых гармат «для поля». Плянавалася сабраць 27 480 артылерыйскіх ядраў, 3 тысячы запалаў для шмыгаўніц і 4711 цэнтнэраў пораху. Зразумела, частка рыштунку ўжо знаходзілася ў тыкоцінскім арсэнале. Былі там, між іншым, 34 гарматы і 4790 ядраў, але рэшту трэба было даставіць зь іншых збройняў або адліць. Не забыліся і пра некалькі бочак серы, вяроўкі, смолы і г. д. Сярод неабходнага рыштунку апынуліся рыдлёўкі (500 штук) і кіркі (300 штук).
Досыць цікава выглядаў таксама пералік складанага інжынэрнага абсталяваньня, сярод якога апынуўся
Прадугледжвалася вярбоўка пушкароў і пэрсаналу рамесьнікаў, неабходных для транспарту, вядзеньня вайны і абложных дзеяньняў.
Тым часам паслы былі паглынуты некалькімі іншымі важнымі для краіны пытаньнямі. Адным зь іх было пытаньне апэляцыйных судоў, або т. зв. трыбуналаў. Толькі пасьля іх вырашэньня сэнатары перайшлі да разгляду прапаноў караля аб фінансаваньні войска. Праект, які тычыўся сялянскай пяхоты, моцна абрэзалі, абмяжоўваючы яе набор каралеўскімі ўладаньнямі (гл. болей на гэтую тэму ў першым разьдзеле). Найважнейшая пастанова, падатковая, не была прынята аднагалосна. Нягледзячы на супраціў паслоў з Кракаўскага, Сандамірскага і Серадзкага ваяводзтваў, шляхта зацьвердзіла нечакана высокія, як дагэтуль, падаткі, якія складалі 30 грошай, г. зн. 1 злоты з лану, валокі (адзінка плошчы ворыўнай глебы = 30 моргаў = 17 га) або сялянскай службы, падвойны шос (гарадзкі падатак) з гарадоў і чопавыя з гандлю напоямі. Паколькі кароль у выніку пратэсту паслоў з трох ваяводзтваў ня мог перайсьці да парадку дня, ён зьвярнуўся да земскіх соймікаў. Ён дамогся зацьверджаньня соймавых рашэньняў, але адначасова стварыў нявыгадны для дзяржаўнага скарбу прэцэдэнт.
Соймавыя пастановы маглі прынесьці ад 800 тысяч да 1 мільёна злотых штогод у маштабе ўсёй Рэчы Паспалітай. Гадавы кошт утрыманьня 22 тысяч жаўнераў, прапанаваны сэнатарамі, мусіў скласьці каля 1 мільёна 200 тысяч злотых, але была надзея, што ўдасца справіцца зь недаборамі. Перадусім падкрэсьлівалі факт, што шляхта згадзілася загадзя на два паборы падаткаў (у 1578 і 1579). Па-другое, шмат паслоў адстойвалі пазыцыю, што тэхнічнае забесьпячэньне ваенных дзеяньняў (артылерыя, транспарт і да т. п.) павінны пакрывацца, як раней, з каралеўскага скарбу. Батура пасьля пэўных спрэчак згадзіўся ўкласьці ўласныя грошы ў інжынэрна-артылерыйскае абсталяваньне, але паабяцаў, што ўсе недаборы будзе пакрываць зь дзяржаўнага скарбу.
Нягледзячы на соймавыя рашэньні, збор падаткаў патрабаваў некалькіх месяцаў часу. Такімі ж працаёмкімі былі працы, зьвязаныя з наборам войска (пераважна пяхоты), зборам рыштунку, запасаў і іх перавозкі бліжэй да месца прадбачанага раёну ваенных дзеяньняў. Пытаньні аховы паўднёва-ўсходняй мяжы, зьвязаныя з самавольнай казацкай кампаніяй у Малдавію, стваралі дадатковыя праблемы. У такіх абставінах ужо праз два месяцы пасьля сойму кароль пастанавіў, што асноўныя ваенныя дзеяньні супраць маскоўскай дзяржавы пачнуцца толькі летам 1579 г.
З траўня да верасьня 1579 г. манарх знаходзіўся ў Львове, маючы надзею, што здолее ўнікнуць канфлікту з Турцыяй і схіліць крымскіх татараў да ўдару на маскоўскую дзяржаву. Урэшце пакараньне сьмерцю ў Львове Івана Падковы — правадыра казацкай выправы на Малдавію — прывяло да супакаеньня Турцыі. Больш за тое, каралеўскі пасол у Крыме Марцін Бранеўскі здолеў укласьці дамову з ханам у справе ўзаемадзеяньня супраць Масквы. Аднак запазычанасьці, зьвязаныя з выплатай так званых падарункаў для ханства, прывялі да таго, што падчас першай маскоўскай кампаніі Батуры татары ня ўдарылі па царскіх уладаньнях.
Пасьля вяртаньня ў Кракаў Батура склікаў на 1 сьнежня раду сэнату, якая мелася заняцца пытаньнем фінансавага забесьпячэньня кампаніі. Потым ён скіраваўся праз Горадню ў Вільню, дзе плянаваў сачыць за канчатковай стадыяй ваеннай падрыхтоўкі. Падчас падарожжа, у студзені і ў пачатку лютага 1579 г., ён прыняў канчатковыя рашэньні, якія тычыліся арганізацыі коньніцы і пяхоты, г. зн. вярбаваньня, памераў узнагароджаньня, раёнаў канцэнтрацыі, выдачы мабілізацыйных прадпісаньняў і да т. п.
Падрыхтоўка да вайны набыла хутчэйшы тэмп, пераходзячы ад фазы збору грошай і запасаў у фазу набору жаўнераў. У такім становішчы ўсё большае значэньне набывала пытаньне камандаваньня ўзброенымі сіламі.
Зразумела, рашэньне Батуры асабіста ўдзельнічаць у кампаніі азначала, што ён будзе галоўнакамандуючым. Кароль несумненна належаў да кола найвыдатнейшых вайскаводцаў і стратэгаў тагачаснай Эўропы. Свой ваенны досьвед ён здабыў у шматлікіх грамадзянскіх войнах у Вугоршчыне і баёх з Габсбургамі. Акурат гэты ваенны досьвед і быў адным з аргумэнтаў на карысьць яго абраньня каралём. Аднак трэба было прызначыць гетманаў, якія ў той час не выконвалі сваіх функцый пажыцьцёва і якія маглі б падтрымаць манарха як падчас кампаніі, так і ў працаёмкай падрыхтоўцы да вайны.
2 лютага 1579 г. у Варшаве Батура прызначыў вялікім гетманам каронным падольскага ваяводу Мікалая Мялецкага. Паводле Р. Гайдэнштайна, ваявода
[14] Шмыгаўніца — артылерыйская зброя XVI–XVI I стст., у якой порах забіваўся з адваротнага боку рулі. (Рэд.)