Вушацкі сувязіст Апёнак ставіў громаадвод у калгасе былой Заходняй вобласьці. Мяжа йшла ў нас дужа недалёка. Нахапіўся вечар. Апёнак сабраўся йсьці дамоў. Старшыня кажа: вазьмі ровар і едзь. Сувязіст аднекаўся, бач, лепей пехатою пойдзе. Назаўтра скардзіцца старшыню, што замарыўся, пакуль дамоў дайшоў. Старшыня напамінае пра ровар. Апёнак гаворыць, што ён на валах ніколі ня езьдзіў. Старшыня тлумачыць — ровар ня вол, а веласіпед.
Апёнак злуецца:
— Так бы й казаў, што веласіпед. А то ровар, ровар. Падумалася мне, што гэта вол.
Перажывём неяк
У Вушачы быў, так бы мовіць, мастак, што ў асноўным піў, як у бот ліў. Часам на чарніла (фарбы былі казённыя) зарабляў, ледзьве пэцкаючы няхітрыя савецкія плакаты раённага маштабу ды афішы, калі якое кіно будзе. Сустракаю гэнага мастака пад час хрушчоўскае кампаніі барацьбы з фармалістамі й абстракцыяністамі. Як і належыць — пьяны-пьяны. Суцяшае сябе й мяне за кампанію:
— Ну, нічога. Нас усіх б'юць, перажывём неяк.
За свае грошы
На прастольнае савецкае сьвята ўдзельнік вайны валіцца абліччам у лужыну, падымаецца ды зноў у тую ж лужыну. Жанчына заўважае:
— Божа, сіла твая сьвятая! За свае грошы так мучацца.
Моўчкі
У раённай вушацкай гасьціньніцы ніяк ня можа ўгаманіцца п'яная шафярня. Раве музыка. Жанчына, слабая на нервы, крычыць:
— Дайце жыць!
— Жыві моўчкі! — чуецца ў адказ.
Скрабок
Мужык быў падмяталам. Жонка цьвялілася зь яго, іначай як скрабок і ня звала. Ня вытрываў, такога чосу даў, гаварыць жонка ня можа, дык хоць кіпцюрамі шкрэбае па падлозе. Усё роўна — скрабок!
Прынёс
Пастухі пасуць авец. Раніца. Туманок. З хмызу падкраўся воўк дый ухапіў ягнятка. І ўцякае з дабычай на сьпіне ягнятнік. (Мама некалі мне тлумачыла вузкія прафесіі ваўкоў. Той, які коней рэжа — канятнік, жарабят — жарабятнік, на гусей палюе — гусятнік.) А пастухі галёкаюць з двух канцоў:
— Ці гэта воўк?
— Аняго ж (ідзе ўстойлівы выраз) заяц.
— Ці ён панёс?
— Аняго ж (зноў той жа выраз) табе прынёс.
Пакуль турукаліся, шэрага й сьлед прастыў. Разважлівы вушацкі характар ня заўсягды карысьць прыносіць.
Ня круг
Вушацкія любілі прыгавор: «Куме мой, куме, дурны твой вуме. За аднаго абеду сем вёрст еду». Казалі й пра такіх, у каго ў роце мухі жэняцца: каша ў печы, а малако ў клеці, дык у клець з кашай па малако хадзілі. І сапраўды — старцу вярста ня круг.
Толькі з панам Богам
Пасьля вайны ў Заходняй Беларусі шмат хто імкнуўся паехаць у Польшчу. (Хоць пасьля пісалі: ожэл бялы, але жонд радзецкі). Агітатарам з Усходняй было дадзена заданьне чыніць перашкоды. У бальшыне сваёй ад'язджанцы гэтыя былі палякамі касьцельнымі. І вось на адным сходзе ўшацкі актывіст вырашыў пасадзіць маладзіцу ў галёш. Просіць:
— Ну, калі ты полька, пагавары са мной па-польску.
Маладзіца адсекла:
— Па-польску я толькі з панам Богам размаўляю, а з такім чортам як ты й гаварыць ня хачу.
Зала грымнула рогатам. Агітацыя была зьведзена на нішто. Атрымалася па Марксу: сьмеючыся, чалавецтва расстаецца з сваім мінулым.