Мазюка
Мой апошні крэўнік па бацькавай лініі Пятрок як ня ўсё жыцьцё праезьдзіў спачатку як шафёр, а потым як газавік (вялі газапровад па тэрыторыі былога Саюза, яшчэ тады нярушнага) сьвет з прысьветкам. Мова ў яго, натуральна, як у Дземянцея, з ухілам да расейскае. Але што ў маленстве чуе чалавек, адгукнецца празь дзесяткі гадоў. Капалі недзе на Пскоўшчыне чарвей, на рыбу йдучы. Пятрок бярэ аднаго й кажа «мазюка». Рабочыя ня зразумелі, што такое мазюка. Тады Пятрок выхітрыўся й сказаў: па-беларуску чарвяк — мазюка. У нас малому, у якога выскокваў стручок са штонікаў, казалі, каб схаваў мазюку.
Жаласьнік
Адносна выхаваньня жонкі ў народзе былі рэкамендацыі, якія розьніліся ад шэксьпіраўскіх. Хоць бы такія: «Бабу бі молатам, зробіш золатам. Бі жонку, як шубу, а любі, як душу». Адзін вушацкі жаласьнік, адчуваючы прыліў гневу праведнага, крычаў нецярпліва:
— Дунька, надзявай шубу — біць буду!
А некаторыя вушацкія жанкі былі перакананыя: калі ня б'ець, значыць ня любіць…
Руплівы
На размазьняватага чалавека ў нас ёсьць цягучае слова, якое расьцягвае гукі, нібыта мярліна ногі валачэ: нявывалака. Была й такая прасьмішка:
— Пакуль бацька змалаціў, сын — жох — і, абуўся, пакуль бацька з току прыйшоў, памыўся, а сын — жох — і пад'еў!
Параднела
Дзеўка нарадзіла дзіця. У адчаі надумалася яго ўтапіць. Пайшла пад сакрэтам (у нас казалі пад хурымам) сказаць пра свой намер старэйшай суседцы. Тая й параіла:
— Пацалуй яго спачатку, а потым можаш тапіць.
Прыйшла дзеўка да рэчкі, пацалавала малое й панесла дамоў. Параднела, пабалючэла дзіця, маці ў дзеўцы прачнулася.
Толькі сярпок вазьму
Была баба гультайка. Была ў яе ўнучка й сучка. Сачыўка ўжо зазімоўвала. Суседкі пытаюцца ў гультайкі:
— Чаго ты сачыўку ня жнеш?
— А на чорта я яе буду жаць. Сучка здохніць, унучка замуж зойдзіць, а я памру.
Зіма настала. Агарнуў холад, засьціг голад. Есьці хочацца. Пад страхой венік вісеў і калодачка. Вецер як усходзіцца — венічак шась, калодачка бразь. Баба й гукае:
— Зараз, зараз. Толькі сярпок вазьму. Ён тут, на стале.
Выйдзе, а нікога няма.
Во!
Унук гадуецца ў дзеддоме (у дзеда з бабай). Бацькі й воч ня паказваюць. Нарэшце прыехаў бацька, прывёз розных смакаў, гасьцінца. Дзед радасна й просіць унучка:
— Пакажы, дзе твой тата?
— Во — паказвае падрослы ўжо хлопчык на фотакартку, якая вісіць на сьцяне за шклом.
Павінны быць
Жыд пайшоў з сынам у грыбы. Ідзе па лесе, галаву ўгару задраўшы. Сын сьледам бацьку пераймае. І сур'ёзна пытаецца:
— Тата, тата, а ў грыбоў вочкі ёсь?
— Павінны быць!
Кароткі адказ
Дзядзька прыехаў у Вушачу нешта купіць. Сустрэўся яму дзяцюк, сын даўняга сябра, які жыў у далейшай вёсцы. Дзядзька рады спытацца: