Талкуёчак
У Вушачы, дакладней у «Пралетарыі», ў адной сям'і была мянушка Талкуй. Ніхто ня ведаў сапраўднага прозьвішча гаротнікаў. Адзін з Талкуёў цёпла прыжаніўся ў суседняй вёсцы. Зажыўся. І ў базарны дзень прывёз у Вушачу прадаць бараніну. Кожны хацеў ласейшы кавалак. Каб з ныркай капусту варыць, марыць шмат ня магло, але ня хацелася ж нікому і голых касьцей. І пачалі паддобрывацца ці, як у нас кажуць, падхлеблівацца:
— Таварыш Талкуёў. Даражэнькі Талкуёчак…
А ён толькі болей халяруе.
Цясютка
Вушача была партызанскай сталіцай. У Леплі стаяў нямецкі гарнізон. Адпаведна й частка вушацкіх паліцэйскіх там была. Пасьля вайны былыя вушацкія партызаны панадзіліся ў Лепля па кароў. Прызнавалі сваіх. Часам і чужую карову за сваю прызнавалі. У Вушачы жыў Сімкін. І ён вырашыў «прызнаць» карову. І прызнаў. Але гаспадыні ня надта каб хацелася аддаваць сваю кароўку ў чужыя рукі. Справа дайшла да суда. У Сімкіна й пытаюцца:
— Чым вы можаце давесьці, што карова вашая?
— Я ёй кажу: цясютка, а яна мне ў адказ: мммууу…
Туды й чапляй
У Вушачы было дзьве маці-гераіні. Абедзьве былі вясёлыя й вострыя на язык. Іх так і звалі — гераіні. Аднае зь іх трэба было ўручыць адпаведны ордэн. Даручылі намесьніку старшыні райвыканкама, крыху сарамліваму не па пасадзе. Віншуе гераіню і чапляе ордэн. Яна:
— Куды ты мне чапляеш?
— Ну, вядома, на грудзі.
— Чым заслужыла, туды й чапляй!
Відаць, і ты…
Ажаніўся бедны з яшчэ бяднейшай. Зжыліся, як кажуць, на самоў хвост. Прыйшла вясна. Ідзе жанацік, а яго ветрам у бакі водзіць. На траву выйшаў бычок. Схудалы. Скура ды косьці. Глядзеў-глядзеў на яго жанацік дый кажа:
— Відаць, і ты, бычок, жанаты…
А ты лыжачкай
Завітаў у хату салдат. Маладзіца засмажыла служываму яечню ў калена, як кажуць вушацкія. Паставіла на стол. Пасадзіла разам з салдатам і сынка. Сама завіхаецца каля печы (так і рупіць ужыць гэтую класічную фразу з нашае побытнае прозы). Ледзь малы памкнецца да патэльні, госьць коле ягоную руку відэльцам.
Малы крыўдзіцца:
— Мама, мама, а салдат відэльцам.
— А ты, сынок, лыжачкай…
Ні кашкі, ні малачка
Зайшоўся салдат да маладзіцы пераначаваць. Здарожыўся. Сядзіць. А насупроць яго гаспадыня ў адной спадніцы бяз нічога сподняга і ў вясёлай паставе. Гаспадыня й пытаецца ў падарожнага, што яму даць, ці кашкі, ці малачка. Салдат адказвае:
— Ні кашкі, ні малачка, толькі сядзі, бабка, як сядзела…
Як сонца падымецца
На ільнозавадскім пасёлку жыў Піліп. Скрыпач. Ахвотнік да маладзіц. Суседская дачка была як дзьве кроплі вады падобная да ягонай. Жонка была западлівая. Казалі, што калі песьціла ў ложку Піліпа, на сэрца клала мокрую анучку, — каб сэрца ў жонкі ня стала, а хлапчукі, падобныя да Піліпа, нараджаліся ў маладзічак. Ды гады пачалі браць сваё. І пайшоў Піліп у Вушачу расстарацца вады ад немачы. Знахарка, якая лічылася такой, была вясёлая на язык. І параіла. На ўсход сонца стаць, спусьціўшы порткі. Як сонца пачне падымацца, і ўсё астатняе таксама…
Абы цяляткі
У аднаго вушацкага доўга ня было дзяцей. Нарадзіўся сынок. Радасьць. Ды злыя на язык хацелі ахаладзіць шчасьлівага бацьку, намякаючы, што ня ён творца. І адказаў гаспадар нядобразычліўцам:
— Чые бычкі ні бычкі, абы мае цяляткі…
Ня езьдзіў на валах