— Чаго ты наш х'еб ск'ябеш, што яму — сьвяйбіць?
— А што я — казёй, каб зь істам есьці?
Дагаварыліся!
І за скрып
Прынёс малады кавалер да шаўца шыць боты. Дамовіліся пра цану. Нейкія два рублі. Заказчык было пайшоў, але вярнуўся й папрасіў, каб боты былі абавязкова са скрыпам. Шавец згадзіўся, толькі дадаў:
— А за скрып яшчэ рубель.
Сакрэт скрыпу проста раскрываўся: пад падэшву клалася сухая бяроста. Скрыпела як са злосьці.
Мала
Пасьля вайны часта рабіліся рэформы. Перад кожнаю, каб пазбавіцца ад заўтра ўжо зьбясцэненых грошай, штурмам, як рэйхстаг, бралі ўнівермаг. Падчыстую падмяталі ўсё з паліцаў. Дык у чарговы штурм маладзіца з нядалёкае вёскі позна ўскочыла ва ўнівермаг. Схапіла два хамуты, надзела на шыю, так і выбегла. Як быццам мала было хамута калгаснага прыгону й хатняга клопату.
Ані тромбалі-бом
Бацюшка гуляў з ксяндзом у карты. Прысягнуў сабе, калі выйграе, будзе служыць абедню, калі прайграе — ня будзе. Прайграў. І пад самую раніцу йдучы дамоў, разбудзіў званара й наказаў:
— А заўтра, Іван, ані тромбалі-бом, ані дзын-дзалі-дзын, ані за вяровачку.
Тром блін папалам
Вушацкім чулася, як звоняць званы ў розных храмах.
У царкве:
У касьцёле:
Галодны жывот чуў сыціва.
Шчыры фальклор
Звычайна фалькларысты самі, наколькі хапала фантазіі дый уменьня кілзаць рыфму, славілі калгаснае жыцьцё, старанную працу, дзіва дзіўнае, калектыўнае. А мне запомнілася чатырохрадкоўе, так бы мовіць, вушацкая дайна, дзе паказаны адносіны калгасьніка да ўсяго калгаснага:
Гэта звычайна, калі чалавек марна каму грозіцца, кажуць: зробіць яму гразь на гары.
Уважылі
Пад час акупацыі да подпісу пад партрэтам Гітлера «вызваліцель» нехта дадаў «ад мяса, ад малака, ад усяго добрага».
Пасьля вайны ў чахлым вушацкім скверыку гіпсаваму Леніну, каб ня азяб, надзелі фуфайку й у працягнутую руку паклалі некалькі мёрзлых бульбін.
Правадыра ўважылі!
Запомніла
Лісіца, шукаючы спажывы, ушчамілася ў карчэўе. Ня магла галаву выцягнуць. Заяц прыладзіўся дый зрабіў усё, што трэба. Назаўтра бяжыць лісіца на шарэньніку, добра ня разгледзеўшы ўчарашняга палюбоўніка (вушацкія на хахаля казалі сюбар), вясёла вітае:
— Здароў, бобра!
— Бобра ня бобра, але вылюб добра!
Тады й надзенеш
Старшыня сельсавету, як і належыла на такой пасадзе, піў бяз пальцаў. (Звычайна, калі цяля адсаджваюць ад каровы, на першых часінах у пойла кладуць пальцы, і паёнік прывыкае піць.) Жонка абнасілася. Запрасілі на нейкія гулі. Жонка й лямянтуе, што няма чаго надзець.