— Янкель, купі шчупака.
— Дзе ён?
— Злаўл-лю-лю!
Развагі
Муж, які зьмяніў шмат жонак, бо паміралі, суцяшаў сябе:
— Бог узяў босую, а я ў чаравічках вазьму.
Другі муж, у якога таксама часта мерлі жонкі, даводзіў у рыфму:
— Чым мне Бог сагразіў, што я поўну клець скрыняў навазіў?
Можна таўчы
Сыны пажаніліся. Жывуць пры бацьку. Старэйшы брат нежанаты. Устае ды йдзе да стала сьнедаць. Жанацікі яму:
— Чаму рукі ня мыў. Можа, трымаўся.
— Маім яшчэ можна кашу таўчы, гэта ня вашыя…
Могуць на хаду
Мама казала:
— Што цяперашнія за танцы. Труцца перадамі, як рыба ў нораст. На хаду могуць дзіця зробіць.
А ці ўмее
Суседка старая да мамы, гледзячы на сынавую:
— Дачка ці нявестка. Драбненькая, маладзенькая. А ці ўмеіць яна жаць?
Матырынцы
Матырынцы трывала ўвайшлі ў показку: «Цалуй тата маме ў сраку, — матырынцы рог укралі». Што гэта быў за рог — у показцы ня тлумачыцца. Але па ёй можна пазнаць, ці карэнны вушацкі чалавек, ці наезджы. Неяк ехалі з «Прарыву» з Васілём Быкавым. Па дарозе вёска Вугрынкі. Васіль меркаваў, што маглі быць першапачаткова Бугрынкі. Прагаласавалі дзяўчаткі. Узялі іх у аўтобусік наш. Пытаюся, што зрабілі матырынцы? Толькі адна сарамяжліва заўсьміхалася.
Пра матырынцаў ёсьць яшчэ вушацкае паданьне, як яны архірэя прымалі. Вырашылі пабудаваць туалет, ды ня абы-які. Калі высокі госьць зробіць усё, што трэба, прылада накшталт сучаснай шчоткі для мыцьця падлогі з наматанай мяккай анучкай павінна адпаведнае месца выцерці. І ўсё адбылося, як задумана было. Але ўжо так упадабаў архірэй абслугоўваньне, што нагнуўся паглядзець, як жа гэта ўсё робіцца. Чалавек, які стаяў недзе ўнізе ў яме ці збоку, вырашыў, што нячыста выцер, і правёў гэтым, так бы мовіць, квачом архірэю па губах. І да сёньня ніводзін архірэй ня прыязджаў болей да матырынцаў, якія рог укралі. Праўда, ёсьць яшчэ прыгавор: прасіце, матырынцы, прыеду сьвянціць. Нібыта гэта сказаў усё ж на разьвітаньне ўгневаны архірэй.
Разьвіталася
Прыйшла маладзіца на споведзь. А бацюшка яе й пытае:
— Ці ласкава ж ты разьвіталася-папрашчалася з мужам сваім?
Маладзіца адказвае, што ня было часу калі разьвітвацца. Бацюшка раіць пайсьці і па-добраму разьвітацца з мужам, каб Бог усе грахі дараваў. Бо чалавеку ў злосьці ў царкве грахі ня адпушчаюцца.
Пабегла маладзіца раз, нешта буркнуўшы свайму мужыку, пабегла другі, пабегла й трэці. Усё вяртаў яе бацюшка, кажучы, каб палюбоўна разьвіталася. Прыбегла апошні раз пад вакно й пракрычала хуткамоўкай:
— Прашчай, пранцавей, каб цябе балесь забіла! Час сьцёрла, лапці зьдзёрла і ў споведзі ня была!..
Дай Божа!
Да сьвятара прыйшла дзеўка-перастарак. Як у нас казалі, яна на высадкі засталася. І дапытваецца ўсё ў айца, ці выйдзе замуж. Ён глядзіць на несхлямяжую дый прагаворвае:
— Дай Божа, дай Божа, ды ня ведаю…