Сьвіны бык
Жылі суседзямі мужык з жыдом. Мужыкоў кнур раз убіўся ў гарод да жыда. Той з прэтэнзіяй:
- Іван, а Іван! Твой сьвіны бык парыў мая ўся бульба.
— У мяне няма ніякага быка. Ёсьць толькі кнур.
— Пад які там шнур. Ён парыў абы-як — і ўздоўж і ўпоперак.
У Курты пад хвастом
Адзін вясковец украў быка, асьвежаваў, пачаў варыць, а ўсё астатняе мяса схаваў у яму пад падлогай.
Прыехалі шукаць. Сядзіць малы галапузы. Участковы яму тыц пальцам:
— Пуп — наеўся круп.
— А вот жа бычыны.
— А дзе бралі бычыну?
— У Курты пад хвастом.
Сучка Курта якраз сядзела на падлозе, дзе яма. На тым сьледства й скончылася.
Даўно сьпяць
Выйшла дзеўка замуж. Ночы зімовыя даўгія. А прасьці ёй даюць дужа. Яна прадзе-прадзе дый прыгаворвае:
— А ў майго таты даўно сьпяць…
Але ў новай сям'і ўвагі не зьвяртаюць.
Ці даўно йдзеш?
Ідзе сабе маладзіца дый, як любіў казаць некалі Караткевіч, маскаля пускае, гучна страляе, бо навокал нікога. Але празь нейкі час вырашыла азірнуцца. За ёй ідзе мужчына.
— Ці даўно ты йдзеш, чалавеча?
— Адтаго, як ты першы раз рогнула.
Як ахвяравалася
Маладзіца ахвяравалася паўзьці ад хаты да царквы. Паўзе. А спадніца спаўзла. Ідзе чалавек дый пытаецца:
— Як ты паўзеш?
— Як ахвяравалася, так і паўзу…
Дзе два коміны
Пад час польскае акупацыі жаўнеры пасьвіліся самапасам. У Кавалеўшчыне, што пад Вушачай, дзе нарадзіўся бацька мой, жаўнеры панадзіліся да крыху заможнейшага кавалеўца. Пазнакай служылі сінія вароты. Бедалага, нарэшце, зьняў вароты, тады палякі кіраваліся ў хату, дзе два коміны. Комін зімой ня збурыш.
Шыла
Шавец наказваў жонцы:
— Калі памру й будзеш хаваць, пакладзі мне ў труну шыла.