— Угэ, — згадзіўся Цімох. — Людэй і конэй шкодоваты трэ, хіба воны е вінавайцы?
Жандар залыпаў вачыма, не зусім разумеючы. Артур есці разам з жандарам, якому як афіцэру сабралі стол у залі, не стаў, спаслаўся на стомленасць, кепскую ноч пад карчмой, пайшоў распарадзіцца знайсці майстроў рамантаваць ландару. Пасля зачыніўся ў пакоі, сеў за стол і на кавалачку паперы напісаў: «Jość patreba sustrecca».
3. Сядзіба Кавальца
У першую ж нядзелю пасля прыезду з Пінска Ясь Кавалец выбраўся на кірмаш у Манкевічы. Рыбаку і паляўнічаму, яму было што прадаць. Паўкідаў у човен нашыхаваныя звечара торбы з нізкамі і дубцамі сушаных грыбоў і ўюноў, дастаў з кія на печы футры баравых куніц, якія ніяк не мог збыць яшчэ з зімы, прычапіў да чоўна саж з жывой, не снулай рыбай.
— Ты ж мёду забыўся… — падказала маці.
— Ага…
Прынесла кадаўбец. Старэнькая яна, любая матулька… На што ні пайшла дзеля дзяцей пасля страшнага закалату 30-х гадоў. Завязалася яшчэ раней, калі паганы карсіканец падмануў цэлы край, абнадзеіў, што будзе адноўлена Рэч Паспалітая. Паверылі — і падмануліся… У 30-я пазбаўлены маёмасці, шляхецтва… А што казаць пра тых, хто проста склаў галовы. Матуля адна засталася з маленькім дзіцем на руках. Каб выжыць, пайшла замуж за мешчаніна, Кавальца. Усё зрабіла, каб вывесці ў людзі старэйшага, з першага шлюбу, сына. Ежы вучыўся ў Пецярбургу, у вучылішчы правазнаўства, здаваў экзамены экстэрнам, скончыў з адзнакай. Па выхадзе атрымаў чын і месца ў Міністэрстве юстыцыі. Але доўга там не праслужыў, не захацеў валачы ўсё жыццё чыноўніцкі хамут, пераходзіць з чыну ў чын. Яго не проста пацягнула на радзіму — меў свае планы. Некаторы час служыў у менскім губернскім судзе, потым, калі шляхта зрабіла дастатковую пратэкцыю, а таксама завяліся грошы, каб зрабіць куку ў руку каму належна, стаўся распарадчыкам Манкевіцкай эканоміі, якая належала казне. Пасля гэтага зводнага брата як падмянілі. Што ж, з ваўкамі жыць — па воўчы выць. Вось так і жывуць — ён сабе, яны з маці, з бацькам — сабе.
Ясь прыгладзіў на шырокіх маладых грудзях выбеленую сонцам ляновую вышыванку, кінуў світку ў дубок, адштурхнуўся вяслом…
— Ты, сынок, на людзях будзь рахманы… — папярэдзіла маці. — Не маніся ні перад кім, што мы — шляхта. Якая ўжо мы шляхта…
Юнак кіўнуў галавой:
— Добра, мамо…
— Абяцаеш? Ну, Бог табе ў помач. Сурдут і боты ў мяху…
Сядзіба Кавальца аточвалася з трох бакоў ракой. У вялікую ваду апыналіся рыхтык на востраве. Тут зручна, хоць ворыва і няшмат, дзесяцін сем, але рэшта зямлі лічы што твая. Тут і ляску дзесяцін пятнаццаць, грудковага лугу гэтулькі. І ніхто не перамерае, не адрэжа, бо наўкола балота, старыцы. Прывыклі. Калі лета сухое, нават проса на ўзбалотку сеюць. І вырасце. Тут і сам вырас, як тое Божае проса… Быў Ясюлечкам, матчыным выпесткам, потым стаў Ясюком, далей — Яськам. Цяпер вырабіўся на Яся.
Ад вялікага палатнянага меха несла чэмерам. Кладуць карэнішчы, каб моль не паела сурдут, а жукі-кажаеды не ўсмакавалі боты. Боты ўзяў, бо пойдзе да пані Ўрбановіч. Кніжкі дае. Каб толькі яе мужа аканома, брата свайго, не сустрэць. Не любіць з ім сустракацца. Такі фанабэрны — жах. Без сурдута не паказвайся. А свой жа! Ажанчэлы вырабіўся, распешчаны раскошай. Апошнім часам увогуле на расейца наламваецца… Брат… Брат слова па-людску не вымавіць, га-ва-рыт ды гаварыт… Хоць бы ўжо пшэкаў…
На адкрытай вадзе зрабілася ветрана. Надзеў світку. Світка бацькава, новая, але ўжо з латкай на локці і вялікага зайздроства не выклікала. Але, як кажуць, мілая латка і ад роднага таткі. Хлопцу хацелася пахарашыцца, ды не перад панамі ці паненкамі — перад вясковымі дзяўчатамі.
Выплыў на вялікую ваду, убачыў блакітны купал царквы на Манкевіцкай гары — так называлі высокі бераг Гарыні, на якой стаяла мястэчка, — пагнаў човен штуршкамі вёслаў да супрацьлеглага берага. Во дзе радзіма… Рачны прастор, рака, якая з вясны яшчэ не ўвайшла ў берагі. Быць тут, жыць тут, векаваць… Толькі тут, на радзіме, жыццё можа быць поўным, насычаным, расфарбаваным. А няволя? Край забраны? Гэта яшчэ варта паглядзець, ці няволя, ці край забраны… Гэта ўсё панічам няймецца, нейкай волі хочацца. Рабіць няма чаго, ад кніжак усё то, ад нядобрых… То д'яблавы папусканні. А ты любі гэты ўквечаны бераг, сінечу неба… Уночы — россыпы густых зорак. Не, такіх зорак няма нідзе на свеце, так Сахачы — Вялікая Мядзведзіца, не ззяюць нідзе. Пабыў, пабачыў… У Маскве ўсё іначай — і людзі інакшыя, і неба высачэзнае, нямілае. Тут — мілей, бо ўсё сваё, вядомае…
Расчулены, Ясь зняў шапку і стаў маліцца свайму святому. І маліўся ён так: «О мой святы, евангелісты Іяан, паглядзі міласціва на нас, недастойных рабоў Божых, мяне і маіх крэўных і тых, хто мяне не любіць…»
Змоўк, падумаў, успамінаючы, хто яго вораг ці каго ён пакрыўдзіў, і чамусьці ўспомніўся Стасік…
«…І на Станіслава Буевіча паглядзі, і адхадайнічай нам усім жыццё ціхае і бестурботнае, і да вечнага царства шэсце няўхільнае тваім заступніцтвам… — І разам з імем і вобразам Стасіка ўсплыў вобраз і ягонага брата Артура, а разам з гэтым — скрынка, напоўненая зброяй. Зброя — гэта сур'ёзна, гэта страшна, гэта… — Не, скончу малітву… Няхай захавае нас Госпадзь Бог сваёй дабрадаццю ў спогадзі, здароўі, даўгалецці і ўсякім дабрабыце ў найдаўжэйшыя леты. Заўжды славім і бласлаўляем Бога ў Тройцы свяцей свяцімага і цяпер, і заўсёды, і ва векі вечныя. Амін…»
4. Сварка
Ясь выплыў да лодачнага кірмашу. Новыя лодкі, чаўны, дзяўбанкі соладка пахлі свежай драўнінай. Гладкагабляваныя вёслы, чэрпанкі бялелі і жаўцелі на святле сонца. Вышэй, на схіле берага, прадаваліся цэбры, начоўкі, лапаткі-веялкі, сявенькі. Вышэй схілу, ужо на роўнядзі, стаялі вазы з гаршчкамі, збанкамі, гладышамі, макітрамі, глякамі… Новымі, чыстымі, звонкімі. Далей была ўласна гандлёвая плошча, там густа вішчалі парасяты, гагалі гусі… Паўсюль гамана, хапаюць за рукі, крычаць, лаюцца… Пахне дзёгцем, сырамяццю, з карчмы ідзе пах смажанай цыбулі. Дзеці з глінянымі свісцёлкамі бегаюць, блытаюцца ў нагах. Адным словам — кірмаш як кірмаш. Гул, шум, таўханіна.
«Людзі жывуць сабе, а недзе на разбураным млыне ляжыць скрынка, — падумаў Ясь, — поўная замежнай зброі, ніколі не бачаных вайсковых стрэльбаў… Кожная стрэльбіна можа стрэльнуць не адну сотню разоў… Гэта што? Новы закалат, вайна, паўстанне? Цьху ты, прычапілася гэтая зброя… Утапіць яе ў бучы за млыном. Ніхто не дастане…»
Ясь спыніўся паглядзець, як жыд таргуе цяля; паслухаў, як цыган хваліць кабылу; дапамог малазнаёмаму падпанку ўтаргаваць рубель у рымара за новую збрую. Тут прадаюць бітую птушку, там — жывых зайчанят, недалёка — прапануюць гарачыя блінцы, бублікі, калачы…
«Не, ну іх… Належыць свайго старацца…»
Кавалец пайшоў да будак, у якіх сядзелі жыды. Паказаў з-пад палы куніцу, і хоць лета было, далі добрую цану. На футры меў свайго кушняра, які баяўся, што Ясь стане аддаваць свой тавар другім. А гэты паскупіўся, яшчэ вясной, і Ясь прытрымаў футры. І вось — дамогся свайго.
Цяпер самы час разабрацца з жывой рыбай, якой поўны саж. І вось — радасць! Нечакана перастрэў Цімоха.
— Мо рыбка ёсць? — спытаўся Цімох.
— Ёсць, а як жа, — адказаў Ясь. — Толькі табе не прадам.
— Чаму гэта, васпане?
— Па-першае, ці дасі хоць тры капейкі за фунт? А па-другое, — Ясь хітра паглядзеў на Цімоха, — вы, дзядзьку, не хочаце мне прошчу ў Графскай пушчы паказаць…