— Э-э, братка, — Цімох наморшчыў лоб. — Які з мяне распарадчык. Каб ты ведаў, чаго мяне пан трымае…
— Ведаю, — прамовіў Ясь. — Ты яму абяцаў паказаць прошчу ў Графскай пушчы… Ну, дзе звяры хаваюцца…
— І пан так думае, што ведаю, — пачухаўся Цімох. — А я, братка, не ведаю. Далібог, не ведаю. Гэта табе, Ясю, звер у рукі даецца, а я, выбачай Госпадзі, у лесе так, недарэка нейкі.
«Толку не будзе… — падумаў Ясь. — Прапаў рубель за фурманства. Дзякуй, Божа, што за сваяка прызнаў, са двору не прагнаў…»
Было часам і так.
Раздзел V. Мужычы сын
1. Карчма пры дарозе
Артур Буевіч, як расстаўся з хлопцамі, без асаблівых прыгод давёў спадарожнікаў да Лэйбавай карчмы, дзе ландара канчаткова развалілася. Успаролі гаспадара. Лэйба пачаў завіхацца, квактаць, што такім яснавяльможным панам ніякага камфорту не зробіць.
Брытанец зазірнуў у цёмную, душную карчму, спытаўся нешта ў Артура.
Буевіч ацёр стомлены твар, звярнуўся да Лэйбы:
— Як наконт скакуноў?
— Якіх, паночак, скакуноў? Зроду коні не трымалі…
— Э-э, ды не пра коні кажу, а, прашу прабачэння, пра блохі…
Карчмар на нейкі момант зніякавеў, потым шапнуў:
— А куды ж без іх, пане.
Ландарай адгарадзілі закутак, паставілі туды паненцы ложак, на другі бок ландары саставілі дзве лавы брытанцу, паклалі сеннікі, пакрылі капамі. Лэйбава жонка тым часам раскатурхала дачок напіхваць у навалачкі свежае сена…
Буевіч у карчму таксама не пайшоў — на ўласнай скуры ведаў, якія кусачыя ў Лэйбы «скакуны». Прылёг разам з фурманам на сене — ноч цёплая, ды і колькі той ночы засталося.
Раніцай, калі ўжо добра ўвіднела, Артур прачнуўся ад звону цугляў. Глянуў — каля карчмы стаялі жандарскія коні. Што такое? А вунь пан афіцэр, капітан Фогель, прэцца. Вочы чырвоныя, пэўна, не спаў ні хвіліны.
— Насмеліўся патурбаваць васпана, — ціха праказаў Фогель. — Буду шчыры і без гэтых, выбачайце, эківокаў. Дык вось: занадта цяжкі ў паненкі рыдыкюль. Як думаеце, што там?
— Можа, чырвонцы… — адказаў Артур. Гаварыў гучна, каб брытанец прачнуўся.
— Ціха, — жандар прыклаў да вуснаў палец. — Давайце адыдземся…
Яны перайшлі пясчаную дарогу, заглыбіліся ў прыдарожныя хмызнякі, дзе востра пахла маладымі маслюкамі і багуном з балота.
— Пан афіцэр, — роблена абураўся Буевіч. — З жаночым полам можа адбыцца вялікая непрыемнасць. Ну што крымінальнага можа быць у паненчыным рыдыкюлі?
— Не, — паматаў галавою жандар. — Як на рыдыкюль — сакваяжык завялікі. І зацяжкі… Ведаеце, мне абрыдла хадзіць у капітанах. Як сабака, гойсаю па балотах, ды ўсё без карысці… Калі нават рэвальверы, штукі два-тры, то і гэта, выбачайце, поспех. Прашу вас, паспрыяйце… Няўжо вам шкада гэтай полькі? А гэты ангелец…
— Што ангелец?
— Гм, падазроны… Не падабаецца мне ягоны, выбачайце, face.
— Я, пане афіцэр, прыхільна стаўлюся да вашай службовай заклапочанасці… — Артур не ведаў, што рабіць, таму цягнуў час. — Яны: і ангелец, і полька — звычайныя спадарожныя… Мяркую, падазронасць ваша залішняя…
— Ну-ну, — падціснуўшы вусны, прагаварыў жандар. — Каму залішняя, а каму і не… Давайце зробім так, каб без лішняга шуму… Дзе той сакваяжык? У карэце?
— Баюся, паненка начуе з сакваяжыкам у абдымку…
— Гм, тады выйдзе азіятчына… Вобыск па ўсёй форме, — разгарачыўся капітан.