— Ды няма там нічога! — павысіў тон і Буевіч.
— А чаму не прад'явіла да агляду? Кажаце — чырвонцы, золата? Што там такое за золата? Заўважце, мне чужога не трэба. І манеты не вазьму… Каб не ангелец, даўно разабраўся б з гэтай дэвоткай. Служба ёсць служба…
— Выбачайце, ангелец можа завярнуць аглоблі на захад, а там — усе газеты Эўропы напішуць, як афіцэр яго светласці імператарскай жандармерыі здымаў, выбачайце, майткі з падданай… Ды яшчэ прыпішуць такое… — бараніўся Артур. — Няўжо вы не баіцеся за сваю пасаду…
— За пасаду не, а вось, выбачайце, за скуру — так…
— Ну што ж, — урэшце згадзіўся Артур. — Пайду і растлумачу ўсё. Яна ж таксама чалавек.
Тым часам брытанец усхапіўся, запатрабаваў Лэйбу, той прывёў жонку і дачок… Яны пасталі з прасцінамі ў руках і за імправізаванай шырмай паненка стала апранацца. Апраналася яна сто гадоў. Урэшце выйшла пры капялюшыку і з насунутай на нос вуалькай.
Артур растлумачыў паненцы, што да чаго. Тая фанабэрна хмыкнула і махнула пальчаткай у бок сваіх рэчаў. Жандар кіўнуў падначаленым. Тыя кінуліся за ландару, прынеслі сакваяжык. Жандар зазірнуў, закусіў губу.
— Усё абшукалі?
— Усё…
— Сяннік перамацалі?
— Нічога няма, ваша благародзіе…
— Можа, у зямлю закапала?
— Ніяк не, ваша благародзіе… Зямля цвёрдая, нечапаная. Ды і інструманту ў палячкі няма. Чым яна капала б?
— Броха! — выгукнуў капітан. — Гэта… у Брохі!
Але Броха, Лэйбава жонка, стаяла побач, нікуды не адыходзіла. Брохіны дочкі, што прыслужвалі паненцы, былі ў тоненькіх сукенках, пад якія нічога не схаваеш.
— На ёй, ваша благародзіе… На польцы… У карсеце… — шапнуў адзін з жандаравых падначаленых, не саромеючыся Артура. — Загадаеце абшукаць?
— Балван… — ускрыкнуў капітан. — Ладненька. Ёсць у мяне смутныя падазрэнні на гэты конт… Але згодзен, не будзем смяшыць Эўропу.
2. Бунт
Артур Буевіч развітаўся з брытанцам, з паненкай, па-прыяцельску махнуў рукой жандарскаму капітану і пакіраваўся дахаты. Шукаць людзей, якія б адрамантавалі ландару. Падумаў, што прышле майстроў, каго знойдзе, ад бацькі.
Паўз балота выйшаў на палетак, а там рукой было падаць да роднай сядзібы. Галасілі валасянкі, крэкалі жабы. Мілы і родны кут. Тут прайшло дзяцінства, разам з сялянскімі дзецьмі беганы-перабеганы ўсе гэтыя палеткі, а кожнае балотца перамацана рукамі ў пошуках уюноў і карасёў…
На надворку было шматлюдна. Стаялі хто з косамі, хто з дрынам. Артур устрывожыўся, паскорыў хаду. Яго заўважылі здалёк, некаторыя сяляне пайшлі насустрач, бабы сталі прыгалошваць.
— Што, бунт? — спытаўся ў першых, хмурых і злых, мужчын.
— А панічу, а родненькі! Нарэшце з'явіўся! Бунт, панічу, бунт!
— Што?! — Артур пагрозліва нахмурыўся. — Хто бунтуе? Чаго?
— Пан бунтуе…
— Хм, а дзе пан?
— Пан спіць, будзіць нельга. Як прачнецца — пачне зноў бунтаваць.
— Хто распарадчык?
— Няма, васпане… Хто без грошай хоча працаваць?..
— А гэта хто? — Артур паказаў на Цімоха, які стаяў збоку ад сялян.