— Вам пакажы, — раззлаваўся Цімох. — Усё выдушыце…
Тым не меней слова за слова — змовіліся і з рыбай. Цімох нават накінуў капейку на фунт — на нясплачанае фурманства. Чаго шкадаваць панскія грошы. Ясь дапамог Цімоху перанесці рыбу ў падводу. Там яго чакала неспадзяванка — Артур. Во адкуль у Цімоха грошы!
Як убачыў Артура, ледзь не млосна зрабілася — перад вачамі адразу паўстала скрынка са зброяй. Малады Буевіч паклікаў Яся да сябе, яны адышліся ўбок, і паніч падрабязна распытаў, ці надзейна схавалі скрынку. Як даведаўся, што Кавалец збіраецца ў эканомію, папрасіў зрабіць сакрэтную паслугу.
— Сакрэтную? — насцярожыўся Ясь.
— Перадай аканомавай жонцы — зразумела, каб аканом не бачыў, вось гэтую во цыдулку.
— Толькі і ўсяго? — здзівіўся Кавалец.
— Схавай… — шапнуў Артур.
Каб не дзіўнае даручэнне, Ясь ганарыўся б прыбыткам. А так патрымаў грошы ў руках, памацаў, пагладзіў, паскубаў асігнацыі — рэдка бывае такая ўдача — прадаць усё, ды яшчэ так выгадна. Запхаў свой скарб у гаманец, або, як казалі ў іх — каліту, азірнуўся, каб ніхто асабліва не бачыў, у асобную кішэньку запакаваў дадзеную Артурам цыдулку. Цікава, што ў ёй напісана? Ці не звязана гэта з той небяспечнай скрынкай?
Ат, гэта іхныя панскія справы. Ён сваю «пшаніцу» прадаў. Цяпер як сапраўднаму гаспадару можна і ў карчму зазірнуць. Не дзеля чаркі — дзеля гутаркі. Проста так гадзіну пабавіцца, паслухаць, што мужчыны кажуць. Пэўна, Урбановічы яшчэ ў царкве, да іх рана.
Жаласліва скігліла жыдоўская катрынка. Ясю прапаноўвалі хусткі з яскравага краму, папяровыя кветкі, прывезены� з Кіева алеаграфічныя друкі з выявамі царскай фаміліі. Купіў цукерак, падфарбаваных чырвоным бураком, і вялікі пернік. У карчму не стаў і заходзіць; убачыў, што шляхцюкі, з шарачковых, выйшлі цэлай галдою з карчмы, пэўна, пілі нечы магарыч, селі на бярвеннях каля прычала, абкурваюць новыя люлькі, палітыкуюць, гавораць пра цара, пра зямлю, пра Вільню — ды мала пра што можна гаварыць, калі сабрацца ў нядзелю на кірмашы…
Спрачаюцца з імі сяляне, хто з багацейшых ды смялейшых, рэжуць праўду-матку ў вочы, бо што-то за шляхта? З такой шляхтай і чарку можна ўзяць, і абняцца, і песню праспяваць. А бывае, добра выклаўшы бокі, і паваляцца разам пад плотам.
Ад бярвенняў увесь кірмаш відзен як на далоні. Гарынь уся таксама навідавоку, блішчыць, радуе вочы прасторам. Свежа, чыста, хораша. Недалёка Манкевіцкі стары парк насунуўся гарой вершалінных купаў на бераг ракі, праз рослю пракаветных дубоў ды грабаў чырванеюць цэглай разваліны старога палаца. Там колісь жыў сам граф, магнат, ды пасля падзей, якім ужо больш чым паўстагоддзя, пасля Напалеона, пасля закалату 30-х гадоў няма нікога, аджылі, адбылі. Хто ўцёк за кардон, у эміграцыю, хто прапаў у Сібіры. Зрэшты, як расказваў дзед, граф, ягоная жонка і графяняты і раней не асабліва запыняліся тут — усё па Вільнях, Нясвіжах ці ў Варшаве балявалі…
Падышоў да бярвенняў і Кавалец. Стаў пры боку, каб асабліва не лезці шляхце ў вочы. Ведаў — шляхцюкі жывы не будуць, каб не падкусіць. Надта смачна ім кусацца, бо ведаюць, якая ў жылах Кавальца кроў, але носіць сярмягу.
Якраз пан Пратасавіцкі і пан Кудліцкі, аматары памалоць языкамі, некага абмяркоўвалі.
— У яе грудзі? У яе дві сорочыны яйці… — гарачыўся пан Кудліцкі, шалоцячы на тутэйшы манер. — Як з дзяцінства кохвіем затруцілі…
«Пра каго гэта ён так?» — падумалася. І зразумеў, гутарка ішла пра дачок загарынскай пані Цэцыліі Ўрбановіч.
— А ногі? Праз яе ногі сабака праскочыць. Купалася раз, бачылі… Сарочка аблепленая была… Бачылі, якія ў яе ногі… Няма ў яе ног. Ці яна жала калі, ці снапы вязала? Не! Два крывыя дрыны, а не ногі. Вунь пані Ўрбановіч, Аксанка Вабішчэвічава, выбачайце, — Кудліцкі на паўтону знізіў голас, — тая і жала, і вязала, і касіла нават, сам бачыў… То ў яе і хвігура! Як у таго гіпсавага статуя, што ў васпана Шаламіцкага пасярод саду. І хвігура, і цыцкі, і ногі — усё як трэба.
— У Аксаны ногі е… О, Аксана. Каб не спяшалася, а васпана Штыхецкага пачакала з Мазыра, то сшлюбавалася б з сапраўдным дваранінам. А то аканом які дваранін? Пісаў, пісаў, каб даказаць дваранства, ды і, грэц яму, ні фігі не дапісаўся. Дарма што аканом… Каб не нябожчык Урбановіч…
— Цар не любіць гэткай шляхты, як вы, панове, — перабіваў шляхцюкоў нейкі загарынскі селянін з чорнай барадой. — Цару мужык любы, бо на мужыка адна спадзеўка.
Ні Кудліцкі, ні хто іншы са шляхты не звярталі на словы селяніна, ды яшчэ загарынскага, увагі. Звычайна яны, палешукі з-за ракі, былі не тое што малога росту — недаростачкі. Як дзеці, а на дзяцей у кампаніі дарослых ці звяртаюць увагу.
— Хто, васпане, яго, цара, корміць? — тым не меней надрываўся, ледзь не выкрыкваў словы, селянін. — І цара і енералаў ягоных? Мужык харчуе, ці не так? А тут раптам усе панамі захочуць быць? І я прадам зямлю, зараблю грошай, падкуплю каго трэба, і я — пан, куплю сурдут, кожны дзень буду чарку мець, нос у табацы, пра палітыку балбатаць — і я пан?!
— Ты панам станеш? — не вытрымаў Кудліцкі. — Цьху!
І адвярнуўся ад селяніна. Наўмысна працягнуў сваю гаману:
— Не… Наша Аксанка — зграбная, як яшчурка. Аканому не па губе сала дасталося. Каб не Ўрбановіч-нябожчык, то як бы ён сваё шляхецтва давёў?
— Цішэй, меншанькі Кавалец стаіць…
— Ну і што? Хай сабе стаіць… У яго свой бацька… — азваўся на гэта Пратасавіцкі — другі пан. Шляхцюкі заўжды стараліся бараніць адзін аднаго. — Я і пры ім, Ясіку, скажу, што пан Ежы Ўрбановіч — птушка невысокага палёту. Што ўжо я з фанабэрыяй, — Пратасавіцкі крыху панізіў голас, — а ён-то зусім г… напханы.
— Не абгаворвайце брата, — рэкнуў Кавалец. Яму было непрыемна, што гаварылі пра аканома і ягоную жонку.
— О тах-тах! Брата абразілі… Якое тваё дзела?! Ты — мужык, свінячае вуха…
Шляхта загыгыкала. Ясь сціснуў вусны. Тросся жывот у пана Таўкача, што сядзеў за Столінскім борам, падрыгвала казліная барада ў пана Заціркі, што меў шмат лесу.
— Так, я мужык, але… Але… — Кавалец выступіў з-за штабеля дошак. — Але і я чалавек, і пан Урбановіч таксама чалавек. Што ж яго абражаць?