— Чалавек? Паляшук ты, а не чалавек, — рагатнуў пан Пратасавіцкі. — Як усе гэтыя, — паказаў на мужчыну з чорнай барадой.
Кавалец зачмыхаў ад гневу. Гатовы быў біцца. Але ж грэх і смех звязвацца з засцянковымі панамі.
— Яны спяць покатам на саломе… Мужчыны і бабы іхныя! Ты, Яська, скажы, мужык ты ці не?
Належала вытрымаць і гэтую абразу. Ці варта агрызацца, паказваць зубы.
— То ніц, што твая маці шляхцянка, — патлумачыў Пратасавіцкі. — Якая з яе шляхта, калі выйшла за мужыка. А як твой бацька мужык, хлоп, то і ты — хлоп. Таму стой і маўчы. Стой і не адзывайся.
Паны з шляхты самаўпэўнена ўсміхаліся. Добра Пратасавіцкі дае выспятка мужычаму сыну. Ясь збялеў, потым чырвоная, ледзь не малінавая барва пачала заліваць яму шыю, шчокі. Ён адчуў, што шалее. Яшчэ міг — кіне біцца. Яго абазвалі хлопам. Каб яшчэ селянінам — паўбяды, а то — хлопам.
— Ну, паны-браточкі, — сказаў пан Зацірка, якога стары Кавалец не раз браў высочваць барсукі. — Кавалец з даўніх баяр, скажу я вам… Колішнія дзяды іхнія біліся збройна з палком Валконскага, што з маскалёў першы на Прыпяць прыйшоў. Ім пажалавана было баярства…
— А дзе гэта напісана? — насупіўся Пратасавіцкі.
— Шукаць трэба…
— Шукаць? Дык адзін з Кавальцоў паехаў жа ў Пецярбург шукаць сваё баярства… І гужаедам стаў…
Гужаеды — была мянушка Кавальцоў. Адзін з Ясевых дзядзькоў — бацькаў брат Сцяпан — і напраўду паехаў у паўночную сталіцу імперыі, але ніякай праўды — без грошай, без падтрымкі — не дабіўся. Пазнаў ліха. Мусіў быць гарадскім фурманам, якіх на той час дражнілі гужаедамі. Пабедаваў там, пакуль на капейку ўзбіўся — назад вярнуцца. Прыехаў і каб маўчаў, то ніц не было б, а то стаў хваліцца, што цара самога бачыў. Ад зайздрасці людзі і прыляпілі гужаеда.
За Ўрбановіча можна сцярпець, але за дзядзьку Сцяпана — не. Нельга было змаўчаць, тут ужо мацуйся не мацуйся.
Ясь падышоў да Пратасавіцкага. Немалады, тоўсты, з абвіслымі вусамі, тлустым носам і тонкімі вуснамі шляхцюк фанабэрна пазіраў на хлопца. А Яся аж калаціла ад гневу.
— Ну што, гужаед?! — з выклікам сказаў Пратасавіцкі. — Біцца надумаў? Давай, атрымаеш пэндаля пад сракоўе!
Ён не раз браў чарку з тутэйшым спраўнікам, таму нічога не баяўся. Што было далей, Ясь не памятае: кроў закіпела ў ім, у вушах зашумела, і ён кінуўся на Пратасавіцкага з кулакамі.
5. Пан Дамінік
Ясь, пэўне, дастаў бы морды гэтага плюгкага шляхціца, калі б яго не ўхапіла за плячо нечая моцная рука. Азірнуўся — і адразу не пазнаў адзетага ў чорны, зашпілены на ўсе гузікі сурдут высокага пана. Хто такі?
Пан ціха, але цвёрдым голасам прамовіў, сціскаючы юнакова плячо:
— Дай сабе, хлопча, спокуй!
Ясь адступіўся, скіргітнуў зубамі, ледзь спыніўся — у вачах усё яшчэ было цёмна.
Пан звярнуўся да шляхты:
— А вам, панове, не сорамна абражаць паветра брыдкімі словамі?
Шляхта маўчала, казубілася, адварочвалася.
— У святую нядзельку параспускалі языкі? Гжэчныя людзі толькі з касцёла, з царквы ідуць, а панове, выбачайце, ужо ў карчму паспелі зазірнуць…
Кавалец прыйшоў да памяці, агледзеўся. Дык жа пан — бацька Людовіка, пан Бароўскі. Раней Ясю кніжкі даваў чытаць, а Ясь яму, вялікаму заўзятару прыроды, лавіў снегуроў, шчыглоў.
— Эх, панове, панове… І мужыку недаравальна, а вы — шляхта! Ці даўно сяляне вас дручылі за языкі? Ці даўно спраўнік кару накладваў? Не языкі, а джалы пчаліныя, стрыклы асіныя…
Ясь пачырванеў, засароміўся і ад таго, што не пазнаў адразу пана Дамініка, і ад таго, што ён, пан Дамінік, пра яго гэтак сказаў — «мужыку недаравальна». Усё ж не, Бароўскі пан з прыстойных, хоць і не такі заможны. Добра, што ў час ён тут апынуўся.
— Падстрэліць на паляванні ён цябе, ой падстрэліць, пане Пратасавіцкі, — сказаў Бароўскі. — Цюкне проста ў адтуліну ў носе… І ведаць не будуць, ад чаго сканаў… Пэўна, васпан не ў курсе, што гэты хлопец здымае качку за сто сажняў? Не? Ну дык ведай…
— Ой, злякаўся! — рэкнуў Пратасавіцкі.
— А ты, Ясю? Што надумаў? — пан Дамінік звярнуўся да Кавальца. — Ідзі за мной…