З гэтымі словамі пан Дамінік узяў Яся за руку, як дзіця, як цацунка[4] якога.
— Яны мяне… абразілі… — усё яшчэ задыхаючыся ад гневу, вымавіў Ясь. — Мужыком, хлопам абазвалі… А я ж… Вы ж ведаеце…
— Entre nous, c'est un homme perdu[5], — сказаў Бароўскі, не выпускаючы Ясеву руку, быццам хлопец папускаўся біцца.
— Паўтараю: entre nous, c'est un homme perdu, — зноў сказаў Бароўскі і моцна тузануў Яся за рукаў.
Ясь глядзеў на гладка паголены твар пана Дамініка, чмыхаў носам, варушыў пялёсткамі ноздраў, астываў.
— Зразумеў? — не адставаў Бароўскі. — Ты ж вучыў французскую мову…
Ясь кіўнуў, паддаўся, адышлі ўбок.
— Схамяніся, чалавеча, — сказаў пан Бароўскі. — З кім намерыўся біцца? Адно смеху было б. Я ж кажу — гэта не высакародныя людзі, гэта чэрнь. Горшыя за мужыкоў.
То была праўда — акрамя смеху, нічога не выйшла б. Натаўкла б шляхта яго за мілую душу. Ці заступіўся б хто з мужыкоў.
— Ганарысты, як правадыр чырванаскурых… А фанабэрыя, браце, загана. Слухай, Людовік прывёз новую кніжку… Пра амерыканскіх індзейцаў… Цікавая, братка, кніга, на пачытай…
Ясь утаперыўся ў кніжку.
— Ніколі не звязвайся з імі, — павучаў пан Дамінік. — У цябе свая дарога ў жыцці, у іх — свая. Ты ганарыся, што ў цябе бацька мужык. Увогуле, усё гэта глупства, саслоўныя забабоны. Злаві мне лепей…
— Не буду я вам нічога лавіць…
— Бачыш, які ты нявыхаваны… — Пан Дамінік павярнуў Яся тварам да сябе. — Ты павінен падзякаваць мне, што ад бяды адвёў, а ты колешся, як ёрш.
— Я… Я дзякую пану…
— Во, так весялей, — Бароўскі абрадаваўся. — Я з табой даўно шукаю сустрэчы. Ты як выдатны птушкалоў маніўся злавіць мне…
— Я вам, васпане, усё, што можна было, палавіў…
— Не перабівай старэйшых, Ясю. Я вось што прашу. Кажуць, недзе ў Графскай пушчы, на балотах, ёсць востраў, на якім зверына хаваецца… Вось што мяне цікавіць…
— А я гэтага не ведаю, васпане, дзе тая прошча.
— Гэтага быць не можа. — Бароўскі строга і адначасова ўмольна паглядзеў на Яся. — Знайдзі…
— Цімох, каторага з Манкевіцкага бровара прагналі, кажуць, ведае… А я — не.
— Калі ўбачыш у той прошчы невядомую, незвычайную птушку — злаві. Богам прашу… І табе, і Цімоху птушка даецца. Ад прыроды, ад натуры… Ну, слова? Добра?
Ясь даў слова, згадзіўся, але з чым, толкам не разумеў. Усе птушкі, якія насялялі навакольныя лясы, балоты і лугі, — ад самай малой да самай вялікай, — здаецца, ужо злоўлены і вызначаны. Хіба ў прошчы недзе на балотах за Графскай пушчай можна было што ўбачыць цікавага. Але дарогі туды Ясь не ведаў.
Раздзел VI. Няспраўджаны прынцып
1. Падбухторшчыкі
Калі Дамінік і Кавалец пайшлі, пан Пратасавіцкі падсунуўся да пана Кудліцкага:
— Што гэны пуляк па-французску праталалэхаў?
Кудліцкі пачухаў галаву і сказаў:
— Здэцца, абазваў цябе… Хіба васпан не чуў?
— Я пытаю ў васпана — як абазваў?
[4] Цацунок — выпестак, распешчанае дзіця.
[5] Паміж намі, гэта згублены чалавек (фр.).