Буевіч не заядаў гарэлку, адразу наліў яшчэ.
— І не крывіся… За німфу, якую паслаў мне Бог… Пакуль, хм… дзяцей не было дома… Арціка і Стасюка. На, во, агурок… О, чорт, дзе той Мікіта з квасам…
Гарэлка нашча не лезла, але давялося глынуць. У галаве зашумела так, як часам шапоча каласамі жыта.
— Яшчэ па кропельцы, — сказаў Буевіч. — Жывеш і не ведаеш, калі памрэш. А як памрэш, то занясуць на могілкі, закапаюць, прыйдуць дахаты, стануць піць кохвій ды плявузгаць пра цябе розную дрэнь… Трымай кілішак… Ведаеш, у Парыжы ёсць там адна вуліца… Дык францужанкі з раніцы танцуюць, заўваж, у будзень, сярод тыдня, танцуюць, падкідваюць ножкі, што аж відаць кутасікі панталонаў, і крычаць — vive le midi, vive le midi! Няхай жыве раніца! Няхай жыве раніца! У-га… Хадзіў і я па той вуліцы…
— Прабачце, васпане дзядзьку, midi — гэта полудзень, а не раніца…
— Гэта ты — мне? — Буевіч пагрозліва глянуў на Кавальца. З-пад густых русых броваў чырванелі жылкамі злосныя вырачаныя вочы. — Я кажу — ты мне мову французскую папраўляеш?
— Але ж midi — не раніца, здаецца…
Кавалец пашкадаваў, што зрабіў заўвагу.
— Ах ты, смаркач! — выбухнуў на ягоныя словы Буевіч. — Я к табе як… да чалавека, да сваяка, а ты, цецярук балотны, нявыхаваная пыса… Невук, басяк, халоп!
Ясь адступіўся ад пана — ненарокам ударыць. Успышка гневу прайшла. Буевіч агледзеўся каламутнымі вачамі.
— Гэй! — раптам гучна раўнуў пан Буевіч. — Людзі! Ідзіце сюды. Усе — сюды, хто прыйшоў.
Сяляне, якіх за гэты час крыху паболела ў двары, стаялі, маўчалі, баязліва перамінаючыся з лапця на лапаць.
— Гэй! — крыкнуў п'яны памешчык. — Даю вам свабоду. Ад гэтай хвіліны вы — вольныя.
Мужыкі насцярожана пазіралі.
Буевіч скінуў са спода начынне, грукнуў у яго, як у бубен, і крыкнуў:
— Вы — вольныя, кажу. Ідзіце ад мяне. Я даю вам волю!
Буяны пан, грукаючы ў спод, пайшоў па крузе, спрабуючы вытанцоўваць. Ногі ў яго, зрэшты, як і язык, запляталіся.
Цімох, які падышоў знекуль збоку да Кавальца, прашаптаў:
— Зноў дурэе. Учора вечарам так, выбачайце, нарэзаўся, што з валамі цалаваўся. Хутчэй бы пані Цэцылія прыехала пана ўгамоньваць.
— Вы — вольныя, — урачыста, нацягнутым голасам выгукнуў пан, на гэты раз з высокага ганка. — Якой халеры вы стаіце тут? Волю даю, волю вам даю!
— А паночку, а куды ж ты нас выганяеш, а што ж мы будзем рабіць без цябе… — пачала плакаць з падвывам нейкая ўдава.
— Ідзіце прэч! — стомлена рэкнуў пан. — Бачыць вас не магу!
— Пане Купрыяну! Выбачайце… Чым жа пана так угнявілі?! Нам цар волю дае, дык мы не хочам браць… Нашто нам воля з голым садном, паночку… — пачуліся і мужчынскія галасы.
— Я сказаў — мае вочы вас бачыць не хочуць.
І раптам пан сеў на ганак і моцна заплакаў.
— Паклічце Хрысцю… — даў знак некаму Цімох, падняў з зямлі квадратовую бутэльку і панскі кубак, пляснуў гарэлкі, спаласнуў, наліў, выпіў, гідліва крэкнуў і весела прамовіў, звяртаючыся да Кавальца: — Пан п'е, а за ім і дворня.
Каля п'янага пана завіхалася Хрысця. Буевіч учапіўся за яе рукі. Дзяўчына ласкава ўгаворвала гаспадара ісці спаць, шаптала нешта, а Буевіч толькі скіргітаў зубамі.
— Цімох, — паклікаў Кавалец распарадчыка, — ты мне хоць аўса насыплеш?
— Які авёс, панічу? — здзівіўся Цімох. — Мо яшчэ рубель папросіш?
— Ты ж распарадчык.