— Як не прыйдуць — галавой адкажаш! — прыгразіў пан, пачухаў пад пашкамі, паглядзеў на неба, павярнуўся і знік у доме.
— Атаву людзі косяць, а ён маніфестацыю ўздумаў, — гучна прабурчэў Цімох і рашуча насунуў на лабэшнік шапку.
Буевіч зноў паказаўся ў дзвярах.
— Гэй, ты. Скажы Мікіту, каб квасу прынёс!
Цімох зноў сарваў аблавушку.
— І каб болей прынёс, — дабавіў Буевіч. — Надта ў яго квас хвайны…
Цімох насунуў шапку, павярнуўся.
— Свой трэба мець, а то ўсё Мікіта ды Мікіта, — прабурчэў ён, калі праходзіў каля Ясевага вазка. — Прасіць сорамна.
Тут позірк Буевіча ўрэшце зачапіўся за вазок і Яся ў ім.
— О! Каго ж я бачу! — радасна крыкнуў памешчык. — Гляджу, думаю — дваровы… А гэта ты, Ясечка!
Буевіч шырока расставіў рукі і пайшоў да Яся.
— Дарагі сваяк, радак! Кроў! — крычаў ён, падыходзячы да вазка. Пантофлі ў пана з форсам, таксама турэцкія, з загнутымі ўверх насамі. — Ну вылазь ты са сваёй бярлогі, ну абдыміся з дзядзькам…
Ад Буевіча пахла сівухай.
— Які ты малайчына, дай я цябе пацалую… А нос які, а бровы! А як раздаўся ў плячах… Як жэ ж — наша парода, наша. Ты чаго дзядзьку абмінаеш, га? Нягоднік ты гэткі! Чаму не прыедзеш каторы дзень? Я цябе гады ў рады бачу!
Бачыліся яны тры дні назад, калі Кавалец прывозіў з бровара барыла гарэлкі.
— Гэй, Хрысця, нясі сюды тацу, што ў залі… — крыкнуў Буевіч дзеўцы, што перабягала двор.
— Нясу, нясу… — адгукнулася тая.
— Ты чаго тут? — спытаўся дзядзька.
— Я, дзядзьку, з Пінска. Стася прывёз…
— Калі прывёз? — здзівіўся Буевіч. — Уночы? Станіслава? А Артура не сустракаў?
Пан меў даўно не голены, бурачковага колеру твар. Пышныя бакенбарды скудлачана тырчэлі ва ўсе бакі. Расхрыстаны, расперазаны — рыхтык пудзіла, з якім добра пагуляў вецер.
— Што маўчыш, як язык каўтнуўшы? — спытаўся Буевіч і моцна ляпнуў Яся па плячы. — Нясмелы? Забыў, як мядзведзя ў пушчы падымалі? Каб не твой стрэл, задраў бы мяне лясны дзедка… Не прымячаў, ёсць яшчэ ў пушчы мядзведзі?
— Ёсць, васпане, поўна!
— Не называй ты мяне васпанам… Я табе — стрый, ты мне — сястрынец.
Высозная, з тоўстымі лыткамі дзеўка Хрысця прынесла спод. Стомлены выгляд, валасы не ў парадку паказвалі, што спаць у гэтую ноч ёй давялося прыхапкам. Яна злавіла цікаўны позірк Яся, апусціла вочы. З квадратовай бутэлькі цёмнага шкла Буевіч набулькаў у парцэлянавыя кілішкі гарэлкі, адпіхнуў рукой Хрысцю, маўляў, ідзі.
— Entre nous, — сказаў Ясю, — паміж намі…
Прыхіліўся да пляменніка, прычым ягоныя бакенбарды заказыталі Ясевы шчокі, сказаў некалькі словаў па-французску, пры гэтым некалькі разоў зіркнуў на Хрысцю, якая стаяла ўбаку. Дзяўчына густа пачырванела.
— Вось як яно бывае, калі ў мужчыны рана памірае жонка, — сказаў пан і яшчэ дабавіў нешта па-французску.
Ясь пацепваў плячыма. З усяго сказанага ён зразумеў толькі асобныя словы — ранішняя кветка, Афрадыта, каханне.
— Ну, давай тады за сустрэчу…