«Будзе гатова, маё сэрцайка, пасля свята будзе гатова. Калі-б ты ведала, колькі я корпаўся каля яе: дзве начы не выходзіў з кузні; затое ні ў адной папоўны не будзе такой скрыні. Жалеза на акоўку паклаў такое, якога не клаў на сотнікаву таратайку, калі хадзіў на працу ў Палтаву. А як будзе размалявана! Хоць увесь акалодак выхадзі сваімі беленькімі ножкамі, не знойдзеш такой! Па ўсім полі будуць раскіданы чырвоныя і сінія кветкі. Гарэць будзе, як жар. Не злуй-жа на мяне! Дазволь хоць пагаварыць, хоць паглядзець на цябе!»
«Хто-ж табе забараняе, гавары і глядзі!»
Тут села яна на лаўку і зноў зірнула ў люстра, і пачала папраўляць на галаве свае косы. Зірнула на шыю, на новую сарочку, вышываную шоўкам, і тонкае пачуццё самаздаволенасці выразілася на вуснах, на свежых ланітах і адсвяцілася ў вачах.
«Дазволь і мне сесці каля цябе!» сказаў каваль.
«Сядай», прамовіла Аксана, захоўваючы ў вуснах і здаволеных вачах тое-ж самае пачуццё.
«Цудоўная, ненаглядная Аксана, дазволь пацалаваць цябе!» прамовіў падбадзёраны каваль і прыціснуў яе да сябе з намерам схапіць пацалунак; але Аксана адхіліла свае шчокі, якія знаходзіліся ўжо на непрыкметнай адлегласці ад вуснаў каваля, і адштурхнула яго. «Чаго табе яшчэ хочацца? Яму калі мёд, дык і лыжка трэба! Ідзі прэч, у цябе рукі цвярдзей за жалеза. Дый сам ты пахнеш дымам. Я думаю, мяне ўсю запэцкаў сажаю».
Тут яна паднесла люстэрка і зноў пачала перад ім падхарошвацца.
«Не кахае яна мяне», думаў сам сабе, панурыўшы галаву, каваль. «Ёй усё забаўкі: а я стаю перад ёю, як дурань, і вачэй не зводжу з яе. І ўсё-б стаяў перад ёю, і век-бы не зводзіў з яе вачэй! Цудоўная дзеўка! чаго-б я не даў, каб дазнацца, што ў яе на сэрцы, каго яна кахае. Але не, ёй і справы няма ні да кога. Яна цешыцца сама з сябе; мучыць мяне беднага; а я за сумам не бачу свету; а я яе так кахаю, як ніводзін чалавек на свеце не кахаў і не будзе ніколі кахаць».
«Ці праўда, што твая маці вядзьмарка?» прамовіла Аксана і засмяялася; і каваль адчуў, што ў сярэдзіне ў яго ўсё засмяялася. Смех гэты як быццам разам адгукнуўся ў сэрцы і ў ціха затрапятаўшых жылах, і за ўсім тым гаркота запала ў яго душу, што ён не мае ўлады расцалаваць аблічча, якое так прыемна засмяялася.
«Што мне да маці? ты ў мяне маці і бацька і ўсё, што ні ёсць на свеце дарагога. Калі-б мяне паклікаў цар і сказаў: каваль Вакула, прасі ў мяне ўсяго, што ні ёсць лепшага ў маім царстве, усё аддам табе. Загадаю табе зрабіць залатую кузню, і будзеш ты каваць срэбранымі малатамі. Не хачу, сказаў-бы я цару, ні камення дарагога, ні залатой кузні, ні ўсяго твайго царства. Дай мне лепей маю Аксану!»
«Бачыш які ты! толькі бацька мой сам не дасць маху. Па-бачыш, калі ён не ажэніцца з тваёю маці», прамовіла, хітравата ўсміхнуўшыся, Аксана. «Аднак-жа, дзяўчаты не прыходзяць… Што-б гэта значыла? Даўно пара ўжо калядаваць. Мне робіцца нудна».
«Бог з імі, мая красуня!»
«Дзіва што! з імі пэўна прыдуць парубкі. Вось тады пойдзе баляванне. Уяўляю, якіх нагавораць смешных гісторый!»
«Дык табе весела з імі?»
«Ды пэўна-ж весялей, як з табою. А! нехта стукнуў, мусіць дзяўчаты з парубкамі».
«Чаго-ж мне болей чакаць?» гаварыў сам сабе каваль. «Яна здзекуецца з мяне. Я ёй столькі-ж дарагі, як пераржавелая падкова. Але калі-ж так, не давядзецца прынамсі іншаму пасмяяцца з мяне. Няхай толькі я напэўна заўважу, хто ёй падабаецца больш за мяне, я адвучу…»
Стук у дзверы і прарэзліва загучаўшы на марозе голас: адчыні! перапыніў яго разважанні.
«Чакай, я сам адчыню», сказаў каваль і вышаў у сенцы, з намерам наламаць са злосці бакі першаму, хто трапіць настрэчу.
Мароз павялічыўся, і ўгары так зрабілася Холадна, што чорт пераскокваў з аднаго капыціка на другі і дзьмуў сабе ў кулак, жадаючы хоць крыху адагрэць мерзнуўшыя рукі. Не дзіва аднак-жа і змерзнуць таму, хто штурхаўся ад раніцы да раніцы ў пекле, дзе, як вядома, не гэтак холадна, як у нас зімою, і дзе, надзеўшы каўпак і стаўшы перад печчу, быццам і сапраўдны кухмістр, падсмажваў ён грэшнікаў з такім здавальненнем, з якім звычайна баба смажыць на Каляды каўбасу.
Вядзьмарка сама адчула, што холадна, не зважаючы на тое, што была цёпла апранена; і таму, падняўшы рукі ўгару, адставіла нагу і, прывёўшы сябе ў такое становішча, як чалавек, які імчыцца на каньках, не зварухнуўшыся ніводным суставам, спусцілася па паветры, быццам па ледзяной пакатай гары, і проста ў комін.
Чорт такім-жа парадкам падаўся ўслед за ёю. Але паколькі гэтая жывёліна спрытней за ўсякага франта ў панчохах, дык не дзіва, што ён наехаў пры самым уваходзе ў комін на шыю сваёй каханцы, і абое апынуліся ў прасторнай печы паміж гаршкоў.
Падарожніца адсунула паціхеньку засланку, паглядзець, ці не назваў сын яе Вакула ў хату гасцей, але, убачыўшы, што нікога не было, выключаючы толькі мяхі, якія ляжалі пасярод хаты, вылезла з печы, скінула цёплы кажух, падхарашылася, і ніхто-б не здолеў пазнаць, што яна за хвіліну назад ездзіла на веніку.
Маці каваля Вакулы мела з роду не больш за сорак гадоў. Яна была ні прыгожая, ні брыдкая з выгляду. Цяжка і быць прыгожаю ў такія гады. Аднак-жа яна так умела прычараваць да сябе самых спаважных казакаў (якім, не шкодзіць паміж іншым заўважыць, малы быў клопат аб харастве), што да яе пахаджаў і галава, і дзяк Осіп Нікіфаравіч (вядома, калі дзячыхі не было дома), і казак Корній Чуб, і казак Кас'ян Свербыгуз. І, у гонар ёй сказаць, яна ўмела па-майстэрску абыходзіцца з імі. Ніводнаму з іх і ў думкі не прыходзіла, што ў яго ёсць супернік. Ці ішоў набожны мужык ці дваранін, як называюць сябе казакі, апранены ў кабеняк[50] з відлогаю[51], у нядзелю ў царкву або, калі кепскае надвор'е, у карчму, як не зайсці да Салохі, не паядаць тлустых з смятанаю варэнікаў і не пагаманіць у цёплай хаце з гаваркою і дагодлівай гаспадыняй. І дваранін знарок для гэтага даваў вялікі крук, перш чым дасягаў карчмы, і называў гэта заходзіць па дарозе. А ці пойдзе, бывала, Салоха на свята ў царкву, апрануўшы яркую плахту з кітайчатай запаскаю, а паўзверх яе сінюю спадніцу, на якой ззаду былі нашыты залатыя вусы[52], і стане проста каля правага крыласа, дык дзяк ужо напэўна закашліваўся і міжвольна прыжмурваў вочы ў той бок; галава гладзіў вусы, заматваў за вуха асяледзец і гаварыў стаяўшаму паблізу суседу: «Эх, добрая баба! Чорт баба!» Салоха кланялася кожнаму, і кожны думаў, што яна кланяецца яму аднаму.
Але ахвотнік улазіць у чужыя справы адразу-б заўважыў, што Салоха была прыветлівей за ўсё з казакам Чубам. Чуб быў удавец; восем сціртаў збажыны заўжды стаялі перад яго хатаю. Дзве пары дужых валоў кожны раз высаджвалі свае галовы з плеценага хлява на вуліцу і мыкалі, згледзеўшы ішоўшую куму, карову, або дзядзьку, тоўстага бугая. Барадаты казёл узлазіў на самую страху і бразгацеў адтуль прарэзлівым голасам, як гараднічы, дражніў пахаджаўшых па дварэ індычак і адварочваўся задам, калі бачыў сваіх ворагаў, хлапчукоў, якія здзекваліся з яго барады. У скрынях у Чуба вялося шмат палатна, жупанаў і старасвецкіх кунтушоў з залатымі галунамі: нябожчыца жонка яго была фарсуха. У гародзе, апрача маку, капусты, сланечнікаў, засявалася яшчэ штогод двое ганей табакі. Усё гэта Салоха лічыла не лішнім далучыць да свае гаспадаркі, загадзя разважаючы аб тым, які яно набудзе парадак, калі пяройдзе ў яе рукі, і падвойвала сваю схільнасць да старога Чуба. А каб, якім-небудзь чынам, сын яе Вакула не пад'ехаў да яго дачкі і не паспеў прыбраць усё сабе, і тады-б напэўна не дапусціў яе ні да чога прычымяцца, яна ўжыла звычайны сродак усіх саракагадовых кумачак: сварыць як часцей Чуба з кавалём. Можа, гэтыя самыя хітрыкі і кемлівасць яе былі віною, што дзе-ні-дзе пачалі пагаварваць бабулі, асабліва калі выпівалі лішняе дзе-небудзь на вясёлай сходцы, што Салоха сапраўды вядзьмарка. Што парубак Кізякалупенка бачыў у яе ззаду хвост велічынёю не больш за бабскае верацяно, што яна яшчэ ў там-той чацвер чорнаю кошкаю перабегла дарогу, што да пападдзі аднойчы прыбегла свіння, закрычала пеўнем, надзела на галаву шапку айца Кандрата і пабегла назад.
Здарылася, што тады, калі бабулі гаманілі пра гэта, прышоў неяк каровячы пастух Тыміш Карасцявы. Ён не мінуў выпадку расказаць, як улетку перад самаю Пятроўкаю, калі ён лёг спаць у хляве, падмасціўшы пад галаву салому, бачыў на ўласныя вочы, што вядзьмарка з распушчанаю касою, у адной кашулі, пачала даіць карову, а ён не мог паварушыцца, так быў зачарован, і памазала яго вусны нечым такім паскудным, што ён пляваў пасля таго цэлы дзень. Але ўсё гэта нешта малаверагодна, бо адзін толькі сарачынскі засядацель можа ўбачыць вядзьмарку. І таму ўсе шаноўныя казакі махалі рукамі, калі чулі такія размовы. «Брэшуць, сучыя бабы!» быў звычайны адказ іх.
Вылезшы з печы і падхарашыўшыся, Салоха, як добрая гаспадыня, пачала прыбіраць і стаўляць усё на сваё месца; але мяхоў не зачапіла: гэта Вакула прынёс, няхай-жа сам і вынесе! Чорт тым часам, калі яшчэ ўлятаў у комін, неяк знячэўку адвярнуўшыся, убачыў Чуба, поруч з кумам, ужо далёка ад хаты. Умомант вылецеў ён з печы, перабег ім дарогу і пачаў раскапваць з усіх бакоў гурбы замёрзлага снегу. Узнялася мяцеліца. У паветры забялела. Снег мітусіўся ўзад і ўперад сеткаю і пагражаў заляпіць вочы, рот і вушы пешаходам. А чорт паляцеў ізноў у комін, у цвёрдай упэўненасці, што Чуб вернецца разам з кумам назад, застане каваля і пачастуе яго так, што ён доўга не здужае ўзяць у рукі кісць і маляваць крыўдныя карыкатуры.
Сапраўды, ледзь толькі паднялася мяцеліца, і вецер пачаў рэзаць проста ў вочы, як Чуб ужо выказаў раскаянне і, націскаючы глыбей на галаву капялюхі[53], частаваў лаянкай сябе, чорта і кума. Зрэшты гэтае сердаванне было робленым. Чуб быў вельмі рады, што паднялася мяцеліца. Да дзяка яшчэ заставалася ў восем разоў больш за тую адлегласць, якую яны прайшлі. Падарожнікі павярнулі назад. Вецер дзьмуў у патыліцу; але мёў снег, і праз яго не было нічога відаць.
«Стой, кум! Мы, здаецца, не туды ідзем», сказаў, крыху адышоўшы, Чуб: «я не бачу ніводнае хаты. Эх, якая мяцеліца! Звярні адно ты, кум, крыху ўбок, ці не знойдзеш дарогі; а я тым часам пашукаю тут. Собіць-жа нячыстая сіла пацягацца па гэтакай завірусе! не забудзься закрычаць, калі знойдзеш дарогу. Бач якую кучу снегу напусціў у вочы шайтан!»
Дарогі, аднак-жа, не было відаць. Кум, адышоўшы ўбок, клыпаў у доўгіх ботах узад і ўперад і нарэшце прыбіўся проста да карчмы. Гэтая знаходка так яго ўзрадавала, што ён забыўся на ўсё і, абтросшы з сябе снег, увайшоў у сенцы, ніяк не турбуючыся аб куме, які застаўся на вуліцы. Чубу здалося тым часам, што ён знайшоў дарогу; спыніўшыся, узяўся ён крычаць на ўсё горла, але, бачачы, што кум не з'яўляецца, вырашыў ісці сам. Крыху прайшоўшы, убачыў ён сваю хату. Гурбы снегу ляжалі каля яе і на страсе. Ляпаючы намерзнуўшымі на холадзе рукамі, узяўся ён стукаць у дзверы і крычаць загадна сваёй дачцы, каб адамкнула іх.
«Чаго табе тут трэба?» сурова закрычаў вышаўшы каваль.
[50] Род суконнага плашча з прышытаю ззаду відлогаю. (Слоўн. Гогаля.)
[51] Адкідная шапка з сукна, прышытая да кабеняка. (Слоўн. Гогаля.)
[52] Нашытыя накрыж галуны.
[53] Шапка з вушамі.