– Ды не, жывы!
– Г-гэта… суседскі. Далі прыгледзець за ім на час.
Кот гэтак жа нечакана знік, як і з’явіўся.
– Відаць, зашыўся недзе. Кыці-кыці-кыці… А ну яго.
– Адвярніся, калі ласка. У мяне сюрпрыз.
Бажэна села за камп’ютар.
– Гэта табе, – сарамліва апусціўшы вочы, прашаптала Бажэна.
– Тваё? – зацікавіўся Вінусь.
– Цяпер тваё, – уся заззяла дзяўчына. – Падарунак. Я нікому ніколі не прызнавалася ў гэтым…
Калі яны выходзілі з пад’езда, пабачылі чорнага сабаку з чырвоным ашыйнікам. Ён задраў пысу і завыў у бок Бажэны ды Вінуся.
– Ану пайшоў адгэтуль! – прыкрыкнуў хлопец.
А ў дзяўчыны ўсё сцялася ўнутры. Пякучыя дрыжыкі ад сэрца падступілі да горла. «Не на добрае сабака вые», – прымхліва падумалася. Бажэна намагалася адагнаць кепскія думкі…
эпізод 13
– Анцік?
– Слухаю.
– Здароў.
– А-а, Віна! Здароў, чорт паласаты.
– Анцік, што ты адчуваў, калі табе дзяўчаты прысвячалі вершы?
– Ды нічога. Бо мне й не прысвячалі ніколі, – зарагатаў ён. – А што?
– Ну, тады ты мне не таварыш.
– Зафанабэрыўся? Каліся ўжо, што здарылася.
– Закахаўся я.
– Безадказна, спадзяюся?
– У тым і справа, што не.
– I хто гэтая няшчасная?
– Яна незвычайная, прыгажуня, якая табе і не снілася.
– Так-так, дыягназую закаханасць.
– Ёй сямнаццаць.
– На малалетак, значыцца, пацягнула.
– Адныя пошласці ў галаве.