пабачыў Вінусь на экране. Таўшчэразная ружовая свіння, з заплылымі тлушчам вочкамі, запэцканымі ў гной капыцікамі і падпуззем, агромністым чырвоным лычам падрывала літары на старонцы. Сёе-тое з’ядала, задаволена рохкаючы, што-нішто затоптвала, ператвараючы напісанае ў брудную калатнечу. Потым пачухала шчаціністы бок з чорнай плямай аб курсор ды ўтаропілася проста на Вінуся.
– Рохк-х!!! – выплюхнуліся чырвоныя літары на ўвесь экран.
– Тваю маці! – вылаяўся хлопец. – Відаць, вірус падхапіў па інтэрнэце. Што ж рабіць, гэтая пачварына павесялілася даволі. Як жа ўратаваць усе творы, няўжо ўсё загіне?! Пракляцце! Пракляцце!!! Тлустая поскудзь!
Свіння жэрла літары, ружовы закручаны хвосцік падрыгваў ад задавальнення.
Вінусь імгненна выключыў камп’ютар, вырваўшы шнур з разеткі. Потым зноў уключыў – камп’ютар стаў загружацца, аднак свіння пачала ўжо пляжыць сістэмныя файлы.
– Тэхніка дваццаць першага стагоддзя загінула смерцю мужных пад капытамі першабытнай жывёліны, – цвяліўся кот, – кволыя парасткі творчасці безнадзейна згубленыя. Адфарматуй дыск, Вінсэнты, атрымаецца tabula rasa (чыстая дошка). Стварай – колькі хочаш. Якая вольніца! Толькі ўяві! Белы квадрат, чорны – пішы, наколькі фантазіі хопіць! Узворвай чысцюткае, засявай некранутае, пазбаўляй цноты!
– Ах ты дрэнь паласатая!!! Дык гэта твая справа??! Бяздушная скаціна! – хлопец з усёй моцы зашпурнуў кубак з кавай у карціну.
– Не разумею, чымся я горшы ад цябе, Вінусь-Свінусь?
– Усё! Досыць! Маё цярпенне скончылася!!! – хлопец сарваў са сцяны карціну і выкінуў яе праз фортку.
Ён нярвова паліў на кухні. У дзверы пазванілі.
– Хто там?
Адказу не было.
Вінусь прачыніў дзверы – анікога. Пайшоў у свой пакой.
– Насланнё нейкае. Нічога. Сёе-тое на дыскетах, нешта раздрукаванае. Толькі новае загінула. Як жа ўзгадаць усё, узнавіць…
Хлопец раптам адчуў на сабе нечы пільны позірк. Падняў вочы. Карціна вісела на ранейшым месцы, непашкоджаная. Усё гэтак жа задаволена мружыў вочы нахабны таўсты кот.
наезд
Бажэна збіралася з асаблівай урачыстасцю. Апранула сваю найлепшую чорную карункавую бялізну, новую чырвоную кофтачку ды караценькую чорную спаднічку, што так прыгожа падкрэслівала яе бездакорныя ногі.
– Куды ты гэтак распрыбралася? – запытала маці.
– Да Вінуся.
– Не губляй голаў, дачушка, ды не пазніся вельмі. Я табе патэлефаную.
– Мама, ну хопіць ужо. Пакуль, – пацалавала матулю.
У тае неяк незразумела сціснулася сэрца, набеглі на вочы слёзы:
– Якая ж ты ў мяне прыгожая! Беражы сябе, мая дзяўчынка.
– Мамачка, ну чаго ты, я люблю цябе, усё будзе добра, я ж не маленькая ў цябе, – абдымала яе Бажэна.
Сонца плавілася на захадзе, распырскваючы малінавыя кроплі на асфальт, у вокны дамоў, на пяшчотную, няспелую зеляніну дрэваў. Паветра нібы замерла – нейкая танюткая трапяткая сцішанасць адчувалася ў ім, як бывае толькі вясною. Як б’ецца сэрца, заміраючы перад чарговым ударам. П’янкія водары лістоты, кветак, бэзу разносіліся вакол.
– Няхай гэта адбудзецца такім прыгожым вечарам. Вясна, абуджаецца жыццё. Хай пачнецца маё. Я вырашыла. Не буду больш ні аб чым думаць! Бажэна заўважала на сабе позіркі, поўныя захаплення, і гэта надавала ёй упэўненасці.
Выходзячы з аўтобуса, злавіла вокам шыльдачку: «Няма выхаду».
– Прыгажуня, дапамажы запаліць, – аклікнула яе цыганка ў чорна-квяцістай спадніцы і блузцы, у чырвонай хусцінцы, з цыгарэтай у руцэ. – Не бойся, варажыць не буду.
Бажэна працягнула ёй запальнічку.
Разам з дымам тая выдыхнула: