– Дый ты не юны Вертэр.
– Хачу сабраць усіх вас, пазнаёміць з ёю.
– Дык у чым справа, хоць зараз.
– Не так хутка. Буду тэлефанаваць. А ты пакліч там хлапцоў ды дзяўчат. Кіцю, Анатоля, Алеся, адным словам, прыходзьце ўсе…
25-ты кадр
– Так не можа доўга цягнуцца. Трэба нешта вырашаць. А не хочацца вырашаць. Каб усё само па сабе адбылося. Адмовіцца ці не? Яна ўжо, здаецца… Умееш ты, Віна, ачмураць, нічога не скажаш. Ні адняць, ні дадаць. Каго куды Бог пацалуе… Вось так, як усіх? Узяць, што ў рукі плыве?
Чамусьці паўстала перад вачыма маці, што істэрычна крычала: «Ты мне жыццё зламаў! Я б каралевай была, каб не ты! Скуль ты ўзяўся на маю галаву са сваім бацькам?!» Вінусь здрыгануўся.
– Можа, я па сутнасці сваёй самотнік? Адвечны Трыстан, якому няма прыстання, для якога Ізольда павінна быць нездзяйсняльнай марай, заўсёднай Прыгожай Паннай, недасягальнай. Бясконцыя сустрэчы-расстанні, разам і не… Няўжо патрэбныя пакуты, каб нешта ствараць? Ці тое сапраўды па Боскай завядзёнцы: «У пакутах будзеце нараджаць дзяцей сваіх». Чаму гора заўсёды мае сваю гісторыю? А радасць? Няўжо гэта настолькі першабытна-прымітыўнае пачуццё, не здольнае нічога нарадзіць? Мая маленькая дзяўчынка, няўжо я такі заімшэлы? Ці баязлівы – не зрушыць усталяваны парадак?.. А няхай будзе як будзе…
Гучаў King Crimson. У малінава-чырвоных гуках жывым клубком абвострана пульсаваў свет.
– Чаму мне так балюча? Я ж павінна радавацца, бы на крылах лётаць, як апісваюць закаханасць у кніжках. Адкуль гэты незразумелы жах, што падступае да сэрца з ніадкуль і знікае. Гэтыя няўцямныя прадчуванні.
«Я хацела цяпла. Сагрэй мае рукі, сагрэй маю душу. Не, я не хачу кавы. Давай проста памаўчым. Я пагляджу ў твае вочы. У цябе расшыраюцца зрэнкі, калі ты глядзіш на мяне, значыць, у тваіх вачах каханне. Мне вельмі патрэбнае тваё каханне. Можа, яно дапаможа мне знайсці сябе. Ува мне таксама было каханне, але яно нікому не было патрэбна, усе смяяліся з яго. О, які страшны гэты смех. Ніколі не ведай яго. Ува мне ёсць каханне, але яно недзе далёка, на дне душы, яно б’ецца ў сэрцы. Разгадай гук яго ўдараў, і ты знойдзеш каханне, знойдзеш мяне. Мне добра зараз. Але я далёка. Далёка ад цябе, ад Зямлі. Я недзе сярод зораў. Ты не кліч на Зямлю мяне, не гукай. Боль пройдзе, і я апрытомнею. Каб кахаць. I няхай дагарыць свечка, скончыцца музыка, астыне кава. Ты побач, больш мне нічога не трэба. Мне цёпла з табой. Боль аціхае… Як шкада, што гэта толькі сон…»
Божа, ну чаму я павінна задумвацца аб тым, аб чым многім нават і не прыйдзе ў галаву пакутаваць? Як мне жыць прасцей? Навучы!
эпізод 14
«…Быць заўсёдным чарвяком-паўзуном. Плызгаць перад тэкстам. Але ж я яго ствараю, урабляю, узрошчваю. Памылка высновы ці закон творчасці? Творца ж павінен быць вышэй за ствараемае, інакш як усё прадугледзець? Бог жа стварыў чалавека толькі як падабенства – бляклы сцень. Аднак улюбёны твор захацеў жыць па ўласных законах. I ад таго ніяк не можа спасцігнуць Боскія? Тэкст падпарадкоўвае цябе. Ты спасцігаеш яго законы. Ты пачынаеш працаваць на яго – творца. Аддаючы думкі, ідэі, эмоцыі, перажыванні – кропля за кропляй. Уласнае жыццё. Спараджаеш іншых чарвякоў, каб не перапыняўся свяшчэнны працэс. I тыя зноўку ствараюць, урабляюць, узрошчваюць…»
– А таксама ўгнойваюць, – на клавіятуру проста перад Вінусем пляснулася бананавая скажурка. – «Калі б вы ведалі, з якога смецця ўзрастаюць вершы, унікнуўшы граху…» – прадэкламаваў кот, запіхваючы ў рот чарговы банан.
– Ну калі гэта скончыцца? – абурыўся Вінусь. – Чаму ты заўсёды мяне перапыняеш? Гэта ўжо нахабства нейкае яшчэ і тэксты за мной дапісваць! Я не маю такой патрэбы, чуеш?
– Ars omnibus communis (мастацтва – усеагульная собіна). I я таксама маю права на творчасць.
– Ды чытаў я тваё кудзейніцтва. Меў такую радасць. I спыні ўвесь час есці! Каты не ядуць бананаў! – злаваўся хлапец.
– Кожны законапаслухмяны грамадзянін сваёй краіны павінен есці бананы. Ці ты не чуў аб гэтым? А я пачынаю ўжо знаходзіць у тым свае панады.
– Ну што табе трэба ад мяне?
– Вось гляджу я на цябе, Вінсэнты, і думаю: ці ты такі дурны, ці час перахітраваць хочаш.
– Гэта ты да чаго?
– Няўжо ты сапраўды ўпэўнены, што твой высмактаны з пальца high fiction некаму сёння патрэбны? Адная фікцыя. Ці фрыкцыя, што не дае анікому насалоды. Агледзься, які час на дварэ. Як казаў адзін мною паважаны філосаф, цяпер з-за кожнага вугла постмадэрнізм так і прэ на цябе. Нават страшней – неапостмадэрнізм. Ці ты ўсур’ёз спадзяешся на тое, што патрапіш у энцыклапедыі ды школьныя падручнікі?
Кот раптам з’явіўся перад ім у шэрай спадніцы, у разрэзе якой ззаду праглядалі ружовыя даўгія панталоны, у цёмна-сіняй блузцы ды самавязанай зялёнай кофце з трэснутым гузікам. На макаўцы з рэдкіх валасоў была закручаная і заколатая шпількамі кукла. На самым кончыку носа боўталіся акуляры ў масіўнай пластмасавай аправе. У лапах ён трымаў кнігу. Рыбіна, падпёршы плаўнікамі голаў, узбілася за парту і ўвесь час круцілася.
– Дай’агія й’абяты. Сёння мы пачынаем й’азгляд твой’часці Вінсэнта Суміцкага, – казаў кот, гледзячы паверх акуляраў. – З біягй’афіяй вы азнаёміцеся самастойна, пачытаеце і заканспектуеце падй’учнік. Вася, не кй’уціся! Я пй’агледжу і выстаўлю адзнакі. Запішыця, калі ласка, у дзённікі. Калі табе нецікава, не пей’ашкаджай дй’угім! Пазнаёмімся сёння з й’аманам гэтага аўтай’а. Што можна сказаць? Твой» досыць пй’ыстойны. Усё выпісана досыць натуй’альна, без падй’обкі. Пей’астаньце смяяцца! Чый’вонай ніткай пй’аз увесь й’аман пй’аходзіць вобй’аз твой’цы, – з кнігі кот пацягнуў чырвоную нітку ды пачаў змотваць яе ў клубок. – Твой» уй’ажвае сваім пй’анікнёным лій’ызмам. Кожная стай’онка дыхае любоўю аўтай’а да сваіх гей’ояў, – кот спрытна выцягнуў з куклы пруткі і пачаў вязаць з клубка чырвоную шкарпэтку. – Й’аман насычаны пай’аўнаннямі, метафай’амі… Запішыця, калі ласка, на дом: міні-сачыненне «Чым мне спадабаўся галоўны гей’ой», – кот надзвычай жвава працаваў пруткамі і, перакусіўшы нітку, паклаў перад здзіўленым Вінусем гатовую шкарпэтку. – Нават у лепшыя для літаратуры часы нашыя пісьменнікі не пісалі «ў стол», дзеля сябе. Яны заўсёды імкнуліся да публічнасці. А не напішаш, што трэба, не заўважаць. Калі запрыкмецяць у «здрадзе» – канец. Таму, як казаў усё той жа паважаны філосаф, у пісьменнікаў у сталах няма нічога, апроч брудных шкарпэтак. Калі хочаш, канешне, можаш пісаць занатоўкі з правай шкарпэткі, – кот перавярнуў шкарпэтку ды вытрас з яе горку маленькіх скручаных спісаных паперак – як студэнты шпаргалкі робяць. – Бяры, карыстайся. – Кот з люлькай уладкаваўся ў фатэлю. – У цябе два варыянты: ці зрабіцца шкарпэткавых справаў майстрам у надзеі на прызнанне шматудзячных і больш разумных нашчадкаў, ці гатаваць стравы для масавага спажыўца. А ён цяпер вельмі ласы да востранькага – з соллю ды перчыкам – cum grano salis. Твае прэсныя замалёўкі выплюне, не раскаштаваўшы. Tertium non datur, як кажуць. Дарэчы, у мяне ёсць сякія-такія накіды. Зацікавішся – пакліч мяне. Нешта мне падказвае, што мы маглі б супрацоўнічаць. Людзям відовішчы заўсёды патрэбныя. А ты б мог грошыкаў падзарабіць. Глядзіш, і паненачка б да цябе болей хінулася.
– Я забараняю пра яе так казаць! – закрычаў знерваваны і дарэшты абураны Вінусь. – Чаму сам не друкуеш, калі такі разумны?
– О-о-о! Каму патрэбен нікому не вядомы кот Апостраф? Як ты ўяўляеш маё з’яўленне ў рэдакцыі? Хвост падвязаць ці што? З’ява толькі тады ёю робіцца, калі атрымоўвае найменне. Ты ўжо маеш нейкае імя ды шырокую вядомасць у вузкім коле літаратараў. Уся справа адно ў факце паўтаральнасці культурнай з’явы – тыражаванні свайго імя, пажадана ва ўсіх інфармацыйных крыніцах. Рэкляма, мой даражэнькі. Інакш так і не выйдзеш за заганнае кола. Падумай, покуль час яшчэ церпіць.
эпізод 15
Вінусь вельмі чакаў гэтай вечарыны. Прыбраў кватэру. Упершыню з такой нагоды купіў каўбасы, памідораў, садавіны, віна ды шакаладу, каб было чым частавацца дзяўчатам. Для Бажэны наламаў вялізны букет духмянага буйнога бэзу. Ён ледзь змясціўся ў самай вялікай вазе. Было прадчуванне незвычайнага.
Набраў ён хуценька на камп’ютары і пабег здымаць з пліты каву.