– Ты дзе швэндаўся? Выстава адкрылася больш як тыдзень таму! З унівэрсытэту некалькі разоў тэлефанавалі, пыталіся, чаму не выходзіш на заняткі! Грошай хоць колькі прывёз? Боты купіў? А падарункі дзецям? А гэта што ў цябе на галаве?
– Ты хочаш ведаць усё адразу ці па парадку? – Андрэ ўжо зразумеў, што сёньняшнюю ноч ён правядзе ў майстэрні. – Ну слухай, мы з Генрыхам на адкрыцьці крыху выпілі!
– Што яшчэ за Генрых? Тое, што ты алькаголік, увесь горад ведае! Але ты ўмудраесься ў кожнай краіне і выпівохаў да сябе падобных знаходзіць!
– Паслухай, даражэнькая, Генрых не выпівоха! А ў гэтым горадзе, а асабліва ў нашым раёне ня быць алькаголікам проста непрыстойна.
– Слушна, бо ўсе, хто не алькаголікі, ужо даўно жывуць у катэджах у прыстойных раёнах! – Сьвета ведала пра алькагалізм усё і магла гаварыць на гэтую тэму гадзінамі. Яна купляла адмысловую літаратуру і беспамылкова ставіла дыягназ любому, нават таму, каго бачыла ўпершыню. Як правіла, мала хто пазьбягаў гонару атрымаць ад яе званьне алькаголіка першай, другой альбо трэцяй ступені. Нават у дзецях яна бачыла патэнцыйных выпівохаў, бо лічыла алькагалізм захворваньнем, якое перадаецца дзіцяці ў спадчыну адразу па зачацьці.
– Я ўжо даўно не алькаголік і п’ю толькі па сыстэме Хведара Міхайлавіча. Ты ж ведаеш! – Андрэ намагаўся захоўваць спакой.
– І ты, і твой Хведар Міхайлавіч – усе вы алькаголікі! Прытым у цяжкай, запушчанай форме! «Злачынства і пакараньне» толькі сапраўдны абстынэнт мог напісаць!
– Ну навошта ты так пра клясыкаў! Хочаш ведаць, што было далей? Або ў нас сёньня дыскусія аб алькагалізьме?
– Дзе боты? – нечакана запытала Сьвета, мабыць, не жадаючы слухаць усё па парадку.
– Вось! – Андрэ выцягнуў з заплечніка адзін бот.
– Што вось? А дзе другі?
– Разумееш, сонейка, у Бэрліне на мяне напалі фашысты, і бот застаўся ляжаць на полі бою.
– Няўжо? І колькі іх было?
– Каго?
– Ну, фашыстаў! Дывізія або дзьве?
– Ну, я да канца не разглядзеў. Але ня менш адной дакладна!
– А танкі таксама былі? А авіяцыя? А падводныя лодкі? А як дывізія звалася – «Жалезная галава»?
– Ну ведаеш….
– Што ты вярзеш!!! Якія ў Нямеччыне фашысты? Усе фашысты ўжо даўно жывуць тут! І ты першы зь іх! Якая я была дурніца, што з табою зьвязалася! Колькі гадоў згубіла! Ідыётка!
– Сьветачка, не перабольшвай! Хоць, зрэшты, ідыятызм – нармалёвы стан чалавека! – Андрэ бачыў, што ў Сьвятланы пачынаецца некантраляваная псыханэўратычная рэакцыя, і каб крыху супакоіць жонку, правільней будзе падтакваць ёй.
– Скажы лепш праўду: нажэрся, як скаціна, ды пратрахаў адзін бот па дарозе!
– Так! Маеш рацыю! Мы напіліся з Хведарам да сьвінскага віскату і ўтапілі адзін бот у Шпрэе! Як Муму! Памятаеш Муму Чэхава? Герасім выплыў на сярэдзіну возера, прывязаў камень да шыі і ўтапіў сабачку. Ня ведаю, чаму мы так зрабілі! Сам не магу растлумачыць!
– Таму што ты крэтын! І нават ня ведаеш, што «Муму» напісаў Тургенеў!
– Так, так, прабач, вядома, Тургенеў!
– Камень вялікі прывязалі?
– Да чаго?
– Да бота!
– Дзьве цагліны. Абматлялі ізастужкай.
– А лодку дзе ўзялі?
– Мы з моста тапілі. Ведаеш, такі маленькі масток каля Бодэ-Музэўм.