– Ты што, ідыёт?!! Аддаў чатырыста восемдзесят эўра за гэтую дрэнь?!!
– Не перабольшвай! Гэта ня дрэнь! Прыўкрасны прускі шалом. Між іншым, у добрым стане!
– Як ты мог пасьля гэтага прыперціся сюды?!! Ты мусіў сам утапіцца ў Шпрэе разам са сваім Хведарам і Герасіма на шыю павесіць! – з гэтымі словамі жонка схапіла чырвоны бот і запусьціла ім у Андрэ. Бразнуўшы абцасам аб шалом, бот адляцеў ад яго галавы. Тады Сьвета кінулася з кулакамі, але, балюча стукнуўшыся аб клыкі Валенрода, адскочыла і, схапіўшыся за руку, села на канапу.
– Тое, што ты алькаголік, крэтын, прыдурак, я ведаю! Але аднаго не магу зразумець… Растлумач, навошта ты гэта зрабіў? Чаму на апошнія грошы купіў гэтае паскудзтва? Скажы, які, ну які ў гэтым сэнс?
– Ён ёсьць, гэты сэнс! Дзе ён? Што ён? Сядзець усё жыцьцё ў вас пад абцасам? Хопіць!!! Дастала!!! Надакучыла!!! Не жадаю!!! Замест вашых абцасаў я купіў свой абцас! Вялікі абцас! Залаты абцас! На ўсю галаву абцас! Аб чым не шкадую. І я не зьбіраюся яго ніколі здымаць! Чуеш?!! Ніколі!!! На злосьць вам усім ні-ко-ліне-зды-маць!!!
– Вымятайся з маёй хаты!!! Крэтын!!! Ладна я – хоць бы пра дачок падумаў! Хто іх возьме замуж з бацькам-ідыётам, які цягаецца па Магілёве з абцасам на галаве?! Правальвай да д’ябла!!! І ня ўздумай заяўляцца сюды, пакуль у цябе гэтая хрэнь на галаве!!! Прэч!!! Паўдурак на белым кані! Прэч!!! Крывасмок! Прэч адсюль!!! Геній недароблены!
Апошняя Сьветчына фраза разьбілася аб ягоную галаву ўжо ў пад’езьдзе. Парцалянавая ваза бразнулася аб шалом і са звонам рассыпалася па пляцоўцы. Стрэсшы з плечаў аскепкі, распасьцершы перапалоханых Сьвятаполка і Валенрода, Андрэ ў ганарлівым маўчаньні выйшаў з дома.
Прыехаўшы ў майстэрню, Андрэ раскінуў на падлозе матрац і заснуў. Наступнага дня ён мусіў рана ўзьняцца і пайсьці ва ўнівэрсытэт на заняткі. Тое, што казала Сьвета пра званкі з катэдры, было праўдай. Зьязджаючы ў Нямеччыну, ён дамовіўся, што напрыканцы верасьня зьявіцца на працы. Але ён затрымаўся на тыдзень, таму калегі ўжо некалькі разоў тэлефанавалі, каб даведацца, ці зьбіраецца ён сёлета пачынаць заняткі.
Што праўда, працу гэтую ён ня надта любіў, аднак залежаў ад яе – ня столькі ў сэнсе мізэрнага заробку, але хутчэй праз майстэрню, якая апошнімі гадамі заставалася ягоным галоўным сховішчам, дакладней, бомбасховішчам у Магілёве. Гадзінаў ва ўнівэрсытэце Андрэ вёў нямнога і выходзіў на заняткі толькі па аўторках, серадах і пятніцах. А заўтра якраз была серада, таму ён мусіў нарэшце паўстаць перад студэнтамі – будучымі пэдагогамі ў вясковых школах.
Раніцай Андрэ накіраваўся на працу. Ягонае зьяўленьне ва ўнівэрсытэце мела эфэкт узарванай бомбы. Яркіх падзей у жыцьці гэтай невялікай правінцыйнай установы здаралася няшмат, таму прыход выкладчыка на заняткі ў прускім шаломе выбуховай хваляй разьнёсься па аўдыторыях, кантузіўшы многіх студэнтаў і стаўшы галоўнай тэмай размоваў, здагадак і плётак гэтага дня.
Спачатку кантузія напаткала вучняў ягонай групы. Яны памлелі ў здзіўленьні, але ня маючы адвагі спытаць, проста кмыхалі і крывілі рожы ў яго за сьпінай падчас першай гадзіны заняткаў. У перапынку, калі Андрэ выйшаў на вуліцу папаліць, за ім вываліў цэлы натоўп разявак – падыхаць сьвежым паветрам ды падзівіцца на блакітнае неба: ці не ляціць у яго глыбіні новая эскадрылья юнкерсаў зь нямецкім дэсантам.
Падчас другой гадзіны заняткаў у аўдыторыю нібыта выпадкова прасоўваліся чыесьці галовы, прабачаліся і зьнікалі назад. Пасьля дваццаць сёмага нахабнага рыла Андрэ надакучыла, ён узяў швабру і засунуў яе ў ручку дзьвярэй, а цікаўным зь ягонай групы нарэшце патлумачыў, што гэты раскошны прадмет з залатымі львамі дапамагае яму канцэнтравацца на выхаваўчым працэсе. На што адзін жартаўнік спытаў, ці азначае гэта, што цяпер у выхаваўчы працэс на ўроку малюнка будзе прыўнесены прускі дух і ваенная дысцыпліна. Андрэ адказаў, што пакуль не плянуе ўводзіць дадатковую муштру, акрамя прапісанай у праграме, але калі яны занадта доўга будуць зацыклівацца на ягоным шаломе, яму давядзецца вывесьці іх на пляц перад унівэрсытэтам і прымусіць, выцягнуўшы гусіныя шыі, маршыраваць пад вокнамі дэканата.
Калі заняткі скончыліся, Андрэ неспадзявана сустрэў у калідоры Альгерда Браніслававіча – найдабрэйшага чалавека, загадчыка катэдры малюнка. Прывітаўшыся, той спытаў:
– Андрэй Міхайлавіч, шаноўны, вы часам не захварэлі?
– Так, нешта я кепска пачуваюся апошнімі днямі. Але вы, Альгерд Браніслававіч, не турбуйцеся. Я ўжо лячуся. Вось, бачыце, інгалятарны абагравальнік на галаве нашу.
Альгерд Браніслававіч узяў Андрэ пад руку і спагадлівым голасам прамовіў:
– Андрэй, даражэнькі, вы ж ведаеце, як я да вас стаўлюся. У кожнага ёсьць свае дзівацтвы. Тое, што вы адзіны з усіх выкладчыкаў ва ўнівэрсытэце размаўляеце са студэнтамі па-беларуску, мне асабіста нават вельмі сымпатычна. Але я вас настойліва прашу: хутчэй папраўляйцеся і здыміце ваш інгалятар! Вы ж разумееце, у нас навучальная ўстанова. Мы рыхтуем будучых пэдагогаў. Таму нават я пры ўсёй павазе да вас не змагу нічога зрабіць!
Падзякаваўшы за клопат, Андрэ адправіўся ў майстэрню. Дзень хіліўся да вечара, і трэба было падумаць, дзе знайсьці хоць бы крыху грошай на жыцьцё. Вярнуўшыся, ён зьняў цырату зь няскончанай скульптуры і вырашыў як мага хутчэй яе дарабіць. Гэта быў надмагільны помнік – бюст маладой жанчыны, які ён пачаў перад ад’ездам у Нямеччыну. Аванс за працу ён ужо атрымаў, але цяпер хацеў папрасіць у замоўцы яшчэ крыху грошай. Прыкінуўшы, што іншага выбару няма, Андрэ падняўся наверх і патэлефанаваў ад вахцёра. Дамовіўшыся сустрэцца з замоўцам заўтра пасьля абеду, ён вярнуўся ў майстэрню, каб неадкладна ўзяцца за працу.
Ляпіць надмагільныя бюсты ён не любіў, але апошнім часам гэта быў адзіны спосаб зарабіць на жыцьцё ў Магілёве. Звычайна кліенты прыходзілі да яго з фатаграфіямі памерлых, пакідалі задатак і зьнікалі. Тады Андрэ браў у рукі старыя пажоўклыя здымкі й пачынаў у іх узірацца. Лепка з фатаграфій давалася яму няпроста. Зь юнацтва ён лічыў сябе абстракцыяністам і ненавідзеў рабіць рэалістычныя партрэты. Да таго ж, здымкі, як правіла, былі маленькія, часта неразборлівыя, таму многае даводзілася дадумваць наўздагад.
Часам ён патрапляў у дзясятку, і выява выглядала падобнай. Але нярэдка здаралася, што твар нібыта меў падабенства, але нёс у сабе нейкую абстрактную дэбілаватую грымасу. Усяго адзін штрых, адна лінія клалася няправільна – і замест каханага блізкага атрымліваўся бюст падобнага да яго даўна. Замоўцы крыўдзіліся і пачыналі спрачацца з Андрэ. Многія ўвогуле б да яго не зьвярталіся, каб не прэйскурант. Ён ляпіў бюсты памерлых па мінімальных у Магілёве тарыфах. Часам яму ўдавалася дапрацаваць твар і наблізіцца да арыгіналу. Але бывалі выпадкі, калі даўн рабіўся яшчэ больш пачварным. Тады замоўца адмаўляўся забіраць скульптуру, і яна заставалася ў майстэрні.
Паколькі выкідаць было шкада, за апошнія пятнаццаць гадоў такіх выяваў набралося з два дзясяткі. Калі Андрэ прыходзіў у майстэрню, бюсты выродцаў, пакрытыя павуціньнем і пылам, паглядалі на яго з усіх бакоў. За шмат гадоў ён настолькі да іх прызвычаіўся, што ўжо не зьвяртаў увагі. Але новага чалавека ў майстэрні нязьменна ахоплівала незразумелая жуда. Таму, чакаючы сьвежага кліента, Андрэ стараўся прыкрыць гліняных ваўкалакаў газэтамі. Праўда, праз колькі дзён газэткі спадалі, і выродцы зноўку лыбіліся яму сваімі вар’яцкімі, дэбілаватымі тварамі.
Бюст, над якім ён цяпер працаваў, знаходзіўся ў той стадыі, калі яшчэ было цяжка сказаць, атрымаецца зь яго нешта прыстойнае ці ён папоўніць калекцыю няўдач. Але пакуль праца відавочна ня клеілася. Андрэ ўзіраўся ў здымак, браў кавалак гліны, прыляпляў яго да носа, імкнучыся злавіць правільны выгіб лініі. Але выгіб не лавіўся. У рэшце рэшт яму надакучыла, і, падумаўшы, што сёньня не ягоны дзень, таму ня варта псаваць ужо зробленае, пагатоў перад заўтрашнім візытам замоўцы, ён вырашыў выбрацца ў горад крыху разьвеяцца.
Плян на вечар у Андрэ быў толькі адзін – стрэльнуць у каго-небудзь крыху грошай. Прыкінуўшы, у каго з прыяцеляў можна пазычыць, ён апрануўся і зачыніў за сабой дзьверы майстэрні. Даехаўшы на тралейбусе да цэнтру, ён выйшаў на пляцы Леніна і пацеляпаўся ў бок старога гораду.
У адрозьненьне ад Бону ці іншых рэйнскіх гарадоў, Магілёў ніяк нельга было зблытаць з санаторыем. Калісьці – гадоў трыста таму – ён меў шарм эўрапейскага гораду: мноства барочных касьцёлаў, вежы замка, ратуша, вузкія вулачкі з дамамі пад высокімі чарапічнымі дахамі. Але потым прыйшлі сьвятаполкі, і горад захрас у шэрай правінцыйнай нудзе. Касьцёлы зьнесьлі, замак зруйнавалі, ратушу ўзарвалі, дамы перабудавалі, сьпічастыя дахі замянілі на плоскія, чарапіцу – на бляху, – адным словам, з квітнеючага горад стаў звычайным пазаштатным лузэрам, што згубіўся дзесьці на задворках Расейскай Імпэрыі. Мабыць, адзінае, чаго не атрымалася тут зрабіць, – зьмяніць рэчышчы рэк ды прыбраць Дняпро, які па-ранейшаму працякаў праз Магілёў, цешачы вока жыхароў і прыежджых сваім нікім не кранутым хараством.
Дамы ў цэнтры гораду зусім не былі падобныя да выкшталцоных бонскіх куфэркаў, а хутчэй нагадвалі скрынкі з-пад жаночых ботаў з прарэзанымі ў іх вокнамі. Скрынкі гэтыя ўпрыгожылі немудрагелістым узорам ды паставілі паабапал Дняпра, у бязладзьдзі сплеценых вуліц.
І ўсё ж Андрэ любіў гэты горад. І нават не таму, што тут нарадзіўся, – вядома ж, горад дзяцінства заўсёды самы ўлюбёны. Проста ён атрымліваў нейкае дзіўнае задавальненьне ў адчуваньні яго невымоўнай правінцыйнай тугі. Нешта падобнае ён адчуваў да пакрытых пылам выродцаў, што стаялі ў ягонай майстэрні. Ва ўбостве няўдалага твору ён бачыў праўдзівы бок жыцьця. У ім было больш глыбіні, і шчырасьці, і дасканаласьці, чым у гарадах прыгожых, пышных, пампэзных. Бо ў гэтым, здавалася яму, і ляжала задума Бога, які сьвядома стварыў гэты сьвет няўдалым выродцам. Чаму Ён так зь ім абышоўся, заставалася для Андрэ таямніцай. Аднак ва ўсім, што прэтэндавала на дасканаласьць, бачыў ён руку іншай сілы, той, якая ў вечным процістаяньні з Богам спрабуе адказаць сілай прапорцыі на шчырасьць юродзтва, замяніць хараство дысгармоніі мовай сымэтрыі, засланіць праўду ўбоства абаяньнем прыгажосьці.
Дайшоўшы да вуліцы Будзённага, Андрэ збочыў у двор і падняўся на мансарду да свайго старога прыяцеля Яўгена, які таксама быў мастаком і меў тут майстэрню. Той, на шчасьце, аказаўся на месцы. Ледзь адчыніўшы дзьверы, Яўген паведаміў:
– Сёньня зранку тэлефанавала твая жонка. Сказала, што ў цябе белая гарачка, таму грошай табе ні ў якім выпадку не даваць. А калі зьявісься і будзеш прасіць, скакаць на кані й размахваць шабляй, без ваганьняў выклікаць брыгаду і выпраўляць у псыхушку! Ха-ха-ха!
– Так, прыемна, калі нехта клапоціцца пра тваё здароўе! Але, як бачыш, я ўжо зьлез з каня. Я толькі што вярнуўся з санаторыя і нават піва ўжо двое сутак у роце не трымаў!
– Праходзь у пакой. Дарэчы, піва хочаш?