– Не, гэта каго ён тут сабакам назваў?!
– Калі вош блыху пакрые, вось і будзе табе вашывая блыха! Ха-ха-ха!
– А вось нядаўна ў «Камсамолцы» пісалі, што ў Маскве пацукі-людажэры завяліся! Памерам са сьвіньню і жывуць у мэтро! Дык яны, кажуць, ужо трох машыністаў і дваццаць пасажыраў зьелі! Уяўляеце, вось та-а-кіх памераў і злыязлыя!
– Так, так, я пра гэта таксама чуў! Кажуць, туды пад зямлю цэлую дывізію снайпэраў выправілі, каб пацукоў гэтых зьнішчыць! Але нічога пакуль зрабіць ня могуць! Ім усім таксама такія каскі выдалі! Таму што пацукі гэтыя самі першыя на людзей скокаюць! Уяўляеце, ён ідзе па тунэлі, а гэтая сьвіньня на яго зьверху скок! Таму ім ня простыя, а каскі з шпрыцамі на канцы далі, каб пацукі на іх як на шампур нанізваліся!
– Калі там завяліся, то хутка і ў нас аб’явяцца! Можа, і гэты з Масквы? Прыехаў да нас абарону ладзіць!
– Гэй! Вы браць што-небудзь будзеце?
– Так! Бутэльку «Белай Русі» і два сыркі «Дружба».
Андрэ кінуў бутэльку ў заплечнік і выйшаў з крамы. Апошняя пачутая ім фраза: «Не, я не понял! Гэта каго ён сабакам назваў?» – належала аднавокаму, які стаяў, як здранцьвелы, утаропіўшыся адзінай зрэнкай у нейкую невідочную кропку. Толькі тып у шэрым касьцюме ўвесь гэты час маўчаў. Выходзячы, Андрэ зноў сустрэўся зь ім позіркам, ад якога патыхала такой злавеснасьцю, што спрытныя вашывыя блохі ды жвавыя блышыныя вошы пабеглі па яго скуры.
На вуліцы Сьвярдлова ён павярнуў налева і накіраваўся ў бок плошчы Леніна. Дзіўны цяжкі погляд не даваў яму спакою. Пачуцьцё трывогі заставалася. Яму па-ранейшаму здавалася, што зласьлівыя вочы сочаць за ім. Збочыўшы на Маркса, ён прайшоў мэтраў дзьвесьце і азірнуўся.
Вуліца была цёмная і даволі пустынная. Некалькі чалавек сядзела за столікамі на тэрасе кавярні «Грунвальд», дзьве парачкі шпацыравалі пад ліпамі, у рэстаране палацу Шашак і Шахматаў грала музыка, з напаўпадвальнай карчмы выйшлі п’яныя хлопцы зь дзяўчатамі, але агулам усё выглядала спакойна.
Крокаў празь дзьвесьце Андрэ зноў азірнуўся. Усё па-ранейшаму выглядала прыстойна. Толькі ўдалечыні, мэтраў за трыста зьявіліся два сылюэты, якія рухаліся ў ягоным напрамку.
«Чорт ведае што! Зноў нейкая параноя!» – падумаў Андрэ, але ўсё ж вырашыў збочыць на больш сьветлую і шматлюдную вуліцу. Дайшоўшы да Камсамольскай, ён павярнуў на яе і рушыў у бок праспэкту. Народу тут у гэты час было досыць многа. На лаўках бульвару пад помнікам Жалезнаму Фэліксу сядзелі вясёлыя кампаніі й пілі піва з паўтарачак. Часам вуліцу агалошваў іх дружны паганскі рогат. Каля пітных установаў мільгалі дзеўкі ў кідкіх прыкідах.
Перад палацам Дзяржаўнай бясьпекі Андрэ павярнуў на праспэкт Незалежнасьці і накіраваўся ў бок вуліцы Леніна. Але на рагу ён зноў азірнуўся. Два сылюэты з вуліцы Маркса, збочыўшы на Камсамольскую, працягвалі йсьці сьледам. Непрыемнае прадчуваньне кальнула ў сэрца. «Параноя! Ня можа быць! Проста супадзеньне!» – але на ўсякі выпадак ён прысьпешыў хаду.
На Незалежнасці рэстаранаў, кавярняў і пітных установаў мелася болей. Пад масіўнымі рымскімі вітрынамі аціраліся п’янаватыя гуны. Занятыя сваімі размовамі, яны, у прынцыпе, не зьвярталі на чалавека ў імпэрскім шаломе ніякай увагі. Аднак на рагу вуліцы Леніна Андрэ зноўку, на ўсялякі выпадак, паглядзеў назад, і… О жах!!! – тыя два тыпы па-ранейшаму ішлі за ім!!!
Ён імкліва нырнуў у падземны пераход і праз хвіліну быў на іншым баку Незалежнасьці. Абмінуўшы ўнівэрсам «Цэнтральны», «Макдональдс» зь вясёлымі хмяльнымі падлеткамі, ён апынуўся на Кастрычніцкай плошчы і ўжо думаў быў пайсьці ўніз па вуліцы Энгельса да Інтэрнацыянальнай, каб тамака кароткім шляхам праз парк на Чырвоную, але, сьцяміўшы, што ісьці ў такіх варунках празь бязьлюдны парк для яго небясьпечна, рушыў далей па праспэкце.
Хутка праскочыўшы праз Кастрычніцкі пляц, ён зноў азірнуўся. На плошчы было поўна народу. Кампаніі вялікіх плюшавых мядзьведзікаў прагульваліся пад гіганцкімі калюмнамі палацу Рэспублікі, трымаючы ў руках вялізарныя пляшкі зь півам. Аднак два цені з вуліцы Маркса нязьменна крочылі за ім! Жах і паніка ахапілі Андрэ! Ён пасунуўся далей па праспэкце, але цяпер ён ужо ня йшоў, а амаль бег. Абмінуўшы шыкоўныя ляпныя калюмнады палацу Прафсаюзаў, палац Афіцэраў і яшчэ нейкі пануры палац бяз назвы й шыльды, ён выскачыў да калізэю Цырку. Тут пачынаўся парк Горкага і вядомая ўсяму гораду блядзкая стомэтроўка, на якой зь дзевяці вечара да самага ранку круціліся путаны. Андрэ пачуў, як адна зь іх паклікала яго сьмяшлівым галаском:
– Гэй! Глядыятар! Мэдсястра не патрэбная? Аднак яму было не да жартаў. Паніка гнала яго ўсё далей і далей. Наперадзе ўжо віднелася плошча Вікторыі. Да яе заставалася ўсяго некалькі соцень мэтраў. Не зьвяртаючы ўвагі на людзей, што шпацыравалі паўзь яго, на путанаў пры дарозе, ён у жаху нёсься ўздоўж бясконцай ляпной балюстрады зь вялікімі белымі вазамі ў напрамку трыюмфальнай калюмны, што стаяла на плошчы.
Андрэ ўжо не азіраўся – ён ведаў: гэтыя два прывіды з вуліцы Маркса гоняцца за ім. Здавалася, варта азірнуцца – і проста перад сабой ён убачыць іх ашчэраныя, гатовыя ўчапіцца ў яго сабачыя пашчы.
Дабегшы да канца балюстрадаў, ён збочыў налева перад Вечным агнём, абмінуў Музэй Першага Зьезду РСДРП, і вось ужо ён ляцеў па вуліцы Камуністычнай у бок Чырвонай. Зьлева навісала змрочная грамадзіна бязьлюднага парку з гранітнымі берагамі ракі, што загадкава зіхцела ў сьвятле поўні. Мінакоў тут ужо не было. Ад гэтага Андрэ апаноўвавала яшчэ большая жудасьць. Ён бег па пустыннай вуліцы, асьветленай рэдкімі ліхтарамі і, здавалася, чуў за плячыма масянжовы грукат капытоў па бруку.
Да ратавальнага прытулку заставалася зусім няшмат. Толькі мінаваць палац Тэлебачаньня – грувасткі будынак з шасьцю эгіпэцкімі калёнамі, і наперадзе ўжо быў відаць шпіль дома на рагу Чырвонай – яшчэ адзін брат-блізьнюк, але ў адрозьненьне ад папярэдніх, зусім маленькі, амаль карлік. Хоць ён і ўзвышаўся на вуліцы ў поўны рост, разам са шпілем меў увышыню ня больш за сорак мэтраў.
Дабегшы да карліка, Андрэ збочыў направа і кінуўся да вялікай брамы з жоўтымі вазамі, што вяла ў агромністы і зусім цёмны двор – ідэальнае месца для расправы над ім. У двары не было ні душы. Але выбару таксама не было. Кватэра, да якой ён бег, знаходзілася менавіта тут.
Сабраўшы апошнія сілы, у жаху і кашмары, ён пранёсься скрозь цемру, ускочыў у патрэбны пад’езд і празь некалькі імгненьняў ужо стаяў ля ратавальных дзьвярэй. Цяжка хрыпучы, задыхаючыся, чакаючы, што пагоня восьвось уварвецца на лесьвічную клетку, ён кінуўся званіць, барабаніць у дзьверы рукамі, нагамі і нават шпілем шалома. Калі ж нарэшце яны адчыніліся, ня кажучы ні слова, ён ускочыў у кватэру, грукнуў дзьвярыма і адразу замкнуў усе замкі, якія на іх меліся.
– Што здарылася? Ты ўляцеў, як ашалелы!
– Не пытайся нічога! За мною пагоня!
– Як! Няўжо вершнік на белым кані? – у хатнім атлясным халаце перад задыханым госьцем стаяў Ягор, гаспадар кватэры.
– Не! Два тыпы ў шэрых гарнітурах! Два прывіды з вуліцы Маркса! – тыцнуўшы Сьвятаполка мордай у дэрмантын дзьвярной абіўкі, Андрэ прыслухоўваўся да шоргатаў у пад’езьдзе. – Пайшлі ў пакой, можа, яны стаяць зараз пад дзьвярыма і слухаюць! Аднаго я сустрэў у начніку на Кірава. Адкуль узяўся другі, ня ведаю! Напэўна, чакаў яго на вуліцы! Ня маю паняцьця, хто яны такія і што ім трэба, але яны ішлі за мной ад самага вакзалу!
Ягор недаверліва паглядзеў на госьця, памаўчаў, а затым з іроніяй у голасе спытаў:
– Дык можа, гэта й былі Карл Маркс і Фрыдрых Энгельс уласнай пэрсонай? Не зьвярнуў увагі, ці ня мелася ў гэтых спадароў дзьвюх шыкоўных бародаў? Толькі не разумею, чым ты мог ім так насаліць? Ты ж тыповы прадстаўнік прыгнечанай клясы!
– Сьцябацца надумалі, Ягор Мікалаевіч? А я ледзь у штаны не наклаў, пакуль да цябе дабег! – на кухні, крыху аддыхаўшыся, Андрэ выцягнуў з заплечніка пляшку «Белай Русі» і скамандаваў:
– Выцягвай шклянкі! Стрэс трэба зьняць!