– А!!! Цяпер я разумею, у чым рэч! Вядома ж, гэты прускі шалом! А ці ведаеце вы, Андрэй Міхайлавіч, як ставіліся Карл Маркс і яго верны паплечнік Фрыдрых Энгельс да германскага імпэрыялізму?
– Цудоўна ставіліся! Самі імпэрыялістамі былі! Лічылі, што місія немцаў – цывілізаваць славянскія плямёны. Пачытай Бярдзяева! А інтэрнацыянал – гэта так, інструмэнт.
– Ды ну! Ня можа быць! Вось я табе зараз зацытую!
Ягор выйшаў у пакой, неўзабаве вярнуўся з маленькай кніжкай і, адгарнуўшы, пачаў чытаць:
– Галоўны недахоп усяго папярэдняга матэрыялізму – улучна з фэербахаўскім – у тым, што прадмет, рэчаіснасьць, пачуцьцёвасьць бярэцца толькі ў форме аб’екта, або ў форме сузіраньня, а не як чалавечая пачуцьцёвая дзейнасьць, практыка – не суб’ектыўна. Адгэтуль і павялося, што дзейны бок, у супрацьлегласьць матэрыялізму, разьвіваўся ідэалізмам, але толькі абстрактна, бо ідэалізм, у прынцыпе, ня ведае сапраўднай, пачуцьцёвай дзейнасьці.
– Ну і прычым тут германскі імпэрыялізм?
– А чорт яго ведае! Я і сам не дапіраю! – адказаў Ягор. – Калі хочаш, пайду паклічу Карла і Фрыдрыха! Напэўна, яны зараз у пад’езьдзе: прыліплі вушамі да дзьвярэй і, пераплёўшы бароды, слухаюць, пра што мы гаворым! Хай растлумачаць, што яны тут панапісвалі!
– Хопіць крыўляцца! Мне зараз не да жартаў! Паслухай, я хачу памыць галаву. А то ўжо сьвярбіць нясьцерпна!
– Якія праблемы? Вунь ванны пакой – ідзі й мый!
– Але ты мусіш мне дапамагчы. Я павінен памыць яе, не здымаючы шалома!
Ягор зьдзіўлена зірнуў на госьця:
– Ня думаў, што тваё захапленьне германскім імпэрыялізмам зайшло так далёка! На гэты конт у Маркса таксама цытата маецца.
– Хопіць мне гэты імпэрыякрэтынізм чытаць! Не магу я яго зьняць! Гэта пытаньне жыцьця і сьмерці! Дай лепей шампунь і якую-небудзь клізму!
– Клізма ў мяне толькі літровая.
– Падыходзіць! Большай ня трэба!
Ягор дастаў з буфэта дзьве чаркі, расклаў на стале лёгкія прысмакі і, наліўшы гарэлкі, прамовіў:
– Ну што ж, Андрэй Міхайлавіч, я бачу, вы як заўсёды бадзёры, аптымістычны, поўны новых творчых задумаў! За тое, каб у вашай цывілізацыйнай місіі вам таварышавала ўдача!
Ён выпіў, хруснуў марынаваным агурочкам і ўжо сур’ёзна дадаў:
– Апошнімі днямі ў горадзе неспакойна! Дробныя гандляры бунтуюць. Бацька нейкі чарговы ўказец падмахнуў, дык, відаць, кранты ім надыходзяць. Сёньня цэлы дзень на Кастрычніцкай мітынгавалі. Па горадзе шпегі шнараць, ловяць завадатараў. Можа, гэтыя дзьве здані з вуліцы Маркса таксама з ахоўнага ведамства. Падумалі, нейкі бунтаўшчык з-за мяжы вярнуўся.
– Так, Уладзімір Ільліч Ленін! Атрымаў грант германскага генштабу і таемна прыехаў рэвалюцыю рабіць! – раздражнёна адказаў Андрэ.
– А што? – Ягор ажывіўся. – Ты на цягніку прыехаў? Так, як Ленін, на цягніку! Зь Нямеччыны? Зь Нямеччыны! Што грант нямецкага генштабу атрымаў, гэта ў цябе на твары, то бок на ілбе напісана! І вось уяўляеш, шнырыць які-небудзь шпік па горадзе і раптам – ба! якая ўдача! Насустрач Ульянаў уласнай пэрсонай, толькі што зь цягніка выйшаў і накіроўваецца на кансьпірацыйную кватэру! Замаскаваўся, праўда, пад нямецкага обэрштумбамштумобэрфюрэра, у начнік зайшоў пляшачку гарэлкі й два плаўленыя сыркі купіць для цёплай сустрэчы з таварышамі па партыі. І што ты думаў? Яны на хвост табе ня сядуць? Н-да, баценька, так што цяпер і гэтая яўка праваленая!
Ягор яшчэ раз хруснуў агурочкам і дадаў:
– Трэба вам, Уладзімір Ільліч, часова схавацца ад агентаў ахранкі на кватэры рабочага Мітрафанава! Толькі вось пытаньне, як вам туды незаўважна дабрацца з такім прыкметным гардэробам? Можа, шчаку разам з шаломам забінтаваць? Як быццам зубы ў вас баляць?
– Ня трэба бінтаваць! У мяне для кансьпірацыі паранджа ёсьць!
– Ну, даруйце, Уладзімір Ільліч! Вы ж ня нейкі там Керанскі! Каб ад шныпароў у жаночай сукенцы хавацца! Вы ж павінны разумець сваю адказнасьць перад гісторыяй! Што потым на скрыжалях напішуць? Як нашчадкам патлумачыш гэты далікатны эпізод?
Андрэ разьліў па чарках, выпіў, кінуў у рот лусту плаўленага сырка «Дружба» і, крыху картавячы, прамовіў:
– Так, Ягог Мікалаевіч, вы чэгтоўскі правы! Паганджа адмяняецца! Давайце, пішыце обгашченіе к габочым! Тавагішчы! Улада сатгапа сёньня слабая, як ніколі! Мы, тгудяшчыяся масы, пгі поддегжке дгобных лавачнікаў павінны ўзяць яе ў свае гукі! Газам мы пегаможам! Усе на на штугм гезэдэнцыі тыгана! Гевалюцыя не чакае! Далоў самадзегжавіе!
Ён кінуў у рот агурок і дадаў:
– Давайце, тавагішч Ягог, нясіце сюды вашу маглевую павязку, шампунь і клізму! – з гэтымі словамі ён устаў, зайшоў у ванны пакой, а адтуль наўздагон крыкнуў: – Пгамедленіе сьмегці падобна!
Мыцьцё галавы з шаломам на ёй аказалася справай няпростай. Спачатку Андрэ нахіліў яе ўніз і заліў унутр ладную колькасьць вады. Потым падняўся і выліў яе назад. Праўда, рабіць гэта ў вопратцы, не намачыўшы яе, выявілася немагчымым, таму пасьля першай спробы давялося распрануцца. Паўтарыўшы гэтую працэдуру некалькі разоў, Андрэ ўзяў клізму і напоўніў яе шампунем. Запусьціўшы раствор пад шалом, ён пачаў круціць яго вакол галовы – управа, улева, уверх, уніз – пакуль шампунь не намыліў валасы. Пасьля ён у некалькі прыёмаў змыў яго і папрасіў у гаспадара кватэры фэн.