Аднак, як толькі пажарны зьявіўся на парозе, Андрэ адразу зразумеў, што ягоная цікаўнасьць выкліканая не саламяным чалавекам у каморцы, ня стосам старых газэт, а ім самім, ці дакладней, яго шаломам. Зрабіўшы пару зацяжак і крыху павагаўшыся, пажарны нарэшце спытаў:
– Можна пацікавіцца? А што гэта ў вас на галаве?
– Як што! Вы ж бачыце – пажарны шалом!
– Вельмі добра! Ухваляю! Надта прадбачліва! – пажарны ажывіўся.
– Ну нарэшце, прабачце, як вас па бацьку?
– Пётр Яўлампіевіч.
– Нарэшце, Пётр Яўлампіевіч. Вы першы чалавек у гэтым горадзе, які ўхваліў мяне! – Андрэ таксама прыпаліў цыгарэту.
– І няўжо вы сапраўды ўвесь час у ім ходзіце? – працягваў цікавіцца Пётр Яўлампіевіч.
– Што вам адказаць, вы ж ведаеце, Пётр Яўлампіевіч, у які пажаранебясьпечны, нават, не пабаюся гэтага слова, выбуховы час мы жывем! Гэта як на вайне – пажар можа выбухнуць у любую мінуту! Вось нядаўна ў Маскве электрычку ў мэтро ўзарвалі! Ехаў сабе чалавек, ехаў і лясь! – а вакол пажар!
– Так, так, маеце рацыю. Часы небясьпечныя! Месяц назад у нас у Чавускім раёне сьвінафэрма ўначы згарэла! Дык усе сьвіньні як адна жыўцом падсмажыліся!
– О, жах! А вось яшчэ нядаўна ў газэтах пісалі. У Менску нейкі чалавек прыйшоў голы да помніка Перамогі і сеў ля Вечнага агню! Міма вэтэран вайны праходзіў, хацеў спытаць яго, што, маўляў, здарылася? Паклікаў. Той маўчыць. Яшчэ раз паклікаў. Цішыня. Тады дзед падышоў бліжэй і за плячо яго крануў. А гэты голы ўскочыў, як вар’ят, схапіў дзеда і кінуў у вечны агонь! Уяўляеце, Пётр Яўлампіевіч, вэтэрана – і проста ў Вечны агонь! Ну рыхтык чорт нейкі!
– Сапраўды, кашмар! – пажарны зусім ужо прасякнуся даверам да Андрэ. – Ці вось сядзім мы з вамі на канапе, палім. А калі б п’яныя былі, ды раптам бычок вось у гэтую дзірку ў канапе, з якой спружына тырчыць… Матрац загарэўся, а побач шафа, а за ёй яшчэ адна шафа, а за той куча газэтаў. І вось усё ўжо палае! Вы бегчы, а тут ванна на праходзе. Спатыкнуліся, замарудзіліся – а вакол агонь! Пакуль падняліся, кінуліся да выхаду, а там саламянае пудзіла з каморы падпаленае на вас падае!
– Або вось яшчэ выпадак! Нядаўна ў Менску ажно цэлыя тры паверхі архіву Міністэрства ўнутраных справаў згарэла!
– Што вы кажаце! А я і ня чуў!
– Праўда, гэта быў толькі сон! Дрым, як кажуць, мары й летуценьні!
– Ааа, разумею. Але тое, што вы да пажару гатовыя, я ўхваляю!
– Заўжды гатовы! – выгукнуў Андрэ піянэрскае прывітаньне і прыставіў руку да шалома.
– Ну, ня буду адцягваць вас ад працы! – Пётр Яўлампіевіч падняўся з канапы і накіраваўся да выхаду. – Стварайце вечнае! А шафы ўсё-ткі рассуньце! Крыўдна будзе, столькі хараства загіне!
Ужо ля дзьвярэй ён азірнуўся на Андрэ і паўшэптам спытаў:
– А каску гэтую вы дзе дасталі?
– Ва Ўсходняй Прусіі, ледзь адшукаў!
– Паслухайце, у мяне да вас будзе вялікая просьба! Наступным разам, можа, вы і мне такую самую з Усходняй Прусіі прывезяце? Вось, я вам тэлефончык пакіну! Надта, надта ж мне хочацца мець такую самую!
Андрэ паабяцаў абавязкова пашукаць што-небудзь падобнае і, праводзіўшы Пятра Яўлампіевіча да дзьвярэй, узяўся за скульптуру. Справа зь бюстам сёньня прасоўвалася значна лепей, чым учора. Зьяўленьне роднаснай душы, кагосьці, хто, як і ён, хацеў бы хадзіць па Магілёве ў прускім шаломе, дабратворна паўплывала на Андрэ. Гадзіны да трэцяй дня ён ужо зрабіў ладны кавалак працы. А пятнаццатай дваццаць, заўважыўшы, што да візыту кліента засталося дзесяць хвілінаў, ён узяў газэткі з кучы, што не спадабалася Яўлампіевічу, і асьцярожна, як клапатлівая маці, прыкрыў імі выродцаў.
Дакладна а палове на чацьвертую зьявіўся пунктуальны замоўца – невысокі мужчына гадоў пяцідзесяці пяці ў гарнітуры і з ладным жывоцікам пад белай кашуляй. Арсень Казіміравіч належаў да мясцовых гандляроў сярэдняй рукі і трымаў некалькі шапікаў: на вакзале, на Быхаўскім рынку і яшчэ недзе ў мікрараёнах.
Увайшоўшы ў майстэрню, ён кінуў на канапу скураную тэчку і пачаў зь цікаўнасьцю разглядаць няскончаны бюст жонкі, якая загінула каля году назад у катастрофе. Пакрытыкаваўшы памер носа, адтапыраныя вушы, няправільны выгін вуснаў, ён раптам паглядзеў на Андрэ і нечакана спытаў:
– Паслухайце, Андрэй, а вы што, лепіце партрэт маёй жонкі ў гэтым шаломе?
– Так, а вас нешта не задавальняе?
– Мяне ўсё задавальняе, але я хачу, каб вы здымалі яго падчас працы.
Казіміравіч нахмурыўся, ссунуў бровы і суха працягнуў:
– У гэтым ёсьць нейкі зьдзек зь нябожчыцы! Я не хачу, каб адтуль, – Казіміравіч узьнес палец да столі, – яна бачыла, як нейкі незнаёмы мужчына лепіць яе партрэт у фалічнай касцы з тоўстым эрагаваным наканечнікам, задраным да неба.