– Варум не, давай!
Яўген прынёс з кухні шклянкі і, наліўшы, працягваў:
– Жонка ў цябе зь дзівацтвамі! Сёньня цэлую гадзіну пра цябе апавядала! Па-першае, кажа, ты набухаўся ў Бэрліне і ўсадзіў усе грошы ў нейкую антыкварную каску. Наколькі я разумею, вось у гэтую! Потым, маўляў, у цябе зусім зьехаў дах, і вы зь нейкім Хведарам тапілі боты ў Шпрэе. Ха-хаха! Уяўляеш, якая лухта? Прывязвалі да іх цагліны і тапілі! Пасьля ты купіў ёй у падарунак паранджу! Ой, іржу, не магу! І хацеў, каб яна па горадзе ў ёй гуляла! А яшчэ, кажа, ты вырашыў гэтай каскі ніколі не здымаць. І будзеш хадзіць у ёй па Магілёве да самай магілы. І цяпер, як памрэш, нават у труну нармалёвую ня ўлезеш – трэба будзе дзірку ля ўзгалоўя сьвідраваць. А яшчэ цешчы ў падарунак зь Нямеччыны прыпёр нейкі бот з памыйкі! Анягож, абрагочасься! Калі б цябе ня ведаў, дык проста фэльетон для газэты! Адным словам, кажа, ты канчаткова звар’яцеў на глебе непрабуднага алькагалізму, і трэба неадкладна зьмяшчаць цябе ў дурку.
– Паслухай, Андрэй! – сказаў Яўген пасьля невялікай паўзы на глыток піва. – Мне здаецца, табе трэба патусавацца ў бліжэйшыя дні ў горадзе сярод розных знаёмых, паказаць, што ты нармалёвы. Ведаючы тваю Сьвету, я думаю, яна ня толькі мне, а ўсім патэлефанавала. Горад у нас невялікі, імгненна чуткі пойдуць. Нехта падумае, што ты сапраўды з глузду зьехаў!
– Я сёньня ўжо тусаваўся ва ўнівэрсытэце. На перапынках студэнты з усіх факультэтаў на шалом паглядзець зьбягаліся. А пасьля заняткаў Альгерд падышоў і папрасіў, каб я хутчэй папраўляўся, бо іначай нічым дапамагчы мне ня зможа.
– Ды ты што, ненармальны? На заняткі ў гэтай касцы хадзіў? – Яўген выкаціў на Андрэ збдзіўленыя вочы.
– Так, уяві сабе!
– Ну ты і псых! Так яны сапраўды вырашаць, што ты шызануўся!
– Мне пляваць, што яны там вырашаць, – спакойна адказаў Андрэ.
– Паслухай, стары, не мне цябе, вядома, вучыць, але, здаецца, ты нешта ня тое робіш! Ну, я разумею, набухаліся вы ў Нямеччыне, павесяліліся. Можа нават утапілі па п’яні ў куражы нейкія там боты ў рацэ. Ды халера зь ім, усадзіў ты з бадуна ўсе грошы на гэтую каску! З кім не бывае! Але навошта ва ўнівэрсытэт на заняткі яе насіць? Цябе ж адтуль імгненна выпруць!
– Таму, што я не магу яе зьняць!
– Як – ня можаш зьняць? Ты што, яе да галавы прыклеіў? – Яўген усё больш і больш пачынаў заводзіцца. – Назаві мне хоць адну прычыну, па якой ты яе зьняць ня можаш!
– Проста не хачу!
– І ўсё? І гэта твая прычына? Толькі адна тупая ўпартасьць?
– Можаш так лічыць! Дастала! Не жадаю! Не хачу! Не здыму!
– І наступны раз на заняткі ў ёй пойдзеш?
– Так, у пятніцу пайду ў ёй на заняткі!
– Так… – Яўген запаліў цыгарэту. – Ну, дачакаесься, значыць, непрыемнасьцяў на сваю галаву! Хаця ў чымсьці, стары, я цябе разумею. Часам так усё дастане, што хочацца паслаць усіх да д’ябла, сысьці ў лес, залезьці на самую высокую хвою…
– Паслухай, – перапыніў яго Андрэ, – я хацеў пазычыць у цябе крыху грошай. Заўтра ў мяне будзе кліент, адразу аддам.
– А ты ня думаў, што Сьвета на самай справе можа здаць цябе ў псыхушку? Як жонка, яна мае права. Накатае паперу, прыедзе брыгада з дурдому, і ведаеш, нешта мне падказвае, што яны ёй павераць!
– Дык як наконт грошай?
– Слухай, стары… – Яўген крыху замяўся, – з бабкамі зараз цяжка! Магу даць толькі тысяч дваццаць.
– Нармалёва! І за гэта дзякуй!
Дапіўшы піва, Андрэ падняўся і накіраваўся да выхаду. Разьвітваючыся, Яўген сказаў:
– Андрэй! І ўсё-ткі падумай! Ня можаш жа ты з усім сьветам ваяваць! Мо, здымі на хрэн ты гэты шалом?
– Дзякуй за грошы! Я хутка вярну!
Раніцай наступнага дня ў майстэрні нечакана зьявіўся пажарны. Андрэ вельмі зьдзівіла ягоная цікаўнасьць да памяшканьня, у якое той не зазіраў ужо гадоў восем. З важным выглядам пахадзіўшы ад сьцяны да сьцяны, ён уважліва агледзеў усіх прысутных выродцаў, і нарэшце прамовіўшы: «Вельмі прыгожа, я б так ня здолеў. Такі талент даецца ня кожнаму», – пачаў даваць указаньні па тэхніцы бясьпекі.
У адным з кутоў ён знайшоў стос старых нумароў «Советской Белоруссии» і сказаў:
– Непарадак, трэба прыбраць! Калі здарыццца пажар, яны першыя загарацца.
У іншым месцы параіў рассунуць дзьве шафы, маўляў, калі запалае адна, то агонь хутка перакінецца і на другую. І ўвогуле, шафы – заўсёдная небясьпека: ніколі ня ведаеш, якой чартаўшчыны ад іх чакаць. Потым ён доўга разглядаў ванну з глінай, але тут так і не прыдумаў, да чаго б дакалупацца. Старая канапа з разадраным матрацам таксама выклікала ў яго занепакоенасьць. Але больш за ўсё ён абурыўся, калі зазірнуў у каморку і знайшоў там саламянага чалавека. Сказаўшы, што гэта ўжо форменная бесталковасьць, параіў неадкладна выкінуць яго на сьметнік. Андрэ, праўда, пацікавіўся, у якім сэнсе гэта бесталковасьць – мастацтва альбо пажару. На што той адказаў: «У абодвух», – і, запаліўшы, сеў на канапу.