– Герасім з вамі таксама быў?
– Герасім ня змог, яго кудысьці выклікалі.
– А другі бот чаму пакінулі?
– Не пасьпелі. Пад’ехала паліцыя, давялося тэрмінова ногі рабіць!
– Няхай так. А потым што?
– Потым я апрануў паранджу і неадкладна зьехаў з Бэрліну!
– Якую паранджу?
– Вось гэтую! – Андрэ дастаў з заплечніка паранджу.
– Ах! Вось гэтую? Я так разумею, гэта і ёсьць сукенка, якую ты прывёз мне.
– Увогуле тое… Калі табе падабаецца, канечне!
– Яшчэ б не спадабалася! Якая прыгажосьць! Я заўтра ж апрану яе на заняткі ў школу! Уяўляю, як абзайздросьцяцца мае калегі. Асабліва дырэктрыса Вера Пятроўна будзе ў захапленьні! Уяўляю, як палезуць на лоб яе акуляры, калі яна ўбачыць мяне ў паранджы!
– А гэты прыўкрасны падарунак, як я разумею, ты купіў сабе? – Сьвета паказала на шалом.
– Сьветачка, гэта больш за падарунак! Я вырашыў пачаць новае жыцьцё і ніколі больш не здымаць шалома з галавы! Ужо дзесяць дзён я нашу яго, бо ўсе, увесь навакольны сьвет проста прымушае мяне рабіць гэта! А аднойчы ўначы яго нават хацелі скрасьці. Мне давялося прымацаваць шалом да галавы скотчам!
– Ай! Ай! Няшчасны! Які кепскі сьвет! Якія нядобрыя людзі! Мусіць, дарагая рэч?
– Гандляр у Боне прасіў пяцьсот эўра, але я старгаваўся за чатырыста восемдзесят!
– Чатырыста восемдзесят!!! Але ж, зусім нядорага за такую прыгажосьць!
– Паглядзі, як зіхаціць! Цудоўны прускі шалом! У добрым стане. Дыхтоўная праца пачатку мінулага стагодзьдзя!
– І ў нас пачнецца новае жыцьцё? Мы будзем па суботах шпацыраваць па вуліцы Леніна: я ў паранджы, а ты, мой прынц, у гэтым цудоўным прускім шаломе?
– Канечне! І дачушак возьмем, і Мар’ю Іванаўну!
– І Мар’я Іванаўна абуе свой адзіны чырвоны бот? І будзе сьвяціць сонейка, і птушачкі будуць цвыркаць?
– Так! І квітнець ружы! А вакол матылькі! Такія вялікія белыя матылі! І неба будзе блакітнае-блакітнае, як на карцінах Буяна!
– Каго?
– Неістотна!
– І мы падыдзем да шапіка з марозівам і купім пяць эскімо ў шакалядзе?
– А потым сядзем за столікі ў летняй кавярні! Я замоўлю вам ліманад і крэм-бруле, а сабе вазьму куфаль халоднага піва!
– І ўсе будуць зайздросьціць нам і шаптацца: якая цудоўная пара!..
– Так, так…
– Паразыт!!! Крывасмок!!! Падонак!!! Ды ў цябе ж белая гарачка!!! – раптам закрычала Сьвета. – Табе ж далі грошы на боты і пакупкі! Дзе гэтыя грошы?
– Вось! Яны тут! – Андрэ паказаў пальцам уверх.
Сьвета налілася чырваньню і, выкаціўшы вочы, залямантавала: