У Менску дзясяткі тысяч людзей прыйшлі на пахаваньне Васіля Быкава. Слова на разьвітаньне ад Сьвятланы Алексіевіч.
Алексіевіч: Вельмі цяжка гаварыць цяпер, бо яшчэ некалькі тыдняў таму я чула жывы голас Васіля Ўладзімеравіча. І мы размаўлялі пра ўсё, але не пра тое, пра што хочацца казаць зараз. А зараз хочацца казаць пра тое, што мы ўсе не пасьпелі сказаць яму: і ён быў далёка ад нас, і мы былі занятыя — сабою і гэтым жахлівым часам. Я маю на ўвазе перш за ўсё тое, што адбываецца ў нас у Беларусі.
Я не пасьпела сказаць яму пра тое, што я яго вельмі люблю. У гэты цяжкі час ён уратаваў годнасьць усіх нас, нашу нацыянальную годнасьць. Шмат у якіх краінах я чула: «Дзе вы, дзе гэты беларускі народ, дзе гэтая беларуская мова, дзе беларуская эліта?» Аднак пры гэтым заўжды гучала рэфрэнам: «Але ў вас ёсьць Быкаў». Штосьці для нас усіх сышлося ў гэтай асобе, хаця здавалася, што мы маем справу з народам і часам, калі няма ніякіх апосталаў, праведнікаў, прапаведнікаў. Не, як высьвятляецца, ёсьць. У нас быў гэты чалавек.
Мы любілі яго, і мы верым, што будзе нейкая іншая будучыня. І яго няўрымсьлівая шчырасьць, раскошная для цяперашняга часу, няздольнасьць да любога кампрамісу — гэта тое, што застанецца з намі разам зь яго кнігамі, разам зь яго здагадкамі і перасьцярогамі. Застанецца асоба — асоба шчырая, ідэалістычная. У яго была мужнасьць ідэалізму. І гэта вельмі важна, што ён зрабіў гэта менавіта цяпер, менавіта сёньня.
Хто зь беларускіх пісьменьнікаў можа прэтэндаваць на Нобэля?
12 сакавіка 2004
З онлайн-канфэрэнцыі на сайце Радыё Свабода з пісьменьнікам Уладзімерам Арловым.
«Хто зь беларускіх пісьменьнікаў ці паэтаў, пасьля сьмерці Васіля Быкава, мог бы прэтэндаваць на Нобэлеўскую прэмію? Ігар Сасім, Бабруйск».
Арлоў: Сьвятлана Алексіевіч, Рыгор Барадулін, Алесь Разанаў (пералічваю паводле альфабэту).
22 лістапада 2004
Юры Дракахруст, Прага
Што засьведчылі пра беларускі народ мінулыя выбары ў Палату прадстаўнікоў і рэфэрэндум, у выніку якога скасаванае абмежаваньне на два тэрміны, цягам якіх тая самая асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта Беларусі? Ці будзе Беларусь калі-небудзь у Эўропе? Куды ўлада зьбіраецца весьці Беларусь далей? Наагул, хто каго вядзе — улада народ ці народ уладу? Гэтыя тэмы абмяркоўваюць у «Праскім акцэнце» пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, галоўны рэдактар часопісу «ARCHE» Валерка Булгакаў і рэдактар газэты «Советская Белоруссия» Павал Якубовіч.
Дракахруст: Пасьля рэфэрэндуму й выбараў прайшло больш за месяц. Улада мяркуе, што атрымала на выбарах сакрушальную перамогу, апазыцыя гаворыць пра велізарныя фальсыфікацыі. Але тут варта сказаць, што, па-першае, нават паводле дадзеных экзыт-полу літоўскай філіі інстытуту Гэлапа Лукашэнка на рэфэрэндуме атрымаў 48% — амаль палову, а па-другое, рэакцыя беларускага грамадзтва на афіцыйныя вынікі галасаваньня адрозьнівалася ад рэакцыі, скажам, сэрбаў у 2000 годзе ці грузінаў сёлета.
Іншымі словамі, тэмай нашай гутаркі ня ёсьць наяўнасьць ці адсутнасьць фальсыфікацыяў падчас кастрычніцкага галасаваньня. Што засьведчыла сёлетняя электаральная кампанія, што ў выніку яе даведаліся пра беларускі народ асабіста Вы? Спадарыня Алексіевіч, Вам слова.
Алексіевіч: Я павінна прызнаць, што тое, што мы ўсе адчуваем — я назаву гэта левай інтэлігенцыяй, як гэта прынята на Захадзе — мы ўсе адчуваем паразу. Можна казаць пра фальсыфікацыі. Зразумела, была манаполія на інфармацыю, было замбаваньне — я памятаю, Павал Ізотавіч, як у кожны дом прыносілі бясплатны нумар газэты, прысьвечаны прэзыдэнту. Зразумела, гэта татальны перасьлед любога іншадумства, было зачынена прынамсі 20 газэтаў, 56 грамадзкіх арганізацыяў.
Але разам з тым я павінна прызнаць, што гэта — перамога Лукашэнкі, як бы мы сябе ні суцяшалі. Самае сумнае, што мы ня ведалі ўласны народ, мы беглі дзесьці наперадзе яго й аглядаліся то на Захад, то на Расею, а не на ўласны народ. А ён аказаўся вось такі, і ён слухае гэтага чалавека, ён выбірае гэтага чалавека, ён закладнік гэтага чалавека.
Дракахруст: Спадар Булгакаў, Вы наўрад ці будзеце пазыцыянаваць сябе як левага інтэлігента, але як Вы адказваеце на гэтае пытаньне: што Вы даведаліся пра беларускі народ падчас сёлетняй электаральнай кампаніі?
Булгакаў: Я б рэзка не выдзяляў зь беларускага народу такія яго часткі, як улада і апазыцыя. Спадарыня Алексіевіч гэтыя дзьве зьявы закранула ў сваім выказваньні.
Вынікі гэтай электаральнай кампаніі сьведчаць, што ўлада расцэньвае перамогу на рэфэрэндуме як свой вялікі здабытак, а апазыцыя апынулася ў стане разгубленасьці. Што датычыць простага, шараговага абываталя, то ён ня схільны быў гіпэрбалізаваць значэньне гэтай імпрэзы, гэтага мерапрыемства для сваёй будучыні й будучыні ўсёй краіны.
Мне здаецца, расцэньваць гэтую падзею як адназначную перамогу ўлады таксама можна зь вялікай доляй умоўнасьці. Яна з аднаго боку ў кароткатэрміновай пэрспэктыве сапраўды павялічыла магутнасьць дзяржаўнай машыны, але гэтая магутнасьць усё больш і больш завязваецца на адным чалавеку. Наколькі такая сыстэма, завязаная на адным чалавеку, можа быць стабільнай, можа зрэагаваць на выклікі часу ў недалёкай будучыні — пытаньне застаецца адкрытае.
Што датычыць апазыцыі, то для мяне, напрыклад, ясна, што калі прэзыдэнцкія выбары 2006 году будуць весьціся такімі самымі мэтадамі, то вынікі прэзыдэнцкай кампаніі для апазыцыйнага лягеру будуць прыкладна такія самыя, як і сёлета. Здаецца, настаў час пры абмеркаваньні, напрыклад, адзінага дэмкандыдата на выбары 2006 году высоўваць нейкія правакацыйныя, неспадзяваныя ініцыятывы. Чаму б не зрабіць адзіным кандыдатам Паўла Шарамета, Аляксандра Старыкевіча альбо Андрэя Дынько? Мне здаецца, кожны з гэтых людзей мог бы далёка апярэдзіць паводле пасьпяховасьці на выбарах 2006 году кожнага з традыцыйных лідэраў апазыцыі, якія ўжо набілі аскому.
Што тычыцца беларускага народу, то вынікі рэфэрэндуму й парлямэнцкіх выбараў засьведчылі зародкавы стан грамадзянскай супольнасьці. Уласна кажучы, у палітыцы ўлада можа заходзіць настолькі далёка, наколькі дазваляе грамадзянская супольнасьць. Апошнія 10 гадоў экспансіі ўлады ўшыркі і ўглыбкі сьведчаць пра тое, што гэтая зародкавая грамадзянская супольнасьць дазваляе ўладзе ажыцьцяўляць гэтую экспансію ў любым кірунку».
Дракахруст: Спадар Якубовіч, а як бы Вы адказалі на гэтае пытаньне — што Вы даведаліся пра беларускі народ у выніку галасаваньня 17 кастрычніка?
Якубовіч: Я зь цікавасьцю праслухаў спадара Булгакава. Забаўна ў нас адбываецца, калі нашая эліта — левая ці правая, разглядае працэс жыцьця як нейкую электаральную дзейнасьць. Калі паставіць Шарамета, ці будзе гэта лепш, чым адзіны кандыдат ад «Пяцёркі плюс»? Мне падаецца, што гэта крыху сьмешна, бо да сур’ёзных асноваў жыцьця, якімі жыве народ, як я дазволю сабе сказаць, ня мае ніякага дачыненьня, ці зробяць нашы тэхнолягі стаўку на Шарамета ці на Старыкевіча. Яны, апроч іншага, проста малавядомыя асобы, але справа ня толькі ў гэтым. Яны невядомыя як людзі, якія могуць нешта прапанаваць грамадзтву, акрамя набору банальнасьцяў, якія паказвалі сваю няздатнасьць апошнія 10 гадоў.
Наагул мне здаецца, «брожение умов», у тым ліку і электаральнае, якое здольнае паўплываць на выбары таго або іншага дэпутата (мы, відаць, больш гаворым пра мінулыя парлямэнцкія выбары), дык вось, «брожение умов» пачынаецца з бурчэньня пустых страўнікаў.
У Беларусі сёньня ўзровень жыцьця дастатковы для таго, каб насельніцтва гэта ацаніла. А пра нейкія сур’ёзныя палітычныя катаклізмы могуць думаць толькі самыя вялікія аптымісты. Людзі пайшлі галасаваць у немалой, а па шчырасьці — у рэкорднай, колькасьці, каб выказаць сваё стаўленьне да прэзыдэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. З аналізу пошты, якая прыходзіць у нашу газэту, вынікае, што людзі ўспрынялі сытуацыю вельмі проста — могуць зьняць з працы Лукашэнку. І людзі прыйшлі, каб выказаць сваё стаўленьне да гэтага, каб сказаць: «Не, мы за Лукашэнку».
Дракахруст: На гэтым тыдні на адкрыцьці першай сэсіі Палаты прадстаўнікоў новага скліканьня з праграмнай прамовай выступіў Аляксандар Лукашэнка. Гэтая прамова — своеасаблівая праграма дзеяньняў да 2006 году і нават на больш працяглы пэрыяд. Куды кіраўнік дзяржавы не зьбіраецца весьці краіну, свой народ, зь ягонага выступу меней-болей зразумела: «Старыя ўстаноўкі тыпу «дагнаць», «перагнаць», «засвоіць цывілізаваны досьвед» — гэтыя паняцьці мы ўжо адкінулі, і вяртаньня да іх ня будзе». А што будзе? Як Вы з гэтага выступу зразумелі — куды, да якой мадэлі грамадзкага жыцьця Аляксандар Лукашэнка зьбіраецца весьці беларусаў? Спадар Якубовіч, Вам слова.
Якубовіч: Мне не зусім зразумелая пастаноўка пытаньня — куды павядзе Лукашэнка народ? Бушу ж ніхто не задае пытаньне, куды ён павядзе народ. Ёсьць нейкія законы разьвіцьця, ёсьць жыцьцёвы кантэкст, кантэкст палітычны. Але ў сваёй праграмнай прамове прэзыдэнт зьвярнуўся да тых асноваў жыцьця, якія сапраўды турбуюць кожнага беларуса, калі толькі ён не адданы заўзятар палітыкі і жыве ня толькі абстрактнымі палітычнымі ўяўленьнямі. Лукашэнка заявіў пра тое, што наступны год будзе годам, калі дзяржава вельмі сур’ёзна зьвернецца да праблемаў сацыяльнай палітыкі: дарогаў, школы, заработнай платы, мэдыцыны, да праблемы дэбюракратызацыі, да пашырэньня магчымасьці людзей праявіць дзелавую ініцыятыву.
Зразумела, над усім гэтым можна грэбліва паўсьміхацца, маўляў, што гэта за драбяза, чаму менавіта пра гэта трэба казаць. Але трэба прыгадаць, што ў першай перадвыбарчай праграме прэзыдэнта ў 1994 годзе гаварылася — адвядзем народ ад бездані. І тады гэта было актуальна. Цяпер гэтак пытаньне не стаіць. І тыя высілкі дзяржавы, якія скіраваныя на рэальнае паляпшэньне жыцьця, у тым ліку ў пэўных сэгмэнтах — і на ўзмацненьне дзяржаўнага кантролю, рэгуляваньня, а ў іншых сэгмэнтах — і на абарону грамадзяніна ад празьмернага дзяржаўнага ўплыву — відаць, прыйшоў час для вырашэньня гэтых задачаў. І я мяркую, што ўсё гэта паслужыць умацаваньню беларускай дзяржаўнасьці й беларускай дзяржавы. Гэта задача самага бліжэйшага часу.
Словы справаздачы наконт таго, што мы адкінулі заклікі «дагнаць і перагнаць», трэба разумець у кантэксьце працы, якую робіць дзяржава для агульнага паляпшэньня дабрабыту беларускіх людзей. Я прашу прабачыць мне гэтыя канцылярызмы, але часам інакш і ня скажаш. Ці атрымліваецца ў дзяржавы палепшыць дабрабыт людзей? Так, атрымліваецца. Ці задавальняюць нас, выбаршчыкаў тэмпы гэтага паляпшэньня? Зразумела, не. Калі мы параўнаем нашае жыцьцё з расейскім, можна адчуць пэўнае задавальненьне. Калі мы будзем параўноўваць наш дабрабыт з Польшчай, зразумела, гэта нас задавальняць ня можа. Таму дзяржава сёньня вымушаная зьвярнуцца да сацыяльнай сфэры. Мяркую, што асноўная маса насельніцтва ацэніць гэтыя высілкі і будзе ў гэтым сэнсе салідарная з уладай.