Дык вось, Алексіевіч зрабіла спробу ў жанры літаратуры асэнсаваць нейкім чынам нейкія пачаткі гэтай праблемы. І адразу ж гэта выклікала шалёны адпор. Найперш з боку таго, каго лягчэй за ўсё было скарыстаць — маці ахвяраў. Маці ня тых людзей, якія там забівалі і жывуць цяпер між намі, а тых, якія самі загінулі там. Гэта, канечне, было вельмі проста, гэта — самае лёгкае рашэньне. І яно было знойдзена і прыменена ў нас у Беларусі. Менавіта супраць гэтага твору «Цынкавыя хлопчыкі», супраць яго аўтара Сьвятланы Алексіевіч і супраць спробы асэнсаваць усё-ткі ролю нашых людзей (у дадзеным выпадку — людзей з нашай нацыі, зь беларускай) у гэтай вайне — паўсталі маці, жанчыны. І, канечне, як сродак былі скарыстаныя судовыя разборкі.
5 ліпеня 1998
Сяргей Дубавец, Вільня
Зь перадачы «Вострая брама. Беларускі культурны кантэкст ХХ стагодзьдзя».
Сяргей Дубавец: Беларуская інтэлігенцыя збалелася па Нобэлеўскай прэміі. Пра гэта гавораць, мараць, вераць у шчасьлівае ўзнагароджаньне як у панацэю ад нацыянальнага выраджэньня. Усе гэтыя, на першы погляд, бяссэнсавыя летуценьні ўжо самі па сабе ёсьць жыцьцём культуры, якая намацвае сваю новую постсавецкую герархію.
На Нобэлеўскую прэмію вылучаюць, аб ёй хадайнічаюць, за яе спаборнічаюць. І ўсё гэта адбываецца пераважна таемна або й зусім таемна. Бо такія правілы дыктуе сам інстытут Нобэлеўскай прэміі, якая прызначаецца ў выніку складанай сыстэмы кулюарнага лабіраваньня. Сакрэтнасьць прыводзіць да таго, што ў розных асяродках беларускае эліты выношваюцца наконт Нобэля свае «віды», пра якія па-за межамі асяродку ня ведае ніхто. Такім чынам, у Беларусі можа адначасова высьпельвацца некалькі кандыдатаў у розных намінацыях, а самое прызначэньне акажацца, як заўсёды, нечаканым. Момант мафіёзнасьці ў гэтыя закулісныя гульні прыўносіць аб’ём прэміі — больш за мільён даляраў. Можна цалкам уявіць сабе, што для некага гэта ніштаваты бізнэс.
У нацыяналістычных асяродках Нобэля зьвязваюць найперш зь літаратурай і найчасьцей называюць імя Васіля Быкава. Але й тут, высьвятляецца, ня ўсё адназначна і «аднагалосна». Скажам, я быў перакананы, што ўся наша эліта спадзяецца на прысуджэньне прэміі Быкаву і як можа лабіруе гэтую ідэю яшчэ з часоў Брэжнева (калі Быкаву, казалі, далі Ленінскую прэмію нібыта дзеля таго, каб ён не атрымаў Нобэля), а можа быць і раней.
І вось гады тры таму ў зімовай Варшаве я размаўляю з адным беларускім апазыцыйным прафэсарам і кажу яму, што няблага было б, каб наша апазыцыя выкарыстала свае міжнародныя сувязі дзеля лабіраваньня Васіля Быкава на прэмію. Прафэсар задумаўся і адказаў, што Быкаў, вядома, добры пісьменьнік, але ён стары, а ў нас ёсьць маладзейшыя, якія пра вайну пішуць лепей за яго.
Адказ прафэсара я расцаніў як недасьведчанасьць. Маўляў, ня ведае чалавек літаратуры, бо якія такія маладзейшыя ў нас пішуць лепш за Быкава і тым больш пра вайну?
Тую гутарку з прафэсарам я ўвесь час згадваў для сябе амаль як анэкдот. Пакуль не зразумеў, што памыляўся тады не прафэсар, а я сам. І ў той час, калі мы гаворым пра кандыдатуру Васіля Быкава, у яго, аказваецца ёсьць у Беларусі зусім рэальны канкурэнт.
Зусім нядаўна я зразумеў, што прафэсар меў на ўвазе Сьвятлану Алексіевіч. Яна ж і маладзейшая, і таксама піша пра вайну. Яе творы шырока перакладаюцца ў сьвеце. Увагі з боку прэсы ёй не бракуе, дый пра яе кандыдатуру на Нобэля ўжо даводзілася чуць ня раз. А калі ўлічыць, што прэмія, як правіла, бывае нечаканай... Выходзіць, бээнэфаўскі прафэсар ужо тры гады таму ведаў, каго яму трэба лабіраваць на швэдзкую прэмію.
Асабіста я нічога ня маю супраць Сьвятланы Алексіевіч. І калі б зоркі леглі для яе шчасьліва, варта было б шчыра парадавацца за пісьменьніцу, якая піша па-расейску. Але не за Беларусь.
Бо, парадаксальным чынам, такая прэмія магла б стаць апошнім цьвіком у труну беларускае мовы, якая пасьля такога прызнаньня расейскамоўнае літаратуры ў Беларусі наўрад ці б ужо ачомалася да паўнавартаснага грамадзкага існаваньня. Магчыма, яна б атрымала статус ірляндзкае мовы, на якой яшчэ гавораць сяляне ў краіне, дзе сямёра англамоўных пісьменьнікаў носяць званьне ляўрэатаў Нобэля.
Справядліва было б, каб расейскамоўныя пісьменьнікі прадстаўляліся ў сьвеце як расейскія. На жаль, пакуль гэта ня так. І ў тым не віна пісьменьнікаў, а бяда тых краінаў, што падарваныя 200-гадовай расейскай акупацыяй.
Купалава апазыцыя «Белабог — Чарнабог» трансфармавалася ў алітэрацыю Аляксандра Лукашука «Нобэль — Чарнобыль». Самое слова «нобэль» з гэтага моманту стала беларускім. Ці стане яно для нашае культуры лёсавызначальным?
Аляксандар Лукашук: Нобэлеўская прэмія для Беларусі — як Чарнобыль наадварот. Ейнае выпраменьваньне прасякнула б жыцьцё нацыі на пакаленьні наперад і асьвяціла б на пакаленьні назад. У гэтым сьвятле адкрылася б — і так стала існай — уся Беларусь, мінулая і будучая, для сьвету і для сябе самой. Спраўдзілася б Купалава мэтафара пра пачэсны пасад між народамі. З Нобэлеўскага п’едэсталу загаварыла б уся нашая задушаная, закатаваная, расстраляная ў ХХ стагодзьдзі літаратура і мова. Яна б уваскросла як Хрыстос пасьля зьняцьця з крыжа.
Тое, што я сказаў, — аргумэнты слабасьці. Вонкавае прызнаньне — пацьверджаньне істотнасьці існаваньня, яго вартаснасьці — патрэбнае тым, хто сумняваецца ў сабе. Беларусы сумняваюцца. Для мяне асабіста гэта быў бы самы шчасьлівы дзень у жыцьці. Толькі слабыя ведаюць, што такое перамога.
Уладзімер Арлоў: Я лічу, што найбольшую верагоднасьць атрымаць Нобэлеўскую прэмію ў сучаснай Беларусі мае пісьменьнік, і мы ведаем імя гэтага пісьменьніка. Калі прысуджэньне яму Нобэлеўскай прэміі адбудзецца, напрыклад, сёлета, то мой прагноз такі. Па-першае, нарэшце сярод багатых беларусаў зьявіцца пісьменьнік, які дасягнуў багацьця не праз гандаль, напрыклад, гарэлкай ці сумленьнем, а літаратурнай працай. Па-другое, чалавек, які займае пасаду прэзыдэнта краіны, не павіншуе нобэлеўскага ляўрэата. Па-трэцяе, дзяржаўныя выдавецтвы Беларусі не закідаюць нобэлеўскага ляўрэата прапановамі пра новыя выданьні ягоных кніг. Па-чацьвертае, Міністэрства адукацыі не парэкамэндуе выкладчыкам роднай мовы абавязкова правесьці адмысловы ўрок, прысьвечаны новаму нобэлеўскаму ляўрэату. Па-пятае, калі чытачы захочуць сустрэцца зь ляўрэатам, высьветліцца, што дзеля гэтага патрэбны пісьмовы дазвол «вэртыкалі» або, напрыклад, БПСМ (прапрэзыдэнцкі Беларускі патрыятычны саюз моладзі, існаваў з 1997 да 2002. — Рэд.). Можна прагназаваць таксама пэўныя захады з боку падатковай інспэкцыі. Але ўрэшце гэткая рэакцыя будзе мець несумнеўны станоўчы эфэкт. Карацей, я мару, што ў ХХІ ст. Беларусь уступіць са сваім першым нобэлеўскім ляўрэатам, бо на наступнае стагодзьдзе ў нас плянуюцца новыя.
Зянон Пазьняк: Нобэлеўская, як і ўсялякая прэмія, што адзначае талент і інтэлект, спрыяе фармаваньню разумнай эліты грамадзтва. А ў грамадзтве ўзровень разумнай эліты — гэта найважнейшае. Страта такой эліты ці яе перараджэньне, ці абніжэньне ўзроўню вядзе да грамадзкіх хваробаў, такіх як таталітарызм, самаразбурэньне, страта арыентыраў, што можа скончыцца нацыянальнай катастрофай.
Наяўнасьць прэміі для эліты і для элітарных дасягненьняў трэба толькі вітаць. З другога боку, сытуацыя з прызначэньнем такіх прэміяў ня можа быць цалкам аб’ектыўнай. Тут умешваюцца палітычныя, геаграфічныя і іншыя традыцыйныя чыньнікі. Акрамя таго, грамадзтва таксама павінна быць актыўным.
Інтэлектуальны ўзровень беларускай эліты — гуманітарнай, навуковай, тэхнічнай — вельмі высокі. Але грамадзтва ня ўмее яго скарыстаць, ня ўмее выявіць, прадставіць і нават шанаваць. Не знаходзіцца актыўных людзей, каб арганізаваць падрыхтоўку і прадставіць Васіля Быкава на Нобэлеўскую прэмію. Само па сабе такое ня робіцца, а пісьменьнік і ягоная творчасьць вартыя прэміі Нобэля. Грамадзтва ня здолела нават абараніць вялікага пісьменьніка ад лукашэнкаўскага акупацыйнага рэжыму. І гэта ў значнай ступені ўзяла на сябе міжнародная супольнасьць.
Так што розум у грамадзтве павінен быць актыўным. Калі гэтага ня будзе, то не адбудзецца і яго поўнай рэалізацыі. Будуць страты. Можа быць, як і ў прыкладзе зь Беларусяй, высокі інтэлектуальны ўзровень, але гэта прападае марна альбо выкарыстоўваецца іншымі, не на карысьць нацыі.
15 лютага 1999
Сяргей Навумчык, Прага
У Беларусі адзначаюць дваццатую гадавіну завяршэньня вываду савецкіх войскаў з Афганістану.
У сьнежаньскую ноч 1979-га зь віцебскага аэрадрому ўзьнялася ў паветра самая першая эскадрыльля транспартнай дывізіі, якая прывезла ў Афганістан першыя савецкія дэсантныя падразьдзяленьні. Ужо празь некалькі дзён самалёты вярнуліся зь першымі цынкавымі трунамі.
Ленін, чыё вучэньне было кананічным для таго пакаленьня, якому давялося ваяваць у Афганістане, пісаў пра войны справядлівыя і несправядлівыя. Савецкая вайна ў Афганістане не была справядлівай нават паводле ленінскай тэорыі.
Дысыдэнту Ўладзіміру Букоўскаму на пачатку 1990-х гадоў удалося на некалькі тыдняў атрымаць доступ да архіву Генэральнага сакратара ЦК КПСС, які цяпер завецца прэзыдэнцкім архівам. У сваёй кнізе «Маскоўскі працэс» Букоўскі прыводзіць успаміны ўдзельнікаў штурму палаца тагачаснага кіраўніка Афганістану Аміна.
Штурм пачаўся з артылерыйскага абстрэлу, потым спэцгрупа ўварвалася ў палац, закідваючы ў кожны пакой гранаты і паліваючы ўсё навокал агнём з аўтаматаў. Калі дабраліся да пакояў Аміна, убачылі, што ён трымае на руках шасьцігадовага сына, а побач быў старэйшы сын-падлетак. Імгненна расправіўшыся з кіраўніком Афганістану, афіцэры КДБ разрадзілі свае аўтаматы і ў ягоных дзяцей. Так пачалася афганская вайна.
Дзеці Аміна не пасьпелі заплакаць, але іншыя мільёны афганскіх дзяцей аплакалі сьмерць сваіх бацькоў ды матак. У Савецкім Саюзе аплакваць блізкіх давялося бацькам — сярэдні ўзрост палеглых савецкіх вайскоўцаў не перавышаў дваццаці гадоў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу — звыш трынаццаці тысячаў магілаў тых, хто не вярнуўся жывым з той вайны. Ёсьць усе падставы меркаваць, што лічба заніжаная, бо колькасьць ахвяраў з афганскага боку дасягае — паводле афганскіх зьвестак — каля мільёна чалавек. Відавочна, дакладныя лічбы ўжо ня будуць вядомыя ніколі.