Праз тыдзень Сьвятлана Алексіевіч пакіне Беларусь. Яна едзе на запрашэньне й на стыпэндыю эўрапарлямэнцкай пісьменьніцкай арганізацыі. Прыблізна год Сьвятлана Алексіевіч будзе жыць у Італіі (у Флярэнцыі), а потым яшчэ год — у Францыі.
Ейная апошняя сустрэча з грамадзкасьцю адбылася ў рамках міжнароднае канфэрэнцыі «Разбуранае XX стагодзьдзе: Хроніка будучыні», якую ладзіў міжнародны жаночы фонд імя Сьвятой Эўфрасіньні Полацкае. Падчас вечарыны адбылася прэзэнтацыя беларускага выданьня «Чарнобыльскае малітвы».
Упершыню гэтая кніга выдадзеная на беларускай мове. «Чарнобыльская малітва» надрукаваная на сродкі Прадстаўніцтва ААН у Беларусі, а таксама пры ўдзеле літаратурна-мастацкага фонду «Гронка». Кніга мае невялікі наклад, усяго 1500 асобнікаў, частка зь іх будзе бясплатна перададзеная беларускім бібліятэкам.
Падчас вечарыны Сьвятлана Алексіевіч распавяла нашаму радыё пра тое, што плянуе ў Італіі скончыць працу над сваёй кнігаю пра каханьне «Дзівосны алень вечнага паляваньня»:
«Я не перапыняю сувязі з радзімаю, буду сюды прыяжджаць, таму што доўга без сваёй краіны жыць не магу», — зазначыла Сьвятлана Алексіевіч.
На думку пісьменьніцы, у Беларусі надышоў час пакідаць барыкады, бо гэта ўсё адбітак пэўнае «культуры вайны». «Я не кажу, што трэба даць гэтай правінцыйнай дыктатуры рабіць з намі ўсё, што заўгодна, — лічыць Алексіевіч, — але ўвесь час заставацца на барыкадах нельга». На ейную думку, цяпер для Беларусі галоўная праблема — гэта праблема апазыцыі, праблема эліты.
Надоечы Алексіевіч вярнулася з Токіё, дзе зь яе ўдзелам японскай тэлекампаніяй NHK была зьнятая мастацка-дакумэнтальная стужка «Маленькі чалавек і вялікая ўтопія». Гэта 75-хвілінны фільм пра пісьменьніцу і герояў ейных твораў. «Мы выбралі па 2-3 героі з кожнай маёй кнігі, праехалі па ўсёй былой краіне-ўтопіі, здымалі ў Беларусі, Украіне, Расеі», — распавяла Сьвятлана Алексіевіч. Гэтая стужка хутка будзе дэманстравацца на японскай тэлевізіі. Што тычыцца Беларусі, дык Сьвятлана Алексіевіч цяпер і не спадзяецца, што фільм «Маленькі чалавек і вялікая ўтопія» ў блізкім часе можа быць паказаны на радзіме.
Валянціна Аксак, Менск
18 чэрвеня 2001
У Менску прайшла канфэрэнцыя, арганізаваная Ўсебеларускім жаночым фондам сьв. Эўфрасіньні Полацкай.
Напачатку гаворка пайшла ў звычным для жаночых імпрэзаў рэчышчы: мажлівасьці ды формы рэалізацыі сацыяльна-пэдагагічных ды псыхалягічных уплываў жаночых арганізацыяў на фармаваньне гуманістычных пачаткаў у грамадзтве.
…Натуральна гаворка пакрысе перамясьцілася ў надзённы для Беларусі момант стварэньня ў грамадзтве такіх мажлівасьцяў. Павярнуў гаворку ў гэтае рэчышча адзіны ў залі мужчына — юрыст Георгі Куневіч.
Доля жанчын сярод электарату складае каля 53%. І яны ня толькі выбіраюць будучыню сваім дзецям, але і імкнуцца ўплываць на выбар мужчынаў. Пра што асабліва яскрава сьведчыць полавы склад групаў незалежных назіральнікаў на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Паводле зьвестак арганізатараў канфэрэнцыі, жанчын-назіральніц будзе больш за палову.
Пра рост увагі беларускіх жанчын да прэзыдэнцкіх выбараў засьведчыла прысутнасьць на канфэрэнцыі вядомае пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч, якая ад мінулай восені жыве ў Італіі і якой належыць выслоўе, што жанчыне, тым больш творчай, ня месца на барыкадах.
Алексіевіч: «Я проста думаю, што ў жанчын іншая барыкада. Я супроць той формы барыкады, калі гэта нянавісьць — незалежна ці са знакам плюс ці са знакам мінус. Таму што агрэсіўнае энэргіі і так шмат у нашым грамадзтве.
Я лічу, што жанчына павінна адстойваць нашую годнасьць, нашае жыцьцё, нашую будучыню, але сваімі жаночымі сродкамі. Вось што я мела на ўвазе. Я не казала, што давайце пакінем усё як ёсьць і падпарадкуемся гэтаму. Я казала, што час патрабуе сваіх формаў супрацьстаяньня, і тут жанчыны маюць велізарны вопыт», — сказала Сьвятлана Алексіевіч.
18 кастрычніка 2002
Алена Панкратава, Менск
У менскім музэі Янкі Купалы беларускія інтэлектуалы сустракаліся са Сьвятланай Алексіевіч.
Сьвятлана Алексіевіч прыехала ў Беларусь тыдні на тры. За гэты час яна мяркуе наведаць Маскву і Варшаву, дзе будзе вырашаць пытаньне экранізацыі некаторых сваіх кнігаў.
Як сьведчыць пісьменьніца, ейныя раньнія творы цяпер шмат перавыдаюцца на Захадзе. Чытачы той самай Італіі, дзе яна цяпер жыве і працуе, а таксама Францыі вельмі актыўна вяртаюцца да пераасэнсаваньня камуністычнай ідэі, былога савецкага досьведу. Яны адмаўляюцца ад былых спрошчаных клішэ, але ставяць сабе пытаньне: што ж гэта за крывавая сацыяльная канструкцыя, якая час ад часу так магічна вабіць да сябе людзей і пры гэтым ніяк ня можа ажыцьцявіцца?
Алексіевіч: «У адной з рэцэнзіяў я прачытала, што яны ўспрымаюць мяне як хранікёра лёсу маленькага чалавека і вялікай утопіі. У той самай Італіі, дзе вельмі моцная камуністычная апазыцыя, дзе яна схаваная, мімікраваная, ідэалы і досьвед гэтай утопіі вельмі цікавыя. Калі глядзіш на нашае жыцьцё адтуль, то бачыш, што нам не хапае мужнасьці ацаніць тое, што цяпер адбываецца.
Мы ўвесь час у сыстэме міталягемаў круцімся і карыстаемся старымі адказамі. Барыкады нам падаюцца найвышэйшай формай супрацьстаяньня. А на самой справе гэта другі сьвет. І як прагучала ў часе круглага стала, і дэмакратыя, і дыктатура — гэта ўжо тэхналёгіі кіраваньня масавай сьвядомасьцю. Таму нам трэба ўсім рабіцца хаця б прафэсіяналамі».
У часе сёньняшняга круглага стала «Інтэлектуалы: спакусы маўчаньня», на якім старшынявала Сьвятлана Алексіевіч, беларуская творчая эліта імкнулася зразумець, чаму раней ва ўмовах татальнай несвабоды мастакі, хай на эзопавай мове, давалі шчырыя адказы на пытаньні, хто яны і дзе яны. Сёньня, як распавялі ўдзельнікі круглага стала дый сама пісьменьніца, адчуваецца настальгія па такіх людзях.
Алексіевіч: «Я думаю, што адзіная магчымасьць зараз стварыць нейкую сытуацыю палітычную, інтэлектуальную — гэта ня мітынг. Мітынг з асобнага чалавека робіць масу. А мы ўжо маем такі цэмэнтны маналіт. Я думаю, што менавіта тыя каштоўнасьці прыватнага жыцьця, да якіх прыйшоў Захад, ёсьць этапы нашага руху».
Як лічаць удзельнікі сёньняшняга круглага стала, новыя каштоўнасьці, ідэі ў грамадзтве могуць узьнікнуць толькі тады, калі людзі насамрэч грунтоўна асэнсуюць сэнс такіх будзённых сёньня словаў, як «дэмакратыя», «гісторыя», «культура», «нацыя».
31 сьнежня 2002
Юры Дракахруст, Прага
У перадачы «Праскі акцэнт» вынікі году абмяркоўваюць пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, галоўны рэдактар часопісу ARCHE Валерка Булгакаў і дырэктар Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.
Дракахруст: Напад на Амэрыку 11 верасьня летась зьмяніў сьвет. За некалькі дзён да гэта адбылася падзея, якая мела ня менш важнае значэньне для Беларусі — 9 верасьня летась пачаўся другі прэзыдэнцкі тэрмін Аляксандра Лукашэнкі. У гэтых падзеях-сымбалях, як у своеасаблівым кодзе ДНК, было зашыфраванае далейшае разьвіцьцё, аддаленыя, у тым ліку і зусім непалітычныя, наступствы. Як сёлета раскрываліся сэнсы, закладзеныя ў гэтых падзеях? Спадарыня Алексіевіч, Вам слова.