3 сьнежня 2015
Іна Студзінская, Менск
З 6 па 12 cьнежня ў сталіцы Швэцыі Стакгольме пройдзе тыдзень нобэлеўскіх урачыстасьцяў.
Сярод шматлікіх імпрэзаў вялікую цікавасьць выклікаюць Нобэлеўская мэмарыяльная лекцыя, зь якой павінен выступіць кожны ляўрэат (выступ Сьвятланы Алексіевіч заплянаваны на вечар 7 сьнежня), а таксама сама ўрачыстая цырымонія 10 сьнежня, на якой кароль Швэцыі Карл ХVI Густаў уручыць ляўрэатам дыплёмы і мэдалі.
Ці будуць беларускія дзяржаўныя тэлеканалы весьці жывую трансьляцыю з гэтых мерапрыемстваў, высьвятляла карэспандэнтка Свабоды.
Cьвятлана Краскоўская-Смалонская, прэс-сакратар Белтэлерадыёкампаніі, куды ўваходзяць і Першы тэлеканал — «Беларусь 1», культурніцкі тэлеканал «Беларусь 3», адмысловы канал «Культура», сказала:
— У сувязі з наяўнасьцю пэўных арганізацыйна-тэхнічных, фінансавых і юрыдычных пытаньняў і аспэктаў Белтэлерадыёкампанія не плянавала набыцьцё правоў на жывую трансьляцыю цырымоніі ўзнагароджаньня Нобэлеўскай прэміяй за 2015 год. Разам з тым, хачу адзначыць, і радыё-, і тэлеканалы мэдыяхолдынгу будуць шырока асьвятляць гэтую падзею.
— То бок гэта азначае, што карэспандэнты будуць на самой імпрэзе?
— Ну, магчыма.
— То бок яшчэ не дакладна?
— Я ж вам сказала, што мы плянуем шырока асьвятляць гэтую падзею інфармацыйна.
Прэс-сакратар каналу АНТ Юлія Дубоўская паведаміла Радыё Свабода, што жывой трансьляцыі са Стакгольму з цырымоніі ўзнагароджаньня нобэлеўскіх ляўрэатаў ня будзе — ніхто не прапаноўваў тэлекампаніі купіць правы на трансьляцыю, а самі не зьвярталіся. Але асьвятляць падзею інфармацыйна тэлеканал будзе. На пытаньне, ці паедуць у Стакгольм карэспандэнты АНТ, Юлія Дубоўская адказала, што з дакладнасьцю пакуль ня ведае. Але запэўніла, што прынамсі ў інфармацыйных выпусках сюжэты пра ўрачыстасьці ў Стакгольме абавязкова будуць.
Тэлеканал «Белсат», які вяшчае па-беларуску з Польшчы, накіроўвае сваіх карэспандэнтаў у Стакгольм, паведаміў Свабодзе кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграмаў Аляксей Дзікавіцкі.
Што тычыцца жывой трансьляцыі Нобэлеўскай мэмарыяльнай лекцыі Сьвятланы Алексіевіч, спадар Дзікавіцкі паведаміў, што кіраўніцтва каналу робіць усё магчымае, каб гэта зрабіць, але канчатковы адказ будзе толькі 4 сьнежня.
Аляксей Дзікавіцкі патлумачыў, што «Белсат» зьвярнуўся ў EBU (Эўрапейскі вяшчальны саюз — European Broadcast Union). EBU будзе мець пэўныя трансьляцыі праз Швэдзкае тэлебачаньне. Беларускія тэлеканалы ўваходзяць у EBU, за што плацяць штомесячныя складкі, і могуць лёгка зьвярнуцца на Швэдзкае тэлебачаньне з просьбай аб трансьляцыі.
«Мы будзем рабіць трансьляцыю асноўных урачыстасьцяў 10 сьнежня, дзе таксама нельга здымаць, але робім гэта праз Швэдзкае тэлебачаньне. Мы будзем рабіць трансьляцыю і з прэсавай канфэрэнцыі 6 сьнежня, якую будзе даваць Алексіевіч — таксама праз EBU. Што тычыцца Нобэлеўскай мэмарыяльнай лекцыі, мы яшчэ ня ведаем, ці швэды дамовіліся з Нобэлеўскім камітэтам, каб гэтую лекцыю трансьляваць. Чакаем пацьверджаньня, ці дадуць нам сыгнал Нобэлеўскай лекцыі, якая адбудзецца ў панядзелак. Калі ў пятніцу нам адкажуць, то мы будзем наўпрост яе трансьляваць».
Таварыства беларускай мовы зьвярнулася да старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі зь лістом, у якім гаворыцца, што жывую трансьляцыю трэба правесьці, «улічваючы значнасьць для нашай краіны гэтай падзеі і шматлікія просьбы грамадзян Беларусі». Афіцыйнага адказу ад спадара Давыдзькі пакуль няма.
3 сьнежня 2015
Сяргей Дубавец, Менск
Вялікія, казаў Уладзімер Караткевіч, ня ў сэнсе «великие», а ў сэнсе «большие».
Аляксандар Лукашук калісьці назваў літаратурнага Нобэля для Беларусі Чарнобылем наадварот. Маштаб гэтай пазытыўнай падзеі для нацыі сувымерны з маштабам той нэгатыўнай.
Літаратурных набэлістаў называюць геніямі чалавецтва. Кожнае іх слова ўспрымаецца як ісьціна і прароцтва па ўсім сьвеце. Мы, вядома, можам гэта ўсё аспрэчваць, але нашы пікіроўкі адыдуць у нябыт разам з намі, з нашым зямным існаваньнем. Тады як літаратурны Нобэль для Беларусі — набытак, які не дэвальвуецца часам. Праз тры ці пятнаццаць пакаленьняў нашы нашчадкі будуць радасна распраўляць плечы пры слове «Алексіевіч». Праўда, і наступствы Чарнобылю праз тры ці пятнаццаць пакаленьняў, дзякуючы навуцы, стануць яўнымі і таму рэальна страшнымі.
Трэба сказаць, што ва ўласнай нашай гісторыі маштабу літаратурнага Нобэля адпавядае, бадай, толькі постаць Скарыны — першадрукара беларускай Бібліі, трэцяй такой у сьвеце (пасьля немцаў і чэхаў). Праз год зь невялікім нашай першай друкаванай кнізе споўніцца 500 гадоў. Але набліжэньня гэтай падзеі не адчуваецца. Як і набліжэньня нобэлеўскага трыюмфу Алексіевіч. Мала хто пра гэта чуў, ведае і ведаць хоча. Нацыя не заўважае сваіх посьпехаў у маштабе ўсяго чалавецтва і на ўсе вякі.
Вядома, можна сказаць, што нацыя толькі фармуецца (ці можа наадварот — расфармоўваецца), што русыфікацыя прывучыла беларусаў адчуваць сябе жыхарамі якога-небудзь правінцыйнага Таганрогу, што Лукашэнка — агент ФСБ і ўвогуле кіраўнік саўгаснага маштабу… Напэўна, праўда ў гэтым ёсьць. Але гэта ня праўда анталягічнага ўзроўню, а толькі праўда штодзённых газэт.
Жыцьцёвы досьвед дазваляе мне быць высокай думкі пра наш народ. І не ў прэзыдэнцкім сэнсе, што «народ харашо ражает і кушает», а якраз паводле мудрасьці, арыстакратызму душы і таленту. Урэшце фэрма ня можа ўзрасьціць генія чалавецтва. І ўся гэтая русыфікацыя і замбаваньне крымнашамі — рэчы наносныя і ў маштабах вечнасьці вокамгненныя. Усё мінецца, сутнасьць застанецца.
Дык вось пра сутнасьць. Беларусы не заўважаюць Скарыну, не заўважаюць Нобэля, але ж і Чарнобылю яны не заўважылі. Хваробы і сьмерці блізкіх заўважылі, вядома, хто сутыкнуўся. Але найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы ў гісторыі чалавецтва — не.
І вось што падумалася. Для беларусаў Скарына, Чарнобыль і Нобэль — зьявы ня толькі аднаго касьмічнага маштабу, але і аднаго парадку. У гэтым шэрагу ёсьць яшчэ адна падзея — Вайна. Касьмічна стратная для народа Першая сусьветная, якая перайшла ў сувымерныя паводле стратаў сталінскія рэпрэсіі і завяршылася гэткай жа маштабнай Другой сусьветнай.
Гэта як глыбінная прышчэпка — у самую сарцавіну людзкога мэнталітэту — ад усяго касьмічнага, сусьветнага і глябальнага — добрага ці благога. Ай, лепш ня трэба — ні думаць пра гэта, ні ведаць, ні разумець. Сама істота на ўзроўні падсьвядомасьці адштурхоўваецца ад Нобэля, як ад Чарнобылю. Дайце спакою, не чапайце, не траўмуйце псыхіку. Хай сабе вялікае ўбачыцца на адлегласьці, але не цяпер, не пры нас. Занадта блізкае сонца спапяляе. Гэта далёка яно цёплае, ласкавае, усьміхаецца.
Савецкая траўма на беларускай мэнтальнасьці не загаілася. Усе гэтыя два дзясяткі гадоў яе вярэдзіць і вярэдзіць улада. Адсюль ідуць і ўнутраныя забароны думаць пра палітыку, пра родную мову ці заходнюю цывілізацыю.
Але час мацнейшы за ўладу, за траўму і за мэнтальнасьць.