Радыё Свабода: Скажыце пару словаў пра выдавецтва «Ersatz», у якім выходзілі кнігі Алексіевіч у швэдзкім перакладзе. Гэта, як выглядае, малое, даволі элітарнае выдавецтва? У кожным разе — яны не выдаюць мэйнстрымавую літаратуру...
Плакс: Першыя кніжкі Алексіевіч выйшлі ў іншым выдавецтве — «Ordfront», гэта нашмат буйнейшае выдавецтва. Але пасьля выданьнем яе кніг занялася выдавецтва «Ersatz» — гэта выдавецтва «якаснай» літаратуры, яно спэцыялізуецца на літаратуры, якая шырока ў Швэцыі не прадстаўленая. Сярод іншага яно арыентуецца на літаратуру краінаў былога Савецкага Саюзу, зь беларускіх пісьменьнікаў яны таксама выдалі, напрыклад, «Горад сонца» Артура Клінава, «Вольныя вершы» Андрэя Хадановіча, там выйшла і мая найноўшая кніжка...
Радыё Свабода: Калі Алексіевіч жыла ў Швэцыі, вы зь ёю сустракаліся?
Плакс: Ну, ня так часта, бо яна жыла ў Гётэборгу, а я ў Стакгольме, але кантакты меў. Тады яшчэ існавала Беларуская служба Швэдзкага радыё, дзе я працаваў, і мы, вядома ж, зьвярталіся да яе па камэнтары па тых або іншых пытаньнях. Памятаю адну імпрэзу з удзелам Сьвятланы і Барыса Пятровіча ў цэнтральнай бібліятэцы гораду Мальмё, я там таксама быў у якасьці перакладчыка твораў Барыса. Раз яна таксама падарожнічала па Поўначы краіны на запрашэньне Марыі Сёдэрбэрг.
Радыё Свабода: Алексіевіч папулярная ў швэдзкіх фэмінісцкіх колах. Як яна здабыла гэтую папулярнасьць?
Плакс: Гэтак, вядома ж, сталася дзякуючы кнізе «У вайны не жаночае аблічча». Гэта ўнікальная кніга ў тым сэнсе, што вайна там падаецца з жаночай пэрспэктывы — наколькі мне вядома, такога ў сусьветнай літаратуры да яе ніхто не рабіў. Акрамя таго, што гэта моцны літаратурны твор, гэта яшчэ вельмі цікавы матэрыял як для гендэрных дасьледаваньняў, так і для фэміністычнага руху наагул.
Радыё Свабода: У букмэйкераў Алексіевіч трапіла ў фаварыты кандыдатаў на Нобэля гады тры-чатыры таму. Калі ў Швэцыі адчулі, што Сьвятлана Алексіевіч — гэта рэальная кандыдатка?
Плакс: Для мяне стала абсалютна відавочным, калі я два гады таму прачытаў яе апошнюю кнігу — «Час second-hand». Я адчуў, што, па-першае, гэта літаратура відавочна вартая Нобэлеўскай прэміі, і, па-другое, што Алексіевіч безумоўна яе атрымае. Але я ня думаў, што яна атрымае яе так хутка. Кніга «Час second-hand» праліла новае сьвятло на ўсё, што яна дагэтуль напісала, яна надае зваротную пэрспэктыву і выбудоўвае з усіх папярэдніх кніжак адзіны «opus magnum». Гэтая кніга мела ў Швэцыі вельмі добрыя рэцэнзіі і нават уваходзіла ў сьпісы бэстсэлераў, што нячаста здараецца зь «цяжкай» літаратурай.
Радыё Свабода: Вы прысутнічалі на аўтарскіх сустрэчах Алексіевіч са швэдзкімі чытачамі? Як яе ўспрымалі швэды?
Плакс: У Швэцыі фармат сустрэчаў зь пісьменьнікамі іншы, чым той, да якога прызвычаіліся ў Беларусі. Тут ня так, што публіка прысылае паперкі з пытаньнямі і пісьменьнік на іх адказвае ў інтэрактыўным рэжыме. Тут звычайна на сцэне сядзіць пісьменьнік і чалавек, які задае яму пытаньні ў фармаце інтэрвію. Публіка проста слухае і актыўна ў размове ня ўдзельнічае. Але на тых сустрэчах, дзе быў я, свабодных месцаў не было. Пасьля сустрэчаў, як тут прынята, пісьменьнік падпісвае свае кнігі. Да Сьвятланы заўсёды стаялі доўгія-доўгія чэргі, яна зь вялікай адказнасьцю заставалася і падпісвала кнігі ўсім ахвочым хоць часам гэта займала і цэлую гадзіну.
Радыё Свабода: Вы працуеце рэжысэрам і драматургам радыётэатру Швэдзкага нацыянальнага радыё. Ставіце п’есы па кнігах Алексіевіч? Што пра іх кажуць акторы?
Плакс: Пакуль што я паставіў толькі адзін спэктакль — па кнізе «Час second-hand». Фармат спэктаклю — 55 хвілін, гэта каля 40 старонак тэксту, а ў кнізе — каля 700... Чым кнігі Алексіевіч цікавыя — і асабліва гэтая найноўшая — дык гэта менавіта тым, што яна праз паказ спэцыфічнай савецкай мэнтальнасьці распавядае нешта пра чалавека як такога, пра нешта ўнівэрсальнае, што ўласьціва чалавеку як біялягічнаму віду. І я ня думаю, што гэтая спэцыфіка «homo sovieticus’а» нейкім чынам замінае зразумець агульначалавечае вымярэньне. Наадварот. У «Часе second-hand» паказана вельмі добра, што месца і час уплываюць на тое, як паводзіць сябе чалавек, і любы чалавек у пэўных абставінах, напэўна, можа паводзіць сябе па-рознаму — у тым ліку і як той самы савецкі чалавек.
Радыё Свабода: Наколькі прысуджэньне прэміі беларускай пісьменьніцы зьмяніла ўспрыманьне Беларусі ў Швэцыі?
Плакс: Па-першае, наагул зьявілася хоць нейкае ўспрыманьне. Дагэтуль ведалі хіба што пра Лукашэнку, пэрыядычную паліцэйскую брутальнасьць падчас выбараў. А тут — ужо адно тое, што найбуйнейшая швэдзкая газэта Dagens Nyheter, а таксама рэдакцыя культуры Швэдзкага радыё пачалі ўжываць замест Vitryssland (Белая Расея) назву Belarus — гэта сьведчаньне таго, што да Беларусі пачалі ставіцца з большай увагай, з большай павагай, і гэта не ў апошнюю, а, можа, і ў першую чаргу — дзякуючы гэтай падзеі.
Заўважна павялічылася колькасьць артыкулаў і рэпартажаў пра Беларусь, хоць звычайна ў Беларусі адбываецца, з мэдыяльнага пункту гледжаньня, няшмат. Пару дзён назад, напрыклад, мне пазванілі з швэдзкага тэлеграфнага агенцтва TT і спрабавалі высьветліць, ці прадаюцца кніжкі Алексіевіч у менскіх кнігарнях. Яшчэ тры месяцы таму такое было немагчыма сабе ўявіць.
7 сьнежня 2015
Аляксандра Дынько, Стакгольм
Стэфан Эрыксан правёў у Беларусі сем гадоў разам з жонкай і дзецьмі. Быў першым кіраўніком дыпляматычнага прадстаўніцтва Швэцыі. Вывучыў беларускую мову лепш за многіх беларусаў, пасябраваў зь пісьменьнікамі, паэтамі і музыкамі і пасьпеў заваяваць любоў грамады.
Калі ў 2012 годзе беларускія ўлады вырашылі не працягваць Эрыксану дыпляматычную акрэдытацыю, гэта азначала выгнаньне. Цяпер Стэфан Эрыксан — нобэлеўскі аташэ сёлетняй ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч. Ён адказны за яе знаходжаньне ў Стакгольме, паўсюль суправаджае яе і, як выглядае, надзвычай шчасьлівы сваёй пасадай.
«Я ўпэўнены, што Беларусь шмат чаго можа прапанаваць Эўропе. Але галоўнае, каб беларусы самі цанілі сваё», — кажа Стэфан у інтэрвію Свабодзе ў адным з пакояў «Гранд-атэлю» ў цэнтры Стакгольму, дзе жывуць нобэлеўскія ляўрэаты.
Дынько: Вы, відаць, ужо ня дзівіцеся, калі вас называюць «амбасадарам беларускай культуры» ў Эўропе, а пасьля таго, як Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію, то і ў сьвеце. Але нашае першае пытаньне ўсё ж пра нобэлеўскую ляўрэатку, якую вы суправаджаеце на працягу Нобэлеўскага тыдня ў Стакгольме. Як Сьвятлана правяла гэтыя дні?
Эрыксан: Вы прысутнічалі з самага пачатку, нават прыляцелі разам зь ёю. Фактычна ўсё, думаю, бачылі. Канечне, праграма даволі цяжкая, бо шмат журналістаў хочуць сустракацца. Сёньня была прэс-канфэрэнцыя. Але я думаю, што спадарыня Сьвятлана знаходзіць сілы, каб гэта правесьці. Канечне, гэта для яе вялікая падзея, як і для нас усіх, хто прымае ў гэтым удзел.
Дынько: Вядомая афіцыйная праграма, але апроч яе хтосьці выказаў жаданьне асабіста сустрэцца са Сьвятланай?
Эрыксан: У праграме ёсьць абавязковая частка — гэта ўзнагароджаньне, сьвяточная вячэра пасьля яго, таксама будзе вячэра ў Каралеўскім палацы. Гэта самае галоўнае, але спадарыня Сьвятлана пагадзілася яшчэ на некаторыя пункты ў праграме. У панядзелак адбудзецца размова зь міністрам замежных спраў Швэцыі Маргот Вальстрэм. Да гэтай падзеі вялікая цікавасьць.
Будзе таксама наведаньне школы ў нашых прадмесьцях, якое традыцыйна прапануецца ўсім ляўрэатам па літаратуры. Вядома, адбываюцца асабістыя сустрэчы зь людзьмі, якія блізка знаёмыя са Сьвятланай. Гэта яе выдавецтва, напрыклад, фатограф Марыя Сёдэрбэрг (арганізатарка дзён беларуска-швэдзкай культуры ў Беларусі — РС.). Гэта тыя людзі, якія шмат гадоў зь ёй працуюць.
Дынько: Вось калі казаць пра шмат гадоў, то бадай не сакрэт, што Швэцыі можна прыпісаць галоўную заслугу ў тым, што Сьвятлана атрымала Нобэлеўскую прэмію. Тут варта згадаць намаганьні Швэдзкага ПЭН-цэнтру, які намінаваў Сьвятлану на прэмію, і ўсіх тых людзей, якія былі побач. Вы маглі б расказаць, як гэта адбывалася, колькі гадоў заняло, хто ў гэтым удзельнічаў?
Эрыксан: Перш за ўсё гэта заслуга Сьвятланы, бо гэта яе творы атрымалі ўвагу Нобэлеўскага камітэту. У сьвеце шмат прыстойных літаратараў, і нават Швэдзкая акадэмія ня можа чытаць усё, што пішацца. І шмат залежыць ад таго, што даступна на мовах, на якіх чытаюць у Швэдзкай акадэміі. Усіх пералічыць цяжка. Канечне, гэта выдавецтва і агент Сьвятланы. Яе кнігі даволі рана выйшлі па-швэдзку і выклікалі вялікі інтарэс у швэдзкіх чытачоў. Гэта зрабіла адно маленькае выдавецтва «Ersatz». Іх заслуга шмат у чым, бо яны верылі, што гэта прыстойная літаратура, што трэба яе перакладаць, і выдалі ўсе пяць кніг утопіі пра «чырвонага чалавека».
Таксама Сьвятлана два, калі не памыляюся, гады жыла ў Гётэборгу. Тады таксама склаліся добрыя адносіны са Швэцыяй. Вы таксама ведаеце, што разьвіваліся літаратурныя стасункі. Прыяжджала шмат швэдзкіх літаратараў у Беларусь. Марыя Сёдэрбэрг, у тым ліку, арганізоўвала вандроўкі. Прыяжджала ў Беларусь сябра Швэдзкай акадэміі Катарына Фростэнсан.
Тут цяжка казаць, што было самым галоўным. Натуральна, у аснове гэтай прэміі якасная літаратура, і гэта найперш заслуга Сьвятланы.
Дынько: На плошчы перад Нобэлеўскім музэем я пыталася ў людзей, ці ведаюць яны Сьвятлану Алексіевіч. І першы літаральна хлапец адказаў мне «так, я чытаў дзьве яе кнігі па-швэдзку». Я была вельмі ўражаная, бо калі з такім пытаньнем выходзіш на вуліцы Менску, рэдка сустрэнеш чалавека, які цэлыя дзьве кнігі Алексіевіч прачытаў. Ці стаўленьне да твораў Алексіевіч і да яе постаці ў Швэцыі адрозьніваецца ад таго, як, як вам падаецца, да яе ставяцца ў Беларусі?