Аляксандра Дынько, Стакгольм
У Стакгольме прайшла прэсавая канфэрэнцыя Сьвятланы Алексіевіч. Першае пытаньне было ад карэспандэнткі Радыё Свабода.
Дынько: Спадарыня Сьвятлана, мы абсалютна шчасьлівыя вашай перамогай і падзяляем яе, зараз ваш голас як Нобэлеўская ляўрэаткі моцны, як ніколі. Скажыце калі ласка, што яшчэ трэба зрабіць для таго, каб гэты ваш новы цудоўны статус быў скарыстаны для ўсіх жыхароў Беларусі, для ўсіх беларускіх людзей? (пытаньне прагучала па-беларуску і па-ангельску — рэд.).
Алексіевіч: Я думаю, што трэба рабіць тое, што рабілася заўсёды. Рабіць сваю справу, рабіць яе спакойна, бяз роспачы. Але, на жаль, нават статус не заўсёды дапамагае, калі ты жывеш ва ўмовах дыктатуры, аўтарытарнай сістэмы. Таму што дыктатура гэта, як правіла, прымітыўныя стварэньні. Людзі, якія вакол гэтай дыктатуры, на чале яе - ня самыя разумныя людзі. І я ўжо за гэтыя некалькі тыдняў падпісала некалькі лістоў, у абарону афіцэра ўкраінскай арміі Надзеі Саўчанкі, яшчэ, але заўсёды, падпісваючы, усё роўна адчуваеш нейкі адчай: як мала могуць сёння добрыя людзі.
6 сьнежня 2015
Сяргей Дубавец, Менск
Трэба прызнаць, што сёлетні выбар літаратурнага набэліста — найбольш зьмястоўны за апошнія гады.
Прынамсі на такую думку наводзяць некаторыя камэнтары на сайце Свабоды, тыя «стрэлы нянавісьці», якія выпускаюцца ў мішэнь-Алексіевіч безь ніякіх шанцаў даляцець да мэты.
Нават не магу прыгадаць роўнага выпадку, калі б згоду і нязгоду выклікала ня столькі асоба ляўрэата і характар пісьма, колькі знакі часу, маркеры чалавека і болевыя кропкі сьвету. Мы спрачаемся пра «чырвонага чалавека», «русский мир», лукашэнкаўскі аўтарытарызм і тыя маральныя і псыхалягічныя эпідэміі, што працягваюць гуляць на прасторы Зямлі, пра граблі, граблі і яшчэ раз граблі. Мяняецца матэрыял, зь якога яны зробленыя, колер і кошт, але наступаць на іх ад гэтага беднае чалавецтва не перастае.
Ёсьць, вядома, і тыя, хто пускае «стрэлы нянавісьці» ў талент пісьменьніцы і ў яе «нелітаратурную» прозу, але ў параўнаньні з азначанымі тэмамі гэтыя выпады зусім ужо нікчэмныя, як пакусваньні сябе самога ад злосьці на кагосьці.
Глыбіня і маштаб тэмаў робіць гэтую прэмію ня столькі прыватнай адзнакай канкрэтнага таленту, колькі самастойнай падзеяй, што здольная ўплываць на лёс краіны, рэгіёну і народаў, якія жывуць тут.
Чыста па адчуваньнях, Алексіевіч зрабіла сябе як набэліста сама. Гэта і вялізная праца, і ўнікальная здольнасьць фармаваць сытуацыю і прастору вакол сябе і свае творчасьці. У гэтым сэнсе Алексіевіч таксама цяжка параўнаць з кім-небудзь зь яе папярэднікаў.
Выбар ляўрэата стварыў новую сытуацыю для постсавецкай культуры, для расейскай літаратуры, а найперш для беларускай мовы і культуры. Мы быццам застылі ў думаньні пра іх на гэтыя 20 гадоў, а Нобэль саштурхоўвае думку зь мёртвае кропкі. Бо стала ясна, што лёс мовы і культуры цалкам залежыць толькі ад нас — тых, хто адчувае за іх адказнасьць. Роля дзяржавы ва ўсім гэтым перастала быць фатальнай. Магутны інструмэнт, які мы атрымалі, можна ўжыць як для самагубства, так і для разьвіцьця — парадаксальных зьменаў сытуацыі да лепшага.
Цяпер усім, хто не абыякавы да лёсу беларушчыны, нашмат прасьцей будзе прадстаўляць яе ў сьвеце і выклікаць інтарэс да краіны, яе культуры і літаратуры. Нашмат прасьцей, чым суседзям-украінцам ці суседзям-літоўцам і прадстаўнікам яшчэ 150 краін. І моўнае пытаньне тут будзе акурат на 150-м месцы, бо ў сьвеце толькі нязначная колькасьць эліт чытае па-расейску ці па-беларуску. А таго, што гэта прэмія Беларусі, беларусам і беларускай культуры і літаратуры, не аспрэчыць ніхто. Нават мы самі.
6 сьнежня 2015
Аляксандра Дынько, Стакгольм
Заснавальнік парталу TUT.by Юры Зісер — адзін з удзельнікаў каманды сяброў і аднадумцаў, якія суправаджаюць Сьвятлану Алексіевіч на цырымонію ўручэньня Нобэлеўскай прэміі ў Стакгольм — расказаў, што раніцай 6 сьнежня ўсе ляўрэаты сабраліся ў Нобэлеўскім музэі.
Мерапрыемства суправаджалі сур’ёзныя захады бясьпекі: доступ у будынак для староньніх наведнікаў быў зачынены, бліжэйшыя кварталы кантралявалі супрацоўнікі праваахоўных органаў.
Паводле спадара Зісера, імпрэза пачалася зь вітальнага слова на адрас сёлетніх пераможцаў у сваіх намінацыях, прысутных вітаў асабіста дырэктар музэю.
Пасьля гэтага была наладжана экскурсія па музэйнай экспазыцыі: да Сьвятланы Алексіевіч і яе сяброў была прыстаўленая расейскамоўная культуроляг-экскурсавод, якая па большай частцы знаёміла гасьцей з экспазыцыяй савецка-расейскага пэрыяду.
У бібліятэчнай краме багаты выбар кніжнай прадукцыі, на швэдзкую мову перакладзеныя ўсе творы беларускай Нобэлеўскай ляўрэаткі. А 15 гадзіне паводле менскага часу пачалася першая публічная падзея з удзелам Сьвятланы Алексіевіч у Швэцыі — прэсавая канфэрэнцыя ў вялікай залі Швэдзкай акадэміі.
6 сьнежня 2015
Ян Максімюк, Сяргей Шупа, Прага
Пра Сьвятлану Алексіевіч, яе вядомасьць у Швэцыі, выданьні яе кніг, сустрэчы з чытачамі Свабода пагаварыла з супрацоўнікам Швэдзкага радыё, беларускім пісьменьнікам і перакладчыкам, які жыве ў Стакгольме, Дзьмітрыем Плаксам.
Радыё Свабода: Нядаўна давялося прачытаць, што Сьвятлана Алексіевіч дзевяць гадоў пісала сваю калёнку ў швэдзкай газэце, у Гётэборгу. Большасьць яе чытачоў у Беларусі, як падаецца, пра гэта і ня ведала. Вы чыталі гэтыя тэксты? Пра што яна пісала?
Плакс: Я ўсе тэксты, думаю, не чытаў, толькі некаторыя. Яна пісала па актуальных тэмах, якія ў той час дыскутаваліся і мелі нейкае дачыненьне да былога Савецкага Саюзу. «Гётэборгс-постэн» — рэгіянальная газэта, тэксты Сьвятланы зьяўляліся там, як памятаю, нерэгулярна, з канкрэтных нагодаў. Актыўней яна пісала ў газэту тыя пару гадоў, што яна жыла ў Гётэборгу.
Радыё Свабода: Наколькі па-вашаму гэтая газэтная актыўнасьць дапамагла Алексіевіч паказаць сябе ў Швэцыі і «павялічыць свае шанцы на Нобэля»?
Плакс: Нінаколькі. Яе ў Швэцыі ўспрымаюць, натуральна, не як журналістку, а як вядомую пісьменьніцу. Яе публіцыстычныя тэксты ў газэце былі выказваньнямі вядомай асобы і менавіта ў якасьці такіх былі цікавыя. Так што гэта ніяк не паўплывала на яе вядомасьць і на шанцы атрымаць Нобэлеўскую прэмію. Наадварот — яе вядомасьць спрыяла чытаньню гэтых тэкстаў.
Радыё Свабода: Які розгалас мелі гэтыя тэксты?
Плакс: Агульнашвэдзкі розгалас. Рэч у тым, што швэдзкія рэгіянальныя газэты па сваёй, так скажам, важнасьці не саступаюць «цэнтральным» — тут прывычнай для Беларусі газэтнай герархіі няма. Бывае так, што вядомы і паважаны аўтар друкуецца ў мясцовай газэце, і яго будуць чытаць усе, каму цікава.