Па-трэцяе, Сьвятлана Алексіевіч ніколі не хавала сваіх дэмакратычных поглядаў. Зразумела, што Нобэлеўская прэмія ніякім чынам на яе перакананьні не паўплывала, яна гаворыць пра тое, што не прымае цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі».
Уладзімер Арлоў выказаў спадзеў, што ва ўладаў хопіць розуму не рабіць варожых крокаў у бок пісьменьніцы Алексіевіч.
Арлоў: «Наадварот — цяпер момант, калі дзяржаўныя выдавецтвы павінны азадачыцца друкам яе твораў, чаго не было ўжо апошнія чвэрць стагодзьдзя. Абавязкова павінны быць выдадзеныя пераклады яе твораў на беларускую мову — тым больш, што на іх ёсьць вялікі попыт.
Я таксама спадзяюся, што ня будзе адмененае рашэньне пра вяртаньне твораў Сьвятланы Алексіевіч у школьную праграму. Улады павінны зразумець, што посьпех Сьвятланы — агульнанацыянальны, што прэмія атрыманая ня толькі ёй, але і ўсёй нашай краінай, што беларускі «Нобэль» павышае аўтарытэт усёй Беларусі. Пакуль жа сваімі заявамі прэзыдэнт дэманструе неразуменьне такіх элемэнтарных рэчаў».
25 кастрычніка 2015
Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 2015 па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч у нядзелю, 25 кастрычніка, у эфіры радыёстанцыі «Гаворыць Масква» пракамэнтавала крытыку прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на свой адрас.
«Калі Лукашэнка павіншаваў мяне, хай ня першы, я была рада, таму што зразумела, усё ж ён палітык. І раптам вось гэты камэнтар», — сказала беларуская пісьменьніца.
Яна выказала меркаваньне, што віншаваньне Лукашэнкі з прысуджэньнем ёй Нобэлеўскай прэміі было зроблена таму, што набліжаліся выбары кіраўніка беларускай дзяржавы.
«Тут поўна было розных камісій міжнародных, і перад сваім народам трэба было трымаць твар, а цяпер ён вольны», — заявіла яна.
Паводле пісьменьніцы, яна ніколі не крытыкавала беларускі народ, а толькі палітычныя рашэньні прэзыдэнта.
«Я б сказала, што не пра гэта трэба сёньня прэзыдэнту гаварыць. Народ чакае рэформаў, у народзе назапасілася энэргія. А ў нас наогул ніякай ідэі. Толькі б утрымаць уладу. Калі гэта абраза беларускага або расейскага народу, то я ня ведаю, дзе і ў якім часе мы жывем», — дадала Алексіевіч.
Раней у нядзелю Лукашэнка ў часе ўзнагароджаньня ў Менску кампазытара Віктара Дробыша параўнаў яго з Алексіевіч, падкрэсьліўшы, што Дробыш, будучы далёка ад роднай зямлі, ніколі не саромеўся называць сябе беларусам, «у адрозьненьне ад асобных нашых творцаў, творчых асоб, нават ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, якія яшчэ не пасьпелі атрымаць яе, выехалі за межы краіны і пастараліся цэбар бруду выліць на сваю краіну». Прэзыдэнт таксама заявіў: «Радзіму, сваю зямлю, як і сваіх бацькоў, сваю маці не выбіраюць. Яна такая, якая ёсьць. І калі ты дрэнна кажаш пра Радзіму, саромеесься яе, значыць ты, перш за ўсё, дрэнны сын».
Верагодна, кіраўнік дзяржавы адрэагаваў на выказваньні пісьменьніцы за мяжой, у прыватнасьці на сустрэчы з заходнімі журналістамі ў Бэрліне 10 кастрычніка. Тады Алексіевіч папярэдзіла Эўропу пра тое, што Лукашэнка «таргуецца, каб набіць сабе цану ў адносінах з Расеяй, і зноў адвернецца ад Эўропы, калі атрымае расейскія грошы».
25 кастрычніка 2015
Юры Дракахруст, Прага
Звычайна ці вельмі часта публіцыстычная, грамадзянская і творчая пазыцыя пісьменьніка супадаюць.
Зразумела, творчасьць ня зводзіцца да грамадзянскай пазыцыі, але супярэчнасьць сустракаецца даволі рэдка. У сваіх кнігах прынамсі Дастаеўскі не супярэчыў, скажам, сваёй «любові» да палякаў ці свайму «канстантынопальнаш», выкладзеным у «Дзёньніку пісьменьніка».
Ну а вось Сьвятлана Алексіевіч... Вядомая яе грамадзянская пазыцыя, за якую яе ў Расеі ахрысьцілі русафобкай, яе жорсткая крытыка як Пуціна, гэтак і Лукашэнкі.
Але што да творчасьці, то адзін знаёмы распавёў гісторыю пра напісаньне «Час second-hand». Вядома, што для сваіх кніг пісьменьніца апытвае дзясяткі, калі ня сотні, людзей, у кнігу трапляе тое, што кладзецца ў яе бачаньне. Дык вось, знаёмы распавёў пра адну з гутарак пісьменьніцы для «Час second-hand» з пасьпяховым бізнэсоўцам. Той распавёў Алексіевіч, што цяперашні час, нягледзячы ні на што, шчасьлівы ў ягоным жыцьці ці, прынамсі, значна шчасьлівейшы, чым савецкі. Яго і рабавалі, і кідалі, і грошы ён губляў, і з бандытамі даводзілася разьбірацца, і з чыноўнікамі. Але гэта было паўнакроўнае жыцьцё, рэалізацыя здольнасьцяў гэтага чалавека. Нават ня ў грошах справа, ці не ў адных іх.
Гэты чалавек змог рэалізаваць сябе, змог, кажучы высокім штылем, здабыць сваё шчасьце менавіта дзякуючы таму, што абрынуўся «савок», і наўпрост гэта і сказаў пісьменьніцы.
Чытачы кнігі ведаюць — гэтая гісторыя ў кнігу не ўвайшла. Абсалютна не ў папрок аўтару — як сьпяваў Акуджава, «каждый пишет, что он слышит», кнігі Алексіевіч — гэта менавіта літаратура, а не рэпартаж і не ўсебаковае навуковае дасьледаваньне. Але я менавіта пра тое, што чуе вуха, душа пісьменьніка.
Чуе, як памятаюць чытачы, расповед іншага бізнэсоўца, былога афіцэра СА, які цяпер гандлюе італьянскай сантэхнікай. Ён можа і ня менш пасьпяховы, чым той, чый расповед не ўвайшоў у кнігу, але што ён кажа? Ну так, бабкі, усе справы, але тады, у СССР, я ведаў, для чаго жыву, была мэта, місія, вышэйшая за мяне, сэнс жыцьця. А цяпер які сэнс — сральнікі замежныя прадаваць?
Утрырую, можа, крыху, але сэнс шчыраваньняў такі. Так, у кнізе ёсьць жахлівыя ўспаміны людзей пра сталінскі тэрор, што, магчыма, пільныя расейскія аглядальнікі палічылі русофобіяй і паклёпам на іхняе сьветлае сёньня. Але калі глядзець на экзыстэнцыйныя сэнсы герояў кнігі, то яны ўсе ў цяперашнім часе — прайграўшыя, расчараваныя, упаўшыя ў роспач, пачынаючы зь першага завочнага дыялёгу дзьвюх жанчын: былой апазыцыянэркі, удзельніцы дэмакратычнага руху і былой намэнклятурніцы. Прайгралі ж абедзьве: другая — таму што абрынуўся яе сьвет, першая — таму што сьвет, за які яна змагалася, аказаўся не такім, як марылася ў часы перабудовы, падступным і бязьлітасным.
У кнізе няма шчасьлівых людзей. А калі і ёсьць, то яны шчасьлівыя адно як людзі, ад таго, што на сьвеце засталася любоў, спагада, чалавечая цеплыня. Але ад калясальнага злому, зьмены, якая адбылася на ўсёй постсавецкай прасторы, прайгралі ўсе. Усе героі «Часу second-hand». Насамрэч прайгралі далёка ня ўсе, але тых, хто выйграў, у кнізе няма — «каждый пишет, что он слышит».
Каб быў Лукашэнка чалавекам больш тонкім, чуйным, каб зразумеў глыбінны сэнс, абстрагаваўшыся ад антысталінскіх ідэалягічных «жупелаў» — дык загадаў бы выдаць «Час second-hand» мільённым накладам, каб кнігу прачытаў кожны беларус. Бо яна тлумачыць, чаму Лукашэнка (і Пуцін) магчымыя. А ў межах аўтарскага бачаньня — нават чаму яны непазьбежныя і чаму, уласна, нічога іншага і чакаць было ня варта. Кніга тлумачыць нават апошнія, пасьлявыбарчыя «терзания» Лукашэнкі, які насуперак ім жа прызначаным урадоўцам кажа, што ня хоча «рэзаць па жывым». Бо тое жывое — нават ня ўзровень жыцьця, ня грошы, ня статусы, як у гераіні кнігі, якую дзялкі «разьвялі» і адабралі кватэру ў Маскве, а сэнсы жыцьця. Як у таго былога афіцэра савецкай арміі, таксама героя кнігі Алексіевіч — бабло ёсьць, а сэнсу жыцьця няма. Для такіх людзей у Расеі «крымнаш» — гэта вернуты, набыты сэнс. А ў Беларусі — Лукашэнкаў сацыялізм. Гэта ж справядліва, гэта ж па праўдзе.
Як у Багдановіча — і тчэ, забыўшыся, рука. Гэтак і у Алексіевіч — як рацыянальны, сьвядомы чалавек, яна адкідае, крытыкуе парадкі ў сваёй Радзіме. Але як творца, калі руку вядзе ня ўласны розум, а Бог — бадай што апалягетызуе іх.
Паважаю вялікіх беларусаў і беларусак. Але сымпатыі мае — хутчэй на баку таго бізнэсоўца, «буржуя», чый расповед не ўвайшоў у кнігу Алексіевіч. Хоць урокі вялікіх трэба ведаць і ўсьведамляць. Хаця б як пагрозу, як біблійныя «мэнэ, тэкэл, фарэс», напісаныя на сьцяне беларускай гісторыі.
8 лістапада 2015
Сяргей Навумчык
Уначы званок з Канады (на іншым баку плянэты яшчэ дзень), Івонка Сурвіла: «Толькі што па тэлебачаньні паказвалі інтэрвію з Алексіевіч, прамаўляла яна так цудоўна, сказала пра маленькі і дарагі ёй кавалак зямлі — пра Беларусь, вельмі я ўсьцешаная такімі яе словамі!»