Такія ацэнкі ў першы «пасьлянобэлеўскі» месяц давялося чуць часта — у тым ліку і ад тых, хто раней выказваў сумневы, ці ня будзе ўзнагарода аднесеная ў скарбонку усходняга суседа. І ці захоча сама ляўрэатка лічыць сябе беларускай, а не расейскай пісьменьніцай.
Да ліку гэтых людзей належаў і аўтар гэтых радкоў.
У нечым — дарэмна. А ў нечым — і небеспадстаўна.
Калі знаёмісься, год за годам, з выказваньнямі Сьвятланы Алексіевіч на Радыё Свабода — у інтэрвію, камэнтарах, дыскусіях, — пераконваесься, што ніколі — ні ў дзевяностыя, ні ў нулявыя — пісьменьніца Беларусі не выракалася. У адным з апошніх сваіх інтэрвію Генадзь Бураўкін, які добра ведаў Алексіевіч, наўпрост заявіў, што «яна ніколі не была ворагам беларускай мовы. Іншая справа, што мне было б намнога прыемней, калі б яна карысталася беларускай мовай у сваёй творчасьці — цікавай і таленавітай. Але гэта вельмі тонкія рэчы. Прыкладам, Алесь Адамовіч бліскуча гаварыў па-беларуску, па-беларуску пісаў і свае літаратуразнаўчыя працы. А вось прозу сваю пісаў па-расейску. І калі я пытаўся ў яго, у чым справа, ён адказваў: «Ня ведаю. Вось саджуся за пісьмовы стол, і каб выказацца, мне патрэбна расейская мова». Магчыма, нешта падобнае і ў Сьвятланы».
Вось і адказ на пытаньне пра мову твораў.
Што да тэматыкі, дык маюць рацыю тыя, хто заўважае: у апошняй кнізе Алексіевіч цяжка знайсьці некага, хто ня быў бы расчараваны пераменамі, якія адбыліся пасьля распаду СССР і крушэньня камуністычнай сыстэмы. Хаця бясспрэчна, былі і ёсьць людзі, якія інакш успрынялі тыя часы. А ў Беларусі (як і ва Ўкраіне) былі і ёсьць тыя, хто ня лічыць тыя гады страчанымі найперш таму, што ўдалося дасягнуць незалежнасьці сваіх краінаў. Вось такіх споведзяў — няма ў творах Алексіевіч. Але гэта — безумоўнае і неад’емнае права пісьменьніка, вольнага выбіраць і тэмы, і герояў, і танальнасьць. Сапраўды, дзіўна было б папракаць Дастаеўскага ці Быкава ў тым, што адзін бачыў толькі «цёмныя» бакі Пецярбургу а другі — толькі бруд і кроў вайны. Важна, што атрымалася ў выніку. А вынік такі, што швэдзкія акадэмікі прызналі тэксты Алексіевіч вартымі найвышэйшай літаратурнай узнагароды — той самай, якой былі адзначаны Бунін, Хэмінгуэй, Пастэрнак, Маркес...
Але вось выказваньні палітычнай, грамадзянскай пазыцыі, публічныя ацэнкі — гэта зусім іншае, тут ужо ёсьць права патрабаваць ад таго, хто гэтую пазыцыю агучвае, аб’ектыўнасьці і, як мінімум, адпаведнасьці фактам.
Проста сумна было чытаць некаторыя выказваньні Сьвятланы Алексіевіч на адрас нацыянальнага руху канца 80-х — пачатку 90-х і яго лідэраў, апагеем непрыманьня якіх назаву параўнаньне з Гамсахурдзія (дзе былы грузінскі прэзыдэнт — дыктатар і падбухторшчык грамадзянскай вайны). Ніводнага доказу, ніводнага факту на карысьць такой ацэнкі пісьменьніца не прыводзіць. Даволі часта яе выказваньні вынікалі з простага няведаньня: напрыклад, яна бачыла памылку БНФ у тым, што той, нібыта, імкнуўся спачатку пабудаваць нацыянальную дзяржаву, і толькі потым — дэмакратычную. Сёньняшняя моладзь, вакол якой штучна ўтвораны інфармацыйны гістарычны вакуўм, можа і ня ведаць, што той самы БНФ якраз дэмакратычныя рэформы вылучаў на першае месца, дамагаючыся і роспуску камуністычнага Вярхоўнага Савету, і прыняцьця Канстытуцыі, якая б гарантавала дэмакратычны шлях разьвіцьця дзяржавы. Так, гаварылася і пра беларускую мову — пра выкананьне Закону, прынятага яшчэ Вярхоўным Саветам БССР, у якім ніводнага «фронтаўца» не было. Моладзь можа гэтага ня ведаць (і ў большасьці — ня ведае), але той, хто хоць мінімальна сачыў за палітычнымі падзеямі — мусіў бы ведаць.
І гэтыя «белыя плямы» ды спрэчныя высновы — побач з філязофскімі, вобразнымі ацэнкамі прыроды чалавека, надзвычай глыбокімі назіраньнямі за трансфармацыяй грамадзтва ў нашыя сапраўды няпростыя, драматычныя часы.
Мне хочацца (магчыма, наіўна) гэткім чынам патлумачыць гэтыя «белыя плямы»: Сьвятлана Алексіевіч не ўключала тэлевізар, ня слухала радыё, не чытала газэт, магчыма, увогуле адсутнічала ў Беларусі ў нейкія лёсавызначальныя моманты 90-ых — апытвала людзей, працавала над сваімі творамі.
Над кнігамі, якія, акрамя ўсяго іншага, узьнесьлі яе на такі п’едэстал, на якім ніхто зь беларусаў яшчэ ня быў. І зь якога яна можа пра Беларусь гэтак гучна сказаць — як ніколі яшчэ не гучала.
Зрэшты, якім бы ціхім голасам, хоць бы і шэптам, ні прамаўляла цяпер Сьвятлана Алексіевіч — кожнае ейнае слова будзе шматкроць узмацняцца.
Гэтую вагу свайго слова пісьменьніца цудоўна ўсьведамляе — тое было бачна на першай прэсавай канфэрэнцыі ў «Нашай Ніве» (усе адразу адзначылі, што Алексіевіч сама выбрала сьціплы пакойчык незалежнай беларускай газэты, хаця ў той дзень магла б разьлічваць на якое заўгодна памяшканьне ў сталіцы).
І мне падаецца, што ніхто зь ліку самых цьвёрдых абаронцаў беларушчыны пасьля таго «нобэлеўскага» дня ня можа папракнуць яе нічым. Старыя спрэчкі павінны застацца ў мінулым.
А ў сёньняшнім дні, і ў будучым, і назаўсёды — Беларусь мае сваю нобэлеўскую ляўрэатку — якая, дарэчы, у дзень свайго трыюмфу прыгадала і Васіля Быкава, і Алеся Адамовіча. А таксама і тое, што яе прадзед вучыўся разам зь Якубам Коласам.
12 лістапада 2015
Юлія Чарняўская
Трохі пра факты агульнавядомыя — каб увайсьці ў кантэкст. Нобэлеўская прэмія па літаратуры прысуджаецца з 1901 году. Узнагароджаньне не праводзілася толькі сем разоў: у 1914, 1918, 1935, 1940–1943 гадах. Сто сем ляўрэатаў былі мужчынамі. Наша суайчыньніца Сьвятлана Алексіевіч — толькі чатырнаццатая жанчына-ляўрэат. І, нягледзячы на несканчоныя спрэчкі ў Беларусі — а ці беларуская пісьменьніца Алексіевіч, якая піша па-расейску? — значная частка тых, хто адмаўляе яе «беларускасьць», зьмякчыла сваю думку пасьля Нобэля. Або, прынамсі, цывілізавана павіншавала. Я цяпер кажу не пра форумных хамячкоў, фрыкаў, троляў і да т. п. — а пра публічных асобаў: яны ведаюць пра сваю адказнасьць. Таму што Нобэль для краіны — як ні круці — гэта карона для каралевы. Нездарма цяпер увесь сьвет выстуквае ў Гугле імя «Belarus».
Што гэта значыць? Што на нас цяпер будзе накіраваны пільны позірк Эўропы і сьвету. Магчыма, гэта дасьць магчымасьць пабачыць новыя, пакуль невядомыя камяні ў навюткай беларускай кароне: эх, падбалі б аб перакладах Быкава і Барадуліна — глядзіш, іх было б ужо тры. Але магчымыя новыя, не адкрытыя яшчэ імёны... І новыя пераклады. І ўзьлёты: таму што ўвага сьвету падахвочвае чалавека да дзеяньня. Значна больш рэальнай стала эўрапейская вядомасьць для іншых беларусаў: адзначаная «Нобэлем» ці не — гэта ня важна. Прэмія Сьвятланы Алексіевіч адкрывае нас сьвету — ня толькі з боку Лукашэнкі і БАТЭ, але і з боку дасягненьняў культуры. І магчыма, больш ня трэба будзе тлумачыць іспанскаму службоўцу на рэцэпцыі або амэрыканскаму мэнэджэру, дзе ж такая краіна — Беларусь.
Да ўсяго гэтага, нобэлеўскі ляўрэат — бясспрэчны аўтарытэт, які можа «истину царям с улыбкой говорить», і цары яго — хай зь неахвотай, але чуюць. З нобэлеўскім ляўрэатам даводзіцца лічыцца. І беларускія інтэлектуалы — крытыкі, літаратуразнаўцы, эсэісты, пісьменьнікі, — як правіла, гэта разумеюць: «за» яны ці «супраць».
Разумеюць і расейскія. І калі дэмаркацыйная лінія «Алексіевіч» для шмат каго з нас пасьля Нобэля згладзілася, то ў Расеі, наадварот, паглыбілася і прадэманстравала разрыў, які існаваў у Расеі зь пятроўскіх часоў: разрыў «почвенников» і «западников».
Ня буду, як сёньня заведзена, ганіць усю Расею ва ўсе часы. Ня стану паўтараць мантру пра імпэрскія амбіцыі расейцаў, якія ўласьцівыя ім нібыта «генэтычна»: я знаёмая з многімі рускімі людзьмі, якія ня ведаюць, куды схаваць вочы ад болю і сораму за тое, што цяпер адбываецца ў іх краіне. Гэта Макарэвіч навідавоку, а колькі людзей для нас не заўважныя? Нават калі іх усяго 15%, то ад 146 355 892 чалавек насельніцтва — выходзіць немалая лічба. Я нават ня буду ганіць ахвяр пуцінскай прапаганды: калі б сядзелі на троне Абама ці Мэркель, яны б з тым самым даверам ставіліся да іх, як цяпер — да Пуціна. Маўклівая большасьць у гэтым пытаньні падобная паўсюль. Важна — хто вядзе.
Але вядзе ня толькі Пуцін, але і цьвет нацыі — інтэлектуалы. У Расеі, традыцыйна літаратурацэнтрычнай краіне, гэта, у першую чаргу, пісьменьнікі. Таму я буду казаць пра іх, а таксама пра крытыкаў, літаратуразнаўцаў, прафэсараў-гуманітарыяў і іх стаўленьне да беларускага Нобэля і набэліяткі. Таму што гэта квінтэсэнцыя такога расколу ў творчым асяродзьдзі, які нам, беларусам, нібыта «нацыі з расколатым мысьленьнем», і ня сьніўся. Мы — хоць на ўзроўні асабістых адносін не-не дый знойдзем кампраміс. У Расеі — краіне велізарных прастораў і ўсялякіх крайнасьцяў — гэта нашмат больш складана. Так што крытыка і Нобэлеўскага камітэту, і Алексіевіч прыкра нагадвае бойку падчас застольля.
Сьпярша дамо слова «почвенникам» або «неопочвенникам»: ім паложана, яны больш прыродныя, брутальныя і, галоўнае, старажытныя па паходжаньні і «рускаму духу», уваскрашэньнем якога вельмі ганарацца. Якія прэтэнзіі яны выстаўляюць Нобэлеўскаму камітэту і самой Алексіевіч? Як і мае быць у правільным застольлі, пачнём са слабейшага градуса, а павышаць яго будзем паступова.
Прэтэнзія № 1. Жаночая проза
Вось жа, карыфэй Эдуард Лімонаў. Тое, што былы дысыдэнт перакаваўся ў нацболы, — не неспадзяванка. Чалавек, які не дамогся посьпеху на Захадзе, па праве героя вяртаецца на радзіму і абараняе яе так, што рукі трасуцца, а зубы скрыгочуць. Таму і сьцьвярджае: «Я не цаню, па-першае, Нобэлеўскую прэмію, а па-другое, не цаню і Сьвятлану Алексіевіч». Мае права. Неспадзяванка толькі ў тым, што Алексіевіч ён называе «зоркай для хатніх гаспадынь» і «траваеднай хатняй гаспадыняй». Чаму былы «Эдичка» вырашыў, што хатнія гаспадыні (у ягоным разуменьні, мабыць, усе яны сэнтымэнтальныя і дурныя) чытаюць Алексіевіч — загадка. Такія ўяўныя жанчыны, хутчэй, будуць чытаць «50 адценьняў шэрага». А калі ўспомняць пра прозу Лімонава — дык эпізод пра сэкс ягонага лірычнага героя з выпадковым цемнаскурым мужчынам, альбо іншы, дзе нейкая дама мастурбуе, прыпусьціўшы нячыстыя трусікі. Наўрад ці яны прачытаюць па-сапраўднаму добрую кнігу Лімонава «У нас была вялікая эпоха». Яе тэматыка ў чымсьці перагукаецца з матывамі Алексіевіч: маленькі чалавек у таталітарным сьвеце. Але здарыўся пераварот: цяперашні Лімонаў прагне менавіта гэтага, таталітарнага сьвету, а Алексіевіч — не. Баюся, толькі зайздрасьць можа засланіць вочы настолькі, каб можна было напісаць: «Адзіная праца пісьменьніцы, якая выклікала хоць нейкае ажыўленьне, — “Цынкавыя хлопчыкі”. Але гэта было ў канцы 1980-х, і кніга даўно састарэла». Па-першае, не адзіная, па-другое, пра якое састарэньне можа ісьці гаворка цяпер, калі расейскія хлопчыкі зноў у баі? Зноў забіваюць. І іх забіваюць таксама. І прысылаюць дадому ў трунах.
Алексіевіч піша пра рэальнасьць вайны, Чарнобылю, Афгану, краху імпэрыі. Гэтыя тэмы выдатна разумеюць у Эўропе, але іх развучыўся разумець Лімонаў. Ён заняты больш важнымі справамі, уладкоўвае Расею: клапоціцца аб перанясеньні сталіцы ў Паўднёвую Сібір, аб павышэньні падаткаў, увядзеньні падатку на раскошу і г. д.
Прэтэнзія № 2. Публіцыстыка
У гэтым адзначылася большасьць праціўнікаў Нобэля для Алексіевіч: ад гарэзы Задорнава (які не пагрэбаваў адмачыць жарт з нагоды катастрофы зьбітага над Данбасам малайзійскага «Боінга-777») і фантаста Лазарчука — і да бліскучай Тацяны Талстой, якой я б з радасьцю дала любую прэмію, уключна з Нобэлем. Таму засмуціла адна фраза: «Я віншую яе, мільён даляраў яшчэ нікому кішэню не адцягваў». Далей Тацяна Талстая тлумачыць сваю рэакцыю: «Гэтым рашэньнем Нобэлеўскі камітэт сказаў, што сыры магнітафонны запіс, малаапрацаваныя, непрывабныя тэксты цяпер цэняцца... Гэта характарызуе культурны ўзровень самога Нобэлеўскага камітэту». Я шчыра спадзяюся, што пасаж пра мільён у кішэні не характарызуе ўзровень Тацяны Талстой. Ня царская гэта справа... Думаю, усё больш складана: Талстая і па незабытым паходжаньні, і па стылістыцы, і па звычках — арыстакратка, сучасная, вядома, але тым ня менш. Сьвятлана Алексіевіч — і па паходжаньні, і па сутнасьці разначынец. Тыя «маленькія людзі» — недарэчныя векавухі, кампаньёнкі, адзінокія і няшчасныя, пра якіх піша Талстая, намаляваныя зь пяшчотай, зь любоўю, але і крыху звысоку. Не раўня: слабыя, якім моцны можа дапамагчы, а можа — і не, чым потым папракне сябе. А Алексіевіч піша пра гэтых людзей як пра роўню, яна сама — адна зь іх. Яна ім сястра. Роўнасьць — катэгорыя не арыстакратычная. Таму, мне здаецца, рэч менавіта ў клясавай непрыязі, а не ў мiльёне, які кішэню не адцягвае.
Людміла Ўліцкая паступіла іначай: шчыра прызнаўшыся, што Алексіевіч — не яе пісьменьнік, павіншавала набэліятку, а таксама і расейскую, і беларускую літаратуру. І дадала: «Сьвятлана Алексіевіч выдатна робіць тую справу, якую яна робіць». Гэта зразумелая і годная рэакцыя.