Неяк я вандраваў у адной байдарцы з Валянцінам Акудовічам. Камандзе зь некалькіх чаўноў трэба было трапіць з возера Нарач у рэчку Нарачанку.
Уваход у раку быў шчыльна зарослы трысьнягом. Наша — першая — байда літаральна прасякала шлях наперад. Больш за гадзіну няспыннай працы. Так сталася, што найстарэйшы з усіх — Валянцін Акудовіч — зрабіў найбольшы кавалак работы.
Пазьней, калі стомлена-радасныя мы паціху пачыналі ісьці па вольнай вадзе ракі, Валянцін стаўся самым апошнім. Па старой сваёй звычцы замыкаў ар’ергард, зрабіўшы на карме байдаркі падабенства трона з заплечніка і дыванка.
Я быў пасярэдзіне, а на носе кіравала тэоляг Ірына Дубянецкая. Задача першага ў байдзе — пільнаваць карчы, завалы ды іншыя небясьпечныя перашкоды на шляху вандроўнікаў. А галоўная рулявая цяга, якая дае магчымасьць максымальна хутка разьвярнуць човен, знаходзіцца ў вясьле капітана на карме.
**
Менавіта Сьвятлана Алексіевіч, а не Валянцін Акудовіч — амбасадар Беларусі ў Заходняй Эўропе. Пісьменьніца-дакумэнталістка рэпрэзэнтуе позьнедысыдэнцкую савецкую думку.
Сьвятлана Алексіевіч ня толькі фізычна даўно адсутная ў Беларусі. Ад пачатку сваёй дзейнасьці і да сёньня яна мэнтальна жыве ў позьнім СССР, перажывае і пераасэнсоўвае людзей, якія і думаць ня думалі пра будаваньне чагосьці іншага, апроч уласнага жыцьця ў савецкай рэальнасьці. А на Захадзе пакуль ня бачаць прынцыповых цывілізацыйных зьменаў з боку большасьці былых савецкіх рэспублік.
Як можна пабачыць размовы беларускіх нацыянальных дысыдэнтаў пра новую меркаваную беларускую рэальнасьць на кухнях, у кавярнях, ці, напрыклад, падчас вандровак на байдарках?
Сп-ня Алексіевіч ня можа быць расейскай ці беларускай пісьменьніцай. Яна савецкая пісьменьніца, чыя творчасьць будзе актуальнай роўна столькі, колькі на тэрыторыі былога СССР будзе існаваць дысыдэнцкая інтэлектуальная апазыцыя (пост)савецкай сыстэме.
Гэта прыблізна да таго часу, калі кожны беларускі школьнік будзе ведаць верш «Мая краіна» і кнігу «Код Адсутнасьці».
**
Корч, корч! — закрычала Ірына Дубянецкая.
Так, — задуменна зацягваючыся цыгарэтай адказаў Валянцін Акудовіч. — Там наперадзе будзе яшчэ шмат карчоў.
19 жніўня 2013
Іна Студзінская, Менск
Ужо больш за 10 дзён сайт alexievich.info не адчыняецца ў Беларусі.
Хостынг знаходзіцца ў Нямеччыне. Раней сайт у Беларусі быў даступны. У іншых краінах ён цяпер адчыняецца без праблем.
Сама пісьменьніца ведае пра гэта:
«Гэта доўжыцца ўжо больш за тыдзень. Спачатку я думала, што гэта проста часовыя тэхнічныя непаладкі. Потым даручыла чалавеку, адказнаму за сайт, правесьці такую тэхнічную праверку. У дзевяці краінах людзі адгукнуліся, што ўсё ў парадку. Такім чынам высьветлілася, што толькі ў Беларусі сайт заблякаваны. Дзякуй богу, што хоць ва ўсім сьвеце ён даступны.
Сайт дзьвюхмоўны, чыста літаратурны. Таму я не разумею, навошта гэта. Можа, мне хочуць проста дапячы напярэдадні ўручэньня прэміі. Гэта проста нейкае глупства».
Заснавальнік парталу tut.by Юры Зісер кажа:
«У мяне няма ніякіх ідэяў, я нават не ўяўляю, што гэта можа быць і каму гэта патрэбна».
Радыё Свабода правяла экспэрымэнт: наўпрост сайт недаступны, але праз проксі-сэрвэры адчыняецца. Пытаньне, ці ёсьць гэты сайт у сьпісах абмежаванага доступу, пакуль што адкрытае.
4 кастрычніка 2013
Нататкі пра кнігу Сьвятланы Алексіевіч «Час second-hand»
Некалькі дзён таму ў Менск прыйшла кніга, якую беларусы чакалі ўжо даўно: «Час second-hand» Сьвятланы Алексіевіч. Чакалі рознага: хто — праўды пра час і сябе, хто — «паклёпу» на беларусаў, хто — крытыкі СССР, хто — апалёгіі «саўка». Гэтыя сацыяльныя экспэктацыі блукалі па прасторы байнэту — па форумах і сацыяльных сетках, выраджаючыся ў пякучае пытаньне: беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч ці не (расейская, «савецкая» — патрэбнае падкрэсьліць)? Вагі схіляліся да меркаваньня «савецкая».
Памятаю: пасьля выхаду яе першай кнігі «У вайны не жаночае аблічча» таксама казалі: ня наша. Толькі тады мелася на ўвазе — не савецкая. «Не такая» ў яе вайна. Няправільная, негераічная, занадта страшная. Няма станоўчых прыкладаў для падрастаючага пакаленьня. Цяпер сказалі б: няма пазытыву. Затое Быкаў і Адамовіч прызналі: наша.
Памятаю вэрхал, які ўзьняўся пасьля кнігі Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі». Тады крычалі, што яна аплёўвае войска... І зноў яна была «ня наша». Заступіліся за яе пісьменьнікі-франтавікі: Мікола Аўрамчык, Янка Брыль, Васіль Быкаў, Аляксандар Дракахруст, Навум Кісьлік, Валянцін Тарас. Для іх яна была — свая.
Памятаю, пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году Алексіевіч напісала адкрыты ліст прэзыдэнту. Што, яе хвалілі за сьмеласьць, дзякавалі за адкрытую спробу заступніцтва? Не, яе лаялі за фармулёўку «Паважаны спадар прэзыдэнт». Ну так, мы значна лепш разумеем фотажабу, крык, лаянку: у гэтым мы куды больш савецкія, чым Алексіевіч. А сутнасьць ліста засталася за кадрам.
Трыццаць гадоў на Бацькаўшчыне Сьвятлану Алексіевіч спрабуюць «на зуб», імкнучыся паставіць на ёй лэйбл, пячатку. Дык чыя яна, Сьвятлана Алексіевіч? Ці пачуем мы яе голас у гэтым шумным хоры?