Аляксандар Уліцёнак, Менск
Сёньня пісьменьніцы Сьвятлане Алексіевіч — 60 гадоў.
Назвы яе кніг сталі своеасаблівымі прыкметамі часу — «У вайны не жаночае аблічча», «Апошнія сьведкі», «Цынкавыя хлопчыкі», «Зачараваныя сьмерцю», «Чарнобыльская малітва»…
У Нямеччыне, Францыі, Японіі яна лічыцца адным з найбольш выдаваных замежных аўтараў. Тры гады таму Сьвятлана Алексіевіч атрымала галоўную літаратурную прэмію ЗША.
На наступным тыдні яна — грамадзкі рэдактар нашага радыё. Штодня спадарыня Алексіевіч будзе дзяліцца думкамі і назіраньнямі пра тое, што адбываецца з намі цяпер, а на пятніцу яна даручыла журналістам Свабоды падрыхтаваць перадачу на тэму «Чым жыве чалавек у сёньняшнім сьвеце».
Напярэдадні юбілею са Сьвятланай Алексіевіч гутарыў журналіст Аляксандар Уліцёнак.
Алексіевіч: Апошнія 30 гадоў я пішу хроніку «чырвонай цывілізацыі». Дасьледую «чырвонага чалавека». Як з адной гэтай вялізнай імпэрыі атрымалася многа розных краінаў, у якіх пачынаецца свая гісторыя. Але паўсюль усё яшчэ жыве гэты чалавек. У каго ён ператвараецца? Як? То бок вывучаю, аналізую 100 гадоў руска-савецкай гісторыі.
Уліцёнак: Наступнае тады пытаньне — пра вялікую савецкую ўтопію, мітамі якой жыве той самы звычайны чалавек. Хто ў гэтай гісторыі вас найбольш уражвае?
Алексіевіч: Самае цікавае для мяне — сам чалавек. Тут, у Беларусі, час нібыта спыніўся, атрыбутаў сацыялізму захавалася, як нідзе. Дапусьцім, у форме сацыяльнага кантракту з насельніцтвам. Мне падаецца, каб тут была, як яе называюць — дыктатура ў чыстым выглядзе, то яна б так доўга не пратрымалася б. Атрымліваецца, яна мае апірышча. І абапіраецца менавіта на нешта ў чалавечай душы. Ці не таму працэнтаў 60-70 яна задавальняе? Вось з гэтым і цікава разабрацца.
Уліцёнак: І напрыканцы — пра каханьне. Скажыце, пра яго пісаць лягчэй, чым пра вайну?
Алексіевіч: Пра вайну таксама вельмі складана… Ну а пра каханьне пішацца вельмі марудна. Наагул, усе кнігі займаюць у мяне шмат часу: гэта сотні людзей, таму мінімум сем-дзесяць гадоў ідзе на адзін твор.
Каханьне сёньняшняга ўзору, калі мы адкрыліся сьвету, калі ўвесь гэты непаўторны, вялізны досьвед стаўся нашаю часткай, нашмат больш ускладнілася. Бо, бачыце, іншымі становяцца людзі. І зь імі ўжо па-іншаму гаварыць трэба! Іх ужо цікавяць абсалютна іншыя рэчы… Тое адбіваецца літаральна на ўсім. Аднак асабліва — на каханьні.
З аднаго боку, цяпер няма калі кахаць — трэба працаваць і выжываць, а жыцьцё высока падняла планку. А з другога боку, чалавек ужо зразумеў: нічога ў сьвеце ня мае сэнсу, акрамя таго, якога мужчыну ці якую жанчыну ты знойдзеш…
2 чэрвеня 2008
Аляксандар Уліцёнак, Менск
Сёньня пісьменьніца разважае, чаму «чырвоны чалавек», выхаваны за саветамі, застаецца і ў сёньняшнім дні, чаму савецкая мінуўшчына вабіць нават маладое пакаленьне, ці ўсё ў тым часе было выключна чорнага ці шэрага колераў?
Алексіевіч: У мінулым стагодзьдзі былі дзьве страшныя й энэргетычныя ідэі: фашызм і інтэрнацыянальны сацыялізм у бальшавіцкім варыянце. Абедзьве пацярпелі паразу. Хоць бальшавіцкі сацыялізм пратрымаўся крыху больш.
Дзякуючы чаму? Атрымліваецца, нешта ёсьць у гэтай ідэі такое, што заварожвае людзей. Улічыце: яна захапіла лепшых, прыгожых. Уяўленьне пра гісторыю, што ўладу захапіла купка авантурыстаў, садыстаў і прымусіла мільёны жыць па-іншаму — неразумнае, нікчэмнае.
Я дастаткова шмат займалася мэмуарамі пачатку стагодзьдзя, гісторыяй рэвалюцыі і зразумела: усё да гэтага ішло, тут і трагічнае супадзеньне мэнтальнасьці, і нэндзы, і разрухі — працэс вельмі складаны… А ў выніку маем «чырвонага чалавека».
Ён мне вельмі цікавы. Асабліва сёньня, у наш час, калі ў паветры выразны дух кашалька, нажывы, дух мамоны, калі ўсё падпарадкоўваецца страўніку, «дванаццаціперснай кішцы»… На гэтым фоне магу сказаць, напрыклад, што мне даспадобы жанчыны ваеннага пакаленьня — такіх прыгожых душ больш ніколі ня будзе. Гэта былі самыя цудоўныя людзі!
У тым нашым жыцьці, якое аддаляецца, было ўсё ж шмат моцнага і цікавага, высокага гістарычнага досьведу. Вось многія і сумуюць па тым часе. Прычым ня толькі старэйшыя, але й маладыя.
Бо гэты новы сьвет, той варыянт, які ў нас атрымліваецца (у нас жа не народна-дэмакратычная рэвалюцыя — гэта нейкі намэнклятурны капіталізм, або намэнклятурна-постіндустрыяльнае грамадзтва, ня ведаю, як лепш назваць) — гэта зусім ня тое, што мы хацелі. У імя чаго зьбіраліся некалі стотысячнымі мітынгамі.
Атрымалася нешта іншае. Хацелі ў будучыню, а трапілі ў мінуўшчыну.
У мяне новая кніга так і называецца «Час second-hand: Канец «чырвонага чалавека»».
Аляксандар Уліцёнак, Менск
3 чэрвеня 2008
Сёньня Сьвятлана Алексіевіч разважае, як беларуская мэнтальнасьць уплывае на цяперашні стан соцыюму й краіны.
Уліцёнак: Сёньняшняя Беларусь — гэта трывіяльны працяг Атлянтыды савецкай, або ёй дадаліся нейкія новыя, а магчыма нават і знакавыя рысы ў псыхалёгіі?
Алексіевіч: У нейкім сэнсе час тут і цяпер прыпынены палітычна. Але хто такі беларус? Гэта ўсё ж чалавек зь сялянскай мэнтальнасьцю: ён хоча пераменаў, але ня хоча ўзрушэньняў. Многае ў сёньняшняй уладзе яму знаёмае, звыклае, з гэтым людзі мірацца.
А з другога боку яны езьдзяць, глядзяць, слухаюць, бачаць сьвет, будуюцца, купляюць нязвыклыя рэчы, частуюцца новай ежай — зрушэньне адбываецца. І яго не спыніць ніякай аўтарытарнай уладзе — хутчэй яна сама будзе мяняцца. Бо грамадзтва разумнее, становіцца больш плястычным, больш дынамічным. Уладзе ад гэтага нікуды не падзецца. Тым больш і Расея ўжо ня стане ўтрымліваць беларускі сацыялізм: усе заклапочаныя ўласнымі інтарэсамі.