Жаночыя вабноты, чары жаночай грацыі заўжды былі сілай, з якой я не мог змагацца, але тое была ўвасобленая грацыя, мой ідэал, уцелясненне маіх самых смелых і самых апантаных відзежаў. Постаць, якую канструкцыя ложы дазваляла мне бачыць амаль цалкам, мела рост крыху вышэйшы за сярэдні і, без значнага перабольшання, сягала каралеўскай велічы. Яе формы былі цудоўна налітымі, пастава — перфектнаю. Абрысам яе галоўкі, бачнай толькі ззаду, магла б пазайздросціць сама грэцкая Псіхея, і элегантны капялюшык з тканіны gaze ӓerienne [71], які выклікаў у мяне асацыяцыі ventum textilem [72] Апулея*, хутчэй падкрэсліваў, чым хаваў гэта. Правая рука ляжала на балюстрадзе, змушаючы трымцець кожны нерв майго цела сваімі дасканалымі прапорцыямі. Яна была па апошняй модзе абхопленая свабодным адкрытым рукавом, якое адно крыху прыкрывала локаць. Ніжняе ж рукаво з нейкай далікатнай матэрыі шчыльна абцягвала руку і завяршалася пышнай карункавай манжэтай, якая спадала складкамі на далонь так, што былі відаць толькі тонкія пальчыкі, на адным з якіх ззяў дыямент, які я адразу ацаніў як надзвычай каштоўны. Запамарочную кругліню запясця ўдала падкрэсліваў бранзалет; таксама ўпрыгожаны нізкай каштоўных камянёў, ён пераканаўча даводзіў багацце і тонкі густ уладальніцы.
Я разглядаў гэтую каралеўскую постаць сама меней паўгадзіны, нібы аслупянеўшы; і ўвесь гэты час я напоўніцу адчуваў моц і праўдзівасць усяго, што калі-кольвек было прамоўлена ці праспявана пра «каханне з першага позірку». Тое, што я перажываў, не было падобна ні да аднаго пачуцця, што я зазнаваў дагэтуль у прысутнасці самых слаўных прыгажуняў. Неадольнае і, змушаны прызнаць, магнетычнае прыцягненне душаў прыкавала, здаецца, не адно мой зрок, але ўсю моц думак і пачуццяў маіх да незямнога аб'екта перада мною. Я бачыў — я адчуваў — я ведаў, што я глыбока, шалёна, незваротна закаханы — і гэта я яшчэ не бачыў твару багіні. Жарсць, што апанавала мяне, была такой нясцерпнай, што, думаю, калі б яшчэ не ўбачаны тварык выявіўся абсалютна звычайненькім, для мяне мала што змянілася б, калі б змянілася ўвогуле; такая ўжо гэта анамалія: сапраўднае — з першага позірку — каханне. I так мала залежыць яно ад чагосьці па-за намі: нам адно здаецца, што гэта вонкавыя абставіны раскладаюць мілосны агонь і падтрымліваюць яго.
I пакуль я стаяў саляным слупом у гонар гэтай цудатворнай іконы насупраць, раптоўны пошум у залі змусіў яе крыху павярнуць галоўку да мяне, і такім чынам я быў узнагароджаны ўсім яе профілем. Яго прыгажосць нават пераўзышла мае чаканні — і ўсё-ткі штосьці ў ім — я не мог патлумачыць сабе, што менавіта, — расчаравала мяне. Я сказаў «расчаравала», але гэта не зусім тое слова. Мае пачуцці суцішыліся, і адначасова я перажыў нечуванае ўзнясенне. У іх было менш узрушэння і больш разлітага экстазу — экстатычнага спакою. Гэты кшталт пачуцця спарадзіла, відаць, тое, што перада мной быў твар Мадонны, які нёс на сабе пячатку шчаслівага мацярынства; і раптам я зразумеў, што прычына не толькі ў гэтым. Было штосьці яшчэ — нейкая недаступная мне таямніца, — нешта ў манерах, выразе твару, што адначасова абудзіла маю трывогу і расцвяліла маю цікаўнасць. Так што я перабываў у такім душэўным стане, калі чуллівы юнак гатовы на самыя экстравагантныя ўчынкі. Калі б дама была адна, я, без сумневу, уварваўся б у яе ложу і рызыкнуў загаварыць з ёй; але, на жаль, ёй складалі кампанію нейкі джэнтльмен і надзіва прыгожая жанчына, з выгляду на некалькі гадоў за яе маладзейшая.
Я пракруціў у галаве тысячы спосабаў, што дазволілі б мне быць прадстаўленым старэйшай за мяне даме, ці, для пачатку, хаця б лепей разгледзець яе. Я б мог прасунуцца бліжэй у яе бок, але ў залі, перапоўненай, як таго вечару, гэта здавалася немагчымым. У той жа час няпісанае, але суворае правіла бон тону, апошнім часам пашыранае ў свеце, забараняла мне скарыстацца тэатральным біноклем для такіх мэтаў, нават калі б я меў шчасце мець яго, а я не меў — і з гэтай прычыны перабываў у адчаі.
Нарэшце я даўмеўся звярнуцца да свайго таварыша.
— Толбат, — сказаў я, — у вас пры сабе тэатральны бінокль. Дайце яго мне, калі ласка.
— Тэатральны бінокль? Не! Нашто гэта мне, па-вашаму, тэатральны бінокль? — і ён нецярпліва павярнуўся назад да сцэны.
— Але Толба-а-ат! — працягнуў я, торгаючы яго за плячо, — паслухайце сюды, дружа. Зірніце на тую ложу.
— Гэтую?
— Не, суседнюю... Ці сустракалі вы калі-небудзь такую красуню?
— Анягож, харошанькая — адказаў Толбат.
— Цікава, хто яна?
— Святыя анёлы, вы што, не ведаеце? «Яе не ведаць — значыць быць нікім»*. Гэта ж знакамітая мадам Лаланд, першая красуня, ва ўсім горадзе пра яе гавораць. Да таго ж надзвычай багатая ўдава і выгадная партыя — нядаўна з Парыжу.
— Вы з ёй знаёмы?
— Так, маю гонар быць.
— Вы прадставіце мяне?
— Зразумела — з вялікай прыемнасцю; калі вам заўгодна?
— Заўтра, а гадзіне дня, я зайду па вас у гатэль.
— Цудоўна. А цяпер памаўчыце, калі можаце.
Мне нічога не заставалася, як паслухацца Толбата, бо ад таго моманту ён нібы аглух і не рэагаваў на мае рэплікі, наўсуцэль захоплены падзеямі на сцэне.
Я ж тым часам не зводзіў вачэй з мадам Лаланд і ўрэшце меў шчасце пабачыць яе твар анфас. Ён быў надзвычай гожанькім: вядома ж, маё сэрца падказвала мне гэта яшчэ да таго, як Толбат задаволіў маю цікаўнасць на гэты конт, і ўсё-ткі нешта няўцямнае не давала мне спакою. Урэшце я вырашыў, што мяне бянтэжыла пэўная сумесь самавітасці, маркоты, ці, слушней сказаць, стомы, якая пазбаўляла яе існасць драбка маладосці і свежасці, каб надаць ёй анёльскай пяшчоты і велічы, што, вядома ж, дзесяцікротна павялічвала яе цікавасць для маёй жарснай і рамантычнай натуры.
Паядаючы даму вачыма, я з трымценнем прачытаў па ледзь прыкметных зменах у яе паводзінах, што яна заўважыла мой неадчэпны позірк. Але я быў у поўным захапленні і не мог адвесці ад яе вачэй нават на хвілю. Яна адвярнула твар, і я зноў мог бачыць адно дыхтоўны абрыс патыліцы. Праз некаторы час, нібы цікавячыся, ці я ўсё яшчэ гляджу на яе, яна крадком зноў павярнула твар да мяне і зноў напаткала мой палымяны погляд. Яе вялікія цёмныя вочы тут жа апусціліся, і густая чырвань заліла шчокі. Але, да майго глыбокага здзіўлення, я заўважыў, што яна не толькі не адвярнула галаву другі раз, але выцягнула з рыдыкюля ларнет, узняла яго, паднесла да твару — і ўважліва вывучала мяне праз яго на працягу некалькіх хвілінаў.
Калі б мяне працяла маланкай, я не быў бы агаломшаны так моцна — але толькі агаломшаны, ні ў якім разе не абражаны ці непрыемна здзіўлены, хоць гэткі смелы жэст з боку любой іншай жанчыны мусіў бы выклікаць крыўду ці агіду. Але гэта было зроблена з такой вытрымкай, з такой апрычонасцю, з такім спакоем, з такой выхаванасцю, што ў гэтым не было і ценю бессаромнасці, і душа мая поўнілася багомленнем і фасцынацыяй.
Я заўважыў, што, падняўшы ларнет першы раз, яна нібы задаволілася кароткім сузіраннем маёй асобы і ўжо адводзіла сваю прыладу, калі раптам, прыспетая нечаканай думкай, узняла яе зноў і цягам некаторага часу засяроджана разглядала мяне — сама меней, клянуся, гэта доўжылася пяць хвілінаў.
Жэст, такі незвычайны ў амерыканскім тэатры, прыцягнуў усеагульную ўвагу і паслужыў прычынай няяснага хвалявання, шэпту ў залі; на нейкае імгненне я сумеўся, чаго нельга было сказаць пра мадам Лаланд.
Задаволіўшы сваю цікаўнасць — калі гэта была цікаўнасць, — яна дала ларнету павіснуць на руцэ і спакойна вярнула сваю ўвагу сцэне; цяпер яна была да мяне ў профіль, як і раней. Я працягваў пільна сузіраць яе, цалкам усведамляючы ўсю непрыстойнасць гэтага. Праз пэўны час я заўважыў, што яе галава пакрысе зрушылася ў мой бок, і хутка я ўпэўніўся, што дама, робячы выгляд, што сочыць за сцэнай, насамрэч крадком вывучае мяне. Лішне казаць, як шакавалі маё ўяўленне гэткія паводзіны гэткай фантастычнай жанчыны.
Паглядзеўшы на мяне такім чынам недзе з чвэрць гадзіны, гэты чысты абект маёй жарсці звярнуўся да джэнтльмена, які суправаджаў яе, і па позірках суразмоўцаў я беспамылкова вызначыў, што гавораць яны пра мяне.
У выніку мадам Лаланд зноў павярнулася да сцэны і некалькі хвілінаў, здавалася, уважліва сачыла за спектаклем. Праз пэўны адцінак часу яна, аднак, прывяла мяне ў экстаз, другі раз абярнуўшыся; ларнет, што да таго вісеў на руцэ, зноў быў накіраваны на мяне, і, выклікаўшы паўторнае перашэптванне ў залі, яна ўзялася аглядаць мяне з ног да галавы з тым самым дзівосным халаднакроўем, якое было так усхвалявала маю натхнёную душу.
Гэткія нечуваныя паводзіны, пасяліўшы ўва мне ліхаманку захаплення, наўсуцэль ап'яніўшы мяне каханнем, хутчэй падбадзёрылі, чым збянтэжылі мяне. У мілосным шале я забыўся на ўсё, апроч велічнай красуні, якая апанавала мой зрок. Прычакаўшы момант, калі заля, здавалася, была занятая адно операй, я нарэшце злавіў позірк мадам Лаланд і зрабіў хуткі, лёгкі, але выразны паклон.
Яна расчырванелася — потым адвяла вочы — потым паволі і асцярожна азірнулася, відаць, правяраючы, ці мой дзёрзкі жэст быў кім-кольвек заўважаны, — потым нахілілася да джэнтльмена, які сядзеў поруч з ёй.
[71] Паветраны газ (фр.).
[72] Тканіна з паветра (лац.).