— Ён ідзе! — закрычаў хтосьці на лесвіцы.
— Ён ідзе! — закрычаў хтосьці вышэй.
— Ён ідзе! — закрычаў хтосьці яшчэ вышэй.
— Ён прыйшоў! — абвесціла герцагіня. — Прыйшоў, носік мой каханенькі! — тут яна схапіла мяне за рукі і тройчы пацалавала ў нос.
Гэта адразу зрабіла сенсацыю.
— Diavolo [66]! — ускрыкнуў граф Казяроцці.
— Mille tonnerres [67]! — выгукнуў прынц дэ Жаб.
— Tousand teufel [68]! — прарычэў курфюрст Краўважэрт. Сцярпець гэта было немагчыма. Я раз'юшыўся. Я рэзка павярнуўся да курфюрста.
— Сэр, — сказаў я, — вы макака.
— Сэр, — адказаў ён, хвілінку падумаўшы, — Donner und Blitzen [69]!
Большага я нават не жадаў. Мы абмяняліся візітоўкамі. Наступным ранкам пад Чок-Фармам я адстрэліў яму нос і паехаў да сяброў.
— Быдла! — сказаў адзін.
— Дурань! — сказаў другі.
— Ідыёт! — сказаў трэці.
— Асёл! — сказаў чацверты.
— Вар'ят! — сказаў пяты.
— Ёлуп! — сказаў шосты.
— Шыбуй адсюль! — сказаў сёмы.
Такі прыём мяне проста забіў, і я паехаў да бацькі.
— Бацька мой, — спытаў я, — што ёсць асноўнай мэтай майго існавання?
— Сын мой, — адказаў ён, — гэта ўсё яшчэ вывучэнне насалогіі, аднак, трапіўшы ў нос курфюрсту, ты застаўся з носам. У цябе цудоўны нос, гэта сапраўды так, аднак у Краўважэрта цяпер цудоўнага носа няма. Ты даў маху, а ён зрабіўся героем дня. Я ўпэўнены, што ў Абра-Ка-д'Абры слава наўпрост прапарцыйная памерам носа, аднак — о Божа! — хто можа параўнацца са знакамітасцю, у якой носа ўвогуле няма?
Пераклала Ганна Янкута
Акуляры
Калісьці было модна высмейваць так званае «каханне з першага позірку»; але людзі Пачуцця, гэтак жа як і людзі Думкі, ніколі не ставілі пад сумнеў яго існаванне. I сапраўды, актуальныя даследзіны ў галіне таго, што можна назваць этыкамагнетызмам альбо магнетаэстэтыкай, сведчаць: найбольш натуральныя і, адпаведна, найбольш глыбокія і найменш фальшывыя эмоцыі чалавека — тыя, што ўспыхваюць у сэрцы нібы па нейкім электрычным імпульсе — то бок найбольш яскравыя і трывалыя з душэўных прыхільнасцяў родзяцца вокамгненна — у літаральным сэнсе гэтага слова. Прызнанне, якое я маю намер зрабіць, паслужыць яшчэ адным звяном і без таго бясконцага ланцуга доказаў рацыі вышэйсказанага.
Аповед мой вымагае дакладных аўтабіяграфічных звестак. Я зусім яшчэ маладзён — мне няма і дваццаці двух. Прозвішча маё на дадзены момант даволі банальнае і нават плебейскае — Сімпсан. Я кажу «на дадзены момант», бо такое прозвішча ў мяне ад нядаўна — я афіцыйна ўзяў яго менш за год таму, каб атрымаць вялікую спадчыну, якую пакінуў мне далёкі крэўны мужчынскага полу, Адольф Сімпсан, эсквайр. Умовай тэстаменту было тое, што я мушу ўспадчыніць і прозвішча памерлага; толькі прозвішча, не імя. Імя, а дакладней, імёны мае — Напалеон Банапарт.
Прозвішча Сімпсан я прыняў ускрай неахвотна, бо па праве ганарыўся сваім родавым імем — Фруасар, свята веруючы, што паходжу ад несмяротнага аўтара «Хронік»*. Дарэчы, пра імёны: у прозвішчах маіх непасрэдных продкаў меў месца шэраг займальных гукавых супадзенняў. Мой бацька быў нехта Фруасар з Парыжу. Яго жонка — мая маці — якая пабралася з ім у пятнаццаць гадоў, — у дзявоцтве насіла прозвішча Круасар; яна была старэйшай дачкой банкіра Круасара, чыя жонка, у сваю чаргу, выйшла замуж шаснаццацігадовай і была старэйшай дачкой чалавека, якога звалі Віктор Вуасар. Гэты Вуасар, як ні дзіўна, быў жанаты з дамай, што да таго мела падобнае прозвішча — Муасар. Яна таксама выйшла замуж амаль дзіцем, і яе маці нейкі Муасар павёў пад вянец, калі нявесце было ўсяго чатырнаццаць. У Францыі такімі раннімі шлюбамі нікога не здзівіш. Вось жа, Муасары, Вуасары, Круасары і Фруасары — і ўсё гэта мае продкі па простай лініі. Я ж, як я ўжо сказаў, зрабіўся Сімпсанам, падпарадкоўваючыся закону і з такой унутранай агідай, што пэўны час нават вагаўся, ці прымаць спадчыну пры такіх раздражняльных і бязглуздых юрыдычных варунках.
Што да асабістых якасцяў, то я, безумоўна, чалавек адораны. Ніякіх дэфектаў не маю. Наадварот, я станісты, і дзевяць дзясятых усяго свету назавуць мой твар прыгожым. Рост мой складае пяць футаў адзінаццаць дзюймаў [70]. Мой волас чорны і кучаравы. Мой нос вельмі нават нішто сабе. Мае вочы вялікія і шэрыя; і хоць бачаць яны так кепска, што гэта прыносіць мне плойму нязручнасцяў, па іх выглядзе гэтага аніяк не скажаш. Слабасць зроку, аднак, заўжды раздражняла мяне, і я пераспрабаваў усе сродкі — апроч акуляраў. Малады і прывабны, я, натуральна, адпрэчваў гэты аксэсуар і ўсялякім чынам пазбягаў ім карыстацца. Нішто не надае маладому твару болей занудства ды нейкага старэчага ханжаства. Манокль жа, у сваю чаргу, — атрыбут піжонаў ды снобаў. Пакуль што я з пераменным поспехам абыходзіўся і без таго, і без другога. Зрэшты, годзе пра дэталі, тым больш што яны малаважныя. Дадам яшчэ для поўнай карціны, што ў мяне тэмперамент сангвініка: я чалавек палкі, імпэтны, поўны энтузіязму і ўсё сваё жыццё быў адданым заўзятарам жанчынаў.
Аднойчы зімовым вечарам я падняўся ў ложу тэатра П., на пару з маім сябрам па прозвішчы Толбат. Давалі оперу, анонсы абяцалі рэдкае відовішча, таму заля была забітая публікай. Мы прыйшлі акурат у час, каб заняць зарэзерваваныя для нас месцы ў першым шэрагу, прабрацца да якіх тым не менш было няпроста.
Дзве гадзіны запар таварыш мой, апантаны меламан, быў зліўшыся са сцэнай у адно цэлае; я ў гэты час забаўляў сябе, разглядаючы бамонд, які збольшага складаўся з гарадской эліты. Нацешыўшыся гэтым заняткам, я быў гатовы звярнуць свае вочы на прымадонну, калі раптам іх спыніла і прыкула да сябе постаць у адной з прыватных ложаў, што дагэтуль заставалася па-за маёй увагаю.
Пражыві я хоць тысячу гадоў, я ніколі не забуду моцнага пачуцця, з якім я аглядаў гэтую постаць. Гэта была найчароўнейшая з кабетаў, якіх я калі-кольвек сустракаў. Твар быў павернуты да сцэны такім чынам, што пару хвілінаў я не мог бачыць яго цалкам, але форма была боскаю, ніякае іншае слова не перадасць напоўніцу яго выдатных прапорцыяў, і нават слова «боскі» здаецца да смешнага мізэрным, калі я пішу яго.
[66] Д'ябал (іт.).
[67] Каб цябе ліха (фр.).
[68] Тысяча чарцей (ням.).
[69] Перуны і маланкі (ням.).
[70] 1 м 81 см.