— Незвычайны фізіёлаг! — сказалі ў «Вестмінстэрскім весніку».
— Разумнік! — сказалі ў «Замежным».
— Цудоўны пісьменнік! — сказалі ў «Эдынбургскіх навінах».
— Глыбокі мысляр! — сказалі ў «Вячэрнім Дубліне».
— Вялікая асоба! — сказалі ў «Бэнтлі-прэс».
— Высокі дух! — сказалі ў «Фрэзеры».
— Свой чалавек! — сказалі ў «Блэквудзе».
— Хто ж ён? — спытала місіс Панчох-Сінье.
— Што ж ён? — спытала старэйшая міс Панчох-Сінье.
— Як жа ён так? — спытала малодшая міс Панчох-Сінье.
Аднак я не надаў гэтым людзям аніякае ўвагі, а проста ўвайшоў у майстэрню аднаго мастака.
Герцагіня Божа-Барані пазавала для партрэта, маркіз Вось-Дык трымаў яе пудзеля, граф Абал-Дзець заляцаўся да яе нюхальнага флакона, а Яго каралеўская вялікасць Асадзі-Назад прыхіліўся да яе крэсла.
Я падышоў да мастака і задраў нос.
— Якая прыгажосць! — уздыхнула яе светласць.
— Які жах! — пралапатаў маркіз.
— Якая брыда! — прастагнаў граф.
— Якое паскудства! — прабуркатала яго каралеўская вялікасць.
— Колькі вы за яго хочаце? — спытаў мастак.
— За гэты нос! — ускрыкнула яе светласць.
— Тысячу фунтаў, — адказаў я, сядаючы.
— Тысячу фунтаў? — задуменна перапытаў мастак.
— Тысячу фунтаў, — сказаў я.
— З гарантыяй? — удакладніў ён, паварочваючы мой нос да святла.
— З гарантыяй, — адказаў я, добра яго высмаркаўшы.
— А ён у вас сапраўдны? — настойваў ён, пачціва да яго дакранаючыся.
— А то! — сказаў я і скрывіў яго.
— I ніводнай копіі не рабілі? — дапытваў мастак, вывучаючы яго пад мікраскопам.
— Ніводнай, — паведаміў я і задраў яго.
— Чароўна! — усклікнуў ён, цалкам трацячы асцярожнасць ад прыгажосці гэтага манеўра.
— Тысячу фунтаў, — сказаў я.