— Так-та-ак! — працягнуў голас, пакуль я аглядаў пакой. — Фы налісаліся як швіня, калі не заўфашылі мяне, а я сусім тут.
Тут я здагадаўся паглядзець проста перад носам: і сапраўды, насупраць мяне за сталом сядзела істота, якая не паддавалася класіфікацыі, хаця апісанню — цалкам. Яе тулавам была бочка ці то для віна, ці то для рому, ці нешта такога кшталту, і выглядала гэтае тулава сапраўды фальстафаўскім. Знізу былі прымацаваныя два кадоўбчыкі, якія мусілі замяняць ногі. Замест рук віселі рыльцамі ўніз дзве даволі доўгія бутэлькі. Галава пачвары была рыхтык гесенская пляшка і нагадвала табакерку з дзіркай пасярэдзіне вечка. Гэтая пляшка з лейкай, ссунутай набакір, нібы кавалерыйская фуражка, глядзела дзіркай на мяне; праз гэтую дзірку, якая, здавалася, моршчылася, як рот педантычнай старой дзевы, істота шыпела і хрыпела, лічачы, відавочна, гэтыя няўцямныя гукі зразумелымі словамі.
— Я башу, — сказаў ён, — што фы напіліся як швіня, бо сеціце там і не башыце, што я сяшу тут, і я башу, што фы дурны, як фарона, таму што не ферыце натрукаванаму ў труку. Гэта прафда — кошнае слофа прафда.
— Ды хто вы, дальбог? — з годнасцю, хаця і крыху разгублена, прамовіў я. — Як вы сюды трапілі? Пра што вы ўвогуле?
— Як я трапіў сюты, — адказала фігура, — не фашая спрафа, хафару я ўфогуле пра тое, пра што ўфогуле хачу хафарыць, а хто я такі, тык я прыйшоў, каб фы самі гэта пабачылі.
— Вы п'яны бадзяга, — сказаў я. — Я зараз пазваню і загадаю лёкаю выкінуць вас на вуліцу.
— Хе-хе-хе! — засмяяўся госць. — Ухіхі! Фы не зробіце гэтага.
— Не зраблю? — абурыўся я. — Што вы маеце на ўвазе? Чаго не зраблю?
— Не пасфоніце, — адказаў ён, спрабуючы пасміхнуцца сваім гнюсным ротам.
Пасля гэтых словаў я паспрабаваў падняцца, каб спраўдзіць сваю пагрозу, але нягоднік без спеху перагнуўся праз стол і ўдарыў мяне па ілбе рыльцам адной з бутэлек так, што я паваліўся назад у фатэль, з якога ўжо напалову падняўся. Я быў вельмі здзіўлены і на момант разгубіўся. Тым часам ён працягваў.
— Фось башыце, — сказаў ён. — Лепш сяціце ціха. А цяпер я фам скажу, хто я! Гляціце! Слухайце! Я — Анёл Натсфычайнасцяў!
— I надзвычайны, дальбог, — рызыкнуў я ўставіць. — Я заўсёды думаў, што ў анёлаў ёсць крылы.
— Крылы! — раззлавана ўскрыкнуў ён. — Што мне рабіць з крыламі? Майн Гот! Я фам што, курыца?
— Не-не! — адказаў я, спалохаўшыся. — Якая ж вы курыца! Безумоўна, не!
— Тады сяці ціха і пафоць сябе тобра, а то зноў кулака паспытаеш. У курыца ёсць крылы, і ў сафа ёсць крылы, і ў чарцяня ёсць крылы, і ў Фэльзефул ёсць крылы. Анёл не мае крылы, а я — Анёл Натсфычайнасцяў.
— I вашая справа да мяне...
— Мая спрафа! — выкрыкнула пачвара. — Ты няфыхафаны шчанюк, калі пытаешся ў тшэнтльмэна і анёла пра яго спрафу!
Такой манеры гаварыць я не мог вытрываць нават ад анёла і таму, сабраўшы ўсю сваю мужнасць, схапіў сальнічку, якая стаяла пад рукой, і кінуў яе ў галаву нязванаму госцю. Аднак ці то ён адхіліўся, ці то я не пацэліў, але я здолеў толькі разбіць шкло гадзінніка на каміннай паліцы. Што да анёла, то ён, як і раней, выказаў сваё стаўленне да майго ўчынку трыма паслядоўнымі ўдарамі па ілбе. Гэта змусіла мяне падпарадкавацца, і, сорамна сказаць, ці то ад болю, ці то ад прыкрасці ў мяне выступілі на вачах слёзы.
— Майн Гот! — прамовіў Анёл Надзвычайнасцяў, якога відавочна змякчыла сузіранне маіх пакутаў. — Майн Гот, гэты шалавек ці фельмі п'яны, ці фельмі засмушоны. Не трэба піць такое моснае фіно, трэба распафляць. Фыпі гэтага, пуць харошы хлопшык і не плаш, ну не плаш!
Тут Анёл Надзвычайнасцяў даліў у мой келіх (які быў на траціну поўны партвейнам) бясколернай вадкасці з адной са сваіх бутэлек. Я заўважыў на гэтых бутэльках налепкі вакол рыльцаў. Там было напісана Kirschenwasser [79].
Тактоўнасць і дабрыня Анёла ў немалой ступені супакоіла мяне, а вадкасць, якою ён неаднойчы разбавіў мой партвейн, прывяла мяне ў настрой слухаць яго надзвычайны маналог. Я нават не спрабую пераказаць усё тое, што ён мне гаварыў, але з ягоных словаў я зразумеў, што ён геній, якому падлеглыя ўсе непрыемнасці, што здараюцца з чалавекам, і які арганізуе надзвычайныя здарэнні, што пастаянна здзіўляюць скептыкаў. Раз ці два, калі я спрабаваў выказаць недавер адносна ягоных заяваў, ён вельмі злаваўся, таму я вырашыў, што наймудрэйшай стратэгіяй будзе маўчаць і дазваляць яму казаць што заманецца. Пакуль ён раздабарваў, я з прымружанымі вачыма сядзеў, адкінуўшыся на спінку фатэля, і забаўляўся тым, што жаваў вінаград і раскідваў костачкі па ўсім пакоі. Аднак Анёл хутка палічыў мае паводзіны зняважлівымі. Ён падняўся, страшэнна разгневаны, насунуў сваю лейку на самыя вочы, шматслоўна вылаяўся, выгукнуўшы пагрозу, сэнсу якой я так і не зразумеў, урэшце нізка пакланіўся мне і знік, мовай арцыбіскупа з «Жыля Блаза»* пажадаўшы beaucoup de bonheur et un peu plus de bon sens [80].
Ягоны сыход прынёс мне палёгку. Некалькі шклянак лафіту навявалі сон, і мне захацелася пятнаццаць-дваццаць хвілінак падрамаць, як і звычайна пасля абеду. А шостай у мяне была важная сустрэча, прапускаць якую вельмі не хацелася. Тэрмін страхоўкі майго дому скончыўся дзень таму, узніклі некаторыя непаразуменні, і я дамовіўся з кіраўніцтвам страхавой кампаніі пра сустрэчу а шостай, дзе мы маглі абмеркаваць пытанне яе працягу. Зірнуўшы на гадзіннік, што стаяў на каміне (я быў такі снулы, што не мог дастаць кішэнны), я ўзрадаваўся, што ў мяне яшчэ дваццаць пяць вольных хвілінаў, а мая сіеста ніколі не доўжылася больш за дваццаць. Таму я цалкам супакоіўся і аддаўся сну.
Неймаверна задаволены сном, я зноў зірнуў на гадзіннік — і амаль паверыў у магчымасць надзвычайных здарэнняў, пабачыўшы, што замест звычайных пятнаццаці-дваццаці хвілінаў я праспаў усяго тры: гадзіннік паказваў без дваццаці сямі шэсць. Я зноў заснуў, потым прачнуўся і вельмі здзівіўся, зразумеўшы, што ў мяне па-ранейшаму засталося дваццаць сем хвілінаў. Я ўскочыў праверыць гадзіннік і выявіў, што ён не працуе. Мой кішэнны гадзіннік паказваў палову восьмай; праспаўшы дзве гадзіны, я, безумоўна, спазніўся на сустрэчу.
«Ну і што, — падумаў я, — зайду туды зранку і выбачуся. Але што здарылася з гадзіннікам?» Пасля праверкі выявілася, што адна з костачак вінаграду, якія я раскідваў па пакоі падчас маналога Анёла Надзвычайнасцяў, пераляцела цераз разбітае шкло і выпадкова засела ў шчыліне для заводу, спыніўшы рух хвіліннай стрэлкі.
— О, — прамовіў я, — цяпер я разумею. Усё відавочна. Такое бывае.
Я больш не думаў пра гэты выпадак і пайшоў спаць у звычайны час. Паставіўшы свечку на пюпітр у галавах ложка, я паспрабаваў засяродзіцца на «Усюдыіснасці Бога»*, аднак, на вялікі жаль, менш чым за дваццаць секундаў заснуў, пакінуўшы святло гарэць.
Маім снам жахліва перашкаджаў Анёл Надзвычайнасцяў. Мне здавалася, што ён стаіць ля ложка, рассоўвае занавескі і найагіднейшым замагільным голасам бочкі для рому пагражае мне самай страшнай помстай за маё кепскае да яго стаўленне. Пасля доўгага рассусольвання ён зняў лейку, засунуў яе мне ў горла і так паіў мяне цэлым акіянам Kirschenwasser, які ліўся бясконцым струмянём з бутэлькі з доўгім рыльцам, што замяняла яму руку. Урэшце мая агонія стала невыноснай, і я прачнуўся акурат у час, каб заўважыць, што пацук сцягнуў запаленую свечку, але запозна, каб перашкодзіць яму збегчы са сваёй здабычай у дзірку. Вельмі хутка мой нос адчуў задушлівы пах, і я зразумеў, што дом гарыць. Праз некалькі хвілінаў полымя ўжо распаўсюджвалася са страшэннай сілай, і хутка ўвесь будынак быў ахоплены агнём. Усе выхады з майго пакоя, акрамя акна, былі адрэзаныя. Аднак неўзабаве сабраўся натоўп, і мне прынеслі доўгую лесвіцу. Спускаючыся па ёй, я ўжо быў паверыў у сваё выратаванне, калі вялізная свіння, чыё круглае пуза, і пыса, і ўвесь выгляд чымсьці нагадалі мне Анёла Надзвычайнасцяў, — свіння, якая да гэтага спакойна спала ў брудзе, раптам вырашыла, што трэба пачухаць левы бок, і не знайшла для гэтага нічога лепшага за маю лесвіцу. Праз імгненне я грымнуўся і, на сваё няшчасце, зламаў руку.
Гэты выпадак, разам са стратай страхоўкі і стратай больш сур'ёзнай — валасоў, якія гарам згарэлі ў полымі, настроіў мяне на сур'ёзны лад, і я вырашыў ажаніцца. Побач жыла адна багатая ўдава, якая пахавала сёмага мужа, і яе параненаму сэрцу я прапанаваў бальзам шлюбнай клятвы. Яна сарамліва паддалася маім благанням. Удзячны і захоплены, я ўкленчыў ля яе ног з пачуццём падзякі і захаплення. Яна пачырванела, і яе шыкоўныя валасы спляліся з маімі, часова пазычанымі ў Гранжана. Я так і не зразумеў, як здарыўся гэты канфуз. Я падняўся без парыка, свецячы лысінай, а ахопленую гневам і пагардай удаву напалову схавалі чужыя валасы. Так непрадказальны выпадак, які, аднак, быў вынікам цалкам звычайнага збегу абставінаў, загубіў мае надзеі на ўдаву.
Але я не паддаўся адчаю і пачаў аблогу менш непахіснага сэрца. Мне зноў некаторы час шанцавала, але потым чарговым разам умяшаўся звычайны выпадак. Сустрэўшы сваю каханую сярод гарадской élite [81], я паспяшаўся павітацца з ёю сваім найлепшым паклонам, калі нейкае чужароднае цела трапіла мне ў вока, на момант цалкам асляпіўшы мяне. Калі да мяне вярнуўся зрок, я ўбачыў, што дама майго сэрца знікла, неймаверна абражаная наўмыснай, як ёй падалося, грубасцю з майго боку, якая выявілася ў тым, што я прайшоў міма не павітаўшыся. Пакуль я стаяў, здзіўлены неспадзяванкай (якая, аднак, магла здарыцца з любым чалавекам), нічога не бачачы, са мной павітаўся Анёл Надзвычайнасцяў, які прапанаваў мне дапамогу з ветлівасцю, на якую я не разлічваў. Ён умела і акуратна агледзеў маё вока і сказаў, што там нейкая драбяза і (чым бы яна ні была) дастаў яе, і мне стала лепей.
Я вырашыў, што час мне памерці, бо лёс апантана пераследаваў мяне, і пайшоў да найбліжэйшай рэчкі. Там, раздзеўшыся (а чаму мы не можам памерці ў чым маці нарадзіла?), я кінуўся ў ваду. Адзінай сведкай майго ўчынку была самотная варона, якая акурат дзяўбла прапітанае брэндзі зерне, адстаўшы ад сваіх сябровак. Як толькі я апынуўся ў вадзе, птушцы раптам заманулася зляцець, прыхапіўшы самую неабходную дэталь майго гардэробу. Адклаўшы на некаторы час самагубства, я засунуў ногі ў рукавы паліто і пабег даганяць злачынку са спрытам, якога вымагала сітуацыя і наколькі дазвалялі абставіны. Але кон не пакідаў мяне. У той час, калі я бег як ветрам гнаны, утаропіўшыся ў неба і спрабуючы ўгледзець выкрадальніцу сваёй маёмасці, я раптам адчуў, што ногі больш не кранаюцца terra firma [82]. Аказваецца, я паляцеў з абрыву і непазбежна разбіўся б, калі б, на шчасце, не схапіўся за канец вяроўкі, што звісала з паветранага шару, які пралятаў побач.
[79] Вішнёвая настойка (ням.).
[80] Усялякага шчасця і крыху болей здаровага сэнсу (фр.).
[81] Эліта (фр.).
[82] Цвёрдая зямля (лац.).