Катэгорыю вышэйшых службоўцаў салідных фірмаў, або «старых надзейных прыяцеляў», цяжка было зблытаць з некім іншым. Яны пазнаваліся з іх цёмных або чорных сурдутаў і нагавіцаў, пашытых дзеля зручнейшага сядзення, насілі яны таксама белыя гальштукі й камізэлькі, шырокія самавітыя чаравікі і тоўстыя шкарпэткі або гетры. Усе яны былі лысаватыя, а правае вуха ў іх, гадамі прызвычаенае трымаць асадку, паводле дзіўнага звычаю было крыху адтапыранае ўверсе. Я заўважыў, што яны заўсёды здымалі й надзявалі капялюш абедзвюма рукамі, а яшчэ насілі гадзіннікі на кароткім залатым ланцужку трывалага старадаўняга ўзору. Яны ўсяляк удавалі самавітасць, калі толькі можна ўдаваць штосьці нагэтулькі паважнае.
Нямала траплялася мне зухаватых з выгляду асобінаў, што належалі, як я лёгка разумеў, да пароды кішэннікаў экстра-класа, якімі поўняцца ўсе вялікія гарады. Я разглядаў гэтае племя з вялікай цікавасцю і ніяк не мог уявіць, як могуць прымаць іх за джэнтльменаў самі джэнтльмены. Неабсяжнасць іхных манжэтаў у спалучэнні з выразам празмернае шчырасці на твары адразу іх выдавала.
Шулераў, якіх я таксама заўважаў нямала, было яшчэ лягчэй распазнаць. Яны былі ўбраныя вельмі розна: і як мацёрыя напарстачнікі — у вельветавыя камізэлькі з каляровымі хусткамі вакол шыі, залачонымі ланцужкамі й філігранавымі гузікамі, або як падкрэслена незаўважны святар, які менш за ўсё мог выклікаць падазрэнні. I аднак усе яны вылучаліся нейкай прыпухлай смуглявасцю твараў, бляклай замглёнасцю вачэй, бледнасцю сціснутых вуснаў. Да таго ж, былі яшчэ дзве рысы, з якіх я заўсёды мог іх распазнаць, — асцярожная сцішанасць тону ў размове і вялікі палец на руцэ, больш чым звычайна адстаўлены прастакутна да іншых пальцаў. Вельмі часта, у кампаніі з гэтымі круцялямі мне траплялася парода людзей, што хоць і мелі крыху іншыя манеры, усё роўна былі птушкі з тае самае чарады. Іх можна было б акрэсліць джэнтльменамі, якія жывуць з свае спрытнасці. Яны, як выглядае, палююць на людзей у двух атрадах — фарсуноў і вайскоўцаў. Галоўныя адзнакі першае групы — доўгія валасы й заўсёдная ўсмешка; другое — мундур з аксельбантамі й насупленыя бровы.
Апускаючыся, як той казаў, па шкале арыстакратычнасці, я знайшоў больш змрочныя й глыбокія тэмы для разважанняў. Я бачыў габрэйскіх вулічных гандляроў з ястрабінымі вачыма, якія глядзелі з твараў, дзе ўсе іншыя рысы былі пазначаныя пакорлівым прыніжэннем; дужых прафесійных жабракоў, што злосна касавурыліся на больш прыстойных з выгляду просьбітаў, якіх толькі нясцерпная роспач выгнала ў змрок ночы па міласціну; хвараблівых і страхотных інвалідаў, на якіх смерць ужо паклала сваю цвёрдую руку, якія, няпэўна валочачы праз натоўп свае кволыя целы, умольна зазіралі кожнаму ў твар, нібыта шукаючы нейкага неспадзяванага суцяшэння, нейкай страчанай надзеі; сціплых маладых дзяўчат, што вярталіся пасля доўгай і позняй працы ў панурыя дамы і сціскаліся, больш ад страху, чым ад абурэння, пад позіркамі нахабных нягоднікаў, якіх было не абмінуць, каб яны не прыціснуліся сярод натоўпу; вулічных жанчын самага рознага веку й гатунку — неаспрэчную прыгажуню ў найлепшым жаночым веку, што нагадвае Лукіянаву* статую, з абліччам з пароскага мармуру, але з поўным гнюснага бруду нутром — агідную й безнадзейна пагіблую пракажоную ў лахманах — паморшчаную, завешаную аздобамі, абмазаную пудрамі й памадамі старую чапялу ў апошнім намаганні вярнуць маладосць — зусім малое дзіця з няспелымі формамі, спрактыкаванае праз багаты досвед ва ўсіх страшных манернасцях свайго рамяства, ахопленае шалёным памкненнем параўнацца ў заганах з старэйшымі; незлічоных і неапісальных п'яніцаў — адных у палапленым рыззі, што маўкліва хісталіся на бакі, з пабітымі тварамі й тусклымі вачыма — другіх у цэлым, але брудным адзенні, з крыху няпэўнай фанабэрлівай хадою, з тоўстымі гарачымі вуснамі і з прыязнымі расчырванелымі тварамі — іншых, чыё адзенне некалі было добрае, а й цяпер яшчэ было старанна выгладжанае шчоткай — людзей, якія йшлі пругкаю хадою, але твары ў якіх былі смяротна бледныя, вочы жахліва-дзікія й чырвоныя, якія, праціскаючыся скрозь натоўп, чапляліся дрыготкімі пальцамі за ўсё, што трапляла ім пад руку; апрача ўсіх гэтых — пірожнікаў, насьбітоў, вугальшчыкаў, смецяроў; катрыншчыкаў, малпаводаў і складальнікаў баладаў, тых, хто гандляваў імі і тых, хто спяваў; абадраных рамеснікаў і знясіленых работнікаў усіх гатункаў, і ўсё гэта было поўнае шумлівай і бязладнай жывасці, якая рэзала вуха і ад якой балела ўваччу.
Чым глыбейшая рабілася ноч, тым больш паглыблялася й мая цікаўнасць да відовішча, бо не толькі матэрыяльна змяніўся агульны характар натоўпу (яго далікатнейшыя рысы знікалі з адступленнем са сцэны больш прыстойнае часткі гараджанаў, грубейшыя ж, наадварот, рабіліся штораз больш выразныя, бо позняя часіна выцягвала з дзённых логваў самую розную гнюсоту), але й святло газавых ліхтароў, напачатку кволае ў ягоным змаганні з апошнімі промнямі дня, паволі бралася ў сілу й пакрывала ўсё навокал сутаргавай бляклай свеценню. Усё навокал было цёмнае і ўрачыстае — як той чарнадрэў, з якім параўноўваюць стыль Тэртуліяна*.
Зачараваны дзівоснымі гульнямі святла, я захапіўся разгляданнем асобных твараў; і хоць хуткасць, з якою зіхоткі сусвет мільгаў за вакном, дазваляла мне кінуць толькі адзін позірк на кожны твар, усё ж здавалася, што ў тым маім асаблівым стане душы й розуму я часта быў здольны нават за найкарацейшае імгненне беглага позірку прачытаць гісторыю доўгіх гадоў.
Прыціснуўшыся лобам да шыбіны, я сядзеў, падрабязна аглядаючы натоўп, калі раптам перада мною з'явіўся твар (струхлелага старога чалавека гадоў шасцідзесяці пяці або сямідзесяці) — твар, які спыніў і захапіў усю маю ўвагу, дзякуючы абсалютнай непаўторнасці ягонага выразу. Нічога, што б хоць найдалей нагадвала гэты выраз, я ніколі яшчэ не бачыў. Я добра памятаю, што маёй першай думкай, калі я ўбачыў яго, было, што Рэц*, паглядзеўшы на яго, не вагаючыся выбраў бы гэты твар для сваіх партрэтных уцелаўленняў д'ябла. Калі я паспрабаваў за кароткую хвіліну майго арыгінальнага агляду прааналізаваць значэнне, схаванае ў гэтым твары, перада мною няясна й блытана паўсталі вобразы вялікае разумовае сілы, абачлівасці, скупасці, хцівасці, стрыманасці, хітрасці, крыважэрнасці, злацешнасці, весялосці, празмернага страху, глыбокай — скрайняй роспачы. Я быў дзівосна ўзрушаны, спалоханы, зачараваны. «Якая дзікая гісторыя, — сказаў я сам сабе, — запісаная ў гэтай душы!» Тады ў мяне ўзнікла нясцерпнае жаданне прасачыць за гэтым чалавекам, даведацца пра яго болей. Паспешліва накінуўшы плашч і схапіўшы капялюш і кій, я выбег на вуліцу й пачаў прадзірацца праз натоўп у той бок, куды, як я пабачыў, пайшоў стары, бо ён ужо знік з вачэй. Не без цяжкасці праз нейкі час я ўсё ж заўважыў яго, наблізіўся й пайшоў за ім, захоўваючы асцярожнасць, каб не прыцягнуць ягонае ўвагі.
Цяпер я мог добра яго разгледзець. Ён быў з выгляду вельмі кволы. Вопратка на ім, агулам кажучы, была брудная й падзертая; але калі час ад часу на яго падала зыркае святло ліхтара, было відаць, што ягоная бялізна, хоць і брудная, была пашытая з дыхтоўнае тканіны; і, можа, мяне падмануў мой зрок, але праз прагал у шчыльна зашпіленым і відавочна пазычаным з чужога пляча roquelaur'ы [60], у які ён быў загорнуты, я заўважыў дыямент і кінжал. Гэтыя назіранні падагрэлі маю цікаўнасць, і я вырашыў ісці за незнаёмцам, куды б ён ні скіраваўся.
Было ўжо зусім цёмна, і над горадам павісла шчыльная сырая смуга, якая хутка абрынулася густым зацяжным дажджом. Гэтая змена ў надвор'і дзіўным чынам паўплывала на натоўп, у ім распачаўся новы розрух, а над ім павырасталі незлічоныя парасоны. Калыханне, штурханіна й гамана ўзмоцніліся ўдзесяцёра. Што да мяне, дык я не надта зважаў на дождж — з увагі на старую гарачку, што хавалася недзе ў глыбінях майго арганізма, вільгаць была мне нейкай небяспечнай прыемнасцю. Абвязаўшы рот хусткай, я ішоў далей. Паўгадзіны стары, змагаючы ўсе перашкоды, ішоў напрасткі па вялікай вуліцы; я ішоў зусім побач, баючыся згубіць яго з вачэй. Ні разу не азірнуўшыся назад, ён мяне не бачыў. Пасля ён павярнуў на папярэчную вуліцу, якая, хоць і густа напоўненая людзьмі, была ўсё ж не такая тлумная, як тая, з якой ён толькі што сышоў. I тут адразу заўважылася перамена ў ягоных паводзінах. Цяпер ён ішоў павольна й не так мэтанакіравана, як перад тым, — больш нерашуча. Некалькі разоў ён перайшоў сюды-туды вуліцу без ніякае бачнае мэты; навокал усё яшчэ было так людна, што падчас кожнага з гэтых пераходаў я мусіў трымацца блізка ад яго. Вуліца была вузкая й доўгая, ён ішоў па ёй гадзіну, за якую натоўп паступова паменшаў да той колькасці, якую звычайна можна пабачыць на Брадвеі каля Парку — такая вялікая розніца ў жыхарстве паміж Лонданам і найбольш людным горадам Амерыкі. Яшчэ адзін паварот вывеў нас на ярка асветлены пляц, перапоўнены жыццём. Да старога зноў вярнуліся старыя манеры. Угнуўшы галаву, ён кідаў навокал дзікія позіркі з-пад броваў. Упарта й неадступна ён ішоў далей. Я, аднак, здзівіўся, калі заўважыў, што, абышоўшы пляц, ён зноў пайшоў па сваіх слядох. Яшчэ больш я быў уражаны, калі ён паўтарыў тую самую праходку некалькі разоў — адзін раз ледзь не выкрыўшы мяне, калі нечакана павярнуўся.
Так ён практыкаваўся яшчэ гадзіну, пад канец якой насустрач нам траплялася ўжо значна менш мінакоў, чым спачатку. Дождж не пераставаў; у паветры пахаладнела; людзі разыходзіліся па дамах. Нецярпліва махнуўшы рукою, мой вандроўнік звярнуў у параўнаўча пусты завулак. Па гэтым завулку, даўжынёю чвэрць мілі, ён памкнуў так хутка, як нельга было й спадзявацца ад такога старога чалавека, і мне давялося прыкласці нямала намаганняў, каб не адстаць ад яго. Праз колькі хвілінаў мы выйшлі да вялікага й люднага базару, з наваколлем якога незнаёмец быў, відаць, добра знаёмы. Там зноў я пабачыў яго такім, як і на самым пачатку, ён бязмэтна сноўдаў сюды-туды сярод мора гандляроў і пакупнікоў.
Паўтары гадзіны ці каля таго, што мы прабылі ў гэтай мясціне, я мусіў ужыць усю маю асцярожнасць, каб не згубіць старога й разам з тым не прыцягнуць ягонае ўвагі. На шчасце, на нагах у мяне былі гумовыя галёшы, і я мог рухацца зусім бязгучна. Ні разу ён не заўважыў, што я за ім назіраю. Ён уваходзіў у адну крамку за другой, ні да чога не прыцэньваўся, не казаў ні слова і глядзеў на ўсе тавары дзікім і пустым позіркам. Я быў да таго здзіўлены ягонымі паводзінамі, што цвёрда пастанавіў, што мы з ім не расстанемся, пакуль я хоць у нейкай меры не задаволю сваю цікаўнасць адносна гэтага чалавека.
Гадзіннік гучна прабіў адзінаццаць удараў, і наведнікі пачалі паспешліва пакідаць базар. Нейкі крамнік, зачыняючы аканіцы, штурхануў старога, і я ўбачыў, як усё цела ягонае моцна здрыганулася. Ён паспяшаўся на вуліцу, на хвіліну неспакойна азірнуўся і з неймаверным спрытам пабег незлічонымі крывымі бязлюднымі завулкамі, пакуль мы зноў не апынуліся на вялікай праезнай вуліцы, адкуль пачалося нашае падарожжа — дзе стаяў гатэль Д. Вуліца, аднак, мела ўжо зусім іншы выгляд; яна ўсё яшчэ блішчала ў святле ліхтароў, але ліў моцны дождж, і людзей на ёй было вельмі мала. Незнаёмец быў цяпер бледны. Ён у задуменні зрабіў пару крокаў па нядаўна яшчэ людным праспекце, пасля, глыбока ўздыхнуўшы, павярнуў у бок ракі і, паблукаўшы бясконцымі кружнымі дарогамі, выйшаў нарэшце да аднаго з галоўных тэатраў. Ён ужо зачыняўся, і тлум публікі выліваўся з дзвярэй. Я пабачыў, як стары разявіў рот, нібы каб глынуць паветра, і кінуўся ў натоўп; мне падалося, што невыносная пакута, якая адбівалася на ягоным твары, крыху сунялася. Ён зноў угнуў галаву і зноў стаўся такім, якога я ўбачыў яго напачатку. Я заўважыў, што ён увайшоў туды, куды скіравалася большасць гледачоў — але наагул я так і не здолеў спасцігнуць непрадказальнасць ягоных дзеянняў.
Пакуль ён ішоў далей, гурт людзей паступова рассейваўся, і да старога вярталіся разгубленасць і неспакой. Нейкі час ён неадступна крочыў за купкай з дзесяці-дванаццаці п'яных гулякаў; але яны адзін за адным разыходзіліся, пакуль не засталіся толькі трое, у нейкім вузкім і змрочным бязлюдным завулку. Незнаёмец прыпыніўся і, здавалася, на хвіліну задумаўся; тады, раптоўна ажывіўшыся, хутка пашыбаваў па дарозе, якая вывела нас на край горада, да ваколіцаў, вельмі непадобных да тых, што мы толькі што прамінулі. Гэта быў самы агідны лонданскі квартал, дзе ўсё было пазначанае страшным кляймом самае неймавернае беднасці й самага невыпраўнага злачынства. Пад цьмяным святлом выпадковых ліхтароў высокія старасвецкія паточаныя чарвякамі драўляныя будыніны стаялі, гатовыя ўпасці. Набудаваныя яны былі так тлумна й бязладна, што між імі цяжка было распазнаць штосьці падобнае да праходу. Брук быў укладзены абыяк, між камянёў буяла густая трава. У забітых канавах гніло ўсякае паскудства. Усё навокал патыхала заняпадам. Аднак па меры таго як мы ішлі наперад, гукі чалавечага жыцця паступова ажывалі, пакуль урэшце мы не ўбачылі вялікія грамады найбольш занядбаных насельнікаў Лондана, якія сноўдалі сюды-туды. Дух старога зноў успыхнуў, як свечка, перад тым як пагаснуць. Ён зноў памкнуўся наперад пругкім поступам. Раптам, павярнуўшы за рог, мы ўбачылі полымя яркага святла й апынуліся перад адной з вялізных загарадных святыняў Няўстрыманасці — перад адным з палацаў д'ябла Джына.
Ужо амаль пачало світаць, аднак гурт няшчасных п'яніцаў усё яшчэ тоўкся каля завабнага ўваходу. Ледзь не закрычаўшы ад радасці, стары прабіўся ў будыніну, зноў вярнуўшыся да пачатковага настрою і там хадзіў сярод натоўпу ўзад і ўперад без бачнае мэты. Але не паспеў ён удосталь там набыцца, як агульны рух да дзвярэй зазначыў, што гаспадар збіраецца зачыніць іх на ноч. I тады я заўважыў нешта яшчэ больш балючае за роспач у твары дзіўнага стварэння, за якім я так неадступна назіраў. Ён, аднак, не стаў доўга вагацца, а з шалёнай энергіяй павярнуў у зваротную дарогу, у самае сэрца магутнага Лондану. Ён бег доўга й шпарка, а я не адставаў ад яго, ахоплены надзвычайнай цікаўнасцю, пастанавіўшы не спыняць даследавання, якое цяпер завалодала мною дарэшты. Тым часам узышло сонца, і калі мы зноў апынуліся ў самай люднай мясціне вялікага горада, на вуліцы з гатэлем Д., яна зноў поўнілася не меншым людскім тлумам і рухам, чым я назіраў папярэднім вечарам. I тут, сярод штораз большага натоўпу, я працягнуў свае доўгія назіранні за незнаёмцам. Але, як звычайна, ён хадзіў сюды-туды і за ўвесь дзень не пакінуў шумлівага віру адной гэтай вуліцы. Але калі ўвечары на горад апусцілася сутонне, я адчуў смяротную стому і, спыніўшыся перад маім падарожнікам, паглядзеў яму проста ў твар. Ён не звярнуў на мяне ніякае ўвагі і ўрачыста пашыбаваў далей, а я, кінуўшы сачыць за ім, спыніўся ў глыбокім задуменні. «Гэты стары, — сказаў я нарэшце, — увасабленне й дух страшнага злачынства. Ён не можа заставацца адзін. Ён — чалавек натоўпу. Няма сэнсу за ім ісці; бо я нічога не даведаюся ні пра яго самога, ні пра ягоныя ўчынкі. Нават самае ўбогае ў свеце сэрца — кніга, гнюснейшая за Hortulus Animae [61], і, можа, найвялікшая Божая ласка ў тым, што es lӓsst sich nicht lessen.
Пераклаў Сяргей Шупа
Некалькі выпадкаў з жыцця знакамітасці
Я знакаміты, дакладней сказаць, быў знакаміты, хаця я не аўтар «Лістоў Юніюса»* і не Жалезная Маска*; завуць мяне, калі я не памыляюся, Роберт Джонс і нарадзіўся я недзе ў горадзе Абра-Ка-д'Абра.
Першае, што я зрабіў пасля свайго нараджэння, — схапіўся за свой нос дзвюма рукамі. Пабачыўшы гэта, маці назвала мяне геніем, а бацька расплакаўся ад шчасця і прэзентаваў мне трактат пра насалогію. Я ведаў яго на памяць яшчэ раней, чым на мяне надзелі першыя паўзункі.
Тады я пачаў пракладаць дарогу ў навуку і хутка зразумеў, што, маючы выбітны нос і трымаючы яго па ветры, можна выбіцца ў знакамітасці. Аднак я не абмяжоўваўся толькі тэорыяй. Кожнага ранку я некалькі разоў торгаў сябе, выцягваючы свой свярдзёлак, і выпіваў пяць-шэсць глыткоў чаго-небудзь спрыяльнага.
Калі я дасягнуў паўнагоддзя, аднаго дня бацька паклікаў мяне ў свой кабінет:
— Сын мой, — сказаў ён, калі мы селі, — што ёсць асноўнай мэтай твайго існавання?
— Вывучэнне насалогіі, бацька мой, — адказаў я.
— А чым жа, Роберт, — працягнуў ён, — ёсць насалогія?
— Насалогія, сэр, — патлумачыў я, — ёсць навукай пра насы.
— А ці можаш ты сказаць, — запытаў ён, — што такое нос?
— Нос, тата, — пачаў я, вельмі задаволены, — шматбакова апісвалі больш за тысячу аўтараў (тут я зірнуў на гадзіннік). Цяпер поўдзень ці каля таго, а значыць, да поўначы мы маем досыць часу, каб прабегчыся па іх усіх. Таму пачнем: паводле Бартоліна*, нос — гэта тая пукатасць, тая пухлінка, тая нарасць, тая...
— Досыць, Роберт, — перапыніў мяне гэты стары добры джэнтльмен, — я да глыбіні душы ўражаны шырынёй тваіх даляглядаў... я проста... дальбог! (Тут ён заплюшчыў вочы і паклаў руку на сэрца). Падыдзі сюды! (Тут ён узяў мяне за плячо). Тваё навучанне можна лічыць скончаным, і табе самы час пачаць самому пра сябе клапаціцца, а лепш за ўсё трымаць нос па ветры, а таму... таму... таму прэч з майго дому і памагай табе Бог (і тут ён спусціў мяне з лесвіцы і выштурхаў за дзверы).
Адчуваючы ўнутры сябе боскі afflatus [62], я палічыў гэты выпадак хутчэй шчаслівым, чым наадварот. Я наважыўся трымацца бацькоўскае парады. Я вырашыў трымаць нос па ветры. Раз-другі таргануўшы свайго насовіча, я адразу ж напісаў брашуру па насалогіі.
Уся Абра-Ка-д'Абра прыйшла ў захапленне.
— Чароўны геній! — сказалі ў «Квартальным»*.
[60] Roquelaure (фр.) — сурдут да каленяў; адзенне XVII ст.
[61] «Садок душы»* (лац.).
[62] Парыў, натхненне (лац.).