Апошні аргумент, здавалася, змякчыў суворасць яе намераў. Яна палагаднела. Але, па яе словах, заставалася яшчэ адна перашкода, якую я належным чынам не ўзяў да ўвагі. Гэта быў далікатны момант — пагатоў для жанчыны; згадваючы пра гэта, яна, як адчувала, мусіла ахвяраваць сваімі пачуццямі; але ж для мяне яна была гатовая на любую ахвяру. Яна намякала на пытанне ўзросту. Ці ведаю я — ці дакладна ведаю я розніцу ў нашым веку? Калі ўзрост мужа на некалькі гадоў — нават на пятнаццаць ці дваццаць — перавышае ўзрост жонкі, у свеце гэта лічаць дапушчальным і нават слушным, але яна заўсёды трымалася пераканання, што жонка не павінная пераўзыходзіць мужа гадамі. Такая ненатуральная розніца ў веку, на жаль, часта стаецца запарукай няшчасця ў асабістым жыцці. Цяпер яна ведае, што мне споўнілася дваццаць два, у той жа час я магу не мець уяўлення, наколькі век маёй Эжэні перавышае гэтую лічбу.
Усё гэта было прамоўлена з душэўным высакародствам, з годнай шчырасцю, якая ўсхвалявала, зачаравала мяне, узмацніўшы путы кахання. Я ледзьве стрымліваў памкненні, якія авалодалі мною.
— Душачка мая Эжэні! — ускрыкнуў я. — Ды пра што можа быць гаворка? Вы на некалькі гадоў старэйшая ад мяне. I што з таго? Звычаі свету — дурныя ўмоўнасці. Для тых, хто кахае, як кахаем мы, хіба год неяк розніцца з гадзінаю? Мне споўнілася дваццаць два, гаворыце вы; дапусцім, мне амаль дваццаць тры. Ну а вы, мая дарагая Эжэні, хіба вам можа быць болей за... за... за...
Тут я зрабіў невялічкую паўзу, спадзеючыся, што мадам Лаланд уставіць у маю фразу свой сапраўдны ўзрост. Але францужанка ніколі не скажа наўпрост і заўжды, калі ёй задаюць нясціплае пытанне, мае напагатове нейкую адмысловую прыдумку. У нашым выпадку Эжэні, якая перад тым, здавалася, шукала нешта ў ліфе, нарэшце ўраніла ў траву мініяцюру, якую я тут жа падняў і паказаў ёй.
— Вазьміце яе — сказала яна, пасміхаючыся сваёй наймілейшай усмешкай. Гэта падарунак вам ад той, каго яна так прывабна выяўляе. Да таго ж на адваротным баку вы, магчыма, знойдзеце адказ на пытанне, якое вас так хвалюе. Цяпер, як бачыце, даволі цёмна — але вы можаце спакойна разгледзець яго заўтра зранку. А пакуль што праводзьце мяне ў дом. Мае сябры ладзяць музычную імпрэзку. У дадатак, абяцаю, вы пачуеце выдатныя спевы. Мы, французы, не такія пурытане, як вы, амерыканцы, і я без цяжкасцяў увяду вас у салон пад відам старога знаёмца.
Сказаўшы гэта, яна абаперлася на маю руку, і я правёў яе ў дом. Сядзіба была вельмі гожай і, думаю, густоўна мэбляванаю. Наконт апошняга мне было цяжка меркаваць, бо мы прыйшлі, калі стала зусім цёмна, а ў найлепшых дамах Амерыкі ў гарачыя летнія вечары часта любяць трымаць шарую гадзінку. Праз пэўны час пасля майго прыходу, вядома ж, у галоўнай гасцёўні запалілі цыліндрычную лямпу, і я мог пабачыць, што гэты пакой быў абстаўлены з надзвычай добрым і нават выдатным густам, але два іншыя пакоі, у якіх збольшага перабывалі госці, заставаліся ўвесь вечар ахутаныя прыемным паўзмрокам. Гэта вельмі прадуманы звычай, які дае запрошаным права выбару паміж святлом і цемрай, і нашыя заморскія сябры зрабілі як найлепей, пераняўшы яго.
Такім чынам я прабавіў, без сумневаў, найпрыўкраснейшы вечар свайго жыцця. Мадам Лаланд не перабольшыла музычныя здольнасці сваіх сяброў; я пачуў спевы, выдатнейшых за якія не чуў нідзе, апроч хіба Вены. Выканаўцаў музыкі было шмат, і талент яны мелі неймаверны. Спявалі збольшага дамы, і кожная прынамсі добра. Нарэшце, калі пачулася патрабавальнае «Мадам Лаланд!», яна хутка паднялася, без какетлівых адмаўленняў, з шэзлонгу, на якім сядзела поруч са мной, і ў суправаджэнні аднаго ці двух джэнтльменаў і той самай сяброўкі з оперы рушыла да піяніна ў галоўнай гасцёўні. Я мусіў бы праводзіць яе, але адчуў, што, беручы да ўвагі тое, як я трапіў у дом, мне лепей заставацца ў цені, дзе я і заставаўся. Таму я быў пазбаўлены прыемнасці бачыць спявачку, але мог чуць яе.
Уражанне, якое яна зрабіла на слухачоў, было неверагодна моцным, на мяне ж яе спевы падзейнічалі з яшчэ большай сілай. Я не ведаю, як апісаць гэта належным чынам. Часткова эфект, вядома ж, быў выкліканы каханнем, якое перапаўняла мяне, але галоўным чынам тым, як чулліва спявала Эжэні. Гэта па-за магчымасцямі мастацтва — надаць арыі ці рэчытатыву большай жарснай выразнасці, чым гэта выйшла ў яе. Тое, як яна выканала раманс з «Атэла»*, інтанацыя, з якой яна праспявала «Sul mio sasso» [74] з «Капулеці»*, дагэтуль гучыць у маёй памяці. Яе нізкі голас здзяйсняў цуды. Ён ахопліваў тры поўныя актавы, ад канральтавага «рэ» да верхняга «рэ» сапрана і, хоць быў дастаткова моцны, каб напоўніць Сан-Карла*, філігранна даваў рады ўсім вакальным складанасцям — узыходным і сыходным гамам, кадэнцыям і фіярытурам. У фінале «Самнамбулы»* яна вельмі эфектна праспявала:
Наследуючы Малібран*, яна змяніла арыгінальнае лібрэта Беліні, узяўшы тэнаровае «соль», пасля чаго перакінула «соль» на дзве актавы ўверх.
Устаўшы ад піяніна пасля ўсіх гэтых вышыняў вакальнага майстэрства, яна зноў села поруч са мной; тады я ў самых узнёслых выразах выказаў ёй маю ўзнесенасць, маё захапленне канцэртам. Я не сказаў нічога пра сваё здзіўленне, і ўсё ж я быў вельмі і вельмі здзіўлены: пры звычайнай размове яе голас быў слабаватым і як бы крыху дрыжэў, што не дазваляла мне чакаць ад яе вялікіх вакальных здольнасцяў.
З гэтага моманту пацякла доўгая, шчырая, сур'ёзная і бесперапынная размова. Яна прымусіла мяне закрануць многія эпізоды майго ранняга дзяцінства; слухала яна з глыбачэзнай увагай, не прапускаючы ні слова. Я апавёў усё, адчуваючы, што гэта мой абавязак — апавесці ўсё, нічога не ўтойваць ад яе давяральнага спачування. Падбадзёраны яе ўласнай шчырасцю што да далікатнага пытання ўзросту, я з вартай пахвалы адкрытасцю спыніўся не толькі на сваіх кепскіх звычках, але пералічыў усе свае маральныя і нават фізічныя недахопы; такія прызнанні патрабуюць вялікай мужнасці, а таму ёсць найлепшым доказам кахання. Я згадаў свае студэнцкія гады — дзівацтвы, гулянкі, даўгі і інтрыжкі. Я зайшоў так далёка, што прызнаўся ў лёгачным кашлі, які пэўны час нязначна турбаваў мяне, у хранічным рэўматызме, у спадчыннай схільнасці да падагры і, нарэшце, у непрыемнай і нязручнай ніцавокасці, якую, тым не менш, дагэтуль мне ўдавалася ад усіх утойваць.
— Што да апошняга, — сказала мадам Лаланд, смеючыся, — вы дарма зрабілі такое прызнанне, бо без яго ніводная душа, клянуся, не западозрыла б вас. Дарэчы, — працягнула яна, — ці памятаеце вы, — і тут яна пачырванела так, што нават змрок пакоя не змог схаваць полымя яе шчок, — ці памятаеце вы, mon cher ami [76], пра аптычную прыладу, якая вісіць вось тут, на маёй шыі?
Гаворачы, яна круціла ў пальцах той самы двайны ларнет, які так збянтэжыў мяне ў оперы.
— О, я надта добра яе памятаю! — ускрыкнуў я, жарсна паціскаючы пяшчотную ручку, якая прапаноўвала мне ларнет. Гэта была складаная і раскошная цацка, багата дэкараваная разьбой, філігранню і каштоўнымі камянямі; нават у слабым асвятленні было бачна, наколькі высокай можа быць іх цана.
— Eh bien! mon ami [77], — працягнула яна з некаторай настойлівасцю, якая мяне нават здзівіла. — Eh bien, mon ami, вы патрабуеце ад мяне дар, які самі называеце бясцэнным. Вы патрабуеце, каб заўтра я стала вашай жонкай. Калі я пайду насустрач вашым угаворам і, дадам, памкненням маёй душы, ці змагу я атрымаць права на маленькую, зусім маленькую паслугу з вашага боку?
— Якую паслугу? — усклікнуў я з імпэтам, які амаль прыцягнуў да нас увагу кампаніі, наяўнасць якой толькі і ўстрымала мяне ад намеру кінуцца да яе ног. — Якую паслугу, мая каханая, мая Эжэні? Якую паслугу? Лічыце, яна ўжо выкананая!
— Вы павінны змагчы, mon ami, — сказала яна, — дзеля Эжэні, якую вы кахаеце, маленькую слабасць, у якой толькі што прызналіся, слабасць хутчэй маральную, чым фізічную, якая, паверце мне, зусім не спалучаецца з высакароднасцю вашай сапраўднай натуры, не пасуе вашай прыроджанай шчырасці і якая, калі не кантраляваць яе, абавязкова ўцягне вас, раней ці пазней, у якую-небудзь вельмі непрыемную сітуацыю. Вы павінны змагчы дзеля мяне прыхамаць, якая, як вы самі гаворыце, прымушае вас хаваць недахоп зроку. Бо вы хаваеце гэты недахоп, адмаўляючыся карыстацца сродкам, які яго прыбірае. Думаю, вы зразумелі: я хачу, каб вы насілі акуляры — ц-с-с-! — вы ўжо паабяцалі насіць іх, дзеля мяне. Вазьміце гэтую штучку з маіх рук, яна паляпшае зрок, у астатнім яе каштоўнасць невялікая. Бачыце, яе лёгка скласці так і так, можна насіць на носе як акуляры або ў кішэні камізэлькі як ларнет. Аднак вы ўжо паабяцалі мне насіць яе ў першай якасці, дзеля мяне.
Такая просьба — ці трэба казаць? — нямала мяне збянтэжыла. Але ўмова, з якой яна была спалучаная, не дапускала ніякіх ваганняў.
— Згода! — закрычаў я з усёй палкасцю, на якую быў здольны ўтой момант. — Згода! Я з радасцю пагаджаюся! Дзеля вас я ахвярую ўсім. Сёння я буду насіць гэты ларнет як ларнет, каля сэрца, але заўтра, як толькі ўзыдзе сонца дня, у які я буду мець шчасце назваць вас сваёй жонкай, я надзену яго на... на нос і буду насіць не здымаючы, у менш рамантычным і модным, але больш зручным выглядзе, які вам даспадобы.
Пасля гэтага мы пачалі абмяркоўваць дэталі нашага заўтрашняга прадпрыемства. Толбат, як я даведаўся ад нарачонай, толькі што вярнуўся ў горад. Я мусіў неадкладна знайсці яго і арандаваць фурманку. Вечарына мела скончыцца не раней за другую ночы; у гэты час фурманка павінная была стаяць каля дзвярэй; тады ў развітальнай мітусні мадам Лаланд зможа незаўважна ў яе сесці. Мы тут жа заедзем да святара, што ўжо будзе чакаць нас; ажаніўшыся, мы развітаемся з Толбатам і выправімся ў падарожжа на Усход, пакінуўшы свецкім салонам горада каментаваць наш учынак як ім заманецца.
Склаўшы такі план, я неадкладна развітаўся і выправіўся шукаць Толбата, але па дарозе не змог утрымацца ад спакусы зайсці ў першы-лепшы гатэль, каб разгледзець мініяцюру, што і здзейсніў з карыснай дапамогай акуляраў. Выява была казачна прыгожай! Гэтыя вялікія зіхоткія вочы! Гэты горды грэцкі нос! Гэтыя цёмныя раскошныя валасы! «Ах! — сказаў я сабе, — які дакладны візэрунак маёй каханай!» Я перавярнуў партрэт і знайшоў надпіс: «Эжэні Лаланд у веку дваццаці сямі гадоў і сямі месяцаў».
Я знайшоў Толбата дома і тут жа апавёў яму пра сваё шчасце. Ён, зразумела, быў агаломшаны, але як найпрыязней павіншаваў мяне і прапанаваў любую дапамогу, якая ў яго сілах. Карацей, мы ажыццявілі наш план: а другой ночы, праз дзесяць хвілінаў пасля вянчання, я сядзеў у закрытай фурманцы поруч з мадам Лаланд — я хацеў сказаць, місіс Сімпсан, і коні неслі нас з горада на паўночны захад.
Толбат вызначыў, што ехаць нам трэба ўсю ноч, і таму першы прыпынак варта зрабіць у К., вёсцы за дваццаць міляў ад горада, дзе мы зможам паснедаць і адпачыць перад тым як працягваць вандроўку. Такім чынам, роўна а чацвертай ранку фурманка падляцела да дзвярэй галоўнай карчмы. Я падаў руку маёй ненагляднай жонцы і тут жа замовіў сняданак. Пакуль ён гатаваўся, нас правялі ў маленькую гасцёўню, і мы селі.
Ужо амаль развіднела, хоць не да канца. Захоплена гледзячы на анёла поруч са мной, я раптам падумаў, што гэта першая магчымасць з моманту знаёмства са знакамітай прыгажуняй мадам Лаланд сузіраць гэтую прыгажуню зблізу і ў дзённым святле.
— А цяпер, mon аті, — сказала яна, узяўшы мяне за руку і перапыняючы ланцуг маіх роздумаў, — а цяпер, mon cher аті, калі мы адно цэлае, калі я адгукнулася на вашу жарсць і выканала сваю частку пагаднення — я спадзяюся, вы не забыліся, што вінны мне маленькую паслугу, — за вамі адно абяцаннейка. Ах! Дайце згадаю, як там было? Так, я добра памятаю дакладныя словы абяцання, якое вы далі ўчора сваёй Эжэні. Слухайце! Вы сказалі: «Згода! Я з радасцю пагаджаюся! Дзеля вас я ахвярую ўсім. Сёння я буду насіць гэты ларнет як ларнет, каля сэрца, але заўтра, як толькі ўзыдзе сонца дня, у які я буду мець шчасце назваць вас сваёй жонкай, я надзену яго на... на нос і буду насіць не здымаючы, у менш рамантычным і модным, але больш зручным выглядзе, які вам даспадобы». Гэта адзін у адзін вашыя словы, мой мілы муж, ці не так?
— Гэта так! — адказаў я. — У вас выдатная памяць, і магу вас упэўніць, мая прыўкрасная Эжэні, з майго боку няма намеру ўхіляцца ад выканання таго, што вы працытавалі. Глядзіце. Вось! Яны мне нават да твару, ці не так?
Кажучы гэта, я надаў ларнету форму акуляраў і асцярожна прыладзіў на адпаведнае месца. У гэты момант місіс Сімпсан, паправіўшы капялюшык і склаўшы рукі на грудзях, выпрасталася на стуле ў нейкай нацягнутай, неграцыёзнай і нават непрыемнай позе.
— Божа мілы шчыры!!! — закрычаў я амаль у той жа момант, калі дужка акуляраў кранулася майго ўзносся. — Божа мой! Ды што з гэтымі акулярамі? — Тут жа сарваўшы іх з носа, я працёр іх ядвабнай хусткай і надзеў зноў.
Але калі ў першы момант я адчуў нешта, што можна назваць здзіўленнем, у другі здзіўленне перарасло ў шок; шок быў надзвычайны, шок быў жудасны, я нават магу сказаць, я быў у жаху. Што, дзеля ўсяго агіднага, гэта значыла? Як я мог паверыць сваім вачам? Як? — вось у чым пытанне. Гэта што... гэта што... румяны? А гэта — гэта зморшчкі на твары Эжэні Лаланд? О Юпітэр і ўвесь пантэон багоў і бажкоў! Што... што... што сталася з зубамі? Я з сілай шпурнуў акуляры аб падлогу, ускочыў на ногі, устаў пасярод пакоя насупраць місіс Сімпсан, упёршы рукі ў бокі, ашчэраны, з пенай на вуснах, нямы і бездапаможны ад жаху і ятры.
Як я ўжо казаў, мадам Эжэні Лаланд — я маю на ўвазе, Сімпсан — гаварыла па-ангельску не нашмат лепей, чым пісала, і з гэтай прычыны зазвычай не карысталася нашай моваю. Але лютасць можа кінуць жанчыну ў любыя скрайнасці; у дадзеным выпадку яна кінула місіс Сімпсан у вельмі экзатычную скрайнасць распачаць маналог на мове, якой яна амаль не разумела.
[74] Над маім уцёсам (іт.).
[76] Мой мілы (фр.).
[77] Вось жа, мой мілы (фр.).