— Б'ен, мсьё, — сказала яна пасля паўзы, дэманструючы скрайняе здзіўленне. — Б'ен, мсьё — што ц'япер? Што ёсь такой? 'Эта з вамі такой танесь дэ сэнт Віт? Калі вы не кахай мяне, зачшэм купляй свінь у мяшок?
— Ведзьма! — закрычаў я, хапаючы ротам паветра. — Ах ты, гнюсная старая падла!
— Падла? Старая? Не вельмі вам старая, трэба сказаць! Няшмат дні балей за восемдзесят дува!
— Восемдзесят два! — выгукнуў я, адсоўваючыся да сцяны. — Восемдзесят дзве тысячы бабуінаў! На мініяцюры напісана дваццаць сем гадоў і сем месяцаў!
— Ус'ё ёсь рэзон! Слюшна! Але партрэт малявай рана п'яйсят п'яць гадоў. Калі я жаню за мой другі муш мсьё Лаланд, тады партрэт малявай для мая дош ад першы муш мсьё Муасар.
— Муасар! — сказаў я.
— Так, Муасаррр, — сказала яна, — перадражніваючы мой пранонс, які, трэба сказаць, быў не на вышыні. — I што ц'япер? Што вы ведай пра Муасар?
— Нічога, старое ты пудзіла! Нічога я не ведай, толькі тое, што меў далёкага продка з гэткім прозвішчам.
— ‘Эткі празвішч! I што н'е ёсь так з 'эткім празвішч? Вельмі б'ен празвішч, як і Вуасар — таксам вельмі б'ен празвішч! Мая дош, мадэмуазэль Муасар, ёсь Вуасар — бо жаній мсьё Вуасар, і 'эта таксама вельмі рэспектабль празвішч!
— Муасар? — ускрыкнуў я. — I Вуасар? Гэта вы пра што?
— Як пра што? Пра Муасар, і Вуасар, і калі ўжо мы аб тым казай, Круасар і Фруасар. Дош маёй дош, мадэмуазэль Вуасар, яна жаній мсьё Круасар, а ўнушк маёй дош, мадэмуазэль Круасар, у свой чарга жаній мсьё Фруасар, вы будзеш казай эта н'е рэспектабль празвішч?
— Фруасар! — сказаў я ў амаль запамарочным стане. — Вы кажаце, Муасар, Вуасар, Круасар і Фруасар?
— Так, — сказала яна, абапершыся на спінку крэсла і свабодна выцягнуўшы ніжнія канцавіны. — Так, Муасар, і Вуасар, і Круасар, і Фруасар. Але мсьё Фруасар, ён быў вельмі вялік, як у вас казай, дурань, вельмі вялік асёль, проста як вы, бо з'ехай з la belle France у эты глюп Amérique, і калі ён прыехай с'юды, ён зрабій вельмі глюп, вельмі, вельмі глюп сын, так я чуй, але яшэ не май плезір сустракай яго, і мая амі, Стэфані Лаланд, таксама не май плезір. Яго празвішч Напалеон Банапарт Фруасар, вы што сказай, 'эта таксама не рэспектабль празвішч?
Ці то працягласць яе прамовы, ці то яе эмацыйнасць увяла місіс Сімпсан у стан надзвычайнага афекту; з цяжкасцю скончыўшы, яна, нібы апантаная, падхапілася з крэсла, абрынуўшы разам з сабой на падлогу вялізнае кубло крыналіну. Скрыгочучы ўстаўнымі сківіцамі, яна размахвала рукамі, закасаўшы рукавы, трэсла кулаком перад маім тварам і скончыла спектакль, садраўшы з галавы капялюшык, а разам з ім — вялізны каштоўны парык з раскошных чорных валасоў. Усё гэта яна з енкам ляснула аб падлогу і пачала таптаць, а потым усчала на парыку энергічнае фанданга ў шалёным прыступе раз'ятранасці і экзальтацыі.
Я між тым у жаху апусціўся на вызваленае ёй крэсла. «Муасар і Вуасар!» — паўтараў я ў задуменні, пакуль яна рабіла адно са сваіх па, і «Круасар і Фруасар!» — пакуль яна рабіла другое.
— Муасар, і Вуасар, і Круасар, і Напалеон Банапарт Фруасар! Ты, гнюсная старая змяюка, гэта я, гэта я — чула? Гэта я! — закрычаў я, даючы пеўня. — Гэта я-я-я-я! Я Напалеон Банапарт Фруасар! I я толькі што ажаніўся з уласнай прапрабабкай, каб мяне вечна перуном секла!
Мадам Эжэні Лаланд, ілжэ-Сімпсан, былая Муасар, і сапраўды была маёй прапрабабкай. У маладосці яна была прыгажуняй і нават у восемдзесят два захавала велічнасць паставы, разную форму галавы, чароўныя вочы і грэцкі нос юнай паненкі. З дапамогай жамчужнай пудры, румянаў, накладных валасоў, устаўных зубоў і крыналіну, а таксама дзякуючы самым здатным парыжскім мадысткам, яна ўмудралася захоўваць свой пачэсны пасад між не першай свежасці красуняў французскай сталіцы. У гэтым яе і насамрэч з поўным правам можна было параўнаць са слаўнавядомай Нінон дэ Ланкло.
Яна была неверагодна багатай і, застаўшыся другі раз удавой пасля бяздзетнага шлюбу, прыгадала, што ў Амерыцы ў яе ёсць я, і з мэтай адпісаць мне ўсё сваё майно выправілася ў ЗША разам з далёкай і неверагодна мілай сваячкай свайго другога мужа — мадам Стэфані Лаланд.
У оперы ўвагу маёй прапрабабкі прыцягнулі мае паводзіны, і, сузіраючы мяне ў ларнет, яна была ўражаная нашым з ёй фамільным падабенствам. Зацікаўленая гэтым і да таго ж ведаючы, што спадкаемца ў дадзены час знаходзіцца ў горадзе, яна распытала свайго спадарожніка на мой конт. Джэнтльмен, які яе суправаджаў ведаў мяне і сказаў, хто я такі. Атрымаўшы пацверджанне нашага сваяцтва, яна ўзнавіла свой агляд — агляд, што падбадзёрыў мяне на жывапісаныя мной раней бязглуздыя паводзіны. Яна вярнула мне паклон, падумаўшы, што я выпадковым чынам дазнаўся, кім яна мне даводзіцца. Калі, падмануты сваім слабым зрокам і моднымі штукамі што да веку і чараў незнаёмкі, я з такім энтузіязмам пацікавіўся ў Толбата, хто яна такая, ён вырашыў, што я маю на ўвазе маладую красуню, і, адпаведна, сказаў мне чысцюткую праўду, маўляў, гэта «знакамітая ўдава мадам Лаланд».
Наступным ранкам на вуліцы мая прапрабабка сустрэла Толбата, свайго даўняга знаёмага па Парыжы; натуральным чынам размова перайшла на маю асобу. Ёй апавялі пра мой кепскі зрок, бо гэты мой недахоп быў відавочны ўсім, хоць я пра гэта зусім не здагадваўся. I мая добрая старая сваячка з расчараваннем сцяміла, што памылялася, мяркуючы, нібы я пазнаў яе. I што я проста выглядаў дурнем, публічна захапляючыся ў тэатры незнаёмай бабцяй. Каб пакараць мяне за такую непрыстойнасць, яна ўступіла ў змову з Толбатам. Ён наўмысна пазбягаў мяне, каб я не мог пазнаёміцца з прабабкай. Мае вулічныя роспыты пра «мілую ўдаву мадам Лаланд» усе, зразумела, адносілі на адрас маладой дамы, і такім чынам можна было лёгка патлумачыць размову з трыма джэнтльменамі, якіх я сустрэў неўзабаве пасля візіту ў гатэль Толбата, як і іх намёкі на Нінон дэ Ланкло. Я не меў магчымасці разгледзець мадам Лаланд зблізу пры дзённым святле, а на яе музычнай імпрэзе мая дурная адмова скарыстацца ларнетам надзейна адсунула мяне яшчэ далей ад адкрыцця яе сапраўднага веку. Калі «мадам Лаланд» запрасілі спяваць, гэта датычыла маладзейшай дамы, і гэта яна ўзнялася на запрашэнне; мая прапрабабка, каб не выкрываць маёй аблуды, таксама ўзнялася і суправадзіла сваячку да піяніна ў вялікай гасцёўні. Калі б я вырашыў пайсці за ёй, яна б пераканала мяне заставацца там, дзе я быў; але праз мае намеры датрымлівацца рамак прыстойнасці гэтага не спатрэбілася. Канцэрт, які я так упадабаў і які пацвердзіў юнасць маёй каралевы, выканала мадам Стэфані Лаланд. Ларнет старая падарыла мне, каб узмацніць эфект розыгрышу, у якасці іскрынкі анекдота. Гэты падарунак паслужыў нагодай для сапраўды дзейснага для мяне ўроку аб шкодзе прытворства. Ну і лішне казаць, што свае старэчыя лінзы мадам Лаланд замяніла на дзве іншыя, больш прыдатныя для маіх вачэй. Яны і сапраўды карэктавалі мой зрок як найлепей.
Святар, які быў злучыў нас фатальнымі вузамі, выявіўся зусім не святаром, а добрым таварышам Толбата. Ён жа граў ролю фурмана: замяніўшы рызу на шэры плашч, ён спрытна кіраваў дрожкамі, якія звезлі «шчаслівую пару» з горада. Толбат сядзеў поруч з ім. Такім чынам, прайдзісветы бачылі развязку і пацяшаліся, сочачы ў прачыненае акно задняга пакоя таверны за фіналам драмы. Думаю, мне давядзецца выклікаць абодвух на дуэль.
Нягледзячы на тое, што я, да маёй вялікай палёгкі, не пабраўся з уласнай прапрабабкай, я ўсё-ткі пабраўся з мадам Лаланд — мадам Стэфані Лаланд, з якой мяне клапатліва звяла мая старая сваячка, зрабіўшы мяне да таго ж спадкаемцам усяго свайго майна, калі яна памрэ, — у сэнсе, калі яна ўвогуле калі-небудзь памрэ. I нарэшце: я назаўжды зарокся пісаць мілосныя лісты і, куды б ні йшоў, нашу на носе АКУЛЯРЫ.
Пераклала Марыя Мартысевіч
Анёл Надзвычайнасцяў
Экстраваганца
Быў халодны лістападаўскі вечар. Я толькі што скончыў зусім не сціплы абед, у якім не апошняе месца займалі цяжкія для страўніка truffe [78], і цяпер сядзеў адзін у сталовай, закінуўшы ногі на камінныя краты і паклаўшы локці на маленькі столік, які я падкаціў да полымя і на які паставіў, не пры вас кажучы, дэсерт і некалькі бутэлек віна, лікёраў і некаторых іншых напояў. З раніцы я чытаў «Леаніда» Гловера*, «Эпіганіяду» Ўілкі*, «Паломніцтва» Ламарціна*, «Калумбіяду» Барлаў*, «Сіцылію» Такермана* і «Дзівоты» Грысвалда* і цяпер, шчыра кажучы, пачуваўся крышку дурнем. Спрабуючы прыйсці ў сябе, я не раз прыкладаўся да лафіту, але пацярпеў паразу і ў адчаі схапіўся за выпадковую газету. Уважліва прачытаўшы калонку «ПРАДАЕЦЦА ДОМ», калонку «ЗГУБІЎСЯ САБАКА» і дзве калонкі пра збеглых жонак і служак, я смела рушыў на перадавіцу, прачытаў яе з пачатку да канца, не зразумеў ніводнага слова і, палічыўшы цалкам мажлівым тое, што яна напісаная па-кітайску, перачытаў з канца да пачатку, але з тым самым сумным вынікам. Я ўжо хацеў з агідай выкінуць
калі маю ўвагу забраў наступны абзац:
«Шматлікія і нечаканыя дарогі, што вядуць да смерці. Лонданская газета паведамляе пра смерць у надзвычайных абставінах. Чалавек бавіў час гульнёй «Смяротная зацяжка», у якой неабходна, глыбока ўдыхнуўшы паветра, выдзьмуць доўгую іголку, замацаваную ў бляшанай трубцы, і трапіць у мішэнь. Ён змясціў іголку не тым канцом і, набіраючы паветра, каб дзьмухнуць памацней і стрэліць ёю, уцягнуу іголку сабе ў горла. Яна ўвайшла ў лёгкія, і праз некалькі дзён ён сканаў».
Прачытаўшы гэта, я немаведама чаму раззлаваўся. «Гэты артыкул, — усклікнуў я, — паскудная мана, бессаромная ліпа, бязглуздая чмутня нейкага нікчэмнага пісакі, які нават для Эдэму сфабрыкуе катастрофу-другую. Такія людзі, ведаючы пра надзвычайную легкавернасць эпохі, скіравалі ўсю сваю дасціпнасць на выдумлянне неймаверных выпадкаў і надзвычайных, як яны кажуць, здарэнняў. Але розуму, схільнаму да аналізу (як мой, дадаў я ў дужках, па звычцы глыбакадумна наморшчыўшы лоб), да сузірання, на якое я здольны як ніхто, адразу зразумела: чароўнае памнажэнне гэтых «надзвычайных здарэнняў» і ёсць самым надзвычайным. Я, са свайго боку, надалей не збіраюся верыць таму, што нясе адзнаку выключнага».
— Майн Гот, ну ты і турань! — адказаў адзін з самых дзіўных галасоў, якія мне даводзілася чуць. Спачатку я палічыў, што ў мяне звініць увушшу: так здараецца, калі вып'еш крыху зашмат, — але добра падумаўшы, я зразумеў, што такія гукі хутчэй можна пачуць, б'ючы палкай па пустой бочцы; на гэтым бы я і спыніўся, калі б гукі не складаліся ў словы. Я па прыродзе не нервовы, да таго ж некалькі келіхаў лафіту дадалі мне смеласці, таму я не адчуў ніякага хвалявання, спакойна падняў вочы і агледзеў пакой у пошуках няпрошанага госця. Аднак зусім нікога не знайшоў.
[78] Труфелі (фр.).