Перапіска наша, мне думаецца, творчая, у тым сэнсе, што яна была своеасаблівым, дадатковым працэсам творчай працы нас абодвух. Мы дзяліліся задумамі, чыталі адзін аднаго не толькі перад здачай таго ці іншага матэрыялу ў рэдакцыю часопіса, газеты ці ў выдавецтва, a ў самых першых варыянтах, не скажу сырых, але першапачатковых, яшчэ гарачых ад аўтарскай рукі.
Найменш было ў нас, а то i зусім не было нейкага тэарэтызавання, тым больш павучання адзін аднаго. Праўда, i з некаторымі зрывамі, якія пагоды не рабілі.
I не толькі па-дзелавому пісалі мы адзін аднаму,— i паскардзіцца на цяжкае ці крыўднае таксама ж трэба было, няхай не пад бацькаву дужую i цёплую далонь падстаўляць галаву, але ж далонь сяброўскую адчуць у поціску — гэта ж таксама патрэбна, нармальна. Амаль усе мае творы, чытаючы ix у розных варыянтах машынапісу, ён сустракаў не толькі прыязнасцю, але i крытыкай, часамі суб'ектыўна завострай, па дружбе з поўнай свабодай слова, аднак у сутыкненні з маёй самастойнасцю ён, па натуры гарачы, не ганарыўся i прызнаць сваю памылку ці памылкі. Часамі нават i залішне каяўся, наракаў на самога сябе.
Так, напрыклад, было з першым варыянтам аповесці «Ніжнія Байдуны». У маі 1975-га я пісаў яму:
«...Дарэмна Ты папракаеш сябе. Дагаварыўся нават да ... дыскваліфікацыі... А чаму не прасцей, што кожны мае права на сваю думку? Апроч Цябе, чыталі
Саша [28], Федзя [29], Скрыган, Ніна [30], Якуб [31], Бярозкін, Караткевіч. У кожнага былі свае заўвагі. Саша i Якуб лічаць лепшым пачатак, першую палавіну. Ты i Ніна — другую. Скрыган, Караткевіч i Бярозкін хваляць усю рэч. А мне прыйшлося яшчэ трохі з ёю памарочыцца — i ў кампазіцыі, i ў дробязях. I ўжо вось зноў зманлівае адчуванне, што ўсё, можна здаваць у часопіс... Апроч таго, што i людзей добрых паслухаць хочацца i трэба, дый прывык я да гэтага, трэба ж яшчэ i не згубіць таго, што бачыцца самім сабою, невыказанае да канца. I гэта не ўсё яшчэ,— я пісаў паралельна апавяданні, таксама не да канца ўпэўнены ў тым, што гэта сапраўднае, a рабіць хацелася, чаго я даўно так шчасліва не адчуваў... Словам — я пра тое, што Ты дарма сябе папракаеш. Мне добра, што ёсць з кім дзяліцца, ёсць каго паслухаць, ёсць каму па-сяброўску падзякаваць. I добра, што ёсць трывога на душы, калі дасі таварышу, а потым слухаеш яго. З Федзем, які другі, пасля Сашы, прачытаў, мы даўгавата хадзілі па парку, i пэўная стрыманасць яго пайшла мне на карысць таксама».
Так нядаўна гэта было, дваццаць гадоў таму назад, кал i мелася каму даць на суд толькі што зробленае, калі ў цябе, скажам з журботнай усмешкай, быў свой «уласны саюз пісьменнікаў», саюз сяброўскага ўзаемаразумення. Імёны, якія я назваў вышэй — Бог мой, якая гэта талака, якая помач!.. А цяпер?.. Выходзіш да чытача старонкамі часопіса ці кнігі, i сцішнавата на душы, як неапранутаму ў золкі дзень, як выштурхнутаму з-за кулісаў на зыркае святло рампы,— такі вось мінус старасці, сяброўскай адзіноты. Адарванасць ад маладзейшых па сваёй віне? Тут цэлы комплекс віны-нявіны, а перад усім — халодная заканамернасць, асіраценне ў сваім пакаленні...
Над старонкамі нашых пісьмаў думалася:
Не, не мне ж самому пісаць пра ўсё тое добрае, што ў яго пісьмах сказана пра мяне, маю працу!
Дадам: а што ж рабіць, калі тое добрае здаецца табе не проста справядлівым, але ж, магчыма, патрэбным для кагосьці іншага, хто прачытае гэта са шчырасцю, блізкай да тое, з якою ты прапануеш наша ягонай увазе.
Тут будзе пісьмо Уладзіміра Андрэевіча ад 2 студзеня 1966 года, у адказ на мае, якое ў яго багатым архіве пакуль што не знойдзена. Там я пісаў яму, што рыхтую прапанаваны мне выдавецтвам чатырохтомны збор твораў, падзяліўся з сябрам гэтым клопатам.
«...Тваё пісьмо мяне ўзрушыла i ўсхвалявала той глыбінёй i святасцю адносін да літаратурнай справы, якая ў наш час, на жаль, не ўсюды i не заўсёды сустракаецца. Вульгарызатары вельмі шмат нарабілі зла, унушыўшы пасрэдным рамеснікам погляд, быццам літаратура i ёсць рамяство, сутнасць якога заключаецца ў лоўкасці пераказу агульнавядомых палажэнняў сацыялогіі на мову наглядных вобразаў. Гэты погляд i зручны, i выгадны для людзей, якія робяць творы «без божества, без вдохновенья», бо ён аблягчае ім занятак i заробак, a галоўнае — ураўнівае пасрэднасць з талентам, рамяство з творчасцю. I ніколі гэтая катэгорыя літаратараў не адступіцца ад мілых іхняму сэрцу прынцыпаў. Барацьба за сапраўднае мастацтва заўсёды была i будзе барацьбой супраць рамяства, якое заўсёды гатова на канТонктурныя «подзвігі». Гэта горкая праўда, але ад яе няма куды дзецца. Такое жыццё. Мне думаецца, у гэтай сітуацыі трэба асцерагацца лішняй уражлівасці, хваравітасці, а старацца весці барацьбу сістэматычна i з такім напружаннем сіл душы, якога вымагаюць абставіны, каб не растрачваць пачуццяў па-дурному. Варта ўлічваць i тую акалічнасць, што такія Карпавы маюць моцныя нервы i самыя сур'ёзныя адносіны да ix тактыкі — гэта іронія. Іронія, на мой погляд, якраз найлепшая зброя, бо яна наносіць удар праціўніку i зберагае агонь душы, псіхічную энергію, якая ў адрозненне ад фізічнай затрачваецца беззваротна.
Я разумею, што Ты перажываеш вельмі адказны этап жыцця i творчасці, падводзячы вынікі здабыткаў напярэдадні пяцідзесяцігоддзя. Шчыра дзякую Табе за давер i жаданне параіцца пры складанні чатырохтомніка выбраных твораў. Мне здаецца, Ты паступіў правільна, падбіраючы творы па прынцыпу найбольшай шчырасці i эмацыянальнасці нагрэву. Адчуваецца еднасць стылю ў шырокім сэнсе гэтага слова — стылю адносін аўтара да жыцця i адбору пэўнага тыпу чалавечых характараў, адлюстраваных у творах...
Адносна «Забалоцця» можна згадзіцца, што там ёсць пэўны налёт ілюстрацыйнасці i тэндэнцыя адбору блікаў, а не ценяў, што прывяло да паслаблення канфліктнасці, a віны тут Тваёй няма, бо сам дух жыцця таго лерыяду праяўляўся ў затушоўванні канфліктаў. Канфлікты заганяліся кудысьці ўглыбіню, г. зн., што самыя людзі баяліся ў тую пару быць шчырымі, асабліва ў афіцыйнай абстаноўцы. З другога боку, Ты браў жыццёвы матэрыял у раёне не зусім, можа, тыповым,— сілы, якія маглі б абвастрыць сацыяльны канфлікт, былі зломаны ў нас у час партызанскага руху, i гэта абумовіла адносна лёгкі пераход да калектывізацыі. Так што для раёнаў, дзе ідэі савецкай улады мелі багатыя традыцыі, Твая рэч застаецца праўдзівым адлюстраваннем жыцця. Вобразы, створаныя ў гэтай аповесці, пластычныя i запамінальныя. Па мастацкіх i ідэйных вартасцях яе можна было б уключыць. Толькі, можа, сапраўды распаўсюджанасць папярэдніх выданняў гэтай рэчы створыць такое ўражанне ў пакупніка, што гэта свайго роду «дагрузка».
Я хацеў бы параіць Табе ўсё ж заказаць прадмову ці ў Сашы, ці ў Каваленкі, бо Твае аўтабіяграфічныя нататкі не могуць замяніць прадмовы. Ты спасылаешся там на манаграфіі i г. д., але ж, наколькі я ведаю Тваю думку пра гэтыя працы, яны не раскрываюць у поўную меру Твайго пісьменніцкага аблічча. А падругое, не кожны чытач будзе мець мажлівасць i ахвоту чытаць манаграфіі. Яму захочацца проста даведацца, якое месца займаеш Ты як пісьменнік у сучаснай савецкай літаратуры, i параўнаць свае ўражанні i ацэнкі ад прачытаных твораў з ацэнкамі крытыка-прафесіянала. Так што ўступны артыкул абавязкова патрэбны, ён дапаможа фарміраванню больш дакладнага i граматнага пагляду на Тваю творчасць у чытача i будзе спрыяць агульнаму росту чытальніцкай культуры...»
Уздыхнем, падумаўшы: быў жа час, не ваенны, a мірны, калі на адным тыдні, адпісаўшы сябру, можна было атрымаць i ягоны адказ.
Гэта я пра другое пісьмо, ад 8 студзеня 1966-га, вакол той самай справы.
«...Я рады, што Ты згадзіўся са мной наконт прадмовы да чатырохтомніка, i «польщен», што Твой выбар паў на мяне. З прыемнасцю я б заняўся гэтай працай, адлажыўшы на потым Таўлая, але думаецца мне, што я не зраблю таго, што трэба зрабіць i што можа зрабіць Віктар Каваленка. Тут патрэбна, на мой погляд, пэўная дыстанцыя паміж аўтарам i крытыкам, якое мне не хапае ў сілу нашай дружбы. Я буду пісаць пра Тваю творчасць паміма волі залішне інтымна, асабіста, уплятаючы розныя дэталькі i ўражанні, якія мне здаюцца дарагімі з прычыны нашай дружбы, а чытачу яны не абавязковыя ў даным выпадку i могуць паказацца не да месца. Так што з канчатковым рашэннем надумай.
Я пішу зараз, выбіраючы хвіліны (калі набрыдзе), такое эсэ — не эсэ на тэму «Як i чаму пісаўся раман «Птушкі i гнёзды». Раблю свабодныя экскурсы i адстунленні, накрэсліў папутна партрэцік Паўла Жалезняковіча, як мецэната «Жывога i гнілі»,— адным словам, такое маляванне ўпрытык. Не ведаю, што з гэтага выйдзе, але, можа быць, сёе-тое атрымаецца. Закрану i нытанне: матэрыял жыцця — змест твора, чыркану пра прататыпы.
Другая мая патаемная работа пра Тваё i наша — гэта кароценькія эцюдзікі, якія маюцца быць тэкстам да альбома «Сустрэчы з пісьменнікамі цераз аб'ектыў», або «Здымкі без папярэджання», або «Фотасустрэчы з майстрамі слова», або...— назвы канчатковай не прыдумаў. Накрэмзаў першы эцюдзік пра наша гасцяванне ў М. Лынькова, сустрэнемся — накажу.
Улічыўшы ўсё гэтае, падумай, ці варга мне, настроенаму на легкадумны лад, даручаць такую сур'ёзную працу, як прадмова да этапнага выдання. Чакаю Твайго рашэння».
Я ўсё-такі настояў на сваёй просьбе, i той збор твораў выйшаў з прадмовай Уладзіміра Калесніка.
Як, дарэчы, не згадзіўся з тым, што аповесць «У Забалоцці днее» можна ўключыць у чатырохтомнік.
Трэба, відаць, не ў заўвагах, а тут сказаць пра Паўла Жалезняковіча, нашага старэйшага сябра з паргызанскіх дзён. Пра яго мы ўдзячна пісалі з Валодзем абодва,— ён у «Блакадзе», апублікаванай летась часопісам «Беларусь», а я, за трэцім разам, у эсэ «Заказ i просьба», змешчаным у зборніку «Пішу як жыву». У пісьме сваім Валодзя згадвае той факт, што мая аповесць «Жывое i гніль», якая пазней увайшла ў «Птушкі i гнёзды», у партызанскім лагеры, дзякуючы, у першую чаргу, Жалезняковічу, была перадрукавана штабной машыністкай i самалётам, з аказіяй, паслана з Налібоцкай пушчы ў Маскву, Максіму Танку.
А што да фотаальбома пра сустрэчы з пісьменнікамі — задума гэтая, на жаль, не здзейснілася. Хочацца быць упэўненым — пакуль што. Мноства таленавітых фотаздымкаў у Валодзевым архіве захавалася i чакае свайго часу.
Калі ж яшчэ пра яго шчырую сяброўскую зацікаўленасць у маіх поспехах, дык варта спыніцца на дзвюх рэчах, так сказаць, этапнага характару — на маіх «Птушках i гнёздах» i ягонай манаграфіі пра маё жыццё i творчасць. Да манаграфіі мы вернемся крыху пазней, а пра «кнігу адной маладосці» скажу, што тузаніны ў нас з Валодзем вакол яе было шмат, пакуль не дайшло да канчатковага варыянту гэтай рэчы ў мяне, a ў майго сябра-крытыка да ягоных ацэнак у артыкулах i ў манаграфіі. Тут не месца для апублікоўвання вялікіх дыскусійных пісьмаў, i я хачу даць вытрымку толькі з аднаго пісьма, датаванага канцом снежня 1962 года.
«...Сапраўды, мы нібыта развучыліся пісаць (дакладней сказаць, я развучыўся, i гэта будзе правільна ва ўсіх адносінах). Уласна кажучы, не набралася яшчэ такіх балючых пытанняў, каб карцела сесці за стол ды шкрэбаць гадзіну-другую, адводзячы душу. Мне проста хацелася пачуць Твой голас ды сказаць: жадаю поспехаў, рад, што Табе пішацца!..
Па тону Твайго пісьма бачу, што ў Цябе алімпійскі настрой i алімпійская форма. Вельмі прыемна мне гэга, хоць i пабойваюся, каб не лішне дабрадушны тон запанаваў у мелодыі рамана. Мне хацелася б пачуць у ім адценне іроніі (прадмету духоўнай сталасці літаратуры), накшталт тое, якая ўлоўліваецца, скажам, у рама не Джузепэ ды Лампедуза «Леапард». Нядаўна я прачытаў гэтую кнігу i хаджу пад яе глыбокім уражаннем. Такой тонкай праніклівасці ў жыццё людзей я не сустракаў у літаратуры. Тым больш выглядае ўсё гэта фенаменальна, што аўтар яе, нейкі італьянскі арыстакрат, напісаў адну-адзіную кнігу ў канцы жыцця. Хочацца пачуць Тваю думку пра гэтую кнігу.
Думаючы пра Твой раман, хацеў бы пажадаць, акрамя пэўнай дозы халодных таноў, яшчэ i суровай прастаты талстоўскага тыпу, якая, на мой погляд, дужа свежа прагучала ў аповесці Салжаніцына, адкрываючы самыя глыбокія закамаркі славянскай земляробскай летуценнай душы. На мяне яна зрабіла такое ўражанне, нібы прайшоў за адзін вечар жыццё ўсіх продкаў ад скіфскіх часоў да нашых дзён, убачыўшы ў перспектыве гісторыі народнага духа ўсе грандыёзныя эксперыменты з ix нялюдскай жорсткасцю — дарэмнымі, наіўнымі i смешнымі. Тут наказана перад судом гісторыі нават не эпоха культу асобы, а само ўсходняе славянства з яго рахманай недалужнасцю i страшэннаю, нялюдскаю вынослівасцю.
З нецярпеннем чакаю завяршэння Тваёй вялікай працы...»
[28] Саша — Алесь Адамовіч.
[29] Федзя — Фёдар Янкоўскі.
[30] Ніна Міхайлаўна — жонка Я. Брыля, педагог.
[31] Якуб Герасімовіч Міско (1911 - 1981) — журналіст.