Дзяліцца радасцю ад прачытаных кніг — гэта ж таксама сяброўская дапамога.
Вось i яшчэ пісьмо, характэрнае ў гэтым сэнсе. Напісана яно з Дубултаў, у студзені 1977 года.
«...Убіўся быў у чытаине тэарэтычных работ найноўшага перыяду, каб падабраць адпаведны матэрыял пад фундамент для артыкула пра філасофскую лірыку, але наткнуўся на такую занудлівую мудрагельшчыну, што ледзь не ўцёк дамоў, махнуўшы рукой на такую навуку i сваё служэнне. Да чаго ж зааркадокшана наша беднае літаратуразнаўства! I няўжо тытулаваныя знамянітыя лігсаноўнікі не разумеюць, што такое літаратуразнаўства нічога нікому не дае, што гэта нейкае кланавае абслугоўванне вучоных вытворцаў нудоты...
Дзякаваць богу, што натрапіў тут на ўспаміны Пабла Нэруды «Wyznaję, że żyłem» [32] — i адвёў душу, вярнуў сабе адчуванне карыснасці літаратуразнаўчай прафесіі, калі яна скіравана на людзей, а не на артадаксальных склеротыкаў, якія бясконца адзін аднаму напамінаюць агульнавядомыя цытаты з класікаў ці адпаведных пастаноў i каменціругоць, i каменціруюць да атунення. Між іншым, наш паважаны Леанід Мікалаевіч [33] таксама ўзяўся за настаўленні на шлях ісціны свавольных крытыкаў. Уніфікацыя літаратурных ацэнак i густаў... А пасля гэтага застаецца толькі ўвесці знак якасці i даручыць Дзяльцу [34] ставіць на вокладкі кніжак. Толькі i выратаваў ад гэтай мерцвячыны Пабла Нэруда. Калі Ты яшчэ яго не чытаў — дастань абавязкова i атрымаеш вялікую асалоду...
Вялікі мастак, арганічны мастак гаворыць пра мастацтва, жыццё, пра мастакоў i простых людзей, пра свае ін гымныя справы i праблемы сучаснага складанага свету. Чытаецца кніга як паэма, нават мова так насычана вобразнасцю, метафарычнасцю, што пераносішся ў свет паэзіі, у яго паэтычны свет. Колькі трагізму ў гэтай кнізе, колькі балючых штрыхоў веку: Гарсія Лорка, Сікейрас, Гевара, Альендэ i многія іншыя трагічныя постаці, героі вызваленчай барацьбы трэцяга свету. Крыўдна толькі, што з савецкіх пісьменнікаў адзін Ілья Эрэнбург зрабіў на яго ўражанне, астатнія, у тым ліку Сіманаў, хоць i сустракаліся, i гасцявалі — прайшлі як салдаты на маршы — міма i міма.
Прызванне паэзіі ён бачыць у тым, каб не даць заарганізаваць жыцце і не ператварыць чалавека у механізм, хоць бы i добры. I яшчэ што пакарае магутная сіла любові да роднага краю, народа. Хоць тэрмін народнасць яму i не ўласцівы, але ўласціва вышэйшая форма сувязі з народам. Апісанне выступлення}' паэта перад рабочымі i на вялікіх сходах, на мітынгах кранаюць нейкай незвычайнай узнёсласцю. Нам усё гэта вельмі блізка — i лес, i баявы дух паэзіі: як многа пераклічкі з Купалам, Танкам. Нават прыгадваюцца неаднойчы «Лісткі календара», на жаль, маштабы ў нас больш сціплыя. Народная спецыфіка — родная зацялёпістасць...»
Абедзве Валодзевы падказкі былі выкарыстаны. Раман «Леапард» мне давялося прачытаць толькі праз два гады, але затое пабачыў i цудоўны кінафільм па ім,— у Варшаве, бо ў нас ён, здаецца, не праходзіў. A кнігу Нэруды, зноў жа праз два гады пасля рэкамендатара, i я прачытаў у бібліятэцы Дома творчасці ў Дубултах, па тым самым, што i Валодзя, экземпляры польскага выдання, пра што пісаў у «Сваіх старонках».
Яшчэ крыху пра ўражанні ад прачытаных паасобных твораў i кніг,— тут нібыта зусім між іншым у яго, а бачыцца i значным i сімпатычным.
«...Канчаю артыкульчык у «Литгазету» пра Платона Галавача. Атрымліваецца нейкае неканкрэтнае разважанне,— можа, такое ім i патрэбна.
Як пісьменнік Галавач сыраваты, скрозь чуецца нейкая паспешлівасць, эскізнасць i побач з моцна напісанымі сцэнамі — шаблонныя, побач з усхваляванымі роздумамі — пропісі палітграматы, побач з яркімі дыялогамі — агіткі.
Добра, што ў цэлым адчуваецца чэснасць i шчырасць» (13.VII.67).
«...Чытаў «Авиаэтюды» Межэлайціса i пазайздросціў літоўцам — сапраўды касмічная вышыня, аж дух займае.
Адначасна купіў «Радиус действия» Раждзественскага — многа наігранага, жаданне быць глыбакадумнейшым за самога сябе.
Панчанкава шыпшыністая лірыка куды больш натуральная i праўдзівая. Раблю накід рэцэнзіі на яго зборнік» (2,0. V.66).
Тут ужо я i сам на абзацы пабіў, для большай значнасці, i слова адно падкрэсліў,— так жыва ўявілася густая зелень лістоты, пяшчотныя фарбы i водар, i абаронная, i наступальная калючасць — не толькі кветак, але i вершаў.
Ён быў шчодры ў сяброўстве. Згадваецца мноства цудоўных фотаздымкаў, якімі ён закідаў сяброў, у тым ліку i мяне, можа, больш чым каго. А мне тут хочацца дадаць пра шчодрасць у іншым.
Для апавядання «Званочкі» з рыбацкага цыкла «Пад гоман вогнішча» ён мне ў пісьме расказаў пра цыганоў, як яны, ратуючыся ад гітлераўцаў, задыбалі табарам у партызанскі атрад, дзе ix накармілі, за што яны «падзякавалі», пакраўшы тол, які палічылі за мыла, i паўцякалі, калі атрад пайшоў на заданне, пакінуўшы ў лагеры аднаго вартавога. Валодзя не толькі расказаў мне гэты свой успамін, a прапанаваў яго, як устаўку. Што ж, гісторыя літаратуры ведае прыклады такога сяброўскага супрацоўніцтва. Прыгадаўся «Пан Тадэвуш», у які адзін з сяброў Міцкевіча, наэт Вітвіцкі, напісаў некаторыя фрагменты — нават такому аўтару! Аднак праз некалькі гадоў, калі Валодзя даў мне прачытаць пачатак сваіх партызанскіх успамінаў, мне стала няёмка, прыгадаўшы тую ўстаўку ў «Званочкі» i падараваныя ім для ўсяго цыкла яшчэ два невялікія эпізоды. Успаміны яго спадабаліся мне,— густая, вобразная проза,— я неаднойчы пасля падштурхоўваў яго працягваць гэту працу, замест залішняй газетнай публіцыстыкі, якая адбірала ў яго нямала часу i нерваў. Няёмкасць мая паўтарылася, калі чытаў «Блакаду», працяг успамінаў. Застаецца задавальняцца тым, што яго «цыганскі» падарунак не бачыцца ў «Званочках» лішняй латкай з чужога палатна,— бо i апавяданне гэтае ён любіў, пра што пісаў у адным з лістоў, i нагадвала яно яму, як i мне, наш пудоўны выпад з Бабруйска на Беразіну ў чэрвені 1954 года, бо i Андрэй у цыкле — гэта ён, Валодзя, бо ёсць i яшчэ адна акалічнасць,— асабліва прыемна бывае падараваць іменна тое, чаго пасля шкада. Ці шкадаваў ён — не ведаю, хутчэй за ўсё не. А няёмкасць мая яшчэ раз паўтарылася, калі я перачытваў для гэтага слова яго пісьмо ад 26 лістапада 1961 года, у якім ён піша:
«...Можа, варта, пішучы пра цыганоў, даць адзін халодны мазок — паказаць не толькі хараство, бязмежную паўнату дзікай свабоды, але i яе беднасць, «нищету». Скажам, мог бы Андрэй расказаць з іроніяй выпадах, як цыганоў ганялі немцы, жадаючы вынішчыць,— нібыта яны памагаюць партызанам. А яны не дараслі, каб памагаць каму-небудзь. Я Табе, здаецца, расказваў, як у блакаду...»
А далей — амаль даслоўна тое, што ў «Званочках».
Зрэшты, цяперашнюю маю няёмкасць ён — бачу гэта з журботнай удзячнасцю — назваў бы «миндальничаньем», а то i прасцей, мацней,— «я даў, ты ўзяў — i на здароўе!..».
Цяпер вакол яго манаграфіі пра мяне.
«Народная асвета» заказала яе яму ў пачатку 1981 года. У адпаведную серыю, дзе такія кнігі строга па дзесяць аўтарскіх аркушаў. А ён з творчай свабодай, што з ім здаралася неаднойчы, зрабіў ім амаль удвая больш. I тут пачаліся складанасці. Пра гэта ў далейшых фрагментах з яго пісьмаў. A ў першым — ягоны адказ на маю прапанову даць яму для прачытання некалькі цікавейшых чытацкіх пісьмаў, у тым ліку i замежных.
«...Пісьмы мне будзе цікава i карысна прачытаць хоць бы для таго, каб не меў адразу вялікай механічнай перавагі той біёграф, што будзе пісаць пасля маёй смерці.
Між іншым, пішучы кніжку пра Танка, я ўвесь час адчуваў гэтую сваю недаінфармаванасць, i гэта мяне раззбройвала. Мажліва, таму, што Максім прачытаў мне некалькі дзесяткаў пісьмаў, падшытых у гросбуху, цікавых, але не запрапанаваў перачытаць i зрабіць патрэбныя выпіскі. Біяграфія пасляваеннага часу ў кніжцы пра яго зусім перасохла, гэта заўважылі i чытачы, i рэцэнзенты. Але там была кніжка вучэбная, так што неабавязкова было яе абсталёўваць усімі ветразямі i вёсламі, a кніжку пра Цябе я хачу зрабіць больш раскавана i не паўтараць таго, што ўжо надрукавана, хіба ў парадку палемікі ці спасылкі».
Напісана гэта было ў снежні 1982-га, калі Валодзя яшчэ ўсё здалёк прымяркоўваўся да працы над кнігай. Наступнае пісьмо — праз тры гады, калі работа ўжо ішла.
«...Пасылаю Табе незакончаны варыянт першага раздзела. Прабач, што ён яшчэ ў такім сырым стане, але я баюся, што Ты паедзеш на ўзмор'е i я не змагу давесці гэтага матэрыялу да нейкага ладу, бо ён насычаны біяграфічнымі фактамі i патрабуе гаспадарскага вока. Ведаю сваю слабасць — абыходзіцца з фактамі вольна, г. зн. эмацыянальна. Напэўна тут знойдуцца недакладнасці,— папраў, «поправи мя, Господи!».
Праз адзінаццаць дзён пісьмо наступнае:
«...Прачытаў Твае заўвагі, часам саромеючыся за сырасць матэрыялу, які Табе паслаў, але часцей расчароўваючыся i ў памяці жывой, i ў пісанай, i ў мажлівасцях фантазіі пры апісанні біяграфіі мастака. Збіраў я, як Ты мог заўважыць, крупіны фактаў з розных сваіх нататак, зробленых на хаду, калі Табе ў размове прыгадваўся нейкі біяграфічны эпізод. Наша дзелавая гутарка летам у Крынічным запісана досыць дакладна. Твае расказы дапамаглі збольшага выстраіць біяграфічны ланцуг, але аказалася ў ім багата недакладнасцей, часам, пэўна, я не ўлоўліваў кантэксту, часам Ты гаварыў не зусім выразна... Не ўсё, напэўна, з напісанага варта даваць у друк, i я ўстаўляў спрэчныя ці неабавязковыя моманты, каб пачуць Тваю думку... Дык перастань вагацца,— усё гэта давядзецца-дацягнецца да ладу.
Але не магу пагадзіцца з Табою, што трэба пісаць нейкі утылітарны варыянт манаграфіі, прымальны для настаўнікаў-дыетыкаў, чые страўнікі не змогуць пераварыць матэрыялу, напісанага на ўзроўні сучаснага літаратуразнаўства. Я не хачу i нізавошта не стану пісаць шпаргалак для настаўнікаў. На гэта хапае спецаў, якія ведаюць, што трэба, а чаго не трэба, што можна, а чаго не можна. Няхай яны i пішуць, а я пагарджаю ўсёю тою вульгарнай катавасіяй, якую вядуць знаўцы ідэалагічнай лёгкастраўнасці вакол літаратуры.
У новым праекце праграмы, які меўся адпавядаць рэформе школы, адведзена ўсяго тры гадзіны на «непонятную» старажытную беларускую літаратуру, прытым палавіну часу трэба аддаць на старажытнарускі перыяд, a ў беларускім убіваць у галовы вучняў ідыёцкую думку, што беларусы як нацыя яшчэ ў чэраве гісторыі жылі адзінай марай i мэтай, каб з'яднацца з вялікім рускім народам. Манія з'яднання была такой вялікай у нашых продкаў, што яны не з^ажалі нават на татара-мангольскае ярмо — хоць у ярме, абы быць запрэжаным разам з братам.
[32] «Прызнаюся, што жыў» (польск.).
[33] Л. М. Навічэнка — укрг інскі літаратуразнавец.
[34] М. I. Дзялец— у той час старшыня Камітэта па друку.