* * *
Зноў прыгадаўся бяздарны i напышлівы A. С., з яго пасляваеннай юнраўскай янотавай «шубай»,— як ён у выдавецкай бухгалтэрыі ідзе да касы без чаргі, а Толя Вялюгін гучна кажа:
— Во як, чрез головы поэтов и правительств!.. Бо ў чарзе той былі i народныя, i дэпутаты. A ў яго ўсяго тых «творчых» заслугаў, што з пасады інструктара ЦК партыі быў прысланы ў Саюз пісьменнікаў перад вайной, каб лячыць нашу недабітую літаратуру ад «нацдэмаўскага ахвосця» — так пісаў ён пра гэта ў «Літаратуры i мастацтве».
* * *
Часта ўспамінаецца зімовая ноч, калі партызаны грамілі загорскую самаахову. Як пятнаццацігадовы суседаў сын крычаў у цемру: «Та-та-а!!», не ведаючы, куды падаўся або дзе апынуўся бацька, з паліцыяй ён ці з партызанамі, i куды ж дзявацца яму, падлетку, калі яшчэ i мама, i меншых трое, якія ад страляніны пахаваліся ў пагрэбніку...
Забіты салдат пры дарозе, няхай сабе i нямецкі, які цяпер, у маім уяўленні, калі i мой сын у прыблізна такім узросце, выглядае зусім інакш...
Як я «расту» ў сваёй любові да хлопчыкаў, хлапчукоў ды хлопцаў — па меры таго, як расце, сталее мой сын. Народнае: «Выгадуеш свайго — паглядзіш!..»
* * *
Прыязна ўсмешлівы Іосіф Варановіч, аграном яшчэ дарэвалюцыйнай вывучкі, да якога я прыехаў у былы «Кашчычаў двор», не зусім разбураны вайной магнацкі маёнтак, ператвораны ў сядзібу МТС. Прыехаў — каб напісаць для «Правды», па заказу, нарыс пра новае пасля славутага вераснёўскага пленума пяцьдзесят трэцяга года. Былі цікавыя гутаркі з ім, а таксама з найлепшым трактарыстам, Каціным Шурай з нашага Загора, нядаўнім франтавіком, сціплым хлапчынай з працавітай вялікай сям'і.
Нарыс, як мне пасля пазванілі з рэдакцыі, «удаўся», аднак я «сёмы ў чарзе, у якой нават Максім Рыльскі». Падзеі тады, у першую паслясталінскую адлігу, нагрувашчваліся адна на адну вельмі хутка. I неўзабаве мне знаёмы праўдзінец прыслаў карэктурны адбітак нарыса, які, «на жаль, не паспелі выкарыстаць». Няёмка было перад Варановічам, а яшчэ больш перад Шурам, сябрам маладосці, i той адбітак я паслаў яму. Пазней, сустрэўшыся з ім, спытаўся, ці атрымаў, а ён, не надта разумеючы мае тлумачэнне, спытаўся з яшчэ ўсё свежым недаўменнем:
— А чаму ж гэта, Ваня, напячатана толькі на адным баку?
Ён, Шура,— бацька майго маладога сябра, артыста i паэта Пятра Ламана, з якім мы нядаўна хораша пасмяяліся, успомніўшы тое недаўменне.
* * *
Майсей, прыемны мірскі жыдок, які на працягу многіх гадоў неаднойчы купляў у нас то цяля, то быка, перад гэтым доўга i пацэтна для мяне, хлапчука, таргуючыся са старэйшым братам Мікалаем. Сустрэў мяне пасля ўцёкаў з палону, увосень сорак першага, i ледзь не шэптам пытаўся, што з імі будзе — з яўрэямі? Як быццам я мог ведаць!.. Пасля прыйшлі пагромы ў нашых мястэчках, адзін за адным — у Турцы, Міры, Ярэмічах. I вось мне зноў чуецца той ягоны шэпт, жудасна недагаворанае пытанне...
* * *
На пахаванне майго сябра-партызана з Дона прыехала са спазненнем яго сястра. Пайшла туды са сваякамі, некаторымі, i папрасіла, каб яны пакінулі яе над магілай адну. I яны чакалі доўга i цярпліва, пакуль яна там, воддаль, адвылася ў галашэнні...
I натуральны жаль, i звычай яго родных мясцін.
* * *
Улетку сорак чацвёртага з адным супрацоўнікам мірскай раённай газеты мы зайшлі ў Мінску да нашай нядаўняй штабной машыністкі, якая кватаравала ў знаёмых ёй партызан. Там i пераначавалі.
Уранні гаспадар некуды пайшоў, мы засталіся з жанчынамі. Па кавалерскай дурноце я ўзяў са сцяны гаспадароў аўтамат, праверыў, што ён незараджаны, i лузгануў на вясёлую, кампанейскую Гіту: «Я вось табе!» I — гахнуў стрэл!.. У патронніку быў патрон, чаго я, «знаўца», не заўважыў.
Дагэтуль помніцца горка i страшна, як пае «Бог усцярог». I мяне, i яе, тую шматпакутную разумную дзяўчыну, якая i з гета ўцякла, i, між іншым, пад маю дыктоўку цэлымі днямі перадрукоўвала ў пушчанскай зямлянцы мае рукапісы для пасылкі ix на Вялікую зямлю.
* * *
Адзін з маіх украінскіх сяброў, Леанід Навічэнка, едучы машынай, з жонкай i падлеткамсынам на Рыжскае ўзбярэжжа, спыніўся ў Мінску. На вячэры ў мяне я меў прыемнасць пазнаёміць гасцей з Фёдарам Янкоўскім, i той запрасіў нас, мужчынаў, парыбачыць заўтра на Астрашыцкім возеры.
Спачатку трэба расказаць, як ён, Фёдар Міхайлавіч, аднойчы быў пазваніў мне, таксама ўлетку, калі абодва мы былі дома адны, без сямейнікаў,— папрасіў абавязкова i неадкладна прыехаць да яго. Заінтрыгаваны, я паехаў. I ён — пры ўсёй сваёй сціпласці — ледзь не па-напалеонаўску паказаў мне на кухні два вялікія тазы вялізных, як на падбор, ляшчоў. «Астрашыцкія!..» Браць больш, чым аднаго ляшча... ну, няхай сабе два на мой адзін дзень у горадзе, я адмовіўся, i трыумфатару прыйшлося званіць іншым сябрам. Клопат... Бо некаторыя таксама ж у горадзе не сядзяць.
I вось два высакакласныя рыбакі i шаноўныя навукоўцы пагодлівым адвячоркам селі на возеры ў адну лодку, а мы з Лёневым шафёрам у другую. Неўзабаве сёе-тое пачало брацца — у шафера, толькі ў яго... Так сабе драбяза. Вучоныя мужы маўчалі воддаль. Напуста. Выкарыстоўваючы такую ціхамірнасць, да нас падплыла ідылічная чародка чысценькіх, не надта гаманкіх гусей. Чамусьці ім спадабалася наша з шафёрам лодка, яны акружылі яе няспешна, блізенька каля яе, дабрадушна .пагегваючы.
I тады я цапнуў дераз борт гусака за шыю, узняў над вадой i спытаўся:
— Федзя, а такую будзем браць?!
Было трохі смеху. А потым пустое вяртанне.
* * *
Танк з сямейных успамінаў пра «мікалаеўскую» вайну, пра іхняе бежанства ў Маскве, расказваў, як два пількаўцы, салдаты, выпадкова сустрэўшыся ў той Маскве, вельмі ж усцешыліся. Селі чысціць бульбу. Зірнуць адзін на аднаго, засмяюцца i абіраюць далей. Зноў зірнуць, засмяюцца i абіраюць. А гаварыць як быццам i няма пра што...