Даўно мне помніцца тупое, сытае: «А што там мова, мову паправяць у рэдакцыі». A ўжо ж i ў рэдакцыях, часопісных i выдавецкіх, правіць, працаваць з аўтарам у добрым сэнсе гэтага слова, не надта ўмеюць i хочуць. Збольшага толькі, у асноўным стыліст ды карэктар. Нават i так гаворыцца, што «друкаваць трэба — як аўтар напісаў». Толькі цэнзураваць стараюцца, многіх штатных апераджаючы ў сваёй палахлівай звышпільнасці.
У гэтым сэнсе ўспамінаецца горкі лес трэцяй кнігі трылогіі Міколы Лобана «Шэметы». Добрая проза, грунтоўная ў сваёй праўдзівасці i майстэрстве, яна была так пільна зарэдагавана ў «Полымі», што толькі рэбры адны засталіся, дый то не ўсе цалкам. Выдавецтва, у сваю чаргу, палічыла за лепшае, спакайнейшае пайсці ў асноўным за часопісам. Блізкія да Міколы Паўлавіча людзі ведаюць, колькі ўсё гэта каштавала таварышу ў гадах, хваравітаму, двойчы цяжка параненаму франтавіку, абаяльнаму ў сваёй змястоўнай сціпласці чалавеку, які гэта быў фінал сумленнага пісьменніцкага шляху... Міколы няма, ён не можа пакарыстацца свежым паветрам галоснасці, сам не верне страчанае, i я лічу, што тут фармальна падыходзіць нельга,— маўляў, апошняе прыжыццёвае выданне, тэкст, так сказаць, кананічны,— можа, варта стварыць аўтарытэтную камісію на творчай спадчыне Лобана, каб камісія гэтая мела права дамагчыся памагчы таленавітай трылогіі загучаць на поўны голас, так, як яна была напісана.
Ненармальным бачыцца мне i тое, што паэт i празаік Алесь Наўроцкі, які гадоў дзесяць таму назад напісаў раман, быў загонены звышпільнікамі ў такі тупік, што не выйшаў з яго i дагэтуль. Працуе недзе лекарам, у Саюзе не бывае, яго i сёння, відаць, няма. A помніцца, як ён занлакаў ад крыўды над гэтай самай трыбунай, якая ўжо нямала чула абстрактна-высакародных слоў. Трэба было б зірнуць свежым вокам на той раман,— можа, ён не такі ўжо залішне смелы, як у свой час сяму-таму здавалася. Днямі я перачытваў даўні ўжо зборнік апавяданняў Наўроцкага «Балун» i яшчэ раз пераканаўся, што таварыш мог бы добра працаваць, што такімі кавалкамі божага дару кідацца грэх, як гаварылі нашы бацькі-хлебаробы.
Толькі два прыклады. I агаворка, што справа не ў тым, каб з прыстрасным ментарствам вінаваціць кагосьці персанальна, ад іншых патрабаваць перабудовы. Як член рэдкалегіі «Полымя» i рэдсавета «Мастацкай літаратуры» i я нясу сваю частку віны перад светлай памяццю Лобана. Той недарэзаны трэці том я чытаў у рукапісе, па просьбе аўтара i рэдакцыі, абараняць прыйшлося тое ўжо, што засталося, каб хоць яно прайшло, а на добры лад мне трэба было прыдаць гэтай справе розгалас, паваяваць за ўвесь аўтарскі тэкст, за права пісьменніка на шчырасць. Тым больш што i сам я, у сваёй працы, на сваіх нервах даволі-такі адчувальна знаёмы з усялякай звышпільнасцю. I ў крыўдзе Алеся Наўроцкага зноў жа нельга было абмежавацца маўклівым спачуваннем.
Гэта ўсё праўда, i не толькі ў гэтых двух выпадках ды ў адным толькі часопісе. Аднак праўда i тое, што нашы рэдкалегіі i рэдсаветы далека не заўсёды запрашаліся для вырашэння складаных пытанняў. Калі ж такія пытанні i выносіліся на калектыўнае абмеркаванне, як было, напрыклад, з дзённікавымі запісамі Івана Мележа, то за купюры ў ix галасоў аказалася вырашальна больш, чым супраць. I за купюры ў большасці былі якраз тыя ахоўнікі законнасці, якія рукапісу не чыталі, затое добра i даўно ўжо ведалі i ведаюць, што купюры заўсёды i ўсюды вельмі патрэбны. Класічнае, жывучае «трымаць i не пушчаць»!.. Дарэчы, так адбылося раней з дзённікам Кузьмы Чорнага — у апошняй кнізе яго васьмітомніка дзённік, выдатны творчы i грамадзянскі дакумент свайго часу, пайшоў у злачынна абскубленым выглядзе. Запісы Мележа — таксама. У сакавіцкім нумары «Немана» надрукаваны фрагмент з дзённіка ссыльнага Барыса Мікуліча. Цікавая, патрэбная публікацыя. Мала хто ведае, аднак, што дзённік гэты, падоўжаны пісьменнікам на адноснай волі, ужо ў Бел ару ci, меўся быць надрукаваным у тым самым «Немане» гадоў пятнаццаць таму назад, але стараннямі зацікаўленых ён свету тады не пабачыў. Мікуліч рэабілітаваны, ён друкуецца, i дзённік яго, яшчэ адна споведзь чыстага сэрца, трэба аддаць чытачу. Памятаем мы i тое, як наш «ЛiM» прымушаны быў перадрукаваць са «Звязды» вялізны, злосны, блізарука-дылетанцкі артыкул супраць адной з аповесцей Васіля Быкава, i тое, як на выдавецкай вазе, таксама ў шасцідзесятых гадах, калі вырашаўся лес гістарычнай прозы Караткевіча, голас прыдворнага рэбэ ад крытыкі Якава Герцовіча мог або намагаўся беспакарана пераважыць любы «вокс популі»... Нямала можна было б прыгадаць.
Што было — тое было. I не ва ўсім яно залежала ад аўтараў, рэдактараў i рэдкалегій. Толькі б такое не паўтаралася!..
А тое, што можна выправіць,— трэба рабіць неадкладна. Беларускаму i ўсесаюзнаму чытачу трэба вярнуць Алеся Гаруна, Усевалада Ігнатоўскага, гісторыя якога вартая навуковага перавыдання. Дарэчы, як i гісторыя беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Па добраму прыкладу нашых рускіх братоў, якія з мудрым гаспадарскім клопатам вяртаюць чытачам нашай вялікай краіны беспадстаўна забытыя ці неразумна адкінутыя скарбы народнай культуры.
А што да новага, дык тут вельмі надзённа i важна даць выйсце i дапамогу рэвалюцыйнай шчырасці ў слове.
Наконт найбольш модных апошнім часам ацэнак. У нас не ў пашане простыя, натуральна змястоўныя, разумна стрыманыя словы «таленавіты», «здольны», «сур'ёзны», «удалы», «нядрэнны». Даёш «вялікі», «цудоўны», «надзвычай таленавіты»! Нельга даўмецца, што па сутнасці азначае тое «надзвычай» — геній гэта ці яшчэ больш? A ўжываецца легка i шчодра. Ёсць у творы больш-менш прыкметная думка — ён ужо «філасофскі» або хоць «інтэлектуальны». Выдаемся — хто больш, хто менш — за мяжой — ужо i «міжнародныя», «сусветныя». Сціплей як быццам i нельга. А трэба. Як у саліднай, сталай літаратуры.
Залішне легка праходзіць у нас часамі i прэміраванне, не заўсёды з належнай прынцыповасцю, без умяшання збоку ці зверху, без патаемнай думачкі пра кандыдата як пра чалавека «свайго», «патрэбнага», «пры пасадзе». Так бывае з дзяржаўнымі прэміямі, з прэміямі Саюза пісьменнікаў i рэдакцыйнымі. Калі так пойдзе далей, дык нелаўрэатаў у нас неўзабаве будзе нікчэмная меншасць. Што ні напісана — на прэмію!..
Справу з прыёмам у Саюз таксама трэба папраўляць. Не паўзводна прымаць, як здаралася апошнім часам, а па два-тры прэтэндэнты на адзін раз, з большай грунтоўнасцю калектыўнага абмеркавання. А то ж у нас амаль кожны другі акандыдачаны філолаг i кожны больш-менш прыстойны журналіст лічыць не лішнім займець яшчэ i пісьменніцкае званне. I прымаем. Бывае, што нават проста з літасці, за кампанію з папярэднімі нялепшымі або каб адчапіцца ад чарговага прабіўнога назолы. Некаторыя з маладых таксама, на жаль, любяць моднае паняцце «выбіць», могуць i выенчыць. Зборнічак яшчэ цёплы ад друкарскай машыны, a ўжо нясецца подбегам у камісію па прыёму. Тут зноў жа скідка на гады. Але ж успомнім i святлоўскае: «Маладосць — гэта не заслуга, a ўсяго толькі ўзрост». I ў маладых таленавітасць вельмі прыемна бачыцца ў спалучэнні са сціпласцю.
Незразумела доўга мы не заўважаем, здараецца, вартых прыёму таварышаў з немаладых. Такіх, скажам, здольных, актыўных работнікаў, як Мікола Ермаловіч, як Янка Саламевіч, a пашукаўшы,— i яшчэ хтосьці з людзей надзейных, правераных часам i працай, знойдзецца.
Трэба штосьці кардынальна рабіць i з нашым бюро прапаганды мастацкай літаратуры. Колькі яно існуе — столькі i клопату з мастацкім i этычным узроўнем гэтай прапаганды. Залішне часта, трапіўшы ў тым ці іншым раёне рэспублікі на мокрыя сляды паасобных прапагандыстаў, паслухаўшы людскія водгукі, i сораму можна паспытаць, i падумаць, што карысці i гонару нашай літаратуры такая, з дазволу сказаць, прапаганда не прыносіць,— наадварот!
A ў нас жа, сябры мае, добрая літаратура. I людзі кажуць, i самім гэта радасна бачыць. Нам ёсць каго паважаць, ёсць чым i кім ганарыцца, ёсць на каго спадзявацца. Толькі б усім нам — старэйшым, сталым, маладым i пачынаючым — памятаць як след, што многае i вельмі многае залежыць i ад нас саміх. I гэтага — галоўнага — ніхто за нас не зробіць.
1987
ПУНКТ АПОРЫ I ЗАПАС СПАКОЮ [38]
На нашу сустрэчу, дарагія прыхільнікі міру і дружбы, я прыехаў з прылясной маляўнічай глухамані Верхняга Наднямоння, дзе ўжо нямала гадоў жыву з ранняй вясны да позняй восені.
Усім i ўсюды з прытчы пра матчына імя вядома дзіцячая мудрасць, заключаная ў простыя, неабвержныя словы хлопчыка, які заблудзіўся ў натоўпе i ў адказ на пытанні, хто яго мама, ад якой ён адбіўся, паўтараў адно: «Мая мама лепшая за ўсіх!..»
Пра сваё месца на планеце Зямля кожны з нас, у тым ліку i я, мае права сказаць таксама — лепшае за ўсе другія.
Я, да таго ж яшчэ, ганаруся высокім зямляцтвам з двума Міцкевічамі, польскім i сваім. Роўна сто шэсцьдзесят гадоў таму назад вымушаны эмігрант Адам Міцкевіч у сваім «Пане Тадэвушы» маліўся красе нашай роднай Наваградчыны, так званай «Беларускай Швейцарыі», з парыжскай бядотнай далечы: «Сёння бачу красу тваю i апісваю, бо тужу па табе». A ў пачатку нашага стагоддзя апальны вясковы настаўнік, палітычны вязень царскай турмы ў Мінску Кастусь Міцкевіч, ён жа, па псеўданіму, Якуб Колас, адзін з высокаталенавітых пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры, эпапею «Новая зямля» пачынаў з сыноўняй тугі праз краты: «Мой родны кут, як ты мне мілы! Забыць цябе не маю сілы!»
Я пакуль што не эмігрант i не вязень, па родных мясцінах тужу толькі зімой, у гарадскім выраі, i туга мая светлая, яшчэ ўсё, дзякуй Богу, поўная творчых спадзяванняў. Я не люблю называцца дачнікам, я там жыву сярод сваіх працалюбівых землякоў-сялян, i сам працую, удзячна ўспамінаючы i нашага вялікага сярэднявечнага асветніка Скарыну, з яго гаючамудрай ласкай да родных мясцін, i яшчэ больш даўняга, усечалавечнага эліна Архімеда — з яго славутым пунктам апоры, які i мне дапамагае калі не Зямлю, крый Бог, перавярнуць, дык проста лепей бачыць сваё месца на ёй, як стартавую пляцоўку — ад свайго роднага — у агульналюдскае.
Калі ўжо цытаваць яшчэ, i не шчыруючы ў вучонасці, як юны дысертант, але адпаведна ўзросту чалавека i літаратара на восьмым дзесятку гадоў, удзячна звяртаючыся да вопыту папярэднікаў, згадаю Райніса i Твардоўскага.
У сваёй «Кастаньёле» светлы латыш Ян Райніс гаворыць: «За гэтыя нялёгкія гады,— ён мае на ўвазе гады сваёй эміграцыі,— мы паглынулі столькі сонца, прынялі ў сябе столькі красы i сілы,— тут мне трэба падкрэсліць ягоныя словы,— краса таксама сіла, i, магчыма, найбольшая з найбольшых».
Гэтую шчодра-вечную сілу шчасліва чэрпаў, чэрпаю i я — ад мноства сустрэтых у полі, у лесе, над ціхай ракой усходаў сонца, ад мудрай чароўнасці зорных або паўнамесячных начэй, ад неаглядна-хвалюючай прасторы хлебнага поля i расквечанага лугу, ад пяшчотна блакітнага, белавоблачнага неба над імі... Краса мацавала, мацуе i мяне, яна натхняе на сціпла глыбіннае, шчырае слова, на жыццядайныя мары пра мірную будучыню чалавецтва, — яна дапамагае жыць як мага больш разумна.
Ну, a вялікі рускі паэт, i мне асабіста знаёмы сучаснік Аляксандр Твардоўскі часта згадваецца сваім выказваннем пра абавязковы літаратару запас спакою,— спакою не для бяспечнай дачнай ляноты i абыякавасці, а для штодзённай пісьменніцкай працы, пажыццёвай вучобы.
Я вельмі люблю падарожжы, я адносна нямала пахадзіў, паездзіў, палятаў па белым свеце. Што за карысць ад гэтага каму іншаму — пра гэта мне трохі гаварылі i пісалі чытачы маіх дарожных эсэ пра Польшчу, Германію, Канаду, Індыю, Крым, Арменію, Волгу, Амур... А што мне самому яны, падарожжы, як чалавеку i пісьменніку, карысныя — гэта i перш за ўсё, i бясспрэчна. A колькі ж трэба яго, такога шчасця? Тут мне ўспамінаецца таўшчэзны том пад назвай «Было», у якім адзін з модных у свой час паэтаў, вандроўнік з пераважна афіцыйнымі заданнямі, пералічвае шматлікія краіны i сустрэчы так, што, прачытаўшы нейкую — па цярплівасці беручы — частку гэтай сухой справаздачнасці, узнікае пытанне: ну i што? A ў пытанні прысутнічае i адказ: a нічога! Проста было, i не больш. Спажывецкая мітусня, што не ратуе ад самога сябе, павярхоўна самаздаволенага пустадомка, не дае магчымасці паглыблення ў жыццё таго ці іншага народа, у спакой неабходнага роздуму, непасрэднасці адчуванняў.
Toe, што мне апошнім часам — нашым няпростым, нялёгкім часам — удалося зрабіць, гэта дзве кнігі дзённікавага характару. Адна з ix нядаўна з цяжкасцю выйшла, другая знаходзіцца ў нямогла-запаволелным вытворчым працэсе. Мала гэта ці многа — не мне гаварыць. Я магу сказаць толькі адно: у гарадской ды палітычна гаманкой, а то часцей крыклівай мітусні я не зрабіў бы i гэтага. Не асуджаю нікога з тых, хто можа, умее добрасумленна i плённа спалучаць у сабе мастака слова i відушчага палітыка,— я проста веДаю, што сам на гэта не здольны, i не лічу, што лес мяне такім чынам пакрыўдзіў. Згадаем англійскую прыказку, што кожная бочка павінна стаяць на сваім уласным дне, дбайна падумаем пра сапраўдны прафесіяналізм, якога цяпер не стае асабліва нам, беларусам. Нас абавязвае вялікая, нялёгкая праца адрадж:?ння нацыянальнай свядомасці, пабудовы дэмакратычнага грамадства. Нашу мову, сярод славянскіх моў адну з найстарэйшых i найчысцейшых, скажам гэта ўслед за Адамам Міцкевічам, выкладчыкам у Калеж Дэ Франс, ведаюць у свеце — спадзяемся: пакуль што — вельмі нямногія, літаратура наша перакладаецца на іншыя мовы надта ж няшчодра. Многа працы, многа цярплівасці ў паглыбленым творчым спакоі патрэбна нам, беларускім рупліўцам роднага слова, шчырым удзельнікам чалавечага паяднання.
Нават самае чулае, спагадлівае сэрца не здолее ахапіць усё гора людское, дома i на свеце, пра якое так бязлітасна шчодра расказваюць сёння штодня, штоночы прэса, радыё, тэлебачанне... А каб ахапіла тое сэрца, Цьш, відаць, i не вынесла б такое процьмы болю. Значыцца, дарагія сябры, трэба крыху пашкадаваць яrö, сэрца пісьменніка, паашчаджаць яго, асланіць адзінотай, не такою ўжо i грэшнай, падмацаваць кантактамі з людзьмі нялёгкай палявой працы, даць сэрцу магчымасць засяродзіцца на найважнейшым. Нагрузак хопіць сэрцу i ў адзіноце, у магчымым спакоі, найважней тут узяць, перажыць, паказаць найбольш сваё...
У адказ на маю шчырасць мне, магчыма, можна i сказаць, што крэда мае — мае, i я магу ім на здароўе карыстацца, так пацяшаючы сваю творчую сталасць ды старасць, а для іншых, маўляў, тым больш для маладых, яно не абавязковае. Ды мне чамусьці здаецца, так адчуваецца, што i для тых, хто таксама шчыра, кожны ў родным кутку на такой неспакойнай сёння планеце, пад адным для ўсіх нас сонцам, служыць для нас усіх i ўсюды найважнейшай справе міру, дружбы людзей i літаратур, мае таварыскае слова i мой сціплы пісьменніцкі вопыт — не зусім лішні, можа, каму i спатрэбіцца, пачуецца блізкім у пераклічцы. Бо я сумую па дружбе даўно i чым далей, то ўсё больш. I ад душы жадаю ўсім вам дабра!
1994
[38] На кангрэсе беларускага ПЭН-цэнтра.